Saturday, December 11, 2010

ТРЫ СЛОВА АБ НЯСЕНЬНІ КРЫЖА

сьвяціцель Феафан Затворнік
Слова І
А я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста”, кажа сьвяты Апостал Павал (Гал. 6:14). Як гэта сьв. Апостал да такога дайшоў стану, што нічым іншым хваліцца не жадаў, акрамя крыжа Хрыстова? Крыж усялякі ёсьць скруха, цесната, зьневажэньне; як жа хваліцца ім? І вось аднак жа Апостал Павел хваліцца ім; разам зь ім хваліліся вядома і усе Апосталы, а за імі і усе іншыя насіўшыя крыж. Чаму ж гэта так? Пабачылі багамудрыя мужы вялікае значэньне крыжа, высока шанавалі яго і хваліліся, што ўдастоіліся насіць яго. Яны бачылі ў ім, замест цеснаты, шырату, замест гаротнасьці саладосьць, замест зьневажэньня веліч, замест ганьбы славу, – і хваліліся ім, як хваліцца іншы пышным упрыгожваньнем і узнагародай.
О , калі б нам дараваў Гасподзь такі сэнс і разуменьне, каб зразумець і адчуць сілу крыжа і пачаць хваліцца ім!

Thursday, December 9, 2010

МАЛІТОЎНАЕ СТАЯНЬНЕ Ў ПАДТРЫМКУ БЕЛАРУСКАГА МАСТАКА АЛЕСЯ ПУШКІНА

Восьмага сьнежня 2010 года па сфабрыкаванаму абвінавачаньню быў затрыманы міліцыянтамі сустветна вядомы беларускі мастак і грамадзкі дзеяч Алесь Пушкін. Улады гатуюцца “судзіць” Алеся. Рэдакцыя парталу “Беларускае Аўтакефаліі” заклікае ўсіх сьвядомых беларусаў – нацыяналістаў; усіх, каму неабыякавыя паняцьця праўды і справядлівасьці, малітвай падтрымаць беларускага вязьня сумленьня Алеся Пушкіна.
Малітва ў падтрымку бязьвіннай ахвяры бязбожнае ўлады, слугі Боскага Алеся
Міласэрны Божа – Айцец, Сын і Дух Сьвяты, Тройца Сьвятая – усягодная хвалы і славы!
Паглядзі зь ласкаю Тваёй на слугу Твайго, Алеся, што ад бязбожнікаў у вязьніцы пакутуе. Дай яму сілаў, здароўя і цярпеньня вытрываць мучэньні, што прыносяцца на алтар Тваёй праўды ды хутка прыйдзі на дапамогу яму і вызвалі, каб ён разам зь намі вольна зьдзяйсьняў малітвы падзякі і хвалы Табе, шчодраму Богу і Творцы нашаму.
Усясьвятая Багародзіца, усемагутным заступніцтвам Тваім дапамажы мне ў гэтай малітве маёй упрасіць Сына Твайго і Бога нашага, каб Ён хутка вызваліў з палону бязбожнікаў слугу Свайго Алеся.
Усе Анёлы Госпада і ўсе сьвятыя зямлі Беларускай прасіце Бога, каб збавіў ад пакуты і вызваліў слугу Боскага Алеся. Амін.
Божа Ўсемагутны! Захавай слугу Твайго Алеся, жонку ягоную і дзяцей ягоных. Амін.

Wednesday, December 8, 2010

АСЬЦЯРОЖНА АФЭРЫСТЫ. ЗАЯВА РЭДАКЦЫІ “БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛІІ”

На інтэрнэт адрас парталу “Беларуская Аўтакефалія” і часопісу “Беларуская Аўтакефалія” надышло некалькі лістоў ад нашых чытачоў і розных арганізацый Эўропы, ЗША і Ўкраіны ў якіх паведамлялася, што арганізацыя “МІЖНАРОДНИЙ СЛОВЯНСКИЙ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД” (07400. Україна, м. Бровари, вул. Київська 296, оф. 40) прыпісвае сябе нашу дзейнасьць і на гэтай падставе просіць фінансавую і матэрыяльную дапамогу ў розных арганізацый і асоб.
На падставе гэтага са ўсёй адказнасьцю заяўляем: партал і часопіс “Беларуская Аўтакефалія” не мае аніякага дачыненьня да дзейнасьці дадзенага фонду. Таксама мы не ўпаўнаважвалі “МІЖНАРОДНИЙ СЛОВЯНСКИЙ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД” выступаць ад нашага імя, а рэдактар парталу і часопісу пратаярэй Сяргей Горбік ніколі не быў: а ні ў ліку заснавальнікаў; а ні ў ліку членаў арганізацыі “МІЖНАРОДНИЙ СЛОВЯНСКИЙ БЛАГОДІЙНИЙ ФОНД”.
Мы выказваем удзячнасьць нашым чытачам і прыхільнікам, якія надаслалі інфармацыю аб дадзенай арганізацыі афэрыстаў уключна зь дакумэнтамі аб іх дзяржаўнай рэгістрацыі на Ўкраіне, і заклікаем іншыя рэсурсы і арганізацыі быць пільнымі.
Рэдакцыя “Беларускай Аўтакефаліі”

Tuesday, December 7, 2010

ПАСЛАНЬНЕ КІЕЎСКАГА МІТРАПАЛІТА НІКІФАРА ДА КНЯЗЯ ЎЛАДЗІМІРА МАНАМАХА У ЧАС ПОСТУ

Пасланьне Нікіфара, мітрапаліта Кіеўскага, да князя Ўладзіміра, сына Ўсевалада, унука Яраслава.
Дабраслаўлёны Бог і дабраслаўлёнае сьвятое імя славы Ягонай, дабраслаўлёнае і праслаўленае, князь мой. Дабраслаўлёны той, хто па шматлікай сваёй дабрыні і як чалавекалюбца ўдастоіў нас дайсьці да прачыстых дзён сьвятога Посту, які Ён, як творца нашага выратаваньня, дзеля духоўнага ачышчэньня душаў нашых узаконіў.
І сам пост трымаў сорак дзён для абвяшчэньня свайго ачалавечаньня, не патрабуючы посту, але нам прыклад паказваючы постам.
Калі б першы прабацька, Адам, пасьціўся ад дрэва пазнаньня і запавет Уладыкі захаваў, то другі Адам, Хрыстос Бог наш, не патрабаваў бы посту. Але праз злачынства першага, які не пасьціўся, пост трымаў Ён, каб няпослух разбурыць. Падзякуем і паклонімся трымаўшаму пост Уладыку, узаконіўшаму для нас пост і лекі дзеля здароўя  душэўнага падараваўшаму!

АБ СВАБОДНАЙ ВОЛІ ЧАЛАВЕКА

звышгодны Яфрэм Сірын
І
У каго зь людзей дастане сіл у адзін дух распавесьці усё доўгацярпеньне Тваё, зь якім пераносіш правіны нашы? Калі грашым мы, то праймаемся беззаконьнямі, а калі паступаем добра, то узносімся гонарам.
Без літасьці раздражняемся адзін на аднаго. Калі узвышаецца хто, то зайздросьцім яму. Калі валіцца хто, то цешымся гэтаму. І наколькі скарочана жыцьцё наша, настолькі падоўжаны шэраг нашых грахоў.
Скараціў Ты працяг жыцьця нашага, самая вялікая мера ягоная  — семдзесят гадоў, але мы грашым перад Табой у семдзесят разоў па семдзесят. Па літасьці скараціў Ты дні нашы, каб не даўжэў шэраг грахоў нашых.
Зьвяртаюся да Тваёй міласэрнасьці, якое пакрывае праўду Тваю. Чалавек нячысты ненавідзіць падобнага яму нячыстага, але Ты сьвяты, Цябе не абураюць грахі нашы.
Дзівуюся праўдзе Тваёй, што не уваходзіць яна ў змаганьне зь літасьцю Тваёй, таму што ў такой жа меры ўзрастае шчодрасьць Твая, у якой растуць нашы брыдоты. Дзівуюся таксама, чаму адна не жаліцца на іншую, што не гневаецца яна на гневячых Цябе?
Цалкам дасканалымі стварыў Ты нас, без меры пашкодзілі мы. Ты навучыў нас праваму, а мы пачалі паступаць зьменліва, згладзілі ў сабе перавагі прыроды сваёй. Ты утварыў нас з праху, мы сьцягнулі зь сябе выяву Тваю і падабенства Тваё.
Так, дзівуюся той і іншай, дзіўлюся прад літасьцю Тваёй і прад праўдаю Тваёй. Калі здараецца нам стаць вінаватымі перад ёй,  — молім яе не помсьціць нам, а калі здарыцца чалавеку стаць вінаватым перад намі,  — патрабуем ад яе не адхіляць ад яго вачэй сваіх.
Праўда ж Твая, калі чалавек зьвяртаецца да яе са скаргай на даўжніка свайго, папярэдне узважвае дадзены яму заклад і разам абавязкі ягоныя, з тым, каб сам выплаціў перш, а потым ужо патрабаваў помсты.

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ СЬВЯТОГА МУЧАНІКА МЕРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА

прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня мы сьвяткуем памяць аднаго з беларускіх сьвятых – сьвятога мучаніка Меркурыя Смаленскага. Праслухалі ягоны жыцьцяпіс, напісаны яшчэ ў далёкім ХІІІ стагодзьдзі… Але жадаецца мне паразважаць не аб вонкавым подзьвігу сьвятога Меркурыя, бо ён і так добра выкладзены ў жыцьцяпісу, а аб глыбінным, беларускім сэнсе гэтага выяўленага праз Багародзіцу цуда.
Вось мы чытаем ў жыцьцяпісу сьвятога Меркурыя, што ён быў “рымлянін родам, але вераю – набожны хрысьціянін грэцкага абраду”. Хутчэй за ўсё, ратуючыся ад каталіцкага гвалту, ягоныя бацькі зь маленькім Меркурыем уцяклі з Рыму (альбо Рымскай імпэрыі) на праваслаўныя землі Кіеўскай Русі. І зь усіх княстваў гэтых зямель яны абралі менавіта адно з Беларускіх княстваў. Чаму так? Чаму яны не спыніліся ў Кіеве? Чаму прыйшлі менавіта ў Беларусь? І чаму Боскі задум выратаваньня і перамогі над навалай бязбожнікаў зьдзейсьніўся менавіта на нашай зямлі – у Сьвятой Беларусі?

Monday, December 6, 2010

ПАМЯЦЬ СЬВЯТОГА МУЧАНІКА МЕРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА

Памяць 24 лістапада

Вялікая і цяжкая бяда прыйшла на землі Кіеўскай Русі ў пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Божым дазволам за шматлікія грахі на народ напалі злыя ворагі – татары. Шмат жыхароў было забіта альбо ўзяты ў палон; вялікая пустэча ахінула землі Кіеўскай Русі. Палеткі засталіся неабробленымі, – толькі дзікія зьверы бегалі ў вялікай колькасьці па палях, пажыраючы чалавечыя трупы. Шмат князёў Кіеўскай Русі загінула тады, абараняючы сваю айчыну. Бязбожныя ворагі не выяўлялі літасьці ні да немаўлят, ні да безабаронных жыхароў. Усіх яны зьбівалі і без міласэрнасьці забівалі. Шматлікіх аддалі яны на зьнявагу і гвалт. Жорсткія заваёўнікі зьвязвалі палонных іх уласнымі валасамі і гналі прад сабой, як быдла, наносячы ім удары бічом. Сьвятыя царквы і манастыры былі разрабаваныя, а манахі забітыя. Ужо Кіеў быў спалены  варварамі і ляжаў у руінах. Татарскі хан Батый пачаў заваёўваць іншыя гарады; ён дасягнуў Масквы і разрабаваў яе. Далей ён, ідучы на Захад, прыйшоў у ліцьвінскую зямлю і  падышоў да Смаленску, задумаўшы разбурыць яго. Да горада хан набліжаўся зь вялікім войскам. Сярод татар асабліва вызначаўся сваёй сілай адзін велікан са сваім сынам. Ён быў на чале першага полка. Страх і трапятаньне авалодала жыхарамі Смаленска: іх чакала немінуча сьмерць. Адна надзея ім заставалася на апеку Царыцы Нябеснай; яны пачалі старана маліць Усясьвятую Багародзіцу пазбавіць іх ад бязбожных ворагаў і злых катаў. Царыца Нябесная, непераможная дапамога ўсім заклікаючым да яе зь верай, не дапусьціла, каб гэты горад дастаўся ворагу, першыя загоны якога былі ўжо недалёка ад Смаленска і спыніліся ў Даўгамосьце.

Saturday, December 4, 2010

УВЯДЗЕНЬНЕ Ў ХРАМ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Напачатку Каляднага посту мы поўныя глыбокай пашаны сьвяткуем Уводзіны Боскай Маці ў храм. Храм — гэта дом Божы, гэта месца, якое Богу прыналежыць непадзельна, месца, дзе ні думай, ні пачуцьцямі, ні волі не можа быць іншай, як волі Боскай. І вось Усячыстая Дзева Багародзіца ў юныя, дзіцячыя гады прыводзіцца ў храм Гасподні, уступае ў тую вобласьць, дзе акрамя Бога і Ягоных шляхоў няма нічога; Яна апускаецца ў малітву, Яна стаіць прад Жывым Богам, Яна аддаецца жаночай сьвятой працы, якая можа быць выразам — калі толькі сэрца чалавека чула і чыста — адной любові і клопату.

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ УВЯДЗЕНЬНЯ Ў ХРАМ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

архіяпіскап Лука (Война-Ясянецкі)
Са статыстычных дадзеных пра людзей, дасягнуўшых вельмі глыбокай старасьці, мы пазнаём, што іх асабліва шмат сярод жывучых на высокіх горах Каўказа і Азэрбайджана і на іншых высокіх гарах. І ў наш час дзесьці ў Азэрбайджане жыве незвычайны старац, дасягнуўшы ста пяцідзесяці гадоў, а стогадовых там нямала.
Чым растлумачыць гэты незвычайны уплыў высокіх гор на даўгавечнасьць жыцьця людзей?
Несумнеўна, у вельмі значнай меры тым, што горцы усё сваё жыцьцё дыхаюць найбольш чыстым паветрам і сілкуюцца галоўным чынам малочнымі прадуктамі і мясам здаровых авечак.
А ў велізарных гарадах, у якіх насельніцтва дасягае мільёнаў, людзі дыхаюць зусім не здаровым паветрам, якое зьмяшчае мноства выпараў усіх заразных хвароб, і нярэдка жывуць у кватэрах і дамах, заражаных сухотнымі бактэрыямі, якія вельмі цяжка вынішчыць. Велізарныя шматпавярховыя дамы загароджваюць шлях жыватворным прамяням сонца. І ежа жыхароў велізарных гарадоў, вядома, значна горш, чым ежа людзей высокіх гор.

КАЗАНЬ АБ УВАХОДЗЕ Ў ХРАМ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ І ЗАЎСЁДЫ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Памяць 21 лістапада

Калі Ўсячыстай Богаюначцы, Усядабраслаўлёнай Дзеве Марыі Багародзіцы споўнілася тры гады ад нараджэньня, сьвятыя праведныя бацькі Якім і Ганна, вырашылі выканаць дадзенае імі абяцаньне – аддаць на служэньне Богу народжанае імі дзіця. Склікалі яны ў Назарэце, дзе жылі, усіх сваіх родзічаў зь царскага і архірэйскага роду, – бо сам праведны Якім быў зь царскага роду, жонка ж ягоная, сьвятая Ганна, была з роду архірэйскага, – а таксама хор нявінных дзяўчат; падрыхтавалі шмат сьвечак і атачылі Ўсячыстую Дзеву Марыю царскай прыгажосьцю, як усё гэта сьведчыцца сьвятымі айцамі.
Сьвяты Якаў, архіяпіскап Ерусалімскі, ад асобы Якіма, кажа так:
– Паклічце нявінных дачок Жыдоўскіх, каб яны ўзялі палаючыя сьвечкі.
Ад асобы праведнай Ганны, сьвяты Герман, патрыярх Канстантынопальскі кажа:
– Я выконваю прад Госпадам тое абяцаньне, якое прамовіла ў стане смутку, і дзеля гэтага сабрала хор дзяўчатак са сьвечкамі, склікала сьвятароў, запрасіла родзічаў, гаворачы ўсім: радуйцеся са мной, бо я цяпер зрабілася маці і сям’ёй, прыводзячы сваю Дачку не да цара зямнога, але да Бога, Цара Нябеснага.