Saturday, December 4, 2010

КАЗАНЬ АБ УВАХОДЗЕ Ў ХРАМ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ І ЗАЎСЁДЫ ДЗЕВЫ МАРЫІ

Памяць 21 лістапада

Калі Ўсячыстай Богаюначцы, Усядабраслаўлёнай Дзеве Марыі Багародзіцы споўнілася тры гады ад нараджэньня, сьвятыя праведныя бацькі Якім і Ганна, вырашылі выканаць дадзенае імі абяцаньне – аддаць на служэньне Богу народжанае імі дзіця. Склікалі яны ў Назарэце, дзе жылі, усіх сваіх родзічаў зь царскага і архірэйскага роду, – бо сам праведны Якім быў зь царскага роду, жонка ж ягоная, сьвятая Ганна, была з роду архірэйскага, – а таксама хор нявінных дзяўчат; падрыхтавалі шмат сьвечак і атачылі Ўсячыстую Дзеву Марыю царскай прыгажосьцю, як усё гэта сьведчыцца сьвятымі айцамі.
Сьвяты Якаў, архіяпіскап Ерусалімскі, ад асобы Якіма, кажа так:
– Паклічце нявінных дачок Жыдоўскіх, каб яны ўзялі палаючыя сьвечкі.
Ад асобы праведнай Ганны, сьвяты Герман, патрыярх Канстантынопальскі кажа:
– Я выконваю прад Госпадам тое абяцаньне, якое прамовіла ў стане смутку, і дзеля гэтага сабрала хор дзяўчатак са сьвечкамі, склікала сьвятароў, запрасіла родзічаў, гаворачы ўсім: радуйцеся са мной, бо я цяпер зрабілася маці і сям’ёй, прыводзячы сваю Дачку не да цара зямнога, але да Бога, Цара Нябеснага.


Аб царскім жа ўпрыгожаньні Богаюначцы сьвяты Фнафілакт, архіяпіскап Баўгарскі, кажа:
– Належала, каб уводзіны Боскай Юначкі былі годныя. Як, каб такой усясьветлай і найкаштоўнай Жамчужыны не дакраналася простая вопратка, належала мець менавіта ў царскую вопратку апрануць Яе, дзеля найбольшай славы і ўпрыгожаньня.
Так уладкаваўшы усё, што належала да сумленных і хвалебных уводзін, яны адправіліся ў шлях, скіраваны ад Назарэту да Ерусаліму на працягу трох дзён.
Дасягнуўшы гораду Ерусаліму, яны урачыста увайшлі ў храм і павялі туды адушаўлёны храм Божы, трохгадовае дзяўчо, Усячыстую Дзеву Марыю. Наперадзе Яе ішоў хор дзяўчын, зь запаленымі сьвечкамі, як сьведчыць сьвяты Тарасій, архіяпіскап Канстантынопальскі, уклаўшы ў вусны сьвятой Ганны такія словы:
– Пачніце хаду, дзевы, носячыя сьвечкі, і ідзіце на перадзе мяне і Богаюнічцы.
Сьвятыя ж бацькі, адзін зь аднаго боку, іншая зь другога, узяўшы за рукі дадзеную Богам Дачку сваю, з пяшчотай і гонарам вялі яе паміж сабою. За імі радасна крочыла усё мноства сваякоў, суседзяў і знаёмых, трымаючы ў руках сьвечкі і атачаючы Усячыстую Дзеву, як зоркі сьветлы месяц, на зьдзіўленьне усяму Ерусаліму. Сьвяты Феафілакт апісвае гэта такім чынам:
Забывае Дачка дом айца і прыводзіцца да Цара, пажадаўшага прыгажосьці Яе, - прыводзіцца не без ушанаваньня і не без славы, але зь урачыстымі правадамі. Вось выводзіцца Яна з бацькоўскага дому са славаю, пры усеагульных воплесках Яе выхаду; за бацькамі Яе рушылі усьлед сваякі, суседзі і усё, хто любіў іх; бацькі сурадаваліся бацьку, маці сурадаваліся маці; юначкі і дзевы, са сьвечкамі ў руках, папярэднічалі Богаюначце. Увесь Ерусалім, як некаторы зорны круг, зьзяючы зь месяцам, памкнуўся глядзець гэтыя небывалыя праводзіны і бачыць трохгадовае Дзяўчо, атачонае такою славаю і ушанаваньнем нясеньне на перадзе сьвечак. І не толькі грамадзяне зямнога Ерусаліму, але і нябеснага – сьвятыя Анёлы – сыходзіліся бачыць слаўнае увядзеньне Усячыстай Дзевы Марыі і, бачыўшы, дзівіліся, як гэта апявае Царква: “Анёлы ўваходжаньне Усячыстай бачыўшы, дзіваваліся: як Дзева ўвойдзе ў сьвятая сьвятых” 1.
Зьяднаўшыя з бачным хорам нявінных дзяўчат, нябачны хор бясплотных чыноў крочыў, суправаджаючы ўводзіны Усячытай Дзевы Марыі ў Сьвятое Сьвятых і, па загаду Госпада, атачаючы Як, як абраны сасуд Боскі. Аб гэтым сьвяты Георгій, архіяпіскап Нікамідыйскі, гаворыць так:
– Бацькі ужо вялі да дзьвярэй храма Дзеву, атачоную Анёламі, пры сумесным вясельлі усіх нябесных сіл. Бо Анёлы, хоць і не ведалі сілы таямніцы, аднак жа, па наказе Госпада, служылі пры уваходзе Яе ў храм. Такім чынам, яны ў першых, дзівіліся, бачачы, што Яна будзе каштоўным сасудам дабрадзейнасьці, што Яна носіць прыкметы вечнай чысьціні і мае такое цела, якога ніколі не дакранецца ніякая грахоўная брыдота, а ў другіх, выконваючы волю Госпада, зьдзейсьнілі служэньне, якое ім было загадана.
Так, з гонарам і славаю не толькі людзьмі, але і Анёламі была уведзена ў храм Гасподні Усячыстая Дзева. І годна: бо калі старазапаветны каўчэг, які насіў у сабе манну, які служыў толькі правобразам Усясьвятой Дзевы, занесены быў у храм зь вялікаю годнасьцю, пры зборы усяго Ізраілю, то тым з большым гонарам, пры зборы Анёлаў і людзей, павінна было зьдзяйсьняцца уведзяце ў храм таго самага адушаўлёнага ківоту2, які меў у сабе манну – Хрыста, – усядабраслаўлёнай Дзевы, прызначанай у Маці Богу.
Пры ўнясеньні старазапаветнага ківоту ў храм Госпада, наперадзе яго крочыў цар зямны, цараваўшы тады над Ізраілем, Богаайцец Давыд; а пры ўвядзеньні ў храм Божы гэтага адушаўлёнага ківоту, Усячыстай Дзевы, наперадзе крочыў не зямны цар, а Нябесны, Якому мы кожны дзень молімся: “Уладар нябесны, суцяшальнік, дух ісьціны”. Што менавіта гэты Цар крочыў наперадзе гэтай Дачкі царскай, аб гэтым сьвятая Царква ў цяперашніх сьпевах сьведчыць так: “у сьвятая сьвятых, сьвятая і нявінная Сьвятым Духам уводзіцца”3. Пры ўнясеньні каўчэга былі музыка і сьпеў, бо Давыд загадаў кіраўнікам лявітаў паставіць сьпевакоў, каб яны ігралі на арганах4, псалтырах5, кімвалах6 і гуслях7, і сьпявалі радасныя песьні, пры ўвядзеньні ж Усясьвятой Дзевы суправаджала вясельле не зямная музыка і сьпеў, але сьпеў Анёлаў, нябачна пры гэтым прысутных. Бо яны, пры ўваходзе Яе ў Сьвятое Сьвятых на служэньне Госпаду, сьпявалі нябеснымі галасамі, што і згадвае цяпер Царква, якая сьпявае ў кандаку8: “У гэты дзень уводзіцца ў дом Госпада, уводзячы дабрыню зь Сабой, тую, што ў Духу Боскім. Яе апяваюць Анёлы Боскія; Яна – скінія Нябесная”. З рэшты, увядзеньне Усячыстай Багародзіцы ў храм адбывалася і не без чалавечых сьпеваў. Бо праведная Ганна (у слове сьвятога Тарасія) гаворыць ідучым наперадзе дзевам:
– Апявайце Яе хвалебным сьпевам, сьпявайце Ёй пад гукі гусьляў, усклікніце Ёй песьню духоўную, праслаўце Яе на дзесяціструнным псалтыры.
Гэта ж згадвае Царква, гаворачы: Радуюцца Якім і Ганна ў Духу, і нявінныя асобы Госпаду сьпяваюць, псальму апяваючую і шануючы Маці Ягоную” 9.
Адсюль вядома, што хор нявінных дзяўчатак, ідучых тады наперадзе Ўсячыстай Дзеве, сьпявалі некаторыя песьні з псальмаў Давыда.
Згодна з гэтым, і складальнік цяперашняга канону гаворыць гэтым дзевам: “Пачынайце, дзевы, і засьпяваем песьні, у руках трымаючы сьвечкі” 10.
Самі ж сьвятыя праведныя бацькі Якім і Ганна, па сьведчаньню сьвятога Тарасія, малі на вуснах сваіх наступную песьню прабацькі Давыда: “Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго. І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму” (Пс. 44:11 – 12).
На сустрэчу гэтаму слаўнаму ўвядзеньню Богаюначкі, па апавяданьню Феавілакта, выйшлі сьвятары, служыўшыя ў храме і зь сьпевамі сустрэлі Ўсясьвятую Дзеву, маючую быць Маці Вялікага Архірэя, прайшоўшага нябёсы11. Прывёўшы Як да дзьвярэй храму, сьвятая Ганна (як піша сьвяты Тарасій), прамаўляла так:
– Ідзі, Дачка мая, да Таго, Хто мне дараваў Цябе; ідзі, Сьвяты Ківот, да міласьцівага Ўладара; ідзі, Брама Жыцьця, да міласэрнага Падаўцы; ідзі, Каўчэг Слова, да храма Госпада; увайдзі ў царкву Госпада, Радасьць і Вясельле сьвету.
Захарыю ж, як прароку, архірэю і родзічу свайму12, яна сказала зь Якавам:
– Прымі, Захарыя, чыстую юначку; прымі, сьвятар, бязгрэшны Каўчэг; прымі. Прарок, Кадзіла нярэчывага вугольля; прымі, праведны, Духоўнае Кадзіла.
І яшчэ праведная Ганна, як распавядае сьвяты Герман, сказала першасьвятару:
– Прымі, прарок, Дачку маю, дадзеную Богам; прымі і, увёўшы, пасадзі Яе на гары сьвятыні, у падрыхтаваным Божым палацы, нічога не пытаючы, да таго часу, пакуль Бог, паклікаўшы Яе сюды, не адкрые канчаткова Сваю волю аб Ёй.
Было там, – піша дабрашчасны Еранім, – пятнаццаць прыступкаў на царкоўным уваходзе, па ліку пятнаццаці сьцепянных псальмаў, бо на кожным з гэтых прыступкаў ўсходзячымі да служэньня сьвятарамі і лявітамі сьпявалася асобная псальма13. Вось паставілі праведныя бацькі бязгрэшную юначку на першую прыступку. Яна адразу вельмі хутка пайшла сама сабой па іншым прыступкам, ніхто яе не вёў і не падтрымліваў; узьняўшыся на самы верхні прыступак, Яна ўстала, умацаваная нябачнай сілай Боскай, Зьдзівіліся ўсе, пабачыўшы трохгадовую юначку, што ўзьнялася па гэтым прыступкам так хутка, а асабліва быў зьдзіўлены гэтым вялікі першасьвятар Захарыя і, як прарок, па адкрыцьцю Боскаму, разумеў будучыню гэтай Дзевы, бо ён, па словах Феафілакта, быў ахінуты Духам. Таксама і сьвяты Тарасій адносна гэтага гаворыць, што Захарыя, напоўніўшыся Сьвятым Духам, усклікнуў:
– О, чыстая Юначка! О, Дзева, што ня ведае спакусы! О, Дзева цудоўная! О, упрыгожаньне жанчын! О, прыгажосьць дачок! Ты дабраслаўлёная паміж жанчынамі! Ты ў вышэйшай ступені праслаўлена чысьцінёй. Ты захаваная дзявоцтвам, Ты – водпуск клятвы Адама!
Трымаючы Юначку, Захарыя, кажа сьвяты Герман, з радасным духам увёў Яе ў Сьвятое Сьвятых14, гаворачы Ёй так:
– Ідзі, выкананьне майго прароцтва, ідзі выкананьне абяцаньняў Госпада, ідзі захаваньне запавету Ягонага, ідзі, выяўленьне Ягонай рады, ідзі, выкананьне таямніц Ягоных, ідзе люстэрка ўсіх прарокаў, ідзі, абнаўленьне састарэлых грахамі, ідзі, Сьвятло ляжачых у цемры, ідзі, найноўшы Боскі дар. Увайдзі цяпер у ніжэйшую частку храму Госпада свайго, дасягальную людзям, а праз крыху часу – у горную і недасягальную дзеля іх.
Юначка, вясёлая і вельмі радасная, крочыла ў дом Госпада, як у палац, бо хоць і была юная ўзростам, мела толькі тры гады, але была дасканалая па мілаце Боскай, як наперад вядомая і наперад абраная Богам раней стварэньня сьвету.
Так Усячыстая і Ўсядабраслаўлёная Дзева Марыя была ўведзена ў храм Госпада. Пры гэтым першасьвятар Захарыя зьдзейсьніў незвычайную і дзеля ўсіх дзіўную справу: ён увёў юначку ў саму пабудаваную скінію, названую “сьвятое сьвятых”, якая была за другой заслонай і дзе быў каўчэг запавету, абкладзены са ўсіх бакоў золатам, і херувімы славы, “якія асланялі ачышчальню” (Жыд. 9:3 – 5), куды нельга было ўваходзіць не толькі жанчынам, але нават сьвятарам, а мог туды ўваходзіць толькі першасьвятар адзін раз на год. Там першасьвятар Захарыя надаў Усячыстай Дзеве месца для малітвы. Усім жа іншым дзевам, жывучым у храме, па сьведчаньню сьв. Кірылы Александрыйскага і сьв. Рыгора Ніскага, адводзілася месца для малітвы паміж царквой і алтаром15. Ні воднай з гэтых дзяўчат аніякім чынам нельга было падыходзіць да алтара, бо гэта строга забаранялася першасьвятарамі; Усячыстай жа Дзеве, з часу ўвядзеньня Яе, не было забароны заўсёды ўваходзіць ва ўнутраны алтар, за другу заслону і маліцца там. Зроблена гэта было першасьвятаром: па таямнічаму навучаньню Боскаму, аб чым сьвяты Феафілакт гаворыць там:
– Першасьвятар, будучы тады па-за сабой, ахінуты Духам Божым, зразумеў, што гэтая юначка – ёмішча Боскай мілаты і што Яна болей яго годная заўсёды стаяць прад Тварам Божым. Згадаўшы сказанае ў законе аб каўчэгу, што яму прызначана знаходзіцца ў Сьвятая Сьвятых, ён адразу зразумеў, што гэта было прызначана адносна гэтай Юначкі, ніколькі не маючы сумневаў і не спыніўшыся, меў адвагу, насуперак закону, увесьці Яе ў Сьвятое Сьвятых.
Як гаворыць дабрашчасны Еранім, праведныя бацькі Якім і Ганна, уручыўшы сваё дзіця волі Айца Нябеснага, прынесьлі дары Богу, ахвяры і спаленьні, і, атрымаўшы дабраслаўленьне ад першасьвятара і ўсяго збору сьвятароў, павярнуліся са ўсімі сваімі родзічамі, да дому і ўладкавалі там вясельле, радуючыся і дзякуючы Богу. Усядабраслаўлёная ж Дзева, з пачатку жыцьця свайго ў доме Госпада, адданая была ў памяшканьне дзеля дзяўчатак, бо храм Ерусалімскі, пабудаваны Саламонам і потым разбураны і пабудаваны зноў Зорававелем16, меў шмат памяшканьняў для жыцьця, як піша Іосіф, старажытны юдэйскі гісторык17. Па-за храмам, да ягоных сьцен былі прыбудаваныя каменныя будынкі, лікам трынаццаць, адасобленыя адзін ад аднаго, прасторныя і вельмі прыгожыя, на іх былі іншыя будынкі, на другіх – трэція, так што агульны лік іх быў дзевяноста, і яны мелі ўсе зручнасьці для жыцьця ў іх. Вышыня іх раўнялася вышыні храму; яны былі як бы слупы, звонку падтрымліваючыя ягоныя сьцены. У гэтых будынках знаходзіліся памяшканьне дзеля розных асобаў; асобна жылі дзяўчаты, часова пасьвячоныя дзеля служэньня Богу; асобна жылі ўдовы, даўшыя абяцаньне Богу захоўваць сваю чысьціню да сьмерці, як прарочыца Ганна, дачка Фануіла; асобна жылі мужчыны, названыя назарэямі18, падобна манахам, жыўшыя без шлюбу. Усе гэтыя асобы служылі Госпаду пры храме і атрымлівалі ўтрыманьне ад даходаў храму. Іншыя будынкі былі для вандроўнікаў і пілігрымаў, прыходзячых здалёк на пакланеньне ў Ерусалім.
Трохгадовая юначка, Усячыстая Дзева Марыя, як было сказана, была аддадзена ў памяшканьне для дзяўчат, пры гэтым да Яе былі прыстаўлены тры дзевы, па гадам больш дарослыя і дасканалыя ў пісаньні і рукадзельлі, каб Богаюначка адначасна зь маленства навучылася і пісаньню, і рукадзельлю. Сьвятыя бацькі Якім і Ганна, часта наведвалі Яе, Ганна, як маці, асабліва часта прыходзіла паглядзець на сваю Дачку і навучаць Яе. Па сьведчаньню сьвятога Амуросія і гісторыя Георгія, Дзева хутка дасканала навучылася жыдоўскаму старазапаветнаму пісьму, – і не толькі Пісаньню, але і рукадзельлю добра навучылася, як гаворыць аб гэтым сьвяты Епіфан:
– Яна вызначалася сілай розуму і любоўю да навукі, не толькі ўдасканальвалася ў Сьвятым Пісаньні, але і практыкавалася ў прадзеньні воўны і льну, і ў шыцьці шоўкам. Разважлівасьцю сваёй Яна дзівіла ўсіх; займаючыся пераважна такімі справамі, якія маглі быць патрэбны сьвятарам у служэньні пры храме; рукадзельлю Яна так навучылася, што ім у далейшым, пры Сыне сваім, дабывала сябе сродкі для жыцьця; Яна сваімі рукамі зрабіла Госпаду Ісусу хітон, не сшыты, але цалкам тканы.
Усячыстай Дзева (кажа той да Епіфан), як і іншым дзяўчатам, звычайная ежа падавалася ад храму; але яе зьядалі жабракі і вандроўнікі, бо Яна, як сьпявае Царква, сілкавалася хлебам нябесным. Сьвяты Герман кажа аб Ёй, што Яна звычайна знаходзілася ў Сьвятая Сьвятых, прымаючы салодкую ежу ад Анёлаў; а сьвяты Андрэй Крыцкі так кажа19:
– У Сьвятая Сьвятых, як у палацы, Яна прымала незвычайную і нятленную ежу.
Пры гэтым паданьне далучае, што Ўсячыстая Дзева часта знаходзілася ва ўнутранай скініі, што за другой заслонай і называецца “Сьвятое Сьвятых”, а не ў звычайным памяшканьні для дзяўчат пры храме, – таму што хоць памяшканьне для жыцьця было падрыхтавана ў гэтым памяшканьні, але на малітву не было забаронена хадзіць у Сьвятое Сьвятых”. Дасягнуўшы належнага ўзросту, Яна, зь малых гадоў навучыўшыся Сьвятому Пісаньню і рупліва займаючыся рукадзельлем, яшчэ больш практыкавалася ў малітве, і цэлыя ночы і большую частку дня мела звычай праводзіць у малітве. На малітву ўваходзіла ў Сьвятое Сьвятых, дзеля рукадзельля ж павярталася ў сваё жыльлё, бо, па закону, нельга было ў Сьвятое Сьвятых нешта рабіць альбо нешта ўносіць туды. І большую частку жыцьця свайго Яна праводзіла ў храме, за другой заслонай, ва ўнутранай скініі, на малітве, а не ў адведзеным Ёй жыльлі, за рукадзельлем. Таму ўсе настаўнікі Царквы згодна гавораць, што Ўсячыстая Дзева, да дванаццаці гадоў, усё свае жыцьцё правела ў Сьвятое Сьвятых, бо адтуль рэдка выходзіла ў свае памяшканьне.
Якім было Яе жыцьцё ў малым узросьце, гэта апісаў Еранім так:
– Дабрашчасная Дзева, яшчэ ў дзяцінстве і малых гадах сваіх, калі была пры храме зь іншымі дзяўчатамі, Яе аднагодкамі, жыцьцё сваё праводзіла па строгаму парадку, ад раньняга ранку да трэцяй гадзіны дня стаяла на малітве; ад трэцяй да дзевятай – практыкавалася ў рукадзельлі альбо чытаньні кніг; ад дзевятай гадзіны зноў пачынала сваю малітву, і не спыняла яе да таго часу, пакуль не зьяўляўся Ёй Анёл, з рук якога Яна звычайна прымала ежу. Так усё больш і больш узрастала Яна ў любові да Бога20.
Такім было Ян жыцьцё ў дзяцінстве, калі Яна яшчэ жыла зь дзяўчатамі – аднагодкамі. У той час, як дзень ад дня Яна ўзрастала і ўмацоўвалася духам, удасканальвалася Яна і ў подзьвігах і ўмацоўвалася ў малітве і працавітасьці, узыходзячы ад сілы ў сілу, да таго часу, пакуль не ахінула Яе сіла Ўсявышняга. А што зьяўляўся Ёй Анёл і прыносіў ежу, гэта бачыў сваімі вачамі першасьвятар Захарыя, аб чым распавядае сьвяты Рыгор Нікамідыйскі, гаворачы:
– У той час, як Яна, дзень ад дня, узрастала, з гадамі ўзрасталі ў Ёй і дары Сьвятога Духа, і Яна знаходзілася ў зносінах зь Анёламі. Гэта і Захарыя даведаўся; бо калі ён, па сьвятарскаму звычаю, быў у алтары, то пабачыў, што нехта незвычайнага выгляду, размаўляе зь Дзевай і падае Ёй ежу. Гэта быў зьявіўшыся Анёл; і зьдзівіўся Захарыя, думаючы пра сябе: што гэта за новая і незвычайная зьява? Выглядам падобны на Анёла, і размаўляе са сьвятой Дзевай; бясплотны па выгляду прыносіць ежу, сілкуючую плоць, нярэчывы па прыродзе падае Дзеву натуральную карзіну. Анёльскае зьяўленьне тут бывае адным толькі сьвятарам, і то не часта; да жанчын жа, ды яшчэ да такой юнай Дзяўчыне, прыход Анёла, бачны цяпер, зьдзяйсьняецца незвычайна. Калі б Яна была зь ліку шлюбных, і, паланёная духам няплоднасьці, малілася аб дараваньні Ёй плоду, як малілася некалі Ганна, я б не дзівіўся гэтай зьяве, якую бачу, але Дзяўчына не просіць аб гэтым21; Анёл жа заўсёды, як і цяпер бачу, зьяўляецца Ёй, ад гэтага ахінае мяне яшчэ большае зьдзіўленьне, жах і неразуменьне, што будзе з гэтага? Што дабравесьціць прыходзіць Анёл? І якога роду прынесеная? Зь якога сховішча яна бярэцца? І хто прыгатаваў яе? Якая рука зрабіла гэты хлеб? Бо Анёлам неўласьціва клапаціцца аб патрабаваньнях плоці; калі шматлікія і сілкаваліся імі, аднак гэтую ежу рыхтавала чалавечая рука. Анёл, служыўшы Даніілу, хоць і здольны быў, сілай Усявышняга, не праз нейкага іншага, а сам сабой выканаць тое, што яму было загадана, аднак паслаў дзеля гэтага Авакума зь сасудамі, каб не спужала яго незвычайнае бачаньне Анёла і незвычайная ежа. Тут жа да Юначкі прыходзіць сам Анёл, – справа, поўная таямніцы, якой я дзівуюся; Яна ў дзяцінстве ўдастоілася такіх дароў, што Ёй служаць бясплотныя. Што гэта такое? Не на Ёй лі спраўдзяцца прадказаньні прарокаў? Ці не Яна мэта нашага чаканьня? Ці не ад Яе прыме цела жадаючы прыйсьці выратаваць род наш? Бо таямніца гэта прадказана яшчэ раней, і Слова шукае Тую, якая здольная была б паслужыць таямніцы. І няўжо не іншая раней абраная паслужыць гэтай таямніцы, а менавіта гэтая Дзева, на якую гляджу. Які шчасьлівы ты, дом Ізраіля, зь якога адбылося такое насеньне! Які шчасьлівы ты, корань Ісеяў, ад якога пайшла гэта галіна, абраная прынесьці сьвету кветку выратаваньня! Які шчасьлівы і я, адчуваючы асалоду ад такога бачаньня і рыхтуючы гэтую Дзеву ў нявесты Слову.
Гэтыя словы Рыгора Нікамідыйскага. Падобна яму гаворыць Еранім:
– Кожны дзень наведвалі Яе Анёлы, і калі б мяне спытаў нехта: як Усячыстая Дзева праводзіла там час юнацтва, – я адказваў бы: гэта вядома Самому Богу, ды Архангелу Гаўрыілу, неадступнаму Яе ахоўніку, зь іншымі Анёламі, часта прыходзіўшымі да Яе і зь любоўю размаўляўшымі зь Ёй.
Знаходзячыся такім чынам зь Анёламі ў Сьвятое Сьвятых, Усячыстая Дзева пажадала вечна жыць у анёльскай чысьціні і непашкоджаным дзявоцтве. Па сьведчаньню сьвятых настаўнікаў: Рыгора Ніскага, Ераніма і іншых, гэтая Дзева першая заручыла сваё дзявоцтва Богу, бо ў Старым Запавеце неўласьціва было дзяўчатам не браць шлюбу, бо шлюб быў у большай пашане, чым дзявоцтва22. Усячыстая ж Дзева першая ў сьвеце аддала перавагу дзявоцтва шлюбу і, заручыўшыся Богу, служыла Яму Сваім чыстым дзявоцтвам дзень і ноч. Усясьвяты Дух, жаданьнем Бога Айца, рыхтаваў у Ёй ёмішча Богу–Слову. Ды будзе ж Усясьвятой, Адзінасутнай і Непадзельнай Тройцы слава і ўдзячнасьць; Усячыстай жа Ўладарцы нашай Багародзіцы, Заўсёды Дзеве Марыі, гонар і хвала ад ўсіх радоў ва ўсе стагодзьдзі. Амін23.
Трапар, тон 4
У гэты дзень – прадвесьце Боскага дабраваленьня і выратаваньня людзей прадвесьце: у храме Боскім Дзева вольна зьяўляецца і Хрыста усім прадвесьціць. Ёй і мы голасна засьпяваем: “Радуйся, наканаванага Стваральнікам выкананьне!”
Кандак, тон 4
Усячысты храм Збаўцы, шматкаштоўны палац і Дзева, сьвяты скарб славы Боскай, у гэты дзень уводзіцца ў дом Госпада, уводзячы дабрыню зь Сабой, тую, што ў Духу Боскім. Яе апяваюць Анёлы Боскія; Яна – скінія Нябесная.

________________________________________________________________________
1. Прысьпеў дзевятай песьні канону.
2. Ківот, каўчэг – драўляная скрыня, упрыгожаная звонку золатам. У ёй знаходзіліся скрыжалі Запавету, мана і жазло Арона. Ён быў правобразам Маці Боскай, часу Сьвятая Дзева і называецца Ківотам і Каўчэгам.
3. Вершыра сьвята на вялікай вячэрняй.
4. Арган – духавы інструмэнт, верагодна з роду жалейкі (музычная прылада пастухоў).
5. Псалтыр – струнны інструмэнт, з роду арфы альбо ліры. Пераважна ігрой на ёй суправаджаўся сьпеў сьвятых сьпеваў альбо гімнаў.
6. Кімвал – інструмэнт на ўзор талерак, складаўся зь двух мэталічных кружкоў, якія, удараючыся адзін аб другі, давалі гучны гук.
7. Гусьлі – струнны інструмэнт, маючы форму трохкутніка.
8. Кандакам называецца сьвятая песьня, каротка апавядаючая сутнасьць сьвята.
9. Вершыра на вялікай вячэрняй.
10. Канон, песьня 4.
11. Пад Вялікім Архірэям, прайшоўшым нябёсы, разумеецца Ісус Хрыстос (Жыд. 4:14)
12. Гэта, па паданьню, той самы Захарыя, які быў бацькам Яна Хрысьціцеля. Эвангельле называе яго сьвятаром, “Авіевай чаргі” (Лк. 1:5)
13 Гэтыя пятнаццаць прыступак знаходзіліся пры уваходзе ў сьвяцілішча, куды ніхто не мог уваходзіць, акрамя сьвятароў і першасьвятара. Сьвятары, пры узыходжаньні ў сьвяцілішча, на кожнай прыступку сьпявалі па псальме; пераступаючы з прыступкі на прыступку, яны сьпявалі усяго 16 псальмаў; адгэтуль гэтыя псальмы завуцца “песьнямі ступеняў” ці “сьцепянымі”. Па рахунку гэта 119-133 псальмы.
14. Сьвятое Сьвятых – самая важная і найбольш сьвятая частка храму. У яе мог уваходзіць толькі першасьвятар і толькі адзін раз у год.
15. Г.з. прытворам сьвятароў, у якім прыносіліся ахвяры і па баках якога былі жылыя пакоі дзеля пасьвячоных Богу,– і сьвяцілішчам.
16. Храм Саламона быў разбураны Навухаданосарам, царом Бабілёнскі. Новы храм быў пабудаваны Зарававелем праз 62 гады пасьля разбурэньня першага.
17. Жыў у I ст. пасьля Н. Хр.
18. Назарэі былі асобы, якія далі зарок Богу не браць шлюб, устрымлівацца ад ужываньня віна і усякіх алькагольных напояў і не стрыгчы волас. Звычайна назарэйства працягвалася вызначаны час, прымалася добраахвотна, па розных падставах; але часам бацькі давалі зарок назарэйства за сваіх дзяцей: і менавіта ў тым выпадку, калі яны, не маючы дзяцей, жадалі атрымаць іх ад Бога.
19. Жыўшы ў VIII ст.
20. Ізраільцяне лічылі гадзіны дня ад узыходу сонца так, што 3-я гадзіна адпавядала нашай 9-й раніцы; канец 6-й гадзіны нашаму поўдню; з 9-й гадзіны. дзень хіліўся да вечара.
21. Г.зн. дараваньні ёй плоду ўлоньня.
22. У той час кожны жадаў мець нашчадкаў, каб памяць пра яго даўжэй захавалася на зямлі і каб, калі не ён сам, так яго нашчадкі маглі б зрабіцца удзельнікамі выгод у царстве чаканага Месіі Збавіцеля.
23. На згадку ўвядзеньня Ўсясьвятой Багародзіцы ў Ерусалімскі храм ад старажытнасьці заснавана Царквой сьвята, 21 лістапада. Згадку на гэтае сьвята магчыма адшукаць у IV стагодзьдзі – у паданьнях хрысьціян Палестыны, якія да сёньня ўказваюць на старажытны храм Увядзеньня Багародзіцы і пабудову гэтага храму прыпісваюць сьвятой царыцы Алёне. У IV стагодзьдзі ўказаньні аб гэтым сьвяце знаходзяць таксама ў словах Рыгора Ніскага. У VIII стагодзьдзі, як указана вышэй, Герман і Тарасій, патрыярхі Канстантынопальскія, прамаўлялі ў гэты дзень адмысловыя навукі.

Паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.