Saturday, December 4, 2010

УВЯДЗЕНЬНЕ Ў ХРАМ УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Напачатку Каляднага посту мы поўныя глыбокай пашаны сьвяткуем Уводзіны Боскай Маці ў храм. Храм — гэта дом Божы, гэта месца, якое Богу прыналежыць непадзельна, месца, дзе ні думай, ні пачуцьцямі, ні волі не можа быць іншай, як волі Боскай. І вось Усячыстая Дзева Багародзіца ў юныя, дзіцячыя гады прыводзіцца ў храм Гасподні, уступае ў тую вобласьць, дзе акрамя Бога і Ягоных шляхоў няма нічога; Яна апускаецца ў малітву, Яна стаіць прад Жывым Богам, Яна аддаецца жаночай сьвятой працы, якая можа быць выразам — калі толькі сэрца чалавека чула і чыста — адной любові і клопату.
І пагружаная ў гэту стыхію Боскай прысутнасьці і чалавечага пакланеньня, Яна вырастае, з года ў год, у поўную меру Сваёй сталасьці. І калі паўстае перад Ёй вялікі Архангел Дабравесьця і абвяшчае Ёй пра тое, што, таямніча і неспасьціжна, народзіцца ад Яе Гасподзь, Яна аддаецца Яму безумоўна, у трапятаньні і пакорлівым послуху: Я, слуга Гасподняя, ды будзе мне па волі Ягонай... За гэтыя гады поўнай паглыбленасьці ў таямніцу Боскую, у таямніцу любові Яна зрабілася здольнай зрабіцца Той, праз Якую выратавальная, пераўтвараючая, ахвярная і хросная любоў Боская увойдзе ў сьвет. Сьвяты Рыгор Палама нам кажа, што гэтак жа было б немагчыма увасабленьне Сына Боскага без пажаданьня Маці Ягонай зямной, як без волі Нябеснага Айца. Сышоўшы цалкам у Боскую волю, у таямніцу любові да Яго, і ў Ім — да усяго стварэньня, Яна здолела прамовіць імя Боскае, сьвятое, таямнічае імя, якое супадае зь Ягонай асобай, усёй думкай Сваёй, усім сэрцам Сваім, усёй воляй Сваёй і усім целам Сваім, і гэта Слова зрабілася целам, і таму мы поўныя глыбокай пашаны сузіраем гэту непаўторную, адзіную сьвятасьць Боскай Маці.
Але не дарма гэта сьвята пастаўлена як бы перад пачаткам нашага шэсьця насустрач Нараджэньню Хрыстоваму, увасабленьню Слова Божага: і нам належыць так прыгатавацца, так паглыбіцца, так ачысьціць сваё сэрца, асьвяціць сваю думку, абнавіць сваю волю, асьвяціць і цела свае, каб вечнае жыцьцё, паказанае ў Хрысьце, магла б і ў нас нарадзіцца, каб мы, пагружаныя ў Яго сьмерць, паўстаўшыя Ягоным Уваскрэсеньнем у дзень нашага хросту, маглі б сапраўды так зрасьціся зь Ім, так быць зь Ім адзіныя, як члены цела паміж сабой адзіныя, як усё цела складае адно цэлае з галявой. Боская Маці нарадзіла ў сьвет Слова творчае і Любоў увасобленую; і нам дадзена малітвай, вернасьцю эвангельскаму шляху, любоўю да Бога і да блізкага, адрачэньнем ад сябе саміх, аддачай сябе без рэшткі і Богу і блізкаму нашаму — і нам дадзена злучыцца з Богам так таямніча, што і мы уваскрэсьнем з Хрыстом і ў Хрысьце. Перад намі цяпер ляжыць шлях, — пройдзем жа гэты шлях не проста ў чаканьні цуду ў канцы гэтага шляху, а робячыся жывымі, творчымі удзельнікамі гэтага шляху, каб нарадзіўся Гасподзь і каб зь Ім нарадзілася ў нас новая, радасная, усё перамагаючая любоў і жыцьцё вечная. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.