Saturday, April 27, 2013

КАЗАНЬ У СУБОТУ ЛАЗАРА


Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Заканчваецца Вялікі пост, і мы стаім на парозе страсных дзён, калі набліжаецца Пасха Хрыстова - як пераможная узнагарода за устрыманьне і пакуты, пачатак вялікай надзеі, што прыносіць невымоўную радасьць. Гэтую надзею абвясьціў нам Гасподзь уваскрашэньнем Лазара, паказаўшы, што Ён мацней сьмерці - па адзіным загадзе Яго Лазар, які памёр чатыры дні таму, паўстаў жывы з труны.
Каб зразумець увесь велічны сэнс гэтага цуду Хрыста, які Ён зьдзейсьніў напярэдадні Сваіх крыжовых пакут, нам патрэбна зьвярнуцца да разуменьня самой сьмерці. Што ёсьць сьмерць? Яна увайшла ў жыцьцё чалавека ад моманту грэхападзеньня. Сама зямля зрабілася жахлівай турмою сьмерці, а усё бачнае жывое тварэньне - яе бездапаможнымі палоннымі і рабамі (Жыд. 2; 14-15). Да Увасабленьня Бога-Слова само імя сьмерці прыводзіла усіх у роспач і кідала ў адчай. Сьмерці баяліся усё. Баяліся сьмерці не толькі язычнікі, якія не ведалі таямніцы яе паходжаньня, але і юдэі, якія мелі Боскае Адкрыцьцё. Гэта было натуральна, бо сьмерць для іх непасрэдна зьвязана была з пеклам. Сьмерці баяліся – яна ў сьвядомасьці тагачасных людзей была канцом жыцьця…. Ніхто, нават найвялікшыя праведнікі і прарокі, не маглі перамагчы сьмерць. Уваскрэсеньне з мёртвых - гэта найвялікшы цуд, які можа зьдзейсьніць толькі Бог і ніхто больш.

Friday, April 26, 2013

Казань на малебне ў дзень памяці Чарнобыльскае катастрофы


Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Сёньня мы сабраліся тут, каб памаліцца за ахвяр Чарнобыля. Мы просім у Господа нашага, каб у невымоўнай Сваёй міласьці Ён падаў здароўя хворым, спакой загінуўшым і памёршым ад вынікаў катастрофы, супакоіў родзічаў загінуўшых…
У гэтым годзе дзень памяці аб Чарнобыльскае катастрофе прыпадае на час Вялікага посту. Гэта вельмі сымбалічны для нас знак, бо да вялікай бяды прывяло не стыхійнае ліха, не выпадковая паломка абсталяваньня, а, як мы зараз кажам, “чалавечы фактар”.
Гэты “чалавечы фактар”, які забіў і працягвае павольна забіваць тысячы людзей, не узьнік на пустым месцы. Ён стаў вынікам шматгадовага панаваньня «савета бязбожных» (Пс. 1:1), які зьнішчыў веру ў Бога, зьнішчала духоўнасьць нашага народа. Гэты, выхаваны бязбожнікамі “новы савецкі чалавек”, атрымаўшы вялікую сілу - праз свой розум, праз пранікненьне ў навуку, праз разьвіцьцё тэхналёгій, - быў адначасова пазбаўлены сапраўднае маральнай адказнасьці за блізкіх, пазбаўлены, як мы кажам, страху Божага. Душу такой асобы напаўнялі ілжывыя каштоўнасьці, яна, ў імя узнагарод «князя гэтага сьвету», гатовая адкінуць думку пра лёс сваіх блізкіх, адкінуць адказнасьць за Богам дадзеную зямлю ...

Wednesday, April 24, 2013

Казань у пяту нядзелю Вялікага посту


У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Упадабаныя браты і сёстры!
Наш шлях подзьвігу посту, Вялікі пост Царквы, падыходзіць да канца. У наступную нядзелю - сьвята Уваходу Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Ерусалім. А сёньня, у пятую нядзелю Вялікага Посту, якая прысьвечана прападобнай Марыі Эгіпэцкай, перад тыднем, што ёсьць падрыхтоўчым да Пакутных дзён, Царква дасягае паўнаты пакаяньня.
Мы сёньня ў Эвангельлі чулі апавяданьне пра тое, як да Хрыста падышлі два Апостала, Ян і Якаў, адны з бліжэйшых Яго вучняў, і сказалі: “Настаўнік! Хочам, каб калі ты ў Царстве Сваім сядзеш на троне, і мы былі побач з Табой, адзін па правы бок, а другога па левы. Хочам успадкаваць Твае абяцаньні і ўладарыць з Табою”. І Ісус кажа ім на гэта: «Вы не ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся »? І яны кажуць: “Можам”. Ісус сказаў ім у адказ: “Чару, якую Я п'ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца будзеце, а вось сесьці па правую руку або па левую, гэта – як каму прыгатавана”.

Saturday, April 20, 2013

Субота Акафіста – Пахвала Прасьвятой Багародзіцы (казань прад чытаньням Акафісту Прасьвятой Багародзіцы)


Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
У гэтую суботу пятага тыдня Вялікага посту сьвятая Царква урачыста прамаўляе малебны сьпеў акафісту, або удзячнае хвалы Найсьвяцейшай Багародзіцы.
Найсьвяцейшая Дзева - вобраз схаванай ад сьвету сьвятасьці, якая праяўляецца ў паўсядзённым жыцьці і не прыцягвае да сябе увагі, якая умее застацца незаўважанай. Быццам Яна заўсёды чуе слова Свайго Боскага Сына: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам” і “усякі, хто зьміраецца, узвысіцца”. Як дзіўна Гасподзь “паглядзеў на пакорлівасьць рабы Сваёй”! Прыносячы хвалу Божай Маці, мы стараемся зрабіць усьлед за Ёй крок на шляху пакоры. І асэнсаваць сувязь Яе пакоры з выкананьнем Яе прароцтва: “Бо з гэтага часу будуць праслаўляць Мяне усе роды”.

Sunday, April 14, 2013

КАЗАНЬ У ЧАЦЬВЕРТУЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ


У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духу!
Упадабаныя браты і сёстры.
У чацьвёртую нядзелю Вялікага Посту усьлед за ўшанаваньнем Годнага і Жыватворнага Крыжа, Сьвятая Праваслаўная Царква пастанавіла памінаць прападобнага і баганоснага айца нашага Яна, што апісаў Лесьвіцу духоўную. Гэта зроблена для таго, каб мы на працягу посту і нашых малітоўных подзьвігаў мелі перад вачыма жывы прыклад чалавека, якой дасягнуў духоўнае дасканаласьці, вялікага настаўніка і не забыліся пра неабходнасьць для кожнага хрысьціяніна вывучаць яго боганатхнёнае кнігу «Лесьвіца духоўная», у якой ён намаляваў усе хрысьціянскія дабрачыннасьці ў той паступовасьці, як яны павінны зацьвердзіцца ў чалавеку, каб прывесьці яго да паяднаньня з Богам і каб нас змусіць праз гэта да самавыпраўленьня.

Sunday, April 7, 2013

Казань у Трэцюю Нядзелю Вялікага Посту

Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Гасподзь, па сваёй невымоўнае і вялікае міласьці, даў нам дасягнуць паловы Вялікага Посту. І вось сёньня, у трэцюю Нядзелю Вялікага посту, мы адначасна аддаём свае шанаваньне Выратавальнаму Крыжу Госпада і сьвяткуем Дабравешчаньня Усясьвятой Багародзіцы.
Гэтыя два сьвяты шчыльна зьвязаны паміж сабой, бо без пакоры Багародзіцы: “вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго” (Лк. 1:38), было б немагчыма увасабленьне Сына Божага і наша выратаваньне. Сьвяціцель Рыгор Палама кажа, што увасабленьне было б немагчыма без вольнае чалавечае згоды Божай Маці, як яно было б немагчыма без Творчай волі Божай. У Дабравешчаньне Дзева пакорным розумам і сэрцам даверылася Богу да канца, і ў Яе усяліўся Гасподзь, бо “калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату(Прып. 3:34).

Tuesday, April 2, 2013

Акафіст сьвяціцелю Луке, спавядальніку, архіяпіскапу Крымскаму

Трапар сьвяціцелю Луке, спавядальніку і архіяпіскапу Крымскаму, тон 1
Абвяшчальнік шляху выратавальнага, спавядальнік і Архіпастыр зямлі Крымскае, праўдзівы захавальнік айцоўскіх паданьняў, урач богамудры сьвяціцель Лука, Хрыста Выратавальніка няспынна малі веру непахісную праваслаўным падаць, і выратаваньне і вялікую міласьць.
Кандак сьвяціцелю Луке, спавядальніку і архіяпіскапу Крымскаму, тон 1
Як зорка ясная, набожнасьцю зьзяючая, быў ты, сьвяціцель, душу ж роўную анёльскае захаваў і праз гэта сану сьвяціцеля быў удастоены, у выгнаньні ад бязбожнікаў шмат пацярпеў ты і непахісным у веры быў, мудрасьцю ўрача шматлікіх вылячыў ты. Таму цяпер годныя мошчы твае, ад зямных нетраў дзівосна атрыманыя, Гасподзь праславіў, ды ўсе сьпяваем табе: Радуйся, ойча сьвяціцель Лука, зямлі Крымскае слава і сьцьверджаньне.

Sunday, March 31, 2013

Казань у Другую Нядзелю Вялікага посту. Сьвяціцеля Рыгора Паламы.

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Упадабаныя браты і сёстры!
Вось прайшоў, дарагія мае, першы тыдзень Вялікага посту. Адсьвяткавалі Першу нядзелю Вялікага посту, што прысьвечана Царквой Перамозе Праваслаўя. Нагадаю вам, што сэнс Перамогі Праваслаўя заключаўся ў тым, што адкрыта была новая ісьціна праваслаўнай веры. І калі пасьля гэтае першае нядзелі Вялікага посту мы уступілі ў другі тыдзень, мы ужо ішлі новым шляхам. Бо абраз, якая паказвае Бога, як вучылі сьвятыя бацькі, якія усталявалі іконашанаваньня, магчыма, злучаецца зь некаторымі уласьцівасьцямі Божымі таму, што Сам Бог Творца упісаў у кожнага чалавека Свой вобраз, Сваю ікону. Кожны чалавек носіць у сабе жывы вобраз Божы.

Friday, March 29, 2013

Казань на малебне на Дзень Волі

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той ілжэ; бо хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, як можа любіць Бога, Якога ня бачыць?
1 Яна 4:20
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Дарагія браты і сёстры!
Сёньня мы сабраліся каб памаліцца за нашу Бацькаўшчыну – сьвятую Беларусь. Памаліцца за тых людзей, якія паклалі і да сёньня кладуць свае жыцьця за Незалежнасьць і Свабоду Беларусі. Мы молімся за жывых і ўжо адышоўшых да Госпада… за ўсіх, для каго словы “Незалежная Беларусь” ёсьць найбольш важнымі ў іх грамадзкім жыцьці.

Sunday, March 24, 2013

Казань у Нядзелю Перамогі Праваслаўя

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Дарагія браты і сёстры!
Дзень Перамогі Праваслаўя - гэта перамога над усякай злом і над усякім ілжэвучэньням. Перамога, якая канкрэтна выказалася ў перамогі над ерасьсю іканаборства, калі набожная царыца Хвядора абараніла ісьціну шанаваньня ікон. Гэты догмат, мы ведаем, зьяўляецца як бы пячаткай таямніцы веры аб Богаўвасабленьні – аб тым, што Бог стаў чалавекам: Ён стаў бачным намі, і Яго твар магчыма адлюстраваць на іконе.
Іканаборцы, абапіраючыся на Стары Запавет, сьцьвярджалі, што Бога адлюстраваць нельга. У той жа час, Сьвятыя Айцы нашае Сьвятое Праваслаўнае Царквы ставілі шанаваньне ікон у цесную сувязь зь самымі асновамі хрысьціянства. Так, сапраўды, Бог неспазнавальны, невымоўны і Яго нельга намаляваць. Але Той, Хто вышэй за усякае чалавечага слова, пажадаў нарадзіцца як Чалавек; Той, Хто нябачны, стаў бачным праз прыняцьце чалавечай прыроды, і таму пра тое, што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачыма, што разглядалі і што адчувалі рукі нашы, праз Слова Жыцьця, - “бо жыцьцё зьявілася ... абвяшчаем вам” (1 Ян. 1:1-2).Слова стала плоцьцю” (Ян 1:14), праз Богаўвасабленьне, цяпер зрабілася магчымым намаляваць ікону. І таму можна быць праваслаўным, не маючы ікон, але нельга быць праваслаўным, адпрэчваючы іконы. Той, хто не прызнае магчымасьць іконы, адмаўляе самыя асновы хрысьціянскага сьведчаньня пра Бога, які стаў Чалавекам.