Sunday, April 7, 2013

Казань у Трэцюю Нядзелю Вялікага Посту

Слава Ісусу Хрысту!
Упадабаныя браты і сёстры!
Гасподзь, па сваёй невымоўнае і вялікае міласьці, даў нам дасягнуць паловы Вялікага Посту. І вось сёньня, у трэцюю Нядзелю Вялікага посту, мы адначасна аддаём свае шанаваньне Выратавальнаму Крыжу Госпада і сьвяткуем Дабравешчаньня Усясьвятой Багародзіцы.
Гэтыя два сьвяты шчыльна зьвязаны паміж сабой, бо без пакоры Багародзіцы: “вось, раба Гасподняя; хай будзе Мне паводле слова твайго” (Лк. 1:38), было б немагчыма увасабленьне Сына Божага і наша выратаваньне. Сьвяціцель Рыгор Палама кажа, што увасабленьне было б немагчыма без вольнае чалавечае згоды Божай Маці, як яно было б немагчыма без Творчай волі Божай. У Дабравешчаньне Дзева пакорным розумам і сэрцам даверылася Богу да канца, і ў Яе усяліўся Гасподзь, бо “калі з блюзьнераў Ён насьміхаецца, дык пакорным дае мілату(Прып. 3:34).
 
Багародзіца, прыняўшы мілату і гонар стаць Маці Божай, зрабілася і Маці усіх хрысьціян, якія зрабіліся Яе дзецьмі па усынаўленьню каля Крыжа Збавіцеля. Хадайнічаючы перад Богам з тою адвагаю, якая уласьціва Маці ў адносінах да Сына, Яна моліць Яго за усіх сіратлівых, адзінокіх, палонных, хворых, зламаных сэрцам - выратаваць іх, ачысьціць ад грахоў і страсьцей, быць дастойнымі Царства Свайго Сына.
Сьвята Дабравешчаньня – гэта сапраўдны гімн пакоры ў Богу. Менавіта ў глыбіні пакоры раскрываецца любоў да Бога, так жа як і да чалавека. Толькі пакорны чалавек можа па-сапраўднаму любіць і Бога, і чалавека, толькі пакорны чалавек! Толькі пакора адкрывае душу насустрач жыватворным дарункам, якія могуць абдараваць чалавека. І таму атрыманьне ласкі дароў Сьвятога Духа толькі і магчыма сілаю пакоры, пра што заўсёды кажуць усе сьвятыя Айцы нашае Праваслаўнае Царквы.
Сёньня, у часе Вялікага посту, мы мусім памятаць, што сапраўдная пакора ў Богу, выратавальная пакора, дасягаецца толькі пакаяньнем, пастом і малітвай. Мусім маліць Багародзіцу аб тым, каб Яна дапамагла кожнаму з нас дасягнуць хоць якой-небудзь меры гэтае выратавальнае пакоры, хоць у нейкай меры падобнай на пакору Той, якая стала Божай Маці. І будзем заўсёды, молячыся, казаць разам з анёламі, разам з Архангелам: “Радуйся, Дабрадатная! Гасподзь з Табою!
У сьвята Дабравешчаньня будзем выпрабоўваць сябе, адказваем мы на кліч Божы нашым жыцьцём па вобразу Божай Маці? Гэтая згода дасьць нам мужнасьць убачыць, дзе наша сіла і дзе наша немач. Зразумець усё, уяўныя безвыходнасьці, праблемы. Прыняць гэтага чалавека, гэтага дзіцяці, гэтых бацькоў, гэтага спадарожніка, гэтую вернасьць - гэты крыж. Каб мы не маглі забыцца, што паміж усімі намі заўсёды прысутнічае гэтая вырашальная размова з Богам і Ён чакае, калі дзьверы, якія падзяляюць нас адзін ад аднаго, могуць адчыніцца. І няма іншага шляху адчыніць гэтыя дзьверы чым той, які прапануе нам Гасподзь у Сваім Эвангельлі.
Шлях Вялікага посту, якім мы зараз крочым да Бога, - гэта шлях рахунку сумленьня, пакаяньня, стрыманасьці… Мы ўжо тры тыдня ідзем па гэтаму шляху і, натуральна, адчуваем стому. Наша Сьвятая Праваслаўная Царква добра разумее нас і вось мы, праваслаўныя хрысьціяне, зьдзяйсьняючы духоўнае падарожжа ў Нябесны Ерусалім - да Пасхі Гасподняй, знаходзім у сярэдзіне шляху “Дрэва крыжовае”, каб пад яго шатамі набрацца сіл для далейшага шляху. Гэта аналягічна таму, як перад прыходам цара, калі ён вяртаўся з перамогай, спачатку ідуць яго сьцягі і скіпэтры, і вось Крыж Гасподні папярэднічае перамозе Хрыста над сьмерцю - Сьветламу Уваскрэсеньню.
Сёньня мы слухалі Сьвятое Эвангельля, якое распавядала нам аб тым, як патрэбна ісьці за Хрыстом. Немагчыма слухаць гэтыя словы без унутранага трымценьня. Яны, сапраўды, як меч, пранізваюць чалавечую душу і робіцца страшна. Хто можа гэтыя словы прыняць? Хто можа адхіліць сябе, жыцьцё свае перакрэсьліць да канца і пайсьці за Хрыстом так, як Ён загадвае? Хто можа выслухаць гэтыя словы і сказаць: так, я гатовы усё кінуць дзеля Хрыста і Эвангельля, каб не адмовіцца ад Яго. Гэта вельмі страшныя словы. Страшней толькі тое, што гаворыцца аб укрыжаваньні Хрыста.
Ісьці за Хрыстом… Давайце ўслухаемся ў гэтыя словы “калі хто хоча ісьці за Мною, адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною” (Лк. 9:23). Гэта вельмі цяжка і нават балюча – “адрачыся ад сябе”, зразумець, што не усё, што ува мне, - гэта я, што ў мяне няма выбару: прысьвяціць жыцьцё таму, каб ва мне перамог, зазьзяў, адлюстраваўся Хрыстос ці застацца з тым, што я уяўляю з сябе цяпер. Або адкінуць сябе такога, які я ёсьць, - заганнага, самалюбівага, гарачага - або не прыняць Хрыста. Мы ж часта хочам быць і з Хрыстом, і са сваімі заганамі. Мы, падманваючы сябе, як бы кажам: “Заўтра, Гасподзь, я пастараюся быць такім, якім Ты хочаш мяне бачыць, а сёньня дазволь мне яшчэ пабыць такім, які я ёсьць”. Але ў апошнюю нядзелю перад Постам мы чыталі заклік апостала Паўла: “Надышоў ужо нам прачнуцца ад сну” (Рым. 13:11). І калі мы усё яшчэ гаворым: “Заўтра, заўтра ...”, то скажам, нарэшце, зараз, калі Царква пакланяецца Крыжу: “Сёньня”.
Вось перад намі ляжыць Крыж Жыватворчы. Толькі двойчы на год зьдзяйсьняецца урачысты вынас крыжа зь алтару на сярэдзіну храма: у дзень Узьняцьця Сьвятога Крыжа і сёньня, у Крыжапаклону нядзелю. Але у першым выпадку ён узьнімаецца над людзьмі, урачыста і пераможна. А сёньня ён - «ляжыць» перад намі. Бо тых, каго каралі раскрыжаваньнем, спачатку клалі на ляжачы крыж і прыбівалі цьвікамі, а потым гэты крыж ужо уздымалі. У сёньняшні дзень мы гэтаму Крыжу пакланяемся, як бы прыносячы гэтую клятву, што так, мы ідзем за Табою, гатовыя сябе адкінутыя да канца, гатовыя усё жыцьцё наша адкінуць дзеля Цябе і не пасароміць Тваіх слоў. Ці гатовыя? Ці напраўду гэта так? Ці сапраўды мы так хочам жыць з Хрыстом? Ці сапраўды мы так можам?
І вось, упадабаныя браты і сёстры, для таго каб станоўча адказаць на гэтыя пытаньні ды крочыць за Хрыстом, мы ад пачатку мусім прыйсьці ў сябе. Абудзіцца, як калісьці абудзіўся і раскрыжаваў сябе блудны сын. Ён раскрыжаваў не толькі свае запалы і свае былыя кепскія жаданьні, але і сваю ганарыстасьць. Але і каб дараваць, таксама трэба сябе раскрыжаваць. І бацька таксама гэта робіць. Але не ў адказ на саморасьпяцьця сына. Любоў бацькі яшчэ раней, першапачаткова раскрыжаваная, сэрца яго даўно адкрыта, абы толькі сын вярнуўся.
Але чалавек прыходзіць у сябе, калі усьведамляе, што менавіта яму, і нікому іншаму прызначаны гэты крыж, які ляжыць пасярод храма. Здавалася б, як ніколі наблізіліся пакуты. Але на самай справе “сёньня бліжэй да нас выратаваньне”. Здавалася б, прыйшла ноч сьмерці, але на самой справе “ноч прайшла, а дзень наблізіўся”, і “наступіла ужо гадзіна прабудзіцца нам ад сну”. (Рым. 13:11-12). І не узяўшы крыжа, немагчыма “атрымаць міласьць і здабыць мілату для своечасовай дапамогі”.
Сучасны сьвет напоўнены шаленства, і мы разам з ім. Мы думаем здабыць наша жыцьцё, зыходзячы з нашага «я», замкнёнага на сабе, у той час як, жывучы так, мы губляем яго Боская прыгажосьць Крыжа адкрывае нам, што, толькі павярнуўшыся сьпіной да сваёй ўласнай думкі, да сваёй любові, да сваёй уласнай волі, гэта значыць зьвярнуцца да Таго, Хто не належыць Сабе, Хто аддае ўсяго Сябе мне, я магу здабыць жыцьцё, якое знайшло мяне і палюбіло мяне.
Калі мы гэта зразумеем, калі возьмем крыж, калі праз пакаяньня мы падыходзім да прычасьця сьвятых Хрыстовых Тайн, гэта павінна быць нашай малітвай, гэта павінна быць нашымі галоўнымі словамі: Гасподзь, з Табою я гатовы і на сьмерць і ў вязьніцу. Вось пачуцьцё, з якім хрысьціянін павінен прычашчацца Сьвятых Хрыстовых Тайн. Таму што пасьля прычасьця Гасподзь менавіта гэта нам і дае - магчымасьць быць з Ім. Бо “Цела ламаецца” і “Кроў праліваецца”, гэта і ёсьць расьпяцьце Хрыстова, той крыж, якім Хрыстос нас ратуе. Гэта і ёсьць  ахвяра збаўленьня, што за нас прынесена, і заклік да кожнага з нас - стаць Ягоным Целам, па-сапраўднаму стаць Ягонае Царквой, крочыць за Ім да канца.
Таму, ўпадабаныя мае, возьмем жа хутчэй добраахвотна крыж свой і рушым усьлед за Госпадам. Паспрабуем скінуць зь сябе старую вопратку: сваю ганарыстую думку, свае грахоўнае жыцьцё і засвоіць тое, што для чалавека выратаваць душу сваю важней, чым набыць увесь сьвет. Так і мы, з ласкі Божай, зробімся годнымі бачыць Царства Божае, вялікае ў сіле і непараўнальнае ў славе, дзе анёлы са сьвятымі няспынна праслаўляюць Бога жывога, Айца і Сына, і Сьвятога Духа - Тройцу Адзінасутную і Непадзельную, цяпер і заўсёды, ва усе часы і на вякі вякоў. Амін.
прат Сяргей Горбік
3 нядзеля Вялікага посту 2013 л.Б.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.