Saturday, April 3, 2010

ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ АРХІЕПІСКАПА КАНСТАНЦІНОПАЛЯ—НОВАГА РЫМУ І ЎСЯСВЕТНАГА ПАТРЫЯРХА ВАРФАЛАМЕЯ

+ ВАРФАЛАМЕЙ

+ ЛАСКАЙ БОЖАЙ

+ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ — НОВАГА РЫМУ

+ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

+

+ УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ

***

Любыя браты і сёстры, шаноўныя дзеці ў Хрысьце,

Хрыстос уваскрэс!

Вось і зноў, як радасны і ясны золак, узыходзіць сьвяты дзень Пасхі, праменячы сьвята, суцеху, радасьць і жыватворчую надзею усім веруючым, нягледзячы на тую цяжкую атамасфэру, што апанавала увесь сьвет з прычыны шматстайнага крызісу зь усімі ягонымі знаёмымі балючымі наступствамі для паўсядзённага жыцьця чалавецтва.

Уваскрэс зь магілы Хрыстос, Богачалавек, і разам зь Ім уваскрэс чалавек! Прыгнёт сьмерці адыйшоў у мінулае. Адчай ад пякельнага палону прайшоў беззваротна. Адзіны Моцны, Адзіны Жыцьцядаўца, добраахвотна успрыняў праз Сваё Уцялесьненьне усё няшчасьце нашае прыроды, разам з такой ейнай часткай, як сьмерць; і вось ужо Ён “пекла зьмярцвіў зьзяньнем Боства”[1] і даў чалавеку жыцьцё і жыцьцё з “дастаткам”[2].

І гэты дастатак жыцьця, дарунак нам ад Уваскрэслага Госпада, заўжды нястомна шальмуе і узводзіць на яго паклёп дыявал — спраўджваючы сваё імя, імя паклёпніка, хаця ён ужо і зьнясілены, зусім страціў уладу і толькі выклікае сьмех. Дыявал бэсьціць яго пры дапамозе ужо пануючай у сьвеце “пыхі” (υβρις), пыхі як перад Богам, так і перад бліжнім і перад усім Стварэньнем. Ён бэсьціць яго пры дапамозе усё яшчэ існай у нас саміх “старадаўняй карозіі”, схільнасьці да граху, якая спрабуе нас зацягнуць у пастку альбо грэшнага учынку, альбо аблуды ў веры. Пыха заўжды нараджаецца з гэтае “карозіі” і разам зь ёй яна складае тую агідную сукупнасьць, з—за якой адбываецца парушэньне нашых стасункаў зь самімі сабой, з блізкімі, з Богам і зь усім Стварэньнем. Такім чынам, нам неабходна адчысіць сябе ад гэтае ржы зь уважлівасьцю й руплівасьцю, каб жыватворчае сьвятло Уваскрэслага Хрыста ярка зазьзяла ў нашым розуме, душы і целе, каб расьсеяла цемру пыхі і праліло “дастатак” жыцьця на увесь сьвет.

Гэтага нельга дасягнуць ні зь дапамогай філясфоіі, ні зь дапамогай ні навукі, ні мастацтва, ні тэхналёгіі, ні зь дапамогай ідэалёгіі, а толькі праз веру ў Богачалавека Ісуса Хрыста, Ягоныя Пакуты, Крыж, Магілу і тое, што Ён зыйшоў у пекла і уваскрэс; і гэтая вера праяўляецца ў таемным жыцьці Царквы, а таксама праз напружаную і пастаянную духоўную барацьбу. Царква, як Цела Хрыстова, непарыўна праз вякі перажывае цуд Уваскрасеньня — праз Сьвятыя Таемствы, праз сваё багаслоўе і сваё практычнае вучэньне даючы нам мажлівасьць прылучацца да гэтага цуду, удзельнічаць у перамозе над сьмерцю, станавіцца сьветлымі дзецьмі Уваскрасеньня і сапраўднымі “супольнікамі Боскай прыроды”[3], як гэта адбылося зь усімі сьвятымі. Калючае пустазельле жарсьцяў, якое вырастае ў нашым сэрцы, забруджаным іржой “састарэлага чалавека”[4], павінна як мага хутчэй пераўтварыцца ў Хрысьце, праз Хрыста і дзеля Хрыста і Ягоных жывых вобразаў вакол нас — то бок дзеля нашых бліжніх — у суквецьце цнотаў, сьвятасьці і праведнасьці. Сьвятарны песнасьпеўца акурат сьпявае: “Апранемся ў адзеньне праўды, што за сьнег бялей, ды карагодзьма ў сёньняшні дзень Пасхі; бо Хрыстос, Сонца праўды, што зь мёртвых зазьзяла, азарыў нас сьвятлом нятленнасьці”[5]. Белыя шаты праведнасьці былі дадзеныя нам як сымбаль у дзень Сьвятога Хросту, так мы прыкліканыя ачышчаць сябе заўжды праз пастаяннае пакаяньне, радасныя сьлёзы, безупынную малітву, абмежаваньне пажадаў, праз цярпеньне ў жыцьцёвых цяжкасьцях і нястомнае стараньне выконваць Божыя запаведзі — і перш за усё, самую галоўную запаведзь — любові. Такім чынам мы ачысьцім гэтыя шаты, прымаючы удзел у крыжовым самапрыніжэньні Богачалавека, каб у нашае жыцьцё і ў навакольны сьвет прыйшлі пасхальнае асалода, радаснае сьвятло Уваскрэсеньня і збаўленьне.

Мы дасылаем вам гэтыя словы з Фанару, дзе мы перажываем пакуты Вялікай Пятніцы і радасьць Уваскрэсеньня, выражаючы клопат Маці—Царквы, ад усёй душы зычым вам прыняць дар збаўленьня і пасхальнае дабраславеньне уваскрэслага зь мёртвых Уладара Жыцьця.

Сьвятая Пасха 2010 г.

+Патрыярх Канстанцінопальскі

Шчыры малітоўца за усіх да Уваскрэслага Хрыста



[1] Нядзельны Трапар уваскрасеньня, Тон 2.

[2] Ян. 10:10

[3] Пятр. 1:4

[4] Эф. 4:22

[5] Сьціхера вячэрні, чацвер тыдню аб Фаме.


ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СТАРШЫНІ СЬВЯЦЕЙШАГА АРХІРЭЙСКАГА СЫНОДУ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ МІТРАПАЛІТА ЁВАНА.

Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца Дзяцьмі Божымі.

(1 Ян. 3:1)

Хрыстос Уваскрэс!

Улюбленыя ў Хрысьце архіпастыры і пастыры, браты і сёстры, вернікі нашае Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы!

Мінуў Вялікі пост, завяршыўся Пакутны тыдзень, і мы уступілі ў зьзяньне велікоднай ночы, калі усё тварэньне, увесь бачны і нябачны сьвет цешыцца аб уваскрэсеньні Хрыстовым, апяваючы перамогу Хрыста над сьмерцю.

Сьвятая Праваслаўная Царква ў прамяністыя велікодныя дні урачыста і прыгожа услаўляе найвялікшую і выратавальную падзею УВАСКРЭСЕНЬНЕ ХРЫСТОВА і сьвятой радасьці зь любоўю дабравесьціць праваслаўным людзям аб Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце Зьдзяйсьняльніку нашага выратаваньня. Калі надышоў час і тэрмін прыгатаванага нам Богам Выратаваньні, сышоў на зямлю Сын Божы, Гасподзь Ісус Хрыстос, зрабіўся чалавекам і адкрыў людзям таямніцы Царства Божага. Гасподзь стварыў на зямлі Сваю Царкву, адкрыўшы нам шлях да абагаўленьня, абагаўленьню усёй істоты кожнага чалавека. Хрыстос пакутаваў за грахі людзкія, памёр на Крыжы і быў пахаваны, але як Бог Усемагутны перамог сьмерць і уваскрэс зь мёртвых, крочачы як Пераможца зь нашай чалавечай існасьцю праз браму сьмяротную.

Апісваючы велікодныя сьвята, сьвяціцель Рыгор Ніскі, які жыў у IV стагодзьдзі, казаў: Сёньня уваскрэс Хрыстос, Бог вялікі і несьмяротныСёньня увесь сусьвет, як адно сямейства, што крочыла для адной справы, пакінуўшы справы звычайныязьвяртаецца да малітвы. Няма сёньня вандроўцаў на дарогах; не відаць мараплаўцаў на моры; земляроб, пакінуўшы плуг і рыдлёўку, упрыгожыўся сьвяточнай адзежай; карчмы стаяць пустымі; зьніклі шумныя зборышчы, як зьнікае зіма зь зьяўленьнем вясны; турботы, замяшаньні і буры жыцьцёвыя зьмяніліся цішынёю сьвята”.

Нашы продкі, якія адкрылі для сябе любоў Хрыстову больш тысячы гадоў таму, дбайна усталі на шлях праваслаўнай веры, бо Праваслаўе дае рэальную магчымасьць прылучыцца і спазнаць дабрыню Боскую Яго любоў. Менавіта гэты выбар вызначыў нацыянальную самасьвядомасьць і культурную своеасаблівасьць нашага беларускага народу, яго месца ў агульнасусьветным гістарычным разьвіцьці і назаўжды аб'яднаў лёс Беларусі і Царквы Хрыстовай. Як і ў папярэднія стагодзьдзі, у нашы дні любоў да Беларусі першым чынам выяўляецца ў любові да Бога і Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, у клопаце аб духоўным адраджэньні нашага грамадзтва, у імкненьні набыцьця маральнай чысьціні, у нашым уласным намаганьні ў здабыцьці веры і ладу жыцьця ў Хрысьці па законах эвангельскай любові.

Нашы славутыя продкі змаглі ня толькі захаваць праваслаўную веру ў цяжкім для Царквы XX стагодзьдзі, але і ў цяжкіх умовах адрадзіць незалежнасьць нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ад чужынскага кіраваньня і ўплыву. І сёньня дзякуючы гэтаму мы маем час на пакаяньне, на абнаўленьне свайго жыцьця праз злучэньне зь уваскрэслым Хрыстом. Іх подзьвіг хрысьціянскай любові быў мала прыкметны навакольнаму сьвету, апантанаму пачварнымі хімэрамі сацыялізму і бальшавізму якія адпрэчвалі Бога. Ў гады самых цяжкіх выпрабаваньняў у часе барацьбы за незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны, народ заўсёды знаходзіў у нашае Сьвятой Праваслаўнай Царкве духоўную падтрымку і дабраслаўленьня на сьвятую барацьбу за Вольную Беларусь. Барацьба за Волю ёсьць заўсёды шляхам пакуты і невыпадкова нашае найвялікшае сьвята – 25 сакавіка заўсёды прыпадае на час Вялікага Посту.Але сьвятло Хрыстовага Ўваскрэсеньня паказвае нам і немінучасьць нашае перамогі, немінучасьць Вольнае Беларусі.

Яшчэ не зьзяе над нашае Радзімай – Сьвятой Беларусьсю сонца свабоды. Мы толькі крочым па шляху змаганьня. Таму і сёньня нам асабліва патрэбна ахвярная любоў да Радзімы і самазабыўнае служэньне ёй, каб пераадолець цяжкасьці сучаснасьці. Толькі ў любові Хрыстовай мы зможам выхаваць нашу беларускую моладзь у самаахвярнай любові да Беларусі, каб яна была захавальніцай Беларускага Праваслаўя і перадала нашу веру будучым пакаленьням.

Дарагія айцы, браты і сёстры! Шлях Хрыстовы – гэта шлях Праўды і Жыцьця. Дык будзем жа заўсёды з падзякай прымаць усе абставіны свайго зямнога шляху, у якіх Бог запавядаў нам працаваць дзеля Яго любові да Свайго тварэньня, каб стаць сынамі Божымі. Будзем прымнажаць у сабе дарунак любові Боскай, каб і ў нашых сэрцах вечна гучала песьня духоўнай вясны:

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!

мітрапаліт Ёван,

Старшыня Сьвяцейшага архірэйскага сыноду Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Пасха л.Б. 2010


ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ КІРАЎНІКА ЎКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ СЬВЯЦЕЙШАГА МІТРАПАЛІТА КІЕЎСКАГА І ЎСЁЙ УКРАІНЫ МЯФОДЗІЯ.

Улюбленыя ў Уваскрэслым Гасподзе прысьвятыя архіпастыры, годныя ў Госпадзе пастыры, манахі і верныя нашай Сьвятой Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы! Зь напоўненым радасьцю сэрцам вітаю вас зь сьветлым сьвятам Вялікадня – днём нашага выратаваньня, калі, па словы сьвяціцеля Рыгора Багаслова, некалькі кропляў крыві Выратавальніка аднаўляюць цэлы сусьвет і, як закваска дзеля малака, зьбіраюць і яднаюць у адзінае цэлае ўсіх людзей. Не было і няма на зямлі больш велічнае і радаснае падзеі чым Вялікдзень. Хрыстос Уваскрэс, і зваявана сьмерць! Хрыстос Уваскрэс, і вызваляюцца палонныя граху! Уваскрэс Хрыстос, і краіна смутку і вечнае зімы напаўняецца жыцьцядаўчым сонцам Богапрысутнасьці! Надышоў Вялікдзень і моцная рука Уваскрэслага вызваляе ад маркоты і суму пекла прабацькаў Адама і Еву!

Вялікдзень – дзень нашага выратаваньня і свабоды. Гэтую свабоду людзі няздольны адшукаць у сьвеце. І гэтая свабода не роўная свабодзе выключна ў яе сацыяльным значэньні, значыцца комплексу правоў, якія гарантаваныя чалавеку ў дэмакратычным грамадзтве. Хрыстова свабода – значна больш глыбокая і ўсяахопліваючая. Гэта свабода ад граху і ягоных наступстваў: пакут і сьмерці. Тыя, хто апрануўся ў Хрыста, тыя, хто падзяліў зь ім боль здрады і жах крыжовай сьмерці, містычна злучаюцца да Яго уваскрэсеньня, робяцца дзяцьмі несьмяротнага Царства, дзяцьмі Божымі.

Адначасна наша жыцьцё і духоўная свабода ў Хрысьці Ісусе ёсьць той закваскай, якая зьмяніла ўвесь сусьвет. Здраджаны, прыніжаны, укрыжаваны, але уваскрэсшы і праслаўлены Хрыстос зрабіўся падмуркавым каменем не толькі новай рэлігійнай групы, але і ўсяго чалавецтва, якое зьмянілася дзякуючы шляхетнаму ўплыву на сусьвет і сьвядомасьць чалавека эвангельскіх запаветаў. Хрыстос не быў сацыяльным рэвалюцыянэрам, але свабода ў Духу, якую Ён прынёс на зямлю, прымусіла грамадзтва, у якім жылі хрысьціяне, пераглядзець свае ўяўленьне аб чалавечай асабістасьці і меру яе свабоды.

Хрысьціянская цывілізацыя надала асабістасьці значныя свабоды і права. Пры гэтым, на жаль, сучасны чалавек забыў аб шляхетным, царскім паходжаньні гэтае свабоды, забыў аб тым, што па-за Хрыстом і Ягоным Уваскрэсеньні ніводнай – ані ўнутранай і духоўнай, ані зьнешняй і сацыяльнай – свабоды не існуе. Свабода не можа існаваць без салідарнасьці. Таму, калі грамадзтва губляе еднасьць і любоў, свабода абавязкова зьнікае – яе скрадуць альбо ўнутраныя ўзурпатары, альбо чужынцы.

Згубленая свабода, змарнаваныя надзеі, згубленыя пакаленьні, трагічная безвыходнасьць… Вось да чаго можа прывесьці чалавека і грамадзтва страта вернасьці абсалютнай свабоды ў Хрысьці Ўваскрэслым. Свабода не можа існаваць у грамадзтве нявольнікаў. Аднак нявольніцтва пачынаецца не зь зьнешняга заваяваньня. Нявольніцтва заўсёды пачынаецца зь унутранага паражэньня, з гатоўнасьці здацца ў палон злу і няволі дзеля захаваньня дабрабыту альбо зручных умоў жыцьця.

Укрыжаваны і ўваскрэсшы Хрыстос – гэта выклік нашаму нявольніцтву. Хрыстос, Які вызваліў Адама і Еву з палону пекла, жадае вызваліць нас ад пекла нявольніцтва і самотнасьці, пекла жыцьця, якое надзейна ізаляванае нашым эгаізмам ад Бога і блізкіх. Вялікдзень – гэта сьвята свабоды, і кожны зь нас крочыў да гэтага сьвята ўласьцівым яму шляхам. Хтосьці цалкам выконваў пост і старана маліўся, а хтосьці няздольны быў гэтага зрабіць праз стан здароўя альбо іншыя абставіны. Аднак кожны зь нас у гэты пост намагаўся быць блізкім Хрысту. І менавіта дзякуючы гэтым нашым намаганьням, гэтаму нашаму жаданьню падзяліць з Хрыстом ягоны сум і пакуты, наша сэрца ахінае сёньня радасьць уваскрэсеньня. Уваскрэсеньне ня можа асьвяціць сэрца абыякавага. Але яно ахінае сэрца кожнага, хто прагне жыць разам з Хрыстом, кожнага, у кім жыве шчырае жаданьне злучыць сваё жыцьцё зь жыцьцём Бога.

Вялікдзень – гэта сьвята еднасьці, сьвята, якое аб’ядноўвае ўсіх жанчын і мужчын, дзяцей і дарослых, багатых і жабракоў. Гасподзь падараваў нам сёньня досьвед абсалютнай свабоды. І тое ці захаваем мы гэты досьвед у далейшым залежыць ад таго, ці здолеем мы захаваць гэтую еднасьць зь Уваскрэслым і адзін зь адным.

Хрыстос не толькі заклікае нас да еднасьці з Богам і свабоды ў Ім. Ён яшчэ надае нам сродак выратаваньня і вызваленьня – Сьвятую Эўхарыстыю, дзякуючы якой мы будзем таемна далучацца да дароў Уваскрэсеньня кожны раз, калі бяром удзел у Боскай Літургіі. Захаваем жа нашу сьвятую еднасьць і радасьць гэтай зьзяючай ночы! І няхай Уваскрэслы Хрыстос абдаруе нас мужнасьцю і рашучасьцю, без якіх немагчыма сапраўднае хрысьціянскае жыцьцё. Памятаем, што шлях да свабоды – гэта шлях самаахвярнасьці і салідарнасьці. Запомнім у сэрцы, што радасьць Хрыстовай свабоды варта таго, каб за яе змагацца і пакутаваць, што яна здатная рэальна зьмяніць суцэльна наша жыцьцё.

Перадаю ўсім вам трайное велікоднае цалаваньне “Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!” і малітоўна жадаю кожнаму зь вас знаходзіцца ў велікоднае радасьці і свабодзе. Мілата Ўваскрэслага Госпада няхай знаходзіцца над вамі, вашымі сем’ямі і ўсёй нашай Украінай.

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!

† МяФОДзІй,

Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны, Кіраўнік Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.


Sunday, March 28, 2010

УВАХОД ГОСПАДА Ў ЕРУСАЛІМ. ВЕРБНІЦА.

У апошнюю нядзелю Вялікага Посту сьвяткуем урачысты уваход Ісуса Хрыста ў Ерусалім. А на пярэдадню, у суботу, вялікі цуд зьдзейсьніў Гасподзь у Віфаніі – уваскрэсіў Лазара, які ўжо чатыры дня ляжаў у магіле. Большасьць людзей ведала і паверыла ў цуд і чакалі прыходу Ягонага ў Ерусалім да сьвята Пасхі. Кіраўнікі юдэйскія, фарысэі і кніжнікі, напоўненыя злосьцю і зайздрасьцю, вырашылі забіць Ісуса Хрыста. Яны выдалі загад паведаміць ім, калі Ён прыйдзе ў Ерусалім.

Ведаючы, якая доля чакае Яго ў Ерусаліме, Гасподзь сказаў сваім вучням, што хутка пачнуцца ягоныя пакуты. Ён разам зь вучнямі вырушыў у Ерусалім на сьвята Пасхі. Наблізіўшыся да горада, дзе, як Ён ведаў, Яго чакалі пакуты і сьмерць, Гасподзь сказаў двум сваім вучням: “Ідзіце ў селішча, што насупраць; увайшоўшы ў яго, знайдзеце маладога асла прывязанага, на якога ніхто зь людзей ніколі не садзіўся; адвязаўшы яго, прывядзеце; і калі хто спытаецца ў вас: навошта адвязваеце?, скажэце яму так: ён патрэбен Госпаду.” (Лк. 19:30–31)

Яны выканалі Ягоную просьбу і прывялі Яму асьляня. Накінуўшы сваю вопратку на асьляня, пасадзілі на яго Ісуса. Яго сустрачала шмат народу. Людзі з пальмавымі галінамі выйшлі да Яго і віталі “Дабраславёны Цар, Які ідзе ў імя Гасподняе! Мір на нябёсах і слава ў вышынях!” (Лк. 19:38)

Як вядома, конь ёсьць сымбалем вайны, бо калісьці на вайну ваяры вырушалі на конях, а асьляня ёсьць сымбалем міру, бо ён занадта павольны і прыдатны толькі дзеля працы ў мірныя часы. Калі цар павяртаўся зь вайсковага паходу, то звычайна ехаў на кані. Юдэі чакалі цара–заваёўніка, але Хрыстос уехаў у Ерусалім вярхом на асьле, мірнай жывёліне. І ўся пропаведзь Ісуса Хрыста была аб царстве міру на зямлі.

Людзі лічылі, што Ісус Хрыстос крочыць у Ерусалім, каб зрабіцца царом, таму і сустракалі Яго выгукамі, якімі заўсёды вітаюць цароў. “І калі наблізіўся да горада, дык, гледзячы на яго, заплакаў па імі сказаў: о, калі б і ты хоць бы ў гэты твой дзень уведаў, што служыць міру твайму! але гэта схавана сёньня ад вачэй тваіх; бо прыйдуць на цябе дні, калі ворагі твае абложаць цябе акопамі, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, і зруйнуюць цябе, і заб'юць дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць у табе каменя на камені, за тое, што ты не даведаўся часу адведзінаў тваіх.

І ўвайшоўшы ў храм, пачаў выганяць тых, што прадавалі ў ім, і тых, што куплялі, кажучы ім: напісана: “дом Мой ёсьць дом малітвы: а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў” І вучыў кожны дзень у храме. А першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу намышлялі загубіць Яго, і не знаходзілі, што б зрабіць зь Ім, бо ўвесь народ неадступна слухаў Яго.” (Лк. 19:41–48)

У дзень слаўнага ўваходу Ісуса ў Ерусалім мы сьвяткуем Вербную нядзелю, у якую асьвячаюць у царкве галіны зь лазы альбо вербы і раздаюць людзям.

Трапар сьвята, тон 1

Аб агульным ўваскрашэньні / раней Тваёй пакуты сьведчачы, / зь мёртвых узьвёў Ты Лазара, Хрыстос Бог. / Таму і мы, як дзеці, трымаючы знакі перамогі, / Табе Пераможцу сьмерці клічам: / “Слава ў вышынях, / дабраслаўлёны Крочачы ў імя Госпада!”


Thursday, March 25, 2010

ДЗЕНЬ ВОЛІ

Беларусь нарадзіла нас і тут Радзіма наша, ёй прысьвячаем сьпеў наш і працу нашу.

Іх таксама прысьвяціў цар Давыд Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў.

Зямлю нашу і скарбы нашы, што Госпадам дадзены, павернем сябе яе Давыд у старажытнасьці павярнуў.

Ад Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага.

Перамагаючы ворагаў – здабываем мір Бацькаўшчыне. Бо здабываньня вольнасьці апяваюцца ва ўсе стагодзьдзя.

І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.

А калі вораг аточыць нас, і надзея пачне сыходзіць, зьвернемся да Бога і выгукнем:

Мацуйцеся! І выявімся моцнымы змагарамі за народ наш і гарады Бога нашага. Госпад жа зробіць тое, што да спадобы яму.

Паўстанем разам за Вольнасьць Беларускую ды зьгіне жаль і страх з сэрцаў нашых.

Бо лепш нам у баі загінуць, чым глядзець на зьнявагу народа нашага і сьвятыняў нашых.

Хваліліся ворагі колькасьцю сваёй і зброяй жалезнай, але адпавядалі шыхты беларускія:

Хай ня будзе таго, каб так рабіць – ад іх цякаць! Калі надышла гадзіна дзеля нас, памрём як храбрыя за братоў нашых і недамо забрудніць славы нашай!

Трымціце ворагі і хавайцеся, бо выйшаў на бой Змагар Беларускі.

Ён пашырыў славу народа свайго, апрануў, нябыта волат, на сябе браню, апаясаўся ваярскай зброяй і распачаў змаганьня, каб мячом абараніць народ свой.

На шчыце ягоным зьзяў сьветласьцю Крыж Госпада, а Перамога было імя ягонае.

У подзьвігах сваіх на льва быў падобны, нябыта леў, што рыкае на здабычу.

На кані, што бялей сьнегу і сьвятлей сонца. З мячом узьнятым рукой моцнай.

Гнаў беззаконных, знаходзячы іх паўсюль, зьнішчаў ворагаў народа свайго.

Бо калі справа сьвятая – Госпад з намі. Калі Бог з намі – хто выстаіць супраць нас?

Беглі беззаконныя, яко спужаўшыся; усе, хто крыўды чыніў, жахнуліся, бо праз яго воля прыйшла.

Непераможная прага волі Змагара Беларускага.

Ён уразіў шмат цароў, подзьвігамі сваімі ўзрадаваў Якава. Памяць ягоная заўсёды будзе дабраслаўлёнай.

І казалі людзі аб дзеях ягоных словамі Макавейскімі:

Ён прабёг праз усе гарады Юдэі і зьнішчыў у іх ворага, адвярнуў гнеў ад Ізраіля.

Зазьзяла воляй Беларусь сьвятая, шчасьця прышло народу яе праз Змагара Непераможнага.

Слава аб ім распаўсюдзілася аж да канцоў сусьвету, і згуртаваў ён загубленых.

Ад гадзіны той апявае народ наш дабрыню Госпада.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва за беларускі народ

Уладару неба й зямлі, прадвечны Божа!

Ласка Твая да нябёсаў, а праўда над воблакі! Ты ўвесь сусьвет стварыў і Духам сьвятым усё прасьвятляеш, ажыўляеш і мацуеш. А людзкі род так палюбіў, што Свайго Сына адзінароднага на зямлю паслаў, каб усе, што ўвераць у Яго, зрабілася дзяцьмі Тваімі, удзельнікамі Твайго нябеснага ўладарства.

Мы, дзеці Беларускага Народу, стараліся выконваць волю Тваю й запаветы Твае, у шчырай пакоры просім Цябе, выбач нам сьвядомыя й несьвядомыя правіны нашы. Сьцеражы нас ад усялякіх спакусаў, пашлі нам еднасьць, згоду й паразуменьня. Умацуй Сьвятым Духам Тваім зьняволеных братоў і сёстраў нашых – працай абцяжараных, і тых, хто ў вязьніцах пакутуе. Дабраслаў нашае сьвятарства і дабраслаў працу сялянства, работнікаў, настаўнікаў, пісьменьнікаў, вучоных, каб наш народ мог разумна й добра жыць і Цябе, Айца нашага нябеснага, увесь час славіць.

Асьвяці наш розум сьвятлом Твайго Дабравесьця, каб мы, як анёлы нябесныя, заўсёды былі з Табою. Пашлі Беларускаму народу слугаў Сваіх, якія пабожным жыцьцём і дзейнасьцю вялі б наш народ да лепшае долі. Пашлі нам, Госпад, дар Духа Сьвятога, каб мы сталіся народам сьвятым і свае пасланства выканалі, і Табе, спрадвечнаму Ўладару й Богу нашаму, у Сьвятой Тройцы адзінаму: вернасьць, падзяку, любасьць і славу аддавалі: Богу Айцу, і Богу Сыну, і Богу Духу Сьвятому, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Tuesday, March 23, 2010

ПАРАСТАС Ў ПАМЯЦЬ АХВЯР АГРЭСІІ НАТА Ў 1999 ГОДЗЕ

Яго Сьвятасьць Патрыярх Сэрбскі Ірыней адслужыць у сераду, 24 сакавіка 2010 г. у 12 гадзіне дня, у храме Сьвятога Марка ў Белгарадзе парастас аб усіх пацярпеўшых ад агрэсіі НАТА ў Сэрбіі і Чарнагорыі.

Нагадаем, што 24 сакавіка 1999 г. каля 20—й гадзіны пачалася паветраная атака на вайсковыя і цывільныя установы тагачаснай саюзнай дзяржавы Сэрбіі і Чарнагорыі. У часе агрэсіі было разбурана шмат праваслаўных цэркваў і манастыроў, шпіталяў, устаноў культуры.

Страты сярод мірнага праваслаўнага насельніцтва Сэрбіі склалі больш за 2500 забітых і 5000 параненых. Зь дапамогай заходніх “дэмакратаў”, албанцамі—мусульманамі з Косава было выгнана больш 200.000 тысяч праваслаўных.

Па матэрыялах:

http://://www.spc.rs/sr/parastos_postradalima_u_nato_agresiji_1999

ПАМЁР ІГУМЕН СЭРБСКАГА ХІЛАНДАРСКАГА МАНАСТЫРА НА СЬВЯТОЙ ГАРЫ АФОН АРХІМАНДРЫТ МАЙСЕЙ.

21 сакавіка на 87—м годзе жыцьця памёр ігумен Хіландарскага манастыра на Сьвятой Гары Афон архімандрыт Майсей.

Дабрашчасны айцец Майсей (у сьвеце Станіслаў Жарковіч) нарадзіўся 10 лютага 1923 г. у вёсцы Камяніцы каля горада Валёва ў Сэрбіі ў набожнай сям’і Сьвятлазара і Зоркі.

На ягонае духоўнае жыцьцё моцна паўплывала асоба сьвяціцеля Мікалая (Вяліміравіча).

Прад Другой сусьветнай вайной Станіслаў прыйшоў у манастыр Жыча і зрабіўся паслушнікам. У 1947 г. ён прыняў манаскі пострыг, а на Каляды 1949 г. быў рукапакладзены ў сьвятара.

У брацію манастыра Хіландар ён быў прыняты ў 1964 г., а ў 1986 г. стаў сябрам манастырскага Сьвятога сабора. Перад абраньнем на ігумена і зьдзяйсьняў послух антыпросопа прадстаўніка манастыра ў Сьвятым брацтве Сьвятой Гары.

24 лістапада 1992 г. быў абраны ігуменам. Урачысты ўздым на старажытны хіландарскі ігуменскі трон і прыняцьце духоўнага кіраўніцтва братамі адбылося на наступны дзень пасьля манастырскай славы сьвята Уводзін Усясьвятой Багародзіцы ў Храм, 5 сьнежня 1992 г.

Айцец Майсей шмат сіл прыклаў для абнаўленьня манастыра. На час, калі ён зьдзяйсьняў сваё служэньня ігуменам прыпала сьвята 800годзьдзе заснаваньня Хіландару.

У 90я гады ён выгадаваў цэлае пакаленьне манахаў, сьцьвярджаючы іх сваёй пакорнасьцю і асабістым прыкладам манастырскага жыцьця. Ён быў вядомы сваім добрым норавам і любоўю да усіх і быў паважаны не толькі манастырскімі братамі, але і усім афонскім манаствам. За свае 63 гады манаскага жыцьця праславіўся як ціхі і сьціплы манах, паглыблены ў малітву, і як выбітны знаўца набажэнства і Статуту. Сьвятагорскія старцы часта прыводзілі ігумена Майсея ў якасьці прыкладу пакоры і рэўнасьці аб богаслужбе.

Сьвятагорскае брацтва блізка зь ім пазнаёмілася падчас выкананьня ім паслухмянства антыпросопа ў конаке ў Карэе, калі ён удзельнічаў у кожным богаслужэньні. І ужо падчас старасьці, носячы на грудзі ігуменскі крыж, а на плячах адказнасьць за духоўных дзяцей, нягледзячы на якое пахіснулася здароўе ён заўсёды быў першым на богаслужэньні.

За 18 гадоў яго кіраўніцтва манастыр Хіландар перажыў адраджэньне і павелічэньне ліку браціі, якога не ведаў яшчэ ў новай гісторыі. Асабліва яго любілі працаўнікі, якія працавалі на узнаўленьні Хіландару пасьля пажару 2004 г., зрабіўшагася адным зь найцяжкіх спакус падчас ягонага ігуменства.

Госпад дазволіў айцу Майсею убачыць уваскрэсеньне адноўленага Хіландару, як і некалі Майсея дабраславіў на гары Няво убачыць Зямлю Запаветную і пасьля зь мірам аддаць свой дух. Падобна і хіландарскій ігумен Майсей аддаў дух свой у рукі Госпаду ў 5ю нядзелю Вялікага посту.

Пахаваньне архімандрыта Майсея адбылося ў панядзелак, 22 сакавіка, у манастыры Хіландар.

Вечная памяць!


Sunday, March 21, 2010

СЛОВА Ў ПЯТУЮ НЯДЗЕЛЮ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

архіяпіскап Лука (Война –Ясянецкі)

Ведаем мы з кнігі Быцьця, што стварыў Бог чалавека па вобразу Свайму і па падабенстве (Быць. 1:26).

Ведаем таксама, што стварыў яго Гасподзь “з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою.” (Быць. 2:7)

Такім чынам, дух і душа чалавека маюць свой пачатак у Духу Божым і таму здольныя да зносін зь Ім. Гэта запомніце.

У дзень Дабравешчаньні Найсьвяцейшай Багародзіцы, чуеце вы ад нас, што пасьля сходу на Яе Усясьвятога Духу гарэла Усясьвятая Дзева Марыя Боскім агнём і не згарала, падобна неапалімаму кусту, які бачыў вялікі Майсей у пустэльні.

Гэта быў найвялікшы прыклад успрыманьня чалавекам Духа Сьвятога. І асьвяціў Сьвяты Дух Яе чалавечую існасьць найвышэй Анёлаў і Арханёлаў, Сэрафімаў і Хэрувімаў.

Ніхто зь іншых людзей ніколі не быў у такіх блізкіх зносінах зь Духам Божы, як Усясьвятая Дзева Марыя.

Але не толькі ў гэтай выключнай форме нашэсьця агню Боскага магчымы зносіны духу чалавечага зь Духам Божым; яно, як правіла, адбываецца інакш, у форме узрушаючага узьдзеяньня Духу Божага на дух чалавечы, як бачным мы гэта ў жыцьцях сьвятых і першым чынам у дзівосным жыцьці звышгоднай Марыі Эгіпэцкай, добрай памяці якой прысьвечаны пяты тыдзень Вялікага посту. Аб яе жыцьця, падобнага жыцьцю анёльскаму, вы ужо шмат раз чулі ад нас, пастыраў вашых. Не буду стамляць вас паўторам.

У пяшчоце і раскошы, жыцьцём, поўным граху і распусты, жыла ў Эгіпце гэтая зьзяючая маладая прыгажуня, не падумваючы аб вялікім брудзе сваім. Але Усёведаючаму Богу было вядома, якой бяздоннай была глыбіня яе сэрца і на якія подзьвігі зносін зь Духам Божым была здольная яна.

І Ён, не жадаючы сьмерці грэшніка, спыніў Марыю на яе згубным шляху раптоўным магутным узрушэньнем яе душы.

Яна разам зь натоўпам народа жадала увайсьці ў Іерусалімскі храм у дзень Узьняцьця Крыжа Госпада, але далей створкі ступіць не магла, бо нейкая невядомая сіла адштурхвала яе ад дзьвярэй храму, калі спрабавала яна увайсьці. Прад духоўнымі вачамі Марыі раптам паўстаў агідны бруд яе жыцьця ў Эгіпце; яна здрыганулася усёй істотай сваім і з палымянай малітвай зьвярнулася да Усясьвятой Багародзіцы, абраз якой вісеў над дзьвярамі храма.

Усясьвятая Багародзіца удастоіла яе адказу: “Ідзі за Ярдан, і тамака знойдзеш супакой душы тваёй”.

Вольна увайшла пасьля гэтага Марыя ў храм і з палымянай любоўю пацалавала крыж Выратавальніка свайго Госпада Ісуса Хрыста.

Наступнае 47-гадовае жыцьцё Марыі ў Заярданской пустэльні была суцэльным шэрагам дзівосных узьдзеяньняў Духу Сьвятога на яе душу і цела.

Але немагчыма ў адной пропаведзі асягнуць усю глыбіню яе няспынных зносін зь Духам Божым, якім дасягнула яна ужо ў целы, у гэтым зямным жыцьці, вялікай блізкасьці, калі нават не роўнасьці з бесьцялеснымі сіламі нябеснымі.

Скажу толькі, што прамыя узьдзеяньні Духу Сьвятога на душу чалавечую ў большай або меншай ступені выпрабоўвалі не толькі вялікія сьвятыя, але часта перажываем іх і мы, радавыя і нават слабыя хрысьціяне. І нас, падобна Марыі Эгіпэцкай, спыняе Гасподзь Бог на крывых і грахоўных шляхах нашага жыцьця вельмі рознымі узрушэньнямі душы нашай.

Як часта, як нечакана бурацца самавольна пабудаваныя намі па нашых уласных пляна і жаданьням будынкі жыцьця нашага, калі будуем мы іх, кіруючыся запалам і жаданьнямі сваімі, а не па запаведзях Выратавальніка нашага Ісуса Хрыста!

Як часта пасланая Богам цяжкая хвароба прымушае нас спыніцца ў імкненьні дасягнуць высокага грамадзкага становішча, багацьця альбо славы зямной.

Будзем жа памятаць, якія неацэнныя духоўныя выгоды атрымала звышгодная Марыя Эгіпэцкая пасьля таго, як спыніў яе Хрыстос Бог на яе згубным шляху.

Да усяго цяжкага і нечаканага, што прыходзіцца нам перажываць, будзем ставіцца з глыбокай пакорай волі Боскай, а не з грахоўным нараканьнем на Бога, які ратуе нас. Амін.


Friday, March 19, 2010

ПАМЁР СЬВЯТАР БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ

У Мэльбурне (Аўстралія) 18 сакавіка памёр беларускі праваслаўны сьвятар Аляксандр Кулакоўскі. Ён не дажыў сем дзён да 25 сакавіка — свайго 85‑га дня нараджэньня.

Аляксандр Кулакоўскі нарадзіўся 25 сакавіка 1925 г. у в. Тулічава на Наваградчыне (тады Заходняя Беларусь, Польшча) у сялянскай сям’і Рыгора і Сьцефаніды Кулакоўскіх. У сям’і было пяцёра дзяцей, і усе — браты (Мікалай, Адам, Рыгор, Уладзімір). Аляксандр быў сярэднім.

У 1942 г. Тулічава спалілі немцы ў часе карнай акцыі. Гэта была помста ў адказ на тэракт савецкіх партызанаў.

Кулакоўскі перабраўся ў Менск, адкуль у 1944 г. выехаў на Захад. Немцы адправілі яго пад самую французскую мяжу рыць бункеры. Па сканчэньні вайны апынуўся ў беларускім лягеры ў Остэргофэне, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Потым вучыўся ужо ў Пасаў і ў Нюрнбэргу ў нямецкіх прафэсійных вучэльнях, здабыў адукацыю, што моцна прыдалося пасьля пераезду ў Аўстралію.

У гэтай краіне працаваў токарам, зьбіраў заводзкія станкі. На пэнсію выйшаў, працуючы на пошце.

Амаль адразу па прыезду ў Мэльбурн далучыўся да беларускага грамадзкага руху, чым і займаўся ў вольны час.

У 1953 г. Аляксандр Кулакоўскі ажаніўся з Раісай Борстак. Выхаваў двух дачок — Ірэну і Веру. Адна працуе настаўніцай, другая займаецца бізнэсам.

У 1958 г. а. Мадэст (Яцкевіч) заснаваў у у Мэльбурне парафію БАПЦ імя Трох Віленскіх Пакутнікаў. Кулакоўскі напачатку кіраваў царкоўным хорам, а ў 1963 г. у Нью‑Ёрку быў высьвячаны на дыякана, а потым атрымаў і сьвятарскую хіратонію.

Пасьля адыходу а. Мадэста з парафіі і стаў настаяцелем парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў.

Пры ім было заснавана дабрачыннае Сястрыцтва , жаночы сьвецкі хор “Каліна”, які існуе і дагэтуль, а ў 1981 г. з ініцыятывы айца Кулакоўскага куплены новы будынак для царквы.

Айцец Аляксандр Кулакоўскі таксама быў ініцыятарам набыцьця дзялянкі пад беларускія пахаваньні на гарадзкіх могілках Фоўкнэр у Мэльбурне.

Вечная памяць!

http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=36353&c2=araddcompa

СУДЗІ СТРОГА СЯБЕ, А НЕ БЛІЖНЯГА

“Ня будзем жа болей судзіць адно аднаго, а лепей памяркуйце пра тое, як бы не даваць нагоды спатыкнуцца альбо спакусіцца.”

(Рым. 14:13)

Замест таго, каб увесь час шукаць недахопы і памылкі ў нашых блізкіх і знаходзіць нейкае задавальненьне ў размовах і меркаваньнях аб іх дзеяньнях, нам бы лічыла больш строга сачыць за сабою і імкнуцца пазьбягаць усяго таго, што можа паслужыць спакусай нашым братам. Мы занадта легкадумна ставімся да нашых уласных недахопаў, забываючы, што нашымі неабдуманымі паводзінамі мы не толькі ўводзім ў спакусу малодшых братоў, але і грашым супраць закону, якому мы служым, не выконваючы на справе тых правіл, якія мы вызнаем.

Мы няўмольныя ў абвінавачаньні блізкага і занадта паблажлівыя да саміх сабе. Зьвяртаючы ж погляд наш на сябе, будзем судзіць сябе строга, будзем “ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе” (1 Фес. 5:22), і без гучных слоў, адным нашым прыкладам, мы, быць можа, прывядзем да Госпада адышоўшых братоў. Тады усё жыцьцё наша будзе жывой пропаведзьдзю, больш карыснай блізкаму, чым вымовы і угаворваньні.

Асэнсоўваючы заўсёды нашы незьлічоныя парокі і недахопы, мы будзем “у пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.” (Плп. 2:3), і падасца нам мілата, што абяцаў Гасподзь: “Бог гордым супрацівіцца, а пакорным дае мілату” (Як. 4:6)