Saturday, April 3, 2010

ПАСХАЛЬНАЕ ПАСЛАННЕ АРХІЕПІСКАПА КАНСТАНЦІНОПАЛЯ—НОВАГА РЫМУ І ЎСЯСВЕТНАГА ПАТРЫЯРХА ВАРФАЛАМЕЯ

+ ВАРФАЛАМЕЙ

+ ЛАСКАЙ БОЖАЙ

+ АРХІЕПІСКАП КАНСТАНЦІНОПАЛЬСКІ — НОВАГА РЫМУ

+ І ЎСЯСВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ

+

+ УСЁЙ СУПОЛЬНАСЦІ ЦАРКВЫ

ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ ХРЫСТА ЗБАЎЦЫ, УВАСКРЭСЛАГА Ў СЛАВЕ

***

Любыя браты і сёстры, шаноўныя дзеці ў Хрысьце,

Хрыстос уваскрэс!

Вось і зноў, як радасны і ясны золак, узыходзіць сьвяты дзень Пасхі, праменячы сьвята, суцеху, радасьць і жыватворчую надзею усім веруючым, нягледзячы на тую цяжкую атамасфэру, што апанавала увесь сьвет з прычыны шматстайнага крызісу зь усімі ягонымі знаёмымі балючымі наступствамі для паўсядзённага жыцьця чалавецтва.

Уваскрэс зь магілы Хрыстос, Богачалавек, і разам зь Ім уваскрэс чалавек! Прыгнёт сьмерці адыйшоў у мінулае. Адчай ад пякельнага палону прайшоў беззваротна. Адзіны Моцны, Адзіны Жыцьцядаўца, добраахвотна успрыняў праз Сваё Уцялесьненьне усё няшчасьце нашае прыроды, разам з такой ейнай часткай, як сьмерць; і вось ужо Ён “пекла зьмярцвіў зьзяньнем Боства”[1] і даў чалавеку жыцьцё і жыцьцё з “дастаткам”[2].

І гэты дастатак жыцьця, дарунак нам ад Уваскрэслага Госпада, заўжды нястомна шальмуе і узводзіць на яго паклёп дыявал — спраўджваючы сваё імя, імя паклёпніка, хаця ён ужо і зьнясілены, зусім страціў уладу і толькі выклікае сьмех. Дыявал бэсьціць яго пры дапамозе ужо пануючай у сьвеце “пыхі” (υβρις), пыхі як перад Богам, так і перад бліжнім і перад усім Стварэньнем. Ён бэсьціць яго пры дапамозе усё яшчэ існай у нас саміх “старадаўняй карозіі”, схільнасьці да граху, якая спрабуе нас зацягнуць у пастку альбо грэшнага учынку, альбо аблуды ў веры. Пыха заўжды нараджаецца з гэтае “карозіі” і разам зь ёй яна складае тую агідную сукупнасьць, з—за якой адбываецца парушэньне нашых стасункаў зь самімі сабой, з блізкімі, з Богам і зь усім Стварэньнем. Такім чынам, нам неабходна адчысіць сябе ад гэтае ржы зь уважлівасьцю й руплівасьцю, каб жыватворчае сьвятло Уваскрэслага Хрыста ярка зазьзяла ў нашым розуме, душы і целе, каб расьсеяла цемру пыхі і праліло “дастатак” жыцьця на увесь сьвет.

Гэтага нельга дасягнуць ні зь дапамогай філясфоіі, ні зь дапамогай ні навукі, ні мастацтва, ні тэхналёгіі, ні зь дапамогай ідэалёгіі, а толькі праз веру ў Богачалавека Ісуса Хрыста, Ягоныя Пакуты, Крыж, Магілу і тое, што Ён зыйшоў у пекла і уваскрэс; і гэтая вера праяўляецца ў таемным жыцьці Царквы, а таксама праз напружаную і пастаянную духоўную барацьбу. Царква, як Цела Хрыстова, непарыўна праз вякі перажывае цуд Уваскрасеньня — праз Сьвятыя Таемствы, праз сваё багаслоўе і сваё практычнае вучэньне даючы нам мажлівасьць прылучацца да гэтага цуду, удзельнічаць у перамозе над сьмерцю, станавіцца сьветлымі дзецьмі Уваскрасеньня і сапраўднымі “супольнікамі Боскай прыроды”[3], як гэта адбылося зь усімі сьвятымі. Калючае пустазельле жарсьцяў, якое вырастае ў нашым сэрцы, забруджаным іржой “састарэлага чалавека”[4], павінна як мага хутчэй пераўтварыцца ў Хрысьце, праз Хрыста і дзеля Хрыста і Ягоных жывых вобразаў вакол нас — то бок дзеля нашых бліжніх — у суквецьце цнотаў, сьвятасьці і праведнасьці. Сьвятарны песнасьпеўца акурат сьпявае: “Апранемся ў адзеньне праўды, што за сьнег бялей, ды карагодзьма ў сёньняшні дзень Пасхі; бо Хрыстос, Сонца праўды, што зь мёртвых зазьзяла, азарыў нас сьвятлом нятленнасьці”[5]. Белыя шаты праведнасьці былі дадзеныя нам як сымбаль у дзень Сьвятога Хросту, так мы прыкліканыя ачышчаць сябе заўжды праз пастаяннае пакаяньне, радасныя сьлёзы, безупынную малітву, абмежаваньне пажадаў, праз цярпеньне ў жыцьцёвых цяжкасьцях і нястомнае стараньне выконваць Божыя запаведзі — і перш за усё, самую галоўную запаведзь — любові. Такім чынам мы ачысьцім гэтыя шаты, прымаючы удзел у крыжовым самапрыніжэньні Богачалавека, каб у нашае жыцьцё і ў навакольны сьвет прыйшлі пасхальнае асалода, радаснае сьвятло Уваскрэсеньня і збаўленьне.

Мы дасылаем вам гэтыя словы з Фанару, дзе мы перажываем пакуты Вялікай Пятніцы і радасьць Уваскрэсеньня, выражаючы клопат Маці—Царквы, ад усёй душы зычым вам прыняць дар збаўленьня і пасхальнае дабраславеньне уваскрэслага зь мёртвых Уладара Жыцьця.

Сьвятая Пасха 2010 г.

+Патрыярх Канстанцінопальскі

Шчыры малітоўца за усіх да Уваскрэслага Хрыста



[1] Нядзельны Трапар уваскрасеньня, Тон 2.

[2] Ян. 10:10

[3] Пятр. 1:4

[4] Эф. 4:22

[5] Сьціхера вячэрні, чацвер тыдню аб Фаме.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.