Saturday, April 3, 2010

ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СТАРШЫНІ СЬВЯЦЕЙШАГА АРХІРЭЙСКАГА СЫНОДУ БЕЛАРУСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ МІТРАПАЛІТА ЁВАНА.

Глядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб нам называцца Дзяцьмі Божымі.

(1 Ян. 3:1)

Хрыстос Уваскрэс!

Улюбленыя ў Хрысьце архіпастыры і пастыры, браты і сёстры, вернікі нашае Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы!

Мінуў Вялікі пост, завяршыўся Пакутны тыдзень, і мы уступілі ў зьзяньне велікоднай ночы, калі усё тварэньне, увесь бачны і нябачны сьвет цешыцца аб уваскрэсеньні Хрыстовым, апяваючы перамогу Хрыста над сьмерцю.

Сьвятая Праваслаўная Царква ў прамяністыя велікодныя дні урачыста і прыгожа услаўляе найвялікшую і выратавальную падзею УВАСКРЭСЕНЬНЕ ХРЫСТОВА і сьвятой радасьці зь любоўю дабравесьціць праваслаўным людзям аб Госпадзе нашым Ісусе Хрысьце Зьдзяйсьняльніку нашага выратаваньня. Калі надышоў час і тэрмін прыгатаванага нам Богам Выратаваньні, сышоў на зямлю Сын Божы, Гасподзь Ісус Хрыстос, зрабіўся чалавекам і адкрыў людзям таямніцы Царства Божага. Гасподзь стварыў на зямлі Сваю Царкву, адкрыўшы нам шлях да абагаўленьня, абагаўленьню усёй істоты кожнага чалавека. Хрыстос пакутаваў за грахі людзкія, памёр на Крыжы і быў пахаваны, але як Бог Усемагутны перамог сьмерць і уваскрэс зь мёртвых, крочачы як Пераможца зь нашай чалавечай існасьцю праз браму сьмяротную.

Апісваючы велікодныя сьвята, сьвяціцель Рыгор Ніскі, які жыў у IV стагодзьдзі, казаў: Сёньня уваскрэс Хрыстос, Бог вялікі і несьмяротныСёньня увесь сусьвет, як адно сямейства, што крочыла для адной справы, пакінуўшы справы звычайныязьвяртаецца да малітвы. Няма сёньня вандроўцаў на дарогах; не відаць мараплаўцаў на моры; земляроб, пакінуўшы плуг і рыдлёўку, упрыгожыўся сьвяточнай адзежай; карчмы стаяць пустымі; зьніклі шумныя зборышчы, як зьнікае зіма зь зьяўленьнем вясны; турботы, замяшаньні і буры жыцьцёвыя зьмяніліся цішынёю сьвята”.

Нашы продкі, якія адкрылі для сябе любоў Хрыстову больш тысячы гадоў таму, дбайна усталі на шлях праваслаўнай веры, бо Праваслаўе дае рэальную магчымасьць прылучыцца і спазнаць дабрыню Боскую Яго любоў. Менавіта гэты выбар вызначыў нацыянальную самасьвядомасьць і культурную своеасаблівасьць нашага беларускага народу, яго месца ў агульнасусьветным гістарычным разьвіцьці і назаўжды аб'яднаў лёс Беларусі і Царквы Хрыстовай. Як і ў папярэднія стагодзьдзі, у нашы дні любоў да Беларусі першым чынам выяўляецца ў любові да Бога і Сьвятой Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царкве, у клопаце аб духоўным адраджэньні нашага грамадзтва, у імкненьні набыцьця маральнай чысьціні, у нашым уласным намаганьні ў здабыцьці веры і ладу жыцьця ў Хрысьці па законах эвангельскай любові.

Нашы славутыя продкі змаглі ня толькі захаваць праваслаўную веру ў цяжкім для Царквы XX стагодзьдзі, але і ў цяжкіх умовах адрадзіць незалежнасьць нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ад чужынскага кіраваньня і ўплыву. І сёньня дзякуючы гэтаму мы маем час на пакаяньне, на абнаўленьне свайго жыцьця праз злучэньне зь уваскрэслым Хрыстом. Іх подзьвіг хрысьціянскай любові быў мала прыкметны навакольнаму сьвету, апантанаму пачварнымі хімэрамі сацыялізму і бальшавізму якія адпрэчвалі Бога. Ў гады самых цяжкіх выпрабаваньняў у часе барацьбы за незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны, народ заўсёды знаходзіў у нашае Сьвятой Праваслаўнай Царкве духоўную падтрымку і дабраслаўленьня на сьвятую барацьбу за Вольную Беларусь. Барацьба за Волю ёсьць заўсёды шляхам пакуты і невыпадкова нашае найвялікшае сьвята – 25 сакавіка заўсёды прыпадае на час Вялікага Посту.Але сьвятло Хрыстовага Ўваскрэсеньня паказвае нам і немінучасьць нашае перамогі, немінучасьць Вольнае Беларусі.

Яшчэ не зьзяе над нашае Радзімай – Сьвятой Беларусьсю сонца свабоды. Мы толькі крочым па шляху змаганьня. Таму і сёньня нам асабліва патрэбна ахвярная любоў да Радзімы і самазабыўнае служэньне ёй, каб пераадолець цяжкасьці сучаснасьці. Толькі ў любові Хрыстовай мы зможам выхаваць нашу беларускую моладзь у самаахвярнай любові да Беларусі, каб яна была захавальніцай Беларускага Праваслаўя і перадала нашу веру будучым пакаленьням.

Дарагія айцы, браты і сёстры! Шлях Хрыстовы – гэта шлях Праўды і Жыцьця. Дык будзем жа заўсёды з падзякай прымаць усе абставіны свайго зямнога шляху, у якіх Бог запавядаў нам працаваць дзеля Яго любові да Свайго тварэньня, каб стаць сынамі Божымі. Будзем прымнажаць у сабе дарунак любові Боскай, каб і ў нашых сэрцах вечна гучала песьня духоўнай вясны:

Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!

мітрапаліт Ёван,

Старшыня Сьвяцейшага архірэйскага сыноду Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.

Пасха л.Б. 2010


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.