Улюбленыя ў Уваскрэслым Гасподзе прысьвятыя архіпастыры, годныя ў Госпадзе пастыры, манахі і верныя нашай Сьвятой Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы! Зь напоўненым радасьцю сэрцам вітаю вас зь сьветлым сьвятам Вялікадня – днём нашага выратаваньня, калі, па словы сьвяціцеля Рыгора Багаслова, некалькі кропляў крыві Выратавальніка аднаўляюць цэлы сусьвет і, як закваска дзеля малака, зьбіраюць і яднаюць у адзінае цэлае ўсіх людзей. Не было і няма на зямлі больш велічнае і радаснае падзеі чым Вялікдзень. Хрыстос Уваскрэс, і зваявана сьмерць! Хрыстос Уваскрэс, і вызваляюцца палонныя граху! Уваскрэс Хрыстос, і краіна смутку і вечнае зімы напаўняецца жыцьцядаўчым сонцам Богапрысутнасьці! Надышоў Вялікдзень і моцная рука Уваскрэслага вызваляе ад маркоты і суму пекла прабацькаў Адама і Еву!
Вялікдзень – дзень нашага выратаваньня і свабоды. Гэтую свабоду людзі няздольны адшукаць у сьвеце. І гэтая свабода не роўная свабодзе выключна ў яе сацыяльным значэньні, значыцца комплексу правоў, якія гарантаваныя чалавеку ў дэмакратычным грамадзтве. Хрыстова свабода – значна больш глыбокая і ўсяахопліваючая. Гэта свабода ад граху і ягоных наступстваў: пакут і сьмерці. Тыя, хто апрануўся ў Хрыста, тыя, хто падзяліў зь ім боль здрады і жах крыжовай сьмерці, містычна злучаюцца да Яго уваскрэсеньня, робяцца дзяцьмі несьмяротнага Царства, дзяцьмі Божымі.
Адначасна наша жыцьцё і духоўная свабода ў Хрысьці Ісусе ёсьць той закваскай, якая зьмяніла ўвесь сусьвет. Здраджаны, прыніжаны, укрыжаваны, але уваскрэсшы і праслаўлены Хрыстос зрабіўся падмуркавым каменем не толькі новай рэлігійнай групы, але і ўсяго чалавецтва, якое зьмянілася дзякуючы шляхетнаму ўплыву на сусьвет і сьвядомасьць чалавека эвангельскіх запаветаў. Хрыстос не быў сацыяльным рэвалюцыянэрам, але свабода ў Духу, якую Ён прынёс на зямлю, прымусіла грамадзтва, у якім жылі хрысьціяне, пераглядзець свае ўяўленьне аб чалавечай асабістасьці і меру яе свабоды.
Хрысьціянская цывілізацыя надала асабістасьці значныя свабоды і права. Пры гэтым, на жаль, сучасны чалавек забыў аб шляхетным, царскім паходжаньні гэтае свабоды, забыў аб тым, што па-за Хрыстом і Ягоным Уваскрэсеньні ніводнай – ані ўнутранай і духоўнай, ані зьнешняй і сацыяльнай – свабоды не існуе. Свабода не можа існаваць без салідарнасьці. Таму, калі грамадзтва губляе еднасьць і любоў, свабода абавязкова зьнікае – яе скрадуць альбо ўнутраныя ўзурпатары, альбо чужынцы.
Згубленая свабода, змарнаваныя надзеі, згубленыя пакаленьні, трагічная безвыходнасьць… Вось да чаго можа прывесьці чалавека і грамадзтва страта вернасьці абсалютнай свабоды ў Хрысьці Ўваскрэслым. Свабода не можа існаваць у грамадзтве нявольнікаў. Аднак нявольніцтва пачынаецца не зь зьнешняга заваяваньня. Нявольніцтва заўсёды пачынаецца зь унутранага паражэньня, з гатоўнасьці здацца ў палон злу і няволі дзеля захаваньня дабрабыту альбо зручных умоў жыцьця.
Укрыжаваны і ўваскрэсшы Хрыстос – гэта выклік нашаму нявольніцтву. Хрыстос, Які вызваліў Адама і Еву з палону пекла, жадае вызваліць нас ад пекла нявольніцтва і самотнасьці, пекла жыцьця, якое надзейна ізаляванае нашым эгаізмам ад Бога і блізкіх. Вялікдзень – гэта сьвята свабоды, і кожны зь нас крочыў да гэтага сьвята ўласьцівым яму шляхам. Хтосьці цалкам выконваў пост і старана маліўся, а хтосьці няздольны быў гэтага зрабіць праз стан здароўя альбо іншыя абставіны. Аднак кожны зь нас у гэты пост намагаўся быць блізкім Хрысту. І менавіта дзякуючы гэтым нашым намаганьням, гэтаму нашаму жаданьню падзяліць з Хрыстом ягоны сум і пакуты, наша сэрца ахінае сёньня радасьць уваскрэсеньня. Уваскрэсеньне ня можа асьвяціць сэрца абыякавага. Але яно ахінае сэрца кожнага, хто прагне жыць разам з Хрыстом, кожнага, у кім жыве шчырае жаданьне злучыць сваё жыцьцё зь жыцьцём Бога.
Вялікдзень – гэта сьвята еднасьці, сьвята, якое аб’ядноўвае ўсіх жанчын і мужчын, дзяцей і дарослых, багатых і жабракоў. Гасподзь падараваў нам сёньня досьвед абсалютнай свабоды. І тое ці захаваем мы гэты досьвед у далейшым залежыць ад таго, ці здолеем мы захаваць гэтую еднасьць зь Уваскрэслым і адзін зь адным.
Хрыстос не толькі заклікае нас да еднасьці з Богам і свабоды ў Ім. Ён яшчэ надае нам сродак выратаваньня і вызваленьня – Сьвятую Эўхарыстыю, дзякуючы якой мы будзем таемна далучацца да дароў Уваскрэсеньня кожны раз, калі бяром удзел у Боскай Літургіі. Захаваем жа нашу сьвятую еднасьць і радасьць гэтай зьзяючай ночы! І няхай Уваскрэслы Хрыстос абдаруе нас мужнасьцю і рашучасьцю, без якіх немагчыма сапраўднае хрысьціянскае жыцьцё. Памятаем, што шлях да свабоды – гэта шлях самаахвярнасьці і салідарнасьці. Запомнім у сэрцы, што радасьць Хрыстовай свабоды варта таго, каб за яе змагацца і пакутаваць, што яна здатная рэальна зьмяніць суцэльна наша жыцьцё.
Перадаю ўсім вам трайное велікоднае цалаваньне “Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!” і малітоўна жадаю кожнаму зь вас знаходзіцца ў велікоднае радасьці і свабодзе. Мілата Ўваскрэслага Госпада няхай знаходзіцца над вамі, вашымі сем’ямі і ўсёй нашай Украінай.
Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Ўваскрэс!
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.