Юры Віцьбіч
Ёсьць паміж адвечных сузор'яў зоры—альфы, зоры найбольш вялікія, зоры найбліскучыя і найяскравыя, па якіх калісьці навукоўцы вызначалі лёс народаў і краінаў, зоры, якімі кіраваліся падарожнікі ў акіянах і пустынях у пошуках зямлі й вады. Нам заўсёды прыгадваюцца гэтыя зоры пры ўспаміне аб Слуцкім паўстаньні. Паміж шматлікіх антыбальшавіцкіх паўстаньняў на Беларусі яно зьяўляецца паўстаньнем—альфай. Меліся ў нас паўстаньні і больш колькасныя па ліку змагароў, як Вяліжскае, і ня горш арганізаваныя, як Гомельскае, і ня менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панькоўска—Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстаньняў не адбіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскаму акупанту, як Слуцкае, што пакінула найбольшы, найбліскучы і найяскравы сьлед у гісторыі беларускага вызвольнага змаганьня. Таму нездарма ні адно зь нашых паўстаньняў ня сустрэла такога хуткага супрацьдзеяньня з бальшавіцкага боку, як Слуцкае. Бальшавікі зь самага пачатку хацелі зьліквідаваць яго праз сваю агентуру знутры, яны потым абвалілі на яго ўсю сваю рэпрэсіўную сілу, яны нарэшце дагэтуль прабуюць у сваёй літаратуры усяляк зганьбіць яго.










