Saturday, November 27, 2010

СЛУЦКІ ФРОНТ БНР (СЛУЦКАЕ ПАЎСТАННЕ)

Юры Віцьбіч
Ёсьць паміж адвечных сузор'яў зоры—альфы, зоры найбольш вялікія, зоры найбліскучыя і найяскравыя, па якіх калісьці навукоўцы вызначалі лёс народаў і краінаў, зоры, якімі кіраваліся падарожнікі ў акіянах і пустынях у пошуках зямлі й вады. Нам заўсёды прыгадваюцца гэтыя зоры пры ўспаміне аб Слуцкім паўстаньні. Паміж шматлікіх антыбальшавіцкіх паўстаньняў на Беларусі яно зьяўляецца паўстаньнем—альфай. Меліся ў нас паўстаньні і больш колькасныя па ліку змагароў, як Вяліжскае, і ня горш арганізаваныя, як Гомельскае, і ня менш зацятыя, як Парэцкае, Барысаўскае, Івянецкае, Койданаўскае, Мірскае, Рагачоўскае, Панькоўска—Будаўскае, Бешанковіцкае і шмат іншых. Аднак ні адно з гэтых паўстаньняў не адбіла ў такой ступені наш нацыянальны супраціў расейскаму акупанту, як Слуцкае, што пакінула найбольшы, найбліскучы і найяскравы сьлед у гісторыі беларускага вызвольнага змаганьня. Таму нездарма ні адно зь нашых паўстаньняў ня сустрэла такога хуткага супрацьдзеяньня з бальшавіцкага боку, як Слуцкае. Бальшавікі зь самага пачатку хацелі зьліквідаваць яго праз сваю агентуру знутры, яны потым абвалілі на яго ўсю сваю рэпрэсіўную сілу, яны нарэшце дагэтуль прабуюць у сваёй літаратуры усяляк зганьбіць яго.
Случчына знаходзіцца ў цэнтры этнаграфічнай Беларусі і амаль поўнасьцю ахоплівае былы Слуцкі павет Менскай губэрні. Яна ляжыць на ўзвышаным водападзеле басэйнаў Балтыцкага й Чорнага мораў —паўночную частку яе амывае апеты ў беларускім фальклёры й мастацкай літаратуры гістарычны Нёман, на поўдзень цякуць маляўнічыя рэкі Лань і Случ, левыя прытокі Прыпяці. Глеба тут найбольш урадлівая зь усёй Беларусі. Гліністая, яна вельмі цяжкая для апрацоўкі, аднак, адначасна, аддзячвае земляроба багатым плёнам.
Маючы такія ўраджаі, ня ведаючы да таго—ж засух і паводак, Случчына вызначалася вялікім працэнтам заможных сялян. Нездарма ёсьць і прыказка: У Слуцку ўсё па—людску, супрацьлеглая другой, ня менш характэрнай: Кепска каля Віцебску, а ля Воршы 'шчэ горшы.
Заможная Случчына амаль уся была пісьменная. Паказальна, што мястэчка Семежава, дзе ў далейшым канцэнтраваліся галоўныя сілы паўстанцаў, ужо ў 1868 г. мела народнае вучылішча, а значна раней — царкоўна—прыходскую школу.1 I не адна вобласьць Беларусі не дала столькі пісьменьнікаў, як Случчына. Адсюль паходзяць: аўтар першага беларускага рамана Цішка Гартны, пісьменьнікі—нашаніўцы Хведар Чарнышэвіч, Алесь Гурло, Лявон Лобік і іншыя. Тут нарадзіўся й быў у 1920 годзе расстраляны бальшавікамі Фабіян Шантыр — аўтар кнігі на беларускай мове Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і Самаадзначэньня народу (Слуцак, 1918). Адсюль выйшлі больш позьнія пакаленьні пісьменьнікаў — Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Максім Лужанін, Рыгор Мурашка, Паўлюк Шукайла, Юрка Гаўрук, Алесь Вечар, Рыгор Крушына, Міхась Кавыль, Уладзімер Клішэвіч, Лявон Случчанін, Янка Золак і многія, многія іншыя. Зразумела цяпер, чаму Случчына з такім патрыятычным уздымам сустрэла Акт 25 сакавіка 1918 году, які абвясьціў незалежнасьць Беларускай Рэспублікі. Зразумела таксама, чаму яна са зброяй у руках змагалася за ягонае ажыцьцяўленьне.
Яшчэ ў 1918 годзе, пад нямецкай акупацыяй, у Слуцку быў арганізаваны Беларускі Нацыянальны Камітэт на чале зь старшынём Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да ўстанаўленьня беларускай дзяржаўнасьці на мясцох. Гэты Камітэт у цесным кантакце з патрыётамі мястэчка Вызна стварыў у кожным населеным пункце мясцовыя рады. Адначасна сярод местачкоўцаў і вяскоўцаў вялася настойлівая агітацыйная работа, заклікаючы ўсіх стаць пад сьцягі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і даць адпор яе ворагам. Гэтыя захады не прапалі марна.
У сьнежані 1918 г. Случчыну занялі бальшавікі. Першы—ж дзень свайго прыходу яны адзначылі ліквідацыяй Беларускага Нацыянальнага Камітэту і арыштам ягонага старшыні. Варта прыгадаць, што значная частка зямлі на Случчыне належала магнатам, такім, як князь Радзівіл, княгіня Гогенлоэ, князь Вітгенштэйн і інш., аднак бальшавіцкі лёзунг Зямля — сялянам! ня сустрэў на мясцох гарачай падтрымкі. Верагодна, случчакам быў ведамы іншы, больш дэмакратычны мэтад вырашэньня аграрнай праблемы, які карэнным чынам адрозьніваўся ад савецкага, аднак яны ў той час ня мелі трывалага грунту пад нагамі. Імкнучыся замацаваць за сабою ўладу, бальшавікі арганізавалі на добраахвотных пачатках зь мясцовых жыхароў — беларусаў, гебраяў, рускіх, татараў — Слуцкі Зводны Батальён. Гэта той самы батальён, што, як ужо адзначалася, чатыры дні — 1,2,3 і 4—га красавіка 1919 г. — змагаўся з Трэцім Менскім палком ЧК, пасланым для ліквідацыі Мірскага паўстаньня.
10 жнівеня 1918 году Слуцак занялі палякі, захапіўшы адначасна значную частку Беларусі. Павел Жаўрыд уцёк з бальшавіцкай турмы і зноў аднавіў у Слуцку Беларускі Нацыянальны Камітэт, які пачаў дзейнічаць падпольна. Шматлікія рэквізыцыі, паборы, грабяжы, падпалы, гвалтаваньні й забойствы адзначылі сабою ўладу Bialego orla. Згодна з больш позьнімі зьвесткамі, у дзесяці воласьцях Слуцкага павету было спалена 323 гаспадаркі, рэквізавана 469 коней, 2260 кароў, 2199 авечак, 974 сьвіньні, забрана 784 падводы, забіта 33 асобы. Случчына адказала на новы прыгнёт партызанскім рухам. Да вясны 1920 г. слуцкія партызанскія аддзелы мелі каля тысячы чалавек.6 Яны рабілі засады, забівалі жандараў і афіцэраў, разьбівалі невялікія атрады палякаў, нарыхтоўвалі зброю. Карныя атрады палякаў наляталі на мястэчкі й сёлы Случчыны. Слуцак быў аб'яўлены на асадным становішчы. Звыш ста случчакоў было арыштавана. У ноч на 23 красавіка польскія легіянэры нечакана акружылі мястэчка Грэсак і захапілі 14 партызанаў. Раніцою партызаны пад узмоцненым канвоем былі адпраўлены ў Слуцак. 24 красавіка ваенна—палявы трыбунал прысудзіў усіх 14 за здраду і змову супраць войска польскага да расстрэлу.
Асабліва жорстка палякі абыходзіліся з гебраямі: адсякалі шаблямі бароды, гвалтавалі дзяўчат, забівалі старых і дзяцей. I. Лочмель, які падае гэтыя зьвесткі, завяршае іхні пералік паведамленьнем, што слуцкія партызаны рыхтавалі ўзброенае паўстаньне да мамэнту наступу Чырвонай арміі. I гэта таксама верагодна, аднак ўзьнікае пытаньне: толькі супраць каго яны рыхтавалі гэтае паўстаньне?
У ліпені 1920 г. бальшавікі занялі Случчыну падчас свайго наступленьня на Польшчу, аднак 15 жнівеня пад Варшавай яны былі ўшчэнт разьбітыя і пачалі адступаць. Палякі—ж наступалі марудна, баючыся, напэўна, адарвацца ад сваіх базаў і паўтарыць такім чынам аналягічную памылку бальшавікоў. У выніку паміж двума франтамі ўтварылася паласа нічыйнай зямлі, шырынёю ад 50 да 200 кілямэтраў, у якой аказалася і Случчына. На пачатку лістапада палякі спыніліся на лініі, якая і стала праз год адпаведна з Рыжскім дагаворам граніцай паміж БССР і Польшчай, а бальшавікі пачалі зноў наступаць, звужаючы паласу нічыйнай зямлі. Аднак гэтая тэрыторыя зусім ня была нічыйнай зямлёю, а Беларусьсю. Менавіта тады і выбухнула Слуцкае паўстаньне.
14 лістапада 1920 г. у нічыім Слуцку — цэнтры нічыйнай Случчыны — адбыўся Першы Беларускі Зьезд Слуцкага павету. Тут, у доме Вайніловіча, сабралася 107 дэлегатаў ад гораду Слуцку і 15 воласьцей ягонага павету, прадстаўнікі генэрала Булака—Балаховіча, старшыня Беларускага Нацыянальнага Камітэту Паўлюкевіч. Старшынёй зьезду быў выбраны Васіль Русак, намесьнікам — Пракулевіч. Пасьля адкрыцьця зьезду і прывітаньняў дэлегатаў на трыбуну, упрыгожаную нацыянальнымі бел—чырвона—белымі сьцягамі, падняўся добра ведамы ўсім Павел Жаўрыд. Ён абвесьціў, што прыехаў сюды па даручэньню ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі як камісар Рады БНР на Слуцкі павет. Гучныя дружныя воплескі былі доказам павагі і адданасьці дэлегатаў свайму ўраду. Потым Павел Жаўрыд заявіў, што падчас ягонай адсутнасьці, калі ён быў выкліканы ўрадам БНР, ягоны намесьнік Паўлюкевіч у сваёй дзейнасьці не адзін раз выявіў прапольскія сымпатыі і гэтым страціў давер з боку беларускіх патрыётаў. На зьезьдзе выступілі дзесяць дэлегатаў: Васіль Русак, капітан Анціповіч, капітан Самусевіч, Юры Лістапад, Юльян Сасноўскі, Г. Грынько, Сяргей Бусел і інш. Зьезд выдаліў із залі свайго паседжаньня Паўлюкевіча і выбраў Часовую Раду Случчыны з 17 чалавек на чале зь беларускім эсэрам Пракулевічам.
Усебакова й дакладна абмеркаваўшы становішча, зьезд прыняў наступную рэзалюцыю:
Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Галоўную Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны, катэгарычна пратэстуе супраць захопу нашай Радзімы замежнай і самазванай савецкай уладай. Няхай жыве свабодная, незалежная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных межах!.
Неўзабаве пасьля зьезду, 21 лістапада, Рада Случчыны абнародвала дэклярацыю, у якой гаварылася:
У мамэнт самавызначэньня ўсіх народаў і змаганьня за сваю самастойнасьць і свабоду Беларуская Рада Случчыны выконвае волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму сьвету пра дамаганьні і намеры беларускага сялянства, пра тое, што Беларусь павінна быць вольнаю незалежнаю Рэспублікай у яе этнаграфічных межах. Абвяшчаючы гэта і зьяўляючыся выразьнікам волі народу, Слуцкая Рада дэкляруе цьвёрда стаяць за незалежнасьць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў, а ў выпадку патрэбы нават сілай зброі, нягледзячы на колькасную перавагу ворага, маючы ўпэўненасьць, што нашая справа —праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе.
Яшчэ вечарам 14 лістапада, адразу—ж пасьля зьезду, які працягваўся ў сувязі зь ваенным становішчам толькі адзін дзень, ягоныя дэлегаты выехалі ў вёскі й мястэчкі па воласьцях: Грозаўскай, Грэскай, Пароўскай, Раманаўскай, Чапліцкай, Быстрыцкай, Старобінскай, Вызьненскай, Капыльскай, Цімкавіцкай і інш. Яны пачалі падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня, знаёмячы сялянства з рэзалюцыяй зьезду, а пазьней — зь дэклярацыяй Рады Случчыны. Прамовы, звароты, рэзалюцыі й дэклярацыі зь энтузіязмам успрымаліся кожным случчанінам, глыбока пранікаючы ў ягонае сэрца. 3 патаемных сховаў сяляне пачалі даставаць зброю, ужо не адзін раз выкарыстаную імі ў мінулым. У вёсках і мястэчках вакол мясцовых радаў узьніклі ўзброеныя аддзелы, ядром якіх стала Слуцкая народная міліцыя ў ліку 500 байцоў. Дзяўчаты запісваліся ў Чырвоны Крыж і вучыліся рабіць перавязкі. Жанчыны зьбіралі палатно, шылі для сваіх салдатаў бялізну, кашулі, а зь найбольш тонкага кужалю рабілі бінты і шчыпалі яго на корпію заместа ваты. Яны—ж вышывалі на нацыянальных бел—чырвона—белых сьцягох словы: Тыя, што першыя паўсталі й пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына.
Мацеры, заціскаючы ў сабе мацярынскі інстынкт і сьлёзы, дабраслаўлялі дзяцей на ратны подзьвіг, гаворачы пры гэтым: Трымайцеся, хлопцы!. Яны былі дастойныя тых ведамых па ўсёй краіне слуцкіх прыгонных ткачых, што, як сказаў Максім Багдановіч, ткалі замест загаданага ім пэрсідскага ўзору цьвяток радзімы васілька.
Аднак пяройдзем ад кволых рамантычных васількоў да суворай мужнай рэчаіснасьці. Тымчасам на фронце й на межах нічыйнай зямлі адбыліся зьмены. Палякі пачалі адступаць, а бальшавікі, відавочна, інфармаваныя пра гэта сваёй разьведкай, паскорылі тэмп наступленьня, аднак пазьбягалі непасрэднага сутыкненьня з палякамі. Яны ўжо занялі чыгуначную станцыю Асіповічы і мястэчка Старыя Дарогі, іхнія перадавыя часткі, ня сустрэўшы ніякага супраціву, падышлі да мястэчкаў Любань і Урэчча, калі вайсковае камандаваньне Рады Случчыны загадала 24 лістапада сваім воінскім аддзелам, яшчэ не пасьпеўшым за такі кароткі час сфармавацца, пакінуць Слуцак і адысьці да мястэчка Семежава. Гэтае адступленьне яшчэ дыктавалася тым меркаваньнем, што і ў самім Слуцку меліся прасавецка—настроеныя групы насельніцтва, якія былі небясьпечныя для абаронцаў гораду падчас наступу бальшавікоў.
Яшчэ бальшавікі не пасьпелі захапіць пакінуты бяз бою Слуцак, як у Семежава на працягу трох дзён сабралася дзесяць тысяч узброеных паўстанцаў. Спачатку зь іх быў сфармаваны Першы Беларускі Слуцкі полк пад камандаваньнем палкоўніка Гаўрыловіча. На другі дзень аформіўся Другі Беларускі Грозаўскі полк, укамплектаваны пераважна моладзьдзю мястэчка Грозаў, камандаваньне гэтым палком было даручана капітану Семянюку. Названыя два палкі ўвайшлі ў склад Першай Беларускай Слуцкай Дывізіі, камадзірам якой быў спачатку капітан Анціповіч, а потым — капітан Сокал—Кутылоўскі. Трэба адзначыць, што палкі дзяліліся на батальёны, роты, узводы, аддзелы, адпаведна з колькасьцю кваліфікаваных беларускіх афіцэраў пры іх.
27 лістапада Першая Слуцкая Дывізія ўвайшла ў баявое сутыкненьне з бальшавікамі. Баі разгарнуліся каля вёсак Быстрыца, Верабейчыцы, Васільчыцы, Чарнагубава, Васілішкі, Дашнава, Лютавічы, Мацкевічы, Морач, Целядовічы і інш., каля мястэчак Капыль, Цімкавічы, Вызна і інш. Нечакана для сябе 16—ая чырвоная армія сутыкнулася з фронтам, які расьцягнуўся на сто кілямэтраў.18 Барацьба была няроўная, і ў гэтай няроўнасьці найбольшы гераізм случчакоў. Насьпех сфармаваная беларуская дывізія каля месяца стрымлівала націск бальшавіцкай арміі. I ня толькі стрымлівала, але і пераходзіла ў контратакі, вызваляючы мястэчкі й вёскі. Так былі адбітыя ў бальшавікоў мястэчка Цімкавічы й навакольныя вёскі. Бальшавікі мелі значныя страты забітымі й параненымі. Акрамя таго, пасьля адозваў Рады Случчыны некаторыя з прымусова мабілізаваных чырвонаармейцаў пачалі здавацца ў палон або далучацца да паўстанцаў, паварочваючы сваю зброю супраць бальшавікоў. Гераізм паўстанцаў у гэтай няроўнай барацьбе яшчэ не знайшоў нідзе адпаведнага адлюстраваньня. Некаторыя часткі Грозаўскага палка у баёх каля мястэчка Вызна загінулі поўнасьцю — да аднаго чалавека. Менавіта тут атрымаў баявое хрышчэньне ваенны гімн паўстанцаў, які стаў пазьней беларускім нацыянальным гімнам:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе зь намі,
А гвалту мы дамо адпор!
Ці знала ў той час Эўропа, што ўзброеныя слуцкія сяляне самаахвярна паміралі за сваю Бацькаўшчыну — Беларусь, а значыць, і за яе?! Выконваючы наказ сваіх матак: Трымайцеся, хлопцы! —і свайго ўраду — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, яны стаялі на запаветных рубяжох і паміралі, сьцякаючы крывёю.
Калі бальшавікі падкінулі на фронт інтэрнацыянальныя атрады, што складаліся выключна зь небеларусаў, і тыя пачалі абыходзіць беларусаў з флангаў, Слуцкая Дывізія, каб пазьбегнуць акружэньня, адышла на другі бераг Лані. Адсюль зь нявыказным болем паўстанцы бачылі, як гараць іхнія родныя вёскі й мястэчкі, падпаленыя чырвонымі карнымі атрадамі. Ужо адсюль паўстанцы некалькі разоў ішлі ў контратаку, аднак стрымаць бальшавіцкі фронт не маглі. Нічыйная зямля распасьціралася цяпер толькі на некалькі тысячаў крокаў.
28 сьнежаня 1920 году Першая Беларуская Слуцкая Дывізія, празь месяц пасьля пачатку ўзброенага паўстаньня, вымушаная была перайсьці польскую граніцу. Ня месяц, а 30 добаў, ня 30 добаў, а 720 гадзінаў, ня 720 гадзінаў, а 43 200 хвілінаў насьпех сфармаваная і кепска ўзброеная дывізія, сьцякаючы крывёю ў няроўным змаганьні, стрымлівала націск усяе 16—ае чырвонае арміі. Калі ў пачатку змаганьня нічыйная зямля паміж дзьвума зонамі, дзе яно выбухнула, мела ўшыркі сто дваццаць кілямэтраў, дык у канцы яго нічыйная зямля, а для слуцкіх паўстанцаў сьвятаа зямля, за якую варта сто разоў памерці —Незалежная Беларусь, — мералася тысячай крокаў. I хай сябе тысяча крокаў — яны стаялі й паміралі. Нарэшце пасьля няўдалых лабавых атакаў бальшавікі падкінулі на фронт інтэрнацыянальныя атрады. Яны пачалі абыходзіць беларусаў з флангаў, і Дывізія, каб пазьбегнуць акружэньня, пакінула апошнюю цалю свае зямлі.
Першая Беларуская Слуцкая Дывізія была занадта беларуская, каб аўтаматычна ўвайсьці ў склад польскае арміі. Нарэшце і самыя палякі засьцерагаліся, каб полымя Слуцкага паўстаньня не ахапіла сабою кагадзе захопленую імі Заходнюю Беларусь. Каля вёскі Сіняўка палякі абяззброілі і інтэрнавалі Слуцкую Дывізію, а потым перавялі яе ў Беласток.21 Аднак ня ўсе паўстанцы склалі зброю. Частка зь іх, амінуўшы варожыя флангі, адразу падалася ў лясы бліжэйшага бальшавіцкага тылу і распачала партызанскае змаганьне, якое мела актыўны характар. Толькі адным зь ягоных эпізодаў была пагібель на Мікалаеўскіх хутарох Цароўскае воласьці бальшавіцкага камісара Цыганкова разам зь усім сваім атрадам.22 А тыя, што спачатку трапілі ў акупаваную палякамі Заходнюю Беларусь, празь некаторы час вярнуліся, аднак не дзеля таго, каб скарыстаць зь савецкае амністыі, а каб далей працягваць узброенае змаганьне, далучаючыся да тых беларускіх партызанаў, пра якіх афіцыйная савецкая зводка паведамляла:
Да 1 травеня 1921 году ў БССР (у той час 6 паветаў Менскай губэрні — Ю. В.) налічвалася прыблізна каля тысячы бандытаў (гэтак бальшавікі называлі антыбальшавіцкіх партызанаў — Ю. В.), да паловы травеня гэтая колькасьць падвоілася, а пад 1 чэрвеня лік іх дасягнуў трох з паловаю тысячаў, прычым каля сотні кавалерыстаў.
Другая частка слуцкіх паваротнікаў не пайшла ў лес. Яна ўвайшла ў гісторыю пад назовам лістападаўцаў, працэс якіх адбудзецца ў 1926 г. у Менску.
Звычайна прынята лічыць лістападаўцаў і працэс Юрыя Лістапада апошняй завяршальнай старонкай Слуцкага паўстаньня, што не адпавядае сапраўднасьці. Шэсьць збыткоўных падзеямі гадоў ляжаць паміж Слуцкім паўстаньнем і працэсам Лістапада. За гэты час у краіне, пасьля шэрагу іншых няўдалых паўстаньняў і няроўнага, часам самазабойчага партызанскага змаганьня, антыбальшавіцкі рух набыў іншую, больш адпаведную для часу форму. Ён пайшоў, галоўным чынам, у напрамку стварэньня нелегальных арганізацыяў, групаў, гурткоў, і лістападаўцы аднымі зь першых прыстасавалі ў змаганьні з бальшавікамі гэтую новую тактыку. Менавіта таму яны зьяўляюцца не апошняй старонкай адкрытага ўзброенага Слуцкага паўстаньня, а першай старонкай у гісторыі падпольнага нацыянальнага руху. Лістападаўцы —авангард нацдэмаў і сталіся гістарычнай повязьзю паміж паўстанцамі і нацдэмамі.
Праз год пасьля Слуцкага паўстаньня 25—28 верасьня 1921 г. у Празе адбылася скліканая Радай БНР
Першая Беларуская Нацыянальна—Палітычная Нарада. На старшыню яе быў абраны А. Цьвікевіч, на віцэ—старшыню — В. Захарка, на сакратара — С. Баран. Дзейнасьць гэтае нарады досыць трапна ахарактарызаваў пазьней шматгадовы старшыня Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР А. Чарвякоў, зазначыўшы, што яна зьяўлялася сыгналам для далейшага змаганьня супраць Саветаў. У пратаколе трэцяга паседжаньня гэтае гістарычнае Нарады ад 28 верасьня 1921 году засьведчана:
...На галасаваньне ставіцца рэзалюцыя аб Слуцкім паўстаньні. Рэзалюцыя адзначае, што найяскравым мамэнтам у чатырохгадовым змаганьні беларускага народу зьяўлялася Слуцкае паўстаньне, калі беларусы, змагаючыся за сваю незалежнасьць пад лёзунгам: Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў, былі пераможаныя больш значнымі сіламі абодвух бакоў.
Далей у гэтым самым пратаколе зазначаецца, што Доктар Паўлюкевіч складае свой пратэст супраць першае часткі адзначанага ў рэзалюцыі лёзунгу і, падкрэсьліваючы, што паўстанцы ўвесь час атрымлівалі дапамогу зброяй ад палякаў, просіць выкінуць словы Ні польскіх паноў.
Пэўне—ж Паўлюкевічу здавалася, што і Рада БНР і сябры Першае Нарады згубілі ўсялякую лучнасьць з Бацькаўшчынай і ня ведаюць, што ўяўляла сабою польская дапамога. Пэўне—ж Паўлюкевічу таксама здавалася, што ніхто з прысутных ня ведае, як яшчэ перад паўстаньнем 14 лістапада 1920 г. Першы Беларускі Зьезд Случчыны выказаў яму свой недавер і нават выдаліў з таго самага паседжаньня, на якім трымаў прамову камісар Рады БНР Павал Жаўрыд. Пэўне—ж Паўлюкевіч ніколі—б не адважыўся выказаць свой пратэст у часе паўстаньня, бо рызыкаваў—бы дастаць на месцы кулю ад тых, хто ўвачавідкі бачыў дапамогу Польшчы. Нарада ў самы рашучы спосаб адхіліла пратэст Паўлюкевіча. Можа каму—небудзь зь ейных сяброў гэты пратэст Паўлюкевіча здаваўся ў той час толькі і вылучна прапольскім. Аднак ён таксама цалкам пацьвярджаў савецкія абвінавачваньні ў тым, што слуцкія паўстанцы ёсьць агентура польскага імпэрыялізму. Нарэшце ў 1928 годзе палёнафіл Паўлюкевіч атрымлівае ад польскага вайсковага суда 12 гадоў катаргі. Ён будзе выкрыты ў падвойнай гульні. Зьяўляючыся агентам польскага контрвыведу, ён адначасна быў і агентам савецкага контрвыведу. Тады толькі стануцца канчаткова зразумелымі сталыя спробы Паўлюкевіча падмінаваць беларускі вызвольны рух мінамі часам польскага, часам расейска савецкага паходжаньня. I хаця ён сам падарваўся на аднэй з гэтых мінаў, аднак савецкія абвінавачваньні слуцкім паўстанцам, нібы тыя зьяўляюцца польскімі наймітамі, патрабуюць падрабязнага разгляду.
Як сьведчыць А. Зюзькоў, у пратаколе пленарнага паседжаньня Рады Случчыны ад 30 сьнежаня 1920 г. адзначана: ... за ўвесь час ад пачатку паўстаньня зьнясіленым у змаганьні з колькасна мацнейшым савецкім акупантам, напаўгалодным, напаўбосым, узброеным толькі трафеямі, здабытымі ў баёх, беларускім войскам былі атрыманыя ад Польшчы: 100 пудоў хлеба ад цывільных ўладаў, 300 карабінаў з патронамі і 3 палявыя кухні ад вайсковых часткаў. Калі ўлічыць, што Слуцкая Дывізія налічвала дзесяць тысяч змагароў, дык адразу кінецца ў вочы ўся беспадстаўнасьць пратэсту Паўлюкевіча й сугучных зь ім бальшавіцкіх абвінавачваньняў. Кожны былы ўдзельнік Слуцкага паўстаньня пацьвердзіць, што з 300 карабінаў 200 мелі пашкоджаныя мушкі, а 100 — зусім іх ня мелі: гэта была вайсковая непатрэбшчына, небясьпечная толькі для таго, хто яе ўжывае. А хіба не зьяўляліся таксама 100 пудоў хлеба на дзесяць тысяч чалавек зьдзекам зь сыноў беларускае жытніцы Случчыны, гаруды якой перад гэтым цалкам апаражнілі палякі? Аднак нават за гэтую дробязь Беларусь нічым не забавязаная Польшчы, бо ў той час Слуцкая Дывізія да некаторае ступені засланяла сабою пэўную частку польскага фронту ад бальшавіцкага, хаця й дамагалася зусім іншае мэты. I нарэшце, трэба адзначыць, што ў прапарцыянальных адносінах слуцкія паўстанцы атрымалі ад Польшчы непараўнальна менш, чым тая—ж Польшча — ад Антанты.
Сяньня ўжо ўсяму сьвету настолькі ведама бальшавіцкая бяспрынцыповасьць, што няварта зьвяртаць увагу на іхнія абвінавачваньні случчакоў у адсутнасыді прынцыповасьці. Бязумоўна, у Кароткім курсе гісторыі ВКП(б) не прыгадваюцца 207 тысяч марак, атрыманых Леніным, і 400 тысяч кронаў, атрыманых Троцкім ад нямецкага генэрала Людэндорфа ў верасьні 1917 г. перад агульнавядомым іхнім падарожжам у плёмбіраваным вагоне ў Расею.28 Няма таксама ў бальшавіцкіх гісторыкаў з БССР і прыпаміну аб умове Гомельскага рэўкаму ў 1918 г. зь немцамі, што спалілі горад, паводле якое:
Гомельскі Нямецкі Камітэт забавязваецца прадаць савецкаму ўраду: 12 палявых гаўбіцаў, 6 баявых гарматаў зь адным артылерыйскім паркам, 50 кулямётаў, 16 мінамётаў, 400 вінтовак, каля 4 мільёнаў нямецкіх патронаў, 500 тысяч ангельскіх патронаў, 12 тысяч артылерыйскіх снарадаў.
Не дапамагла Гомельскаму рэўкаму зброя нямецкіх акупантаў. Менш чым праз год — вясной 1919 г. — гомельскія паўстанцы зьнішчылі гэты рэўкам. Аднак прыгаданыя намі факты красамоўна сьведчаць аб прынцыповасьці бальшавіцкіх судзьдзяў слуцкіх паўстанцаў.
Як ведама, адносіны бальшавікоў, або чырвоных расейцаў, да беларускага вызвольнага руху істотна ня розьняцца ад адносінаў да яго з боку белых расейцаў. Калі паводле сьцьверджаньняў першых, антыбальшавіцкія паўстаньні на Беларусі зьяўляліся дывэрсыяй імпэрыялістычных дзяржаваў, дык, паводле сьцьверджаньня другіх, гэтыя паўстаньні загубілі самыя—ж беларусы. Прынамсі, што да ўласна Слуцкага паўстаньня, дык яны спрабуюць спасылацца на тое, што нібыта яго задушыў Трэці Менскі Полк ГубЧК, які быццам складаўся вылучна зь беларусаў. Мэта такіх доказаў больш чым відавочная і зразумелая, а менавіта — давесьці, што Кастрычнік на Беларусі зроблены беларусамі—ж, а зусім не накінуты ім старэйшым расейскім братам і ягонай вернаадданай інтэрнацыянальнай зграяй, а таксама, каб давесьці, што Беларусь зусім не зьяўляецца адным зь першых па часе сатэлітаў, акупаваных Масквой, і дабраахвотна далучылася да яе. Прыемна зазначыць, што гэтыя варожыя беларускаму вызвольнаму руху сьцьверджаньні ня вытрымліваюць ніякае навуковае крытыкі.
Па—першае, нават савецкі гістарычны дасьледнік С. Агурскі ў сваёй працы з характэрным загалоўкам Кастрычнік на Беларусі шчыра зазначыў: ...бальшавіцкія кіраўнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі былі чужымі ў нашай краіне. Агульнавядомая роля Фрунзэ і Мясьнікова ў Менску і Смаленску, аднак варта таксама прыгадаць пэрсанальны склад хаця—б Віцебскага рэўкаму, у які ўваходзілі: В. Чунчын, Шалконц, Заўэр, Дырык, Аболін, Трэйман, Відзэ, Рэкст, Біштэ, Петэрсан, Дрызьль, Лепін і Фрышман.
Па—другое, ні адзін з былых непасрэдных удзельнікаў Слуцкага паўстаньня ніколі ня чуў пра нейкі міфічны Трэці Менскі полк ГубЧК, ня прыгадваецца ён таксама і ў літаратуры і ў дакумэнтах.
Па—трэцяе, беларускія вайсковыя часткі, мабілізаваныя Саветамі ў часе паўстаньня на Беларусі, або захоўвалі прыязны нэўтралітэт да паўстанцаў, або адразу пераходзілі на іхні бок, або першымі падымалі паўстаньне. Гэтак Слуцкі Задзіночаны Батальён 1—4 красавіка 1919 г. узьняў сьцяг паўстаньня ў Міры. У сакавіку 1919 г. у Рагачове паўстаў Дваццаты пагранічны полк, што складаўся зь адных беларусаў і забіў свайго камісара Цымермана. Празь месяц у тым—жа Рагачове паўстаў Другі Беларускі Палескі полк. У часе Гомельскага паўстаньня, у сакавіку 1919 г., тутэйшы батальён адмовіўся абараняць рэўкам. У тым—жа месяцы ў Рэчыцы тутэйшая рота перайшла на бок паўстанцаў. Падчас Барысаўскага паўстаньня 1919 г. тутэйшы батальён перайшоў на бок паўстанцаў. У 1920 г. Глуская рота адмовілася змагацца із случчакамі. Магчыма, гэтых прыкладаў хопіць, хаця лік іх можна значна павялічыць.
Па—чацьвёртае, няма ніякіх важкіх гістарычных дадзеных, што тагачаснае чало беларусаў—камуністаў кіравала змаганьнем зь беларускімі паўстанцамі. Масква ніколі не давярала гэтаму беларускаму чалу, якое заўсёды ўзначальваў, займаючы найгалоўную ў савецкай гіерархіі пасаду сакратара ЦК КП(б)Б прызначаны ёю чужынец. I між іншым, характэрна, што адзін зь сакратароў, а менавіта эстонец Гей, перад якім гэтую пасаду займалі пасьлядоўна паляк, латыш, расеец і гебрай*, неяк шчыра заўважыў: Ігнатоўскія, Прышчэпавы, Жылуновічы і іншыя — нацдэмы з партбілетамі ў кішэнях
Усялякія дагэтуляшнія спробы нашых ворагаў падважыць ролю Слуцкага паўстаньня ў беларускім вызвольным змаганьні заставаліся жалю годнымі. Як нельга пагасіць зоры—альфы: Альдэбаран — альфа Цяльца і Вэгу — альфа Ліры, гэтаксама нельга выкрасьліць з памяці нашага народу Слуцкае паўстаньне. Эпапея Слуцкага паўстаньня ў новай беларускай гісторыі знамянальная й незабыўная.
Дый ці паўстаньне яно ўвогуле? Нават паводле варожага нам савецкага правазнаўства яно гэткім не зьяўляецца, бо на бальшавіцкі пагляд: Паўстаньне ёсьць масавая адмова ад падпарадкаваньня ворганам улады й законам, што дзеяць у дзяржаве, і замах на зьмену дзяржаўнага ладу. Слуцкая—ж эпапея мае ўрад — Раду Беларускае Народнае Рэспублікі, мясцовага прадстаўніка цэнтральнага ўраду — камісара Рады БНР Паўла Жаўрыда і паслухмяную дырэктывам ураду вайсковую частку — Першую Беларускую Слуцкую Дывізію, што трымала фронт працягам 100 кілямэтраў. Знаходзячыся ў той час, ужываючы вайсковы тэрмін, на нічыйнай зямлі, случчакі ўжо тым самым аніяк не маглі паўстаць супраць расейскага, польскага, нямецкага або якога—небудзь іншага ўраду. Яны, абараняючы сваю зямлю —Беларусь і ейны ўрад — Раду БНР, сустрэлі із зброяй у руках вонкавы замах на зьмену дзяржаўнага ладу ў іхняй краіне. (Яны такія—ж самыя паўстанцы, як фіны, эстонцы, латышы, летувісы, палякі, украінцы, грузіны, армяне і г. д.). Таму больш абгрунтаваным у навуковых адносінах і адпаведным праўдзе будзе ня былое азначэньне — Слуцкае паўстаньне, а — Слуцкі фронт БНР. I як характэрна, што адным зь самаадданых шарагоўцаў гэтага славутага фронту быў паэта Макар Краўцоў — аўтар беларускага нацыянальнага гімну, які ствараўся ў баявым агні і які завяршаецца палкім заклікам:
Браты, да шчасьця мы падходзім:
Хай гром грыміць яшчэ мацней!
У крывавых муках мы народзімЖыцьцё Рэспублікі сваей!

Крыніца: Віцьбіч, Ю.  Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі / Юрка Віцьбіч. —Вільня: Gudas, 2007. — 308с.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.