Tuesday, January 19, 2010

ХРОСТ ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА, БОГАЗЬЯЎЛЕНЬНЕ, ВАДОХРЫШЧА

6 студзеня

Калі Ісусу споўнілася трыццаць гадоў і калі надышоў час выйсьці Яму да людзей зь сваёй навукай, Ён з Галілеі прыйшоў да рэчкі Ярдан, да Яна Хрысьціцеля, каб прыняць хрост ад яго.

На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго, і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на Сябе грэх сьвету; Гэта Той, пра Якога я сказаў; пасьля мяне прыйдзе Муж, Які існаваў да мяне, бо Ён быў раней за мяне; я ня ведаў Яго; але дзеля таго прыйшоў хрысьціць у вадзе, каб Ён зьяўлены быў Ізраілю. І сьведчыў Ян, кажучы: я бачыў Духа, што сыходзіў зь неба, як голуб, і быў Ён на Ім; я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць – Хто хрысьціць Духам Сьвятым; і я бачыў і засьведчыў, што Гэты ёсьць Сын Божы.” (Ян. 1:29–30)

І, прыняўшы хрост, Ісус выйшаў зь вады. І вось неба адчынілася, і пабачыў Ян Духа Боскага, які спускаўся як голуб, і сыходзіў на Яго. “І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.” (Мц. 3:17) Гэтая падзея паказвае, што Бог адзіны ў трох Асобах.

Сьвята ў дзень 6 студзеня называецца сьвятам Хросту Госпада і Богаабвяшчэньнем. Бо пры Хросьце Хрыста Выратавальніка было зьяўленьне Боскасьці Выратавальніка, які пры вялікай колькасьці народу распачаў Сваё адкрытае служэньне дзеля вызваленьня сусьвету. Боскасьць Выратавальніка была паказана пры Ягоным хросьце і народу, і Хрысьціцелю.

Па словах сьвятога Амвросія Мэдэлянскага, дзень Хросту Госпада названы Богаабвяшчэньнем таму, што ў гэты дзень Госпад Зьявіўся не толькі для таго, каб Яго пабачылі, а дзеля выратаваньня людзей. Сьвяты Залатавуст гаворыць, што не той дзень, у якой нарадзіўся Выратавальнік, мусіць быць названы Богазьяўленьнем, але той дзень ў які Ён прыняў хрост. Праз нараджэньне Свае Ён быў ня ўсім вядомы, але праз хрост; да дня хросту Ён быў невядомы народу. Таму і Богазьяўленьнем названы не той дзень, які Хрыстос нарадзіўся, а той, ў якой прыняў хрост.

І тое, што народ не ведаў Яго і не разумеў хто Ён, пачуўшы, што кажа Ян Хрысьціцель. Адказваў ім Ян, прамаўляючы: “Я хрышчу ў вадзе; але стаіць сярод вас Той, Каго вы ня ведаеце” (Ян. 1:26). Няварта дзівіцца таму, што народ ня ведаў Яго, бо і сам Ян Хрысьціцель кажа: “Я ня ведаў Яго; але Той, Хто паслаў мяне хрысьціць у вадзе, сказаў мне: на каго, убачыш, сыходзіць Дух і застаецца на Ім, Той ёсьць – Хто хрысьціць Духам Сьвятым” (Ян. 1:33)

Пачатак сьвята Богаабвяшчэньня адносіцца да часоў апостальскіх. У ІV ст. сьвятыя айцы Царквы: Рыгор Багаслоў, Рыгор Ніскі, Амвросій Мэдэлянскі, Ян Залатавуст, Аўгусьцін ды іншыя пакінулі нам свае высокія навучаньня, якія і зараз чуем у часе сьвята Богазьяўленьня. Пасьля літургіі, у памяць аб хросьце Ісуса Хрыста у рацы Ярдан, Царква праводзіць вялікае асьвячэньне вады на рэках, азёрах, крыніцах, калодзезях… А самі месцы, куды ідуць зь царквы на асьвячэньне вады, называюць Ярданам. Ярданскую ваду Царква выкарыстоўвае для акрапленьня храмаў, дамоў і іншых рэчаў.

Трапар

Пры вадохрышчы Тваім у Ярдане, Госпад, / адкрылася пакланеньня Тройцы: / бо голас Айца сьведчыў аб Табе, / умілаваным Цябе Сынам мянуючы, / і Дух у выглядзе голуба / пацьвярджаў Яго слова няўхільнасьць. / Зьявіўшыся Хрысьце Божа / і сусьвет адукаваўшы, слава Табе!


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.