Monday, June 13, 2011

НАВУЧАНЬНЕ НА ДЗЕНЬ ПЯЦІДЗЕСЯТНІЦЫ

звышгодны Фёдар Студыт
 Па мілаце Усясьвятога Духу мы ўдастоіліся сьвяткаваць Сьвятую Тройцу — Пасланьне Сьвятога Духа. Пра Яго Спасыланьне Ісус Хрыстос сказаў: “Я праўду кажу вам: лепей вам, каб Я пайшоў; бо, калі Я не пайду, Суцешнік ня прыйдзе да вас; а калі пайду, дык пашлю Яго да вас, Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, дык наставіць вас на усякую праўду: бо не ад Сябе будзе гаварыць, а будзе гаварыць, што пачуе, і будучыню агалосіць вам” (Ян. 16:7,13). Гэты абяцаньне і дабрадзейства Яго гэтак вяліка, што мы і зразумець Яго не можам: бо Гасподзь абяцаў паслаць не Анёла, не чалавека, але Самога Супасаднага Духа.


Такім чынам, Адзінародны Сын Боскі, выканаўшы справу Айца, узыходзіць на Нябёсы, а Дух Сьвятой сходзіць: не іншы Бог (ды не будзе!), але іншы Суцяшальнік, як напісана. О, невымоўная любоў да людзей! Сам Бог зрабіўся Суцяшальнікам нашым. Сапраўды Ён, праўдзіва, суцяшае абцяжараных бедамі, захоўваючы іх ад зьнясіленьня духам, як сьведчыць аб гэтым сьвяты Апостал, кажучы: “Звонку напады, усярэдзіне страхі. Але Бог, суцешнік пакорлівых, суцешыў нас…” (2 Кар. 7:5—6). Ён суцяшае сэрца, спужаныя жахамі дэманаў, узводзячы яго праз адважнае спадзяваньне да непераможнай мужнасьці, як сьведчыць сьвяты Давыд: “Бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне” (Пс. 85:17). Ён суцяшае, натхняе мяцежны розум, каб яму дадзена была сьвяточная трапэза з Богам і спакой, як сьведчыць Апостал, кажучы: “Як бы сам Бог умаўляе праз нас, у імя Хрыстовае просім: замірэцеся з Богам!” (2 Кар. 5:20)
Бачыш недасьледаваную літасьць? Бачыш дарунак непараўнальны? Гора – на Нябёсах Адзінародны Сын моліць аб нас прад Айцом, як напісана: “Ён і праваруч Бога, Ён і заступнік за нас” (Рым. 8:34). Унізе – на зямлі, Дух Сьвяты суцяшае нас шматлікім чынам.
 Што аддам Госпаду за ўсе дабрачынствы Ягоныя мне?” (Пс.115:4)? Не тым лі, аб чым кажа псальма: “Усе косткі мае скажуць: “Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?”” (Пс. 34:10). І яшчэ: “Дапамога мая ад Госпада, Які стварыў неба й зямлю” (Пс.120:2). “Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу” (Пс. 93:17), “Гасподзь за мяне не збаюся: што зробіць мне чалавек” (Пс.117:6).
Маючы такога Суцяшальніка, Духу Сьвятога, Непераможную Сілу, Вялікага Абаронцу — Бога і Дапаможніка, не спужаемся страху варожага і не жахнёмся варожых сіл, але мужна і цьвёрда пасьпяшаемся на подзьвігі, перажываючы ў іх дні за днямі, не вабячыся спакушэньнямі зьмея, і не зьнемагаючы пад няспыннымі ягонымі нападамі; грахоўнае пажаданьне — не задавальненьне і радасьць, а небясьпечная і лютая хвароба, — не ласунак, а цемра розуму і злая цемра. Ведаюць гэта утаймаваўшыя апантанасьць цела, што абмылі брыдоты яе і усім сэрцам прыляпіліся да Адзінага Бога. Такі лад жыцьця ёсьць найпрыемны і найшчаслівы: бо тады чалавек, хоць знаходзіцца ў целе і ў сьвеце, але духам жыве ў нябачным, супакойваецца духам ад дабрадатнага дыханьня Духа Сьвятога.
Навошта ж мы папускаем, каб юрлівасьць, перамогшы нас, да таго перакручвала і такім зьменам падвяргала нас, што мы, цалкам схіленыя да зямлі, да цела і крыві, зусім адыходзім ад Усядобрага Бога нашага? Уцякаем, браты, ад усякага запалу: уцякаем ад срэбралюбства, якое ёсьць корань усяго зла; уцякаем ад усякага іншага запалу, які паланіць душу нашу, — гневу, зайздрасьці, нянавісьці, самалюбства, ганарлівасьці, каб сьмерць не засьпела нас негатовымі і не выдаліла нас ад Бога; адчужэньне ж ад Бога ёсьць адчужэньне і ад Царства Нябеснага. Суд і адплата вечнае таму, хто не створыць пажаданых Богу спраў; такога суда не перанясе ніякае цела, бо і падумаць пра гэта розумам сваім, перш чым падвергнуцца катаваньню, ёсьць ужо пакута.
Каб была магчымасьць пазьбегнуць гневу Боскага “Хай ніхто ня зводзіць вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў бунтоўных” (Эф. 5:6), будзем тварыць добрыя справы “хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі” (Пс. 103:31).
Пачнём жа неадступна дагаджаць Богу, ачысьцім сябе і абновім душы свае. Майце адвагу: “Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе” (Пс. 144:18). Будзем штодзённа прыносіць пакаяньне, і Бог прабачыць нашы грахі, суцешыць нас і падаруе нам Жыцьцё Вечнае, якое ды ўдастоімся атрымаць ад Самога Хрыста Госпада нашага, Яму ж належыць уся слава і ўлада, зь Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.