мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
На пяцідзесяты дзень пасьля Свайго Уваскрэсеньня Хрыстос паслаў Сваім вучням Сьвятога Духа Свайго, Духа, Які зыходзіць ад Айца, але Які пасылаецца ў сьвет Выратавальнікам Хрыстом. Вучні былі сабраны ў малітве на успамін пра свайго забітага і уваскрэслага Настаўніка. І раптам сышлі на іх як бы палымяныя языкі; полымем спусьціўся на іх Дух Божы; а іх напоўніла натхненьне — ужо не тыя былі апосталы, якімі яны былі за пяцьдзесят дзён да гэтага. Тады яны, спалоханыя, туліліся ў страху, што іх Настаўнік пераможаны, забіты. Зараз тыя ж самыя людзі, напоўненыя гэтым натхненьнем, гэтым дыханьнем вечнага жыцьця, напоўненыя Божай прысутнасьцю, выйшлі да атачаючых іх людзей, і без страху, зь адвагай, пра якую яны самі не маглі мець паняцьця да таго, пачалі казаць пра Хрыста як пра Бога, Які стаў чалавекам, пачалі казаць пра Бога як пра Любоў, любоў бязьмерную, невымерную, ахінаючую, што ахоплівае усё і усіх. І то ж натхненьне напоўніла іх такой адвагі і такой мужнасьці, дзякуючы якой яны пайшлі не толькі на пропаведзь, але на пакуты, на зьбіваньне, на катаваньне і пакуты, у засьценкі, і, у канчатковым выніку, на сьмерць. Дух Божы выказаўся на іх; Дух сыноўства: як Сын Божы, так і яны сталі сынамі Божымі, і як Выратавальнік Хрыстос прыйшоў у сьвет выратаваць людзей коштам Свайго жыцьця, так і яны жыцьцё свае і сьмерць сваю падарылі людзям, каб яны пачулі, што Бог ёсьць любоў, што ў сьвеце ёсьць сэнс, што мы Богу ўпадабаныя, і што чалавечае грамадзтва павінна быць пабудавана на новых пачатках — не на пачатках гвалту, хлусьні, прыгнёту, а на пачатках любові, узаемнага прызнаньня, на пачатках ахвяры таго, хто ведае, дзеля таго, які яшчэ не ведае. Хрыстос сказаў Сваім вучням: Як Мяне паслаў Айцец, так і Я вас пасылаю — на сьмерць, на жыцьцё, на перамогу. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.