З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе. Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае уважлівыя да голасу маленьняў маіх. Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, – Госпадзе! хто устоіць? Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою.
Псальма 129:1 – 4.
Мы знаходзімся ў глыбіні: нашай душы, нашых праблем, нашых грахоў, нашага беззаконьня. І ў гэтай глыбіні усё беспрасьветна, і любыя дзеяньні хлусьлівыя... І тады мы зьвяртаемся да Тома, Хто больш, Хто даруе ачышчэньне, Хто дае жыцьцё. Гэты зварот безумоўны: мы разумеем, што самі нічога не можам, што усе нашы высілкі дарэмныя – і заклікаем з глыбіні свайго бясьсільля. Такі зварот перакідае масток праз бездань нашага “не магу” і пракладае шлях праз горы нашага самасьцьвярджэньня.
Трэба зьдзейсьніць зусім простае дзеяньне: паклікаць Яго. І Ён пачуе і адгукнецца. Праблема застаецца ў нас: мы не чуем Ягоны адказ з-за гулкага грукату пустога жыцьця, мы не паднімаем вочы, якія прыкаваны да бясконцых спраў і вельмі важных праблем.
Калі чалавек задае пытаньне пра шлях да Бога, то ужо пачуў Ягоны адказ, бо той, хто нямы, глухі і сьляпы на большае, жыве стыхіяй зямнога жыцьця – і не задае такіх пытаньняў.
Пытаньне пра шлях да Бога – пачатак шляху. І ў хрысьціянстве існуе залатое правіла для ідучых па гэтым шляху: не прымаць і не адпрэчваць. Гэта правіла не лёгка выканаць, але яно дазваляе прайсьці праз супярэчнасьці, не адмовіцца ад шляху і не спакусіцца на ім.
Калі чалавек устае на наступную прыступку сходаў, тое яго мэта не гэта прыступка, мэта – прайсьці па сходах, выкарыстоўваючы прыступкі. Прыступка сходаў не адпрэчваецца (таму што без яе не прайсьці далей), але і не прымаецца (калі прыняць – затрымацца на гэтай прыступцы).
Гэтак жа і зь містычнай (любой іншай) практыкай. Мэта - прайсьці праз яе да Бога. Сама ж містычная практыка не прымаецца (каб яна не стала яшчэ адным спосабам самасьцьвярджэньня) і не адпрэчваецца (інакш і ісьці немагчыма). І разьдзіраецца заганнае кола.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.