Tuesday, April 6, 2010

СЬВЯТАЯ ПАСХА, АЛЬБО УВАСКРАШЭНЬНЕ ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА

Гасподзь наш, Ісус Хрыстос, як апавядалі прарокі і Сам Выратавальнік, уваскрэс на трэці дзень пасьля сьмерці Сваёй. Нягледзячы на тое, што юдэі зрабілі ўсё дзеля таго, каб не спраўдзілася слова Выратавальніка. У першы дзень тыдня, зь суботы на нядзелю, рана ў ранцы адбыўся вялікі землятрус, і Анёл Божы сышоў зь неба, і адкаціў камень ад уваходу грабніцы, і сеў на ім. Выгляд ягоны быў як маланка, а вопратка ягоная была белая як сьнег. І ад страху прад ім затрымцелі ахоўнікі і пападалі як мёртвыя.

Пасьля гэтага вялікага цуду, калі было яшчэ цёмна, жанчыны–міраносіцы прыйшлі да грабніцы, прынёсшы падрыхтаваныя водары, каб намасьціць цела Ісуса. І пабачылі яны, што камень адкінуты ад грабніцы.

“І ўвайшоўшы, не знайшлі Цела Госпада Ісуса. Калі ж яны зьнедаўмяваліся з гэтага, раптам паўсталі перад імі два мужы ў строях бліскучых. І калі яны былі ў страху і схілілі абліччы свае да зямлі, – сказалі ім: што вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго няма тут: Ён уваскрэс; успомніце, як Ён казаў вам, калі быў яшчэ ў Галілеі, кажучы, што Сын Чалавечы мае быць аддадзены ў рукі людзям грэшным, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць.” (Лк. 24:3-7)

“Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў. Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі; але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, – не паверылі. Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча. І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі. Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага. І сказаў ім: ідзіце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.” (Мк. 16:9–20)

Уваскрэсеньне Хрыстова сьвяткуем ў Сьветлую нядзелю Пасхі. Дзеля хрысьціян гэта найбольш радаснае і найбольш урачыстае сьвята, бо яно дае нам надзею, што праз веру ў уваскрэслага Ісуса Хрыста і мы ўваскрэсьнем і атрымаем вечнае жыцьцё.

Уваскрэсеньне Хрыстова – адно зь найбольш старажытных і найбольш сьветлых хрысьціянскіх сьвятаў. Яно сьвяткуецца ўрачыста з часоў апосталаў і, па рашэньню першага Сусьветнага сабору, сьвяткуецца ў першую нядзелю пасьля вясеньняга раўнадзенства і першага поўнага месяца сакавіка.

Вялікдзень – гэта сьвята радасьці для ўсіх: і для дзяцей, і для дарослых, і нават для мёртвых. Бо калі Хрыстос уваскрэс, то гэтым Ён зваяваў сьмерць і злога перамог, і мы цяпер упэўнены, што ўсе людзі сілай Ягонага ўваскрэсеньня ўваскрэснуць. І жывыя, і мёртвыя разам зьявяцца прад Госпадам Богам. Уваскрэсеньне Хрыстова ўзмацняе нас у веры, што жыцьцё чалавечае не абрываецца, як нітка, што яно напоўнена глыбокім зьместам і значэньнем. У Ўваскрэсеньні Хрыстовым – крыніца неадольнай радасьці, да якой датычны ўсе людзі. Сьвята Хрыстовага Ўваскрэсеньня багата сваімі рознымі і велічнымі набажэнствамі і царкоўнымі звычаямі.

Вельмі пашыраны сярод нашага народу звычай – сьвяціць на Вялікдзень ежу. Пасьля доўгага посту Сьвятая Царква дазваляе ўсялякую ежу, каб людзі атрымалі духоўную радасьць і радасьць ад зямных дароў. Асьвячэньня велікоднай ежы адбываецца ўрачыста, пасьля сьвятой Літургіі на царкоўным двары.

У старажытнасьці існаваў звычай: людзі прыходзілі да высокай кіруючай асобы зь нейкім падарункам. Марыя Магдаліна, прапаведуючы навуку Хрыстову, неяк зайшла да двара рымскага кесара Ціверыя, падала яму пафарбаванае чырвонай фарбай яйка зь словамі “Хрыстос уваскрэс!” і пасьля гэтага пачала сваю пропаведзь. Па яе прыкладу і іншыя хрысьціяне ў дзень Пасхі пачалі дараваць адзін аднаму пафарбаваныя яйкі.

Як зь мёртвай шкарлупіны яйка зьяўляецца новае жыцьцё, так і Ісус Хрыстос выйшаў зь магілы да новага жыцьця. Пафарбаванае ў чырвонае яйка ёсьць сымбалем нашага выратаваньня праз кроў Ісуса Хрыста.

Сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага адбываецца вясной, калі аднаўляецца прырода і зямля пакрываецца зелянінай, кветкамі. Радасьць сьвята захапляе ўсіх родных і блізкіх, нават ворагаў, бо і аб іх Царква сьпявае: “Абдымім адзін аднаго і прабачым усё дзеля Ўваскрэсеньня”.

Таму, згадаем на Пасху, што чалавек мусіць любіць ўсіх і ўсё: жывую і мёртвую прыроду – людзей, жывёл, расьліны, горы, рэчкі і мары; не абражаць людзей, не крыўдзіць жывёлін, не зьнішчаць травы, дрэваў, бо ўсё гэта – дар Божы для людзей.

Трапар сьвята

Хрыстос Уваскрэс зь мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё падарыў.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.