У сваім новым інтэрвію Сьвяцейшы Мяфодзій, мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны, Кіраўнік Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, у прыватнасьці адзначыў журналістам, што “Наша мэта не толькі дасягнуць фармальнай еднасьці ўкраінскага праваслаўя, але і яго малітоўнага і эўхарыстычнага яднаньня зь сусьветным праваслаўем.” На думку мітрапаліта Мяфодзія, Кіраўнік УПЦ КП прапануе Ўкраінскае Царкве адміністрацыйны шлях яднаньня. Для Філарэта цяпер галоўнае – гэта дасягнуць адміністрацыйнае еднасьці. На думку ж япіскапату нашай Царквы, аб’яднаньне мусіць мець не сацыялягічны, а кананічны характар. Для нас галоўнае – адшуканьне супрычасьця зь сусьветным праваслаўем. Цалкам аб гэтым чытайце ў выкладзеным інтэрвію.
Сьвяцейшы Мітрапаліт Мяфодзій
“Украінская Царква – дастаткова вялікая і кананічна разьвітая, каб мець памесны статус і свае месца ў дыптыху”.
Кар.: Сабор 26 жніўня аднагалосна ўхваліў Зварот да Сусьветнага Патрыярха Варфаламея, дзе зьмешчана просьба ўзяць УАПЦ пад свой амафор. Чаму Ваша Царква шукае еднасьці з Канстантынопалем і не шукае яе з Кіеўскім патрыярхатам?
Наша мэта не толькі дасягнуць фармальнае еднасьці ўкраінскага праваслаўя, але і яго малітоўнага і эўхарыстычнага яднаньня зь сусьветным праваслаўем. Патрыярх Філарэт прапануе Ўкраінскае Царкве адміністрацыйны шлях яднаньня. На ягоную думку, галоўнае – гэта дасягнуць адміністрацыйнае еднасьці. Ён лічыць, што галоўнае – разбудаваць структуру Царквы, а яе вызнаньне, гэта, быццам, справа “тэхнічная”, прыйдзе час – вызнаюць, уласна кажучы, будуць прымушаны самой гісторыяй вызнаць. На думку япіскапату нашае Царквы, аб’яднаньне мусіць мець не сацыялягічны, а кананічны характар. Дзеля нас галоўнае – адшуканьне супрычасьця зь сусьветным праваслаўем.
Кар.: Але падобнае супрычасьце магчыма і ва ўлоньні ЎПЦ. Чаму ж тады ЎАПЦ не жадае прыяднацца да ЎПЦ?
Наша Царквы не разглядае сёньня магчымасьці “прыяднаньня”. УПЦ сапраўды знаходзіцца ў еднасьці зь сусьветным праваслаўем. Перш чым разглядаць варыянты аб’яднаньня царкоўных структураў, мы мусім вызначыцца адносна кананічнага статусу Царквы. УАПЦ гатовая да кампрамісу. Але гэты кампраміс не можа палягаць у прыяднаньні нашае Царквы да ЎПЦ на падмурку яе чыннага статусу.
Кар.: Чаму?
Таму, што ў праваслаўным царкоўным дыптыху няма сёньня такой Царквы, як УПЦ. Яна не ёсьць прысутнай: ані ў дыптыху РПЦ, ані ў дыптыху Сусьветнага Патрыярхату.
Кар.: А ці гэта важна?
Без сумневы. Прысутнасьць у дыптыху – гэта адна з галоўных адзнак кананічнай незалежнасьці Царквы. Я, звычайна, не люблю паралелей паміж дзяржаўным і царкоўным жыцьцём, бо яны часта недакладныя. Але ў гэты выпадку дазволю сябе правесьці падобную паралель: прысутнасьць у дыптыху – гэта як міжнароднае вызнаньне дзяржавы.
Кар.: А чаму тады ЎПЦ няма ў дыптыху? Вы жадаеце сказаць, што яе не вызнаюць?
Чаму ж не вызнаюць. Вызнаюць, але як сукупнасьць япархій РПЦ на тэрыторыі Ўкраіны. А мы не лічым магчымым прыяднацца да “сукупнасьці япархій РПЦ на тэрыторыі Ўкраіны”. Украінская Царква – дастаткова вялікая і кананічна разьвітая, каб мець памесны статус і займаць сваё месца ў дыптыху.
Кар.: Значыцца, на Вашу думку, прысутнасьць у дыптыху – гэта галоўны чыньнік памеснасьці?
Ва ўкраінскім выпадку – так. УПЦ карыстуецца вялікім абсягам правоў. І Мітрапаліт Уладзімір недарма кажа аб тым, што па сукупнасьці гэтых правоў УПЦ фактычна роўная сёньня Памеснае Царкве. Але галоўная праблема гэтай Царквы ў тым, што яе правы замацаваны ў розных кананічных дакумэнтах РПЦ. Значыцца гэтыя правы нічым не гарантаваныя, апрача ўнуранай дакумэнтацыі Маскоўскага Патрыярхату. Сёньня гэтыя правы ёсьць. А заўтра іх можа ўжо не быць. Невыпадкова ва ЎПЦ ёсьць як прыхільнікі аўтакефаліі, так і тыя ўладыкі, што жадаюць павярнуць УПЦ статус Экзархату. Вяртаньне да Экзархату – гэта шлях у нікуды. І пакуль такая магчымасьць для далейшай долі ЎПЦ існуе – казаць аб нашым аб’яднаньні не актуальна. Аднаўленьне еднасьці можа адбыцца выключна на падмурку памеснага статусу, галоўнае адзнакай якога мусіць быць унясеньне Ўкраінскае Царквы да дыптыху.
Кар.: Але Вы гатовыя прыяднацца да Сусьветнага Патрыярхату і не гатовыя аб’яднацца зь Царквой, якая жыве побач зь Вамі? Вам не здаецца, што гэта нелягічна?
Калі б УАПЦ у прынцыпе не жадала аб’яднацца зь УПЦ, то нашы Цэрквы не знаходзіліся б у дыялёгу, а мэта гэтага дыялёгу не была вызначана як аднаўленьне еднасьці Ўкраінскага Праваслаўя. Ідзецца не аб агульным жаданьні, а аб канкрэтных умовах. Галоўная праблема ЎПЦ – нявызначанасьць яе статусу і намаганьне імпэрскіх колаў Расеі выкарыстаць гэтую Царкву ў якасьці прылады ўплыву.
“Пратэстные настроі ў рэшце могуць вывесьці Кіеўскі Патрыярхат па-за межы праваслаўнае традыцыі, пераўтварыць яго на выключна нацыянальны царкоўны праект на ўзор Армянскае Апостальскае Царквы”
Патрыярх Філарэт – гэта ўплывовая постаць ва ўкраінскім праваслаўі. Аднак, на жаль, гэтая постаць не здольная сёньня быць увасабленьнем царкоўнае еднасьці. Філарэт – гэта тып царкоўнага дзеяча–палітыка. А Ўкраінская Царква сёньня патрабуе на іншага – на асобу, якая б здолела дзеяць ахвярна, як пастыр, а не палітык. Палітыка Філарэта – гэта палітыка ціску. Гэта – выключна палітычная пазыцыя. Часткова гэта праўдзіва. Як казаў калісьці Сьвяцейшы Патрыярх Мсьціслаў, “вызнайце сябе самі…”. Але гэты прынцып не можа абсалютызаваць. Царква сапраўды здольная выжыць у становішчы кананічнае ізаляванасьці. Але толькі пры адной умове: калі яна не адыдзе ад дагматычнага і кананічнага паданьня сусьветнага праваслаўя.
Што ж стасуецца УПЦ КП, то яна ўжо неаднаразова ў сваёй гісторыі перажывала пэрыяды вострага канфлікту з Канстантынопалем. І знакава, што кожны раз, калі адносіны між імі і Сусьветным Патрыярхам завострываліся, пазыцыя Кіеўскага Патрыярхату зазнавала эвалюцыю ў бок ізаляцыянізму. Гэта – вельмі небясьпечная зьява. Бо калісьці, неабходнасьць “апраўдацца” у тым, чаму Кіеўскі Патрыярхат не прызнаецца сусьветным праваслаўем, можа прывесьці Філарэта, альбо ягоных наступнікаў, да адмовы праўдзівасьці і кананічнае чыннасьці сусьветнага праваслаўя. Гэта – прыродная рэакцыя сацыяльнае групы, права якой, так бы мовіць, парушаюцца.
Аднак такія “пратэстныя” настроі ў канечным выпадку могуць вывесьці Кіеўскі Патрыярхат за межы праваслаўнае традыцыі, пераўтварыць яго на выключна нацыянальны царкоўны праект на ўзор Армянскае Апостальскае Царквы. Заклікі да такой эвалюцыі ЎПЦ КП ўжо луналі. Прыкладам такога падыходу можа служыць кніга дзяячкі УПЦ КП у Амэрыцы Аксаны Хамчук “Царква па-за царкоўнай агароджай”. Ідэалёгія Хамчук – ідэалёгія выключна нацыянальная. Але ў галоўнай праблеме сучаснага аўтакефальнага руху – кананічнае ізаляцыі – Хамчук бачыць перадумову дзеля будаўніцтва ўласнае нацыянальнае Царквы, якая б знаходзілася “па-за межамі” сучаснага праваслаўнага сьвету. Лёгіка Хамчук наступная. Калі сусьветныя сталіцы Праваслаўя адвярнуцца ад Украінскае Царквы, то яна, у сваю чаргу, таксама зьменіць арыенціры. Значыцца адмовіцца ад жаданьня здабыць вызнаньне Памесных Праваслаўных Цэркваў і зьдзяйсьняе свой праект цалкам самастойна, так, быццам, “афіцыйнага” праваслаўя не існуе.
Мяне часта пытаюць – а што такое этнафілетызм, ад якога адмаўляецца ЎАПЦ. І ці варта было гэта рабіць, ці часам не адмовілася ЎАПЦ разам з этнафелітызмам і ад засад патрыятызму. На маю думку, ідэалёгія Хамчук – гэта і ёсьць іскравы прыклад этнафелітызму. Гэтай жа ідэалёгіі адкрыта прытрымліваецца і іншы дзеяч Кіеўскага Патрыярхату – мастацтвазнаўца Зьміцер Стэпавік, якому Кіеўскі Патрыярхат надаў званьня “доктара царкоўных навук”. Жывуць падобныя ідэі і сярод сьвятарства ЎПЦ КП…
“Філарэт памыляецца, калі лічыць, што ягоная Царква можа быць самадастатковай”
Аб чым гэта сьведчыць? Калі падобныя настроі існуюць ва ЎПЦ КП ужо сёньня, калі мінула толькі 17 гадоў пасьля пачатку расколу, то што можа здарыцца з гэтай царкоўнаю групай праз дзесяткі гадоў ізаляцыі? Ці не сфармуецца да таго часу ў сярэдзіне ЎПЦ КП такая сыстэма багаслоўскіх поглядаў, якая будзе несумяшчальная зь верай і багаслоўем Сусьветнай Царквы?
Патрыярх Філарэт упэўнены, што ягоная царква можа праіснаваць у ізаляцыі яшчэ 100 гадоў. А на маю думку, праз 100 гадоў ізаляцыі ад сусьветнага праваслаўя Кіеўскі Патрыярхат пераўтворыцца ўжо на нешта канчаткова адсечанае ад памесных Праваслаўных Цэркваў.
Ізаляцыя – гэта не толькі штучны стан. Гэта ненатуральны стан для Царквы. На маю думку, такая арыентаванасьць – гэта фатальная памылка. Філарэт памыляецца, калі лічыць, што ягоная Царква можа быць самадастатковай. Як неад'емная частка сусьветнага праваслаўя, яна мусіць знаходзіцца ў сталых зносінах зь іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі. Калі ж зносіны абрываюцца, то Царква жыве ў становішчы “асаблівай небясьпекі”.
Патрыярх Філарэт лічыць, што сёньня трэба разбудоўваць адзіную аўтакефальную Ўкраінскую Царкву без Масквы і Канстантынопалю. А калі яму заўважаюць на тое, што ў такім выпадку Царква не будзе мець эўхарыстычных зносінаў зь іншымі памеснымі Цэрквамі, ён вызнае: “так, нейкі час не будзе мець, і гэта вельмі кепска”. Але адначасна Філарэт тлумачыць, што эўхарычтычныя зносіны ягоным вернікам і не вельмі патрэбныя.
“Паглядзіце, – кажа патрыярх Філарэт – калі вы прыходзіце ў храм, то вы прыходзіце да Хрыста, ці ў храм нейкага там патрыярхату? Вы спавядаецеся ў грахах, атрымоўваеце іх водпуск, прычашчаецеся сьвятых Таямніц Хрыстовых. Хто вам патрэбны ў храме – патрыярх ці Хрыстос? Калі вы маеце Хрыста, то ўжо больш вы нікога не патрабуеце”. Прыведзены прыклад – гэта багаслоўская інсынуацыя, разрахаваная на чалавека, які не мае багаслоўскае адукацыі і мысьліць як спажывец. Сапраўды, мы шукаем у Царкве не герархаў, а Хрыста. Але фармальнае вызнаньне праваслаўнае веры і царкоўнае традыцыі яшчэ не робіць царкоўную структуру праваслаўнай. Яна яшчэ мусіць знаходзіцца ў эўхарыстычнае еданасьці з памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі.
Інакш, абапіраючыся на лёгіку Філарэта, прэтэндаваць на тое, што яна ёсьць неад’ёмнай часткай праваслаўя можа любая сэктанцкая царкоўная група, якая фармальна прытрымліваецца праваслаўнага веравучэньня і абраду. Напрыклад, група так званага кіеўскага патрыярха Алега (Майсея) Куліка. Ягоная ілжэцарква таксама мае храмы і сьвятароў. Што ж, згодна з лёгікай Філарэта, там магчыма прычашчацца? Царква Майсея напраўду “не царква”, а ягоныя сьвятары – “не сьвятары”, адкажа Філарэт. А я жадаю яго спытаць – хто менавіта і на падставе якіх крытэрыяў мае вызначаць, якая царкоўная група ёсьць Царквой, а дзе паўната царкоўнасьці зьнікае? Па нормам нармальнага становішча, крытэрыям ёсьць жыцьцёвая еднасьць з паўнатой праваслаўнае Царквы, што выяўляе сябе не толькі ў самаідэнтыфікацыі япіскапату, але і ў тым, ці знаходзіцца ён у эўхарыстычных і малітоўных зносінах зь япіскапатам сусьветнай Праваслаўнае Царквы.
“Учынак Філарэта, які самавольна зьмяніў праваслаўны дыптых – гэта не патрыяршы ўчынак”
“Эўхарыстыя адзіна”, сьцьвярджае патрыярх Філарэт. “І нават калі мы цяпер не служым разам, усё адно мы, зьдзяйсьняючы Эўхарысьцію згодна зь запаветам Хрыстовым і так, як навучае Праваслаўная Царква, маем еднасьць у Хрысьці”. Такім чынам, вынікае, што зьвязка між Цэрквамі мае толькі містычны характар і аніяк жыцьцёва не выяўлены. Патрыярх Філарэт таксама кажа аб тым, што зьдзяйсьняе Эзхарысьцію, “згодна зь запаветам Хрыста і так, як навучае Праваслаўная Царква”. Але запавет Хрыста і царкоўнае Паданьне мае не толькі літургічны характар, ідзецца не толькі аб вонкавую форму зьдзяйсьненьня Літургіі.
Згодна зь запаветам Хрыста, Эўхарысьція мае зьдзяйсьняцца ў еднасьці – як сьведчаньне еднасьці хрысьціян і як спосаб дасягненьня еднасьці. Але патрыярх Філарэт не зьдзяйсьняе эўхарысьцію такім чынам, каб яна зьяўлялася выяўленьнем еднасьці. Зьвярнулі увагу на тое, якую форму памінаньня першагерархаў на Вялікім Уваходзе ўжывае Філарэт? Ці памінае ён дыптых патрыярхаў цалкам? Не. Як вядома, ён не памінае ані Балгарскага, ані Маскоўскага патрыярхаў. Чаму? Спачыўшага Патрыярха Алескія ІІ Філарэт не памінаў, бо лічыў яго вінаватым у расколе ўкраінскага праваслаўя. Відавочна, што і патрыярха Кірылу спаткаў такі самы лёс. А патрыярха Балгарскага Максыма Філарэт не памінае, бо ў ліпні 1996 г. ён браў удзел у інтранізацыі “паралельнага” і “альтэрнатыўнага” да Сьвяцейшага Максыма “патрыярха Пімена”.
Хто даў патрыярху Філарэту права зьмяняць агульнацаркоўны дыптых? Добра, патрыярх Алескій і ягоны наступнік з ягонай крапкі зору вінаватыя прад Філарэтам. Але няўжо яны існуюць самі па сябе? Няўжо патрыярх Алексій альбо ягоны наступнік Кірыла не ёсьць законнымі першагерархамі Расейскай Праваслаўнай Царквы? Тое ж самае стасуецца і Балгарскай Царквы. Хто даў патрыярху Філарэту права не памінаць законнага кіраўніка Балгарскае Царквы? Памінаньне першагерархаў на Вялікім Ўваходзе – гэта не фармальная “дыпляматычная працэдура”.
Гэта літургічны акт, якім мясцовая Праваслаўная Царква сьведчыць сваю еднасьць зь іншымі памеснымі Цэрквамі. І калі зь дыптыху выкрэсьліваюцца імёны аднаго альбо некалькіх кіраўнікоў Памесных Цэркваў, якія няўхільна спавядаюць праваслаўную веру і законна абраны на сваю пасаду – то гэта не толькі акт свавольля. Гэта – адзнака нежаданьня мець зносіны ў Эўхарысьціі з паўнатой Царквы. Адзнака таго, што першагерарх не можа пераступіць праз асабістыя пачуцьця і амбіцыі… Я магу зразумець псыхалягічные матывы Філарэта, калі ён адмаўляецца памінаць Маскоўскага Патрыярха. Патрыярх Алексій ІІ быў герархам, які прымаў канчатковае рашэньне аб кананічных санкцыях адносна Філарэта. А цяперашні Патрыярх Кірыла – галоўны ідэоляг гэтага рашэньня.
І менавіта саборным рашэньнем гэтай Царквы на Філарэта была накладзена анафэма. Але ўчынак Філарэта, які самавольна зьмяніў праваслаўны дыптых – гэта не патрыяршы ўчынак. Патрыярх – гэта асоба, якая мусіць аб’ядноўваць, а не наадварот падзяляць. У гэтым сэнс ягонага служэньня. А калі патрыярх самавольна, без рашэньня архірэйскага сабору сваёй Царквы зьмяняе дыптых – то гэта ўчынак чалавека, якая ня здолела ўзьняцца над асабістымі пачуцьцямі, над асабістай амбіцыяй. Бо ані асабістая пазыцыя Філарэта, ані пазыцыя япіскапату Маскоўскага Патрыярхату не ёсьць падставай дзеля таго, каб адмаўляцца ад зносін з гэтай Царквой, і, у прыватнасьці, выкрэсьліваць імя яе кіраўніка зь дыптыху.
Дзеі Філарэта тут пазбаўлены лёгікі, парадаксальны. Бо ў свой час, у пэрыяд між тым як Філарэта пазбавілі сану і да “аб’яднаньня” з часткай УАПЦ, ён працягваў памянаць Патрыярха Алексія як свайго першагерарха. Мне згадваецца, што гэты факт абураў спачыўшага патрыярха Ўладзіміра (Раманюка). Ён меркаваў у голас – цікава, а да якой Памеснае Царквы на той час належаў Філарэт? Калі да Царквы Патрыярха Маскоўскага, якога ён тады згадваў як свайго патрыярха, то мусім вызнаць, што на той час ён знаходзіўся ў Царкве, усе кананічныя ворганы якой, апрача яго самога, лічылі яго асобай, якую пазбаўлена сьвятарскага сану. Калі да Кіеўскага Патрыярхату, то тады яго яшчэ не было створана, і Філарэт не знаходзіўся ў зносінах з яго кіраўніком Патрыярхам Мсьціславам.
Украінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква робіць ўсё, ад нас залежнае, каб пераадолець ізаляванасьць. Пазыцыя ЎПЦ КП супрацьлеглая.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.