“Каля крыжа Ісуса стаялі Маці Ягоная, і сястра Маці Ягонай Марыя Клеопава, і Марыя Магдаліна.”
(Ян. 19:25)
У тэксьце другога Эвангельля згадваецца аб іншай групе людзей – “А ўсе, хто ведаў Яго, і жанчыны, якія ішлі сьледам за Ім з Галілеі, стаялі воддаль і глядзелі на гэта.” (Лк. 23:49).
Кожны зь нас павінен сьвядома далучыцца да той або іншай групы. Як цяжка бачыць такі малы лік стаялых “пры крыжы” і такое мноства людзей, “якія глядзяць здалёк”. Няўжо і мы застанемся на адлегласьці? Няўжо не пасьпяшаемся заняць месца ў крыжа, якое прыналежыць і нам, як усякаму верніку? Праўдзівая любоў акружаная дзіўнай, невытлумачальнай таямніцай – яна уся добраахвотна аддаецца пакуце за іншага.
Хто можа вымераць усю глыбіню скрухі Усясьвятой Дзевы, калі Яна стаяла пры крыжы? Кожны стогн Боскага Пакутніка трос Яе душу, аддаваўся болем ва усёй Яе істоце. Аднак Яна стаяла. Вось плён праўдзівай любові! Маці Боская нічым іншым не магла давесьці Сваю веру, як толькі стаяць пры крыжы, – словы былі непатрэбныя. У нямой глыбокай павазе, у бясконцай скрусе – Яна стаяла!
Некаторыя мастакі адлюстроўваюць Дзеву Марыю ў зьнямозе, у непрытомнасьці - гэта было б натуральна і уласьціва чалавечай прыродзе. Але ў словах Эвангельля выяўляецца звышнатуральная сіла мілаты Боскай: Яна стаяла пры крыжы!
Што жа можа заахвоціць чалавека стаяць тамака, дзе крыж яго жыцьця? Сіла, выходзячая не зь яго, а дадзеная яму звыш, – сіла мілаты Боскай, выпрабоўваючая ачышчаючая веру нашу праз дадзены крыж. Чалавек, прыняўшы пакорліва крыж свой і стаячы пры ім, можа прывесьці іншых да Бога лепш усякай пропаведзі. Усё жыцьцё яго становіцца жывым сьведчаньнем, нямою пропаведзьдзю,захапляючай зь сабой людзей і паказваючай шлях да неба.
У вялікія дні пакуты і сьмерці Выратавальніка апраўдалася прароцкае слова старца Сімеона: “Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў.” (Лк. 2:35) Стоячы ў крыжа, Дзева Марыя зразумела значэньне гэтых слоў, – зброя пакуты пранізала Яе душу, і ў гэтым крыжы, падстава Яе скрухі, Яна угледзела любоў Боскую.
Толькі пры сьвятле крыжа адкрыюцца і нашы вочы да уразуменьня ісьціны; мы угледзім сьвятло Хрыстова на месцы нашай скрухі, коштам гэтай скрухі адкрыюцца вочы нашы. “Слава Табе, паказаўшаму нам сьвятло!”
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.