Thursday, September 13, 2012

Акафіст увядзеньню ў храм Усясьвятой Багародзіцы

Кандак 1
У храме Бога жывога цуд: пасярод сьвятыні стаіць жывая сьвятыня Марыя; храм – рукамі грэшных людзей збудованы, а яна – Сьвятым Духам без грэшнай плямы захавана; той арашоны крывёй ахвяр, а яна – Боскаю ласкаю. Уваходзячы да храму, абвяшчае прыход мілаты, таму і сьпяваем ёй:
Радуйся, Дабрадатная, задуму Стваральніка выкананьня.
Ікас 1
Усярэдзіне храму – неба; Марыя – пасад Усявышняга, чыстымі жа юначкамі, быццам чыстымі анёламі, атачоная. Мы, грэшныя, стоячы прад табою, Сьвятая Сьвятых, прыносім, нягодныя, табе, Усядобрая, такі сьпеў малітоўны:
Радуйся, наша ўвядзеньне да раю; радуйся, лілея, расквітнеўшая ў сьвятыні.
Радуйся, у вопратку мілаты апранутая; радуйся, прыйшоўшая нас у Хрыста апрануць.
Радуйся, лаза пакорная ў Боскім вінаградніку; радуйся, саладзіўшая старажытную гаркату дрэва.
Радуйся, уваходзячы да храму зямнога; радуйся, бо за табою увойдзем да храму нябеснага.
Радуйся, пасад атачоны анёламі; радуйся, палымянае боскасьці пасад палаючы.
Радуйся, горнае сядзеньне Хрыста; радуйся, царства Хрыстова.
Радуйся, Дабрадатная, задуму Стваральніка выкананьня.

Friday, September 7, 2012

Абвяргаючы міт аб “заняпадзе” Беларускага (Кіеўскага) Праваслаўя ў XVI стагодзьдзі…

Ад пачатку ХІХ стагодзьдзя рускія праваслаўныя і ўніяцкія гісторыкі старана пашыраюць міт аб занепадзе Беларускага (Кіеўскага) Праваслаўя ў XVI стагодзьдзі. Яны перасьледуюць розныя мэты, але сыходзяцца ў адным – беларусы няздатныя без рускіх альбо каталіцкіх “падпорак” мець сваю Праваслаўную Царкву ды падтрымліваць ў ёй адукацыйны, навуковы ўзровень ды дбаць аб духоўнасьць народу на належным узроўні.
Вызначальным для гісторыі Праваслаўнай Царквы (Кіеўскае мітраполіі) Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст. ёсьць Віленскі Памесны сабор 1509 г., які адбыўся пад кіраўніцтвам мітрапаліта Іосіфа Солтана (1507-1521 г.г.). Сабор распачаўся ў Вільні 25 сьнежня 1508 г. і скончыўся 18 студзеня 1509 г. На саборы прысутнічала сямёра япіскапаў, сямёра архімандрытаў, шасьцёра ігуменаў, сямёра пратаярэяў і шматлікае сьвятарства. Сабор выпрацаваў наступныя правіла: “О стаде пастырьства Христовых словесных овец; О ставлении попов. О поставлении достойных у сьвященство; О утаенной совести; О непослушникох; О попех неимущих жен; О отнимании церквей; О сьвященникох князских и паньских; О церквах котории будуть стояти без сьвященников и без пэтья; Аще князь или боярин от церкви что отоймет; О отлучении сана; О отходящих черньцох; О божественныи правила; О непослушенстве епископском; О твръдости оўставления; Сьвятого събора поместнаго иже в Сардакии, сиречъ, в Средци.” [13, ст.163-170]

Monday, September 3, 2012

Жыцьцяпіс і Акафіст прападобнаму Аўрааму Смаленскаму, цудатворцы

Памяць 21 жніўня / 3 верасьня
Прападобны Аўраам нарадзіўся ў Смаленску ад багатых і набожных бацькоў. У школе ён адрозьніваўся здольнасьцямі і дапытлівасьцю і вельмі любіў хадзіць у царкву сьпяваць і чытаць. Ад шлюбу ён ухіліўся і па сьмерці бацькоў раздаў іх маёнтак цэрквам і бедным, а сам вырашыў весьці жыцьцё жабрака, просячы пры гэтым Бога паказаць яму шлях да выратаваньня. Па пакліканьню звыш ён паступіў у манастыр Усясьвятой Багародзіцы у 6 вёрстах ад Смаленска (цяпер в. Багародзіцкая), дзе захавалася ягоная пячора і астаткі пасаджанага ім дуба. Тут ён, выконваючы паслухмянства, вывучаў Сьвятое Пісаньне і жыцьці сьвятых і, атачыўшы сябе пісарамі, складаў павучальныя артыкулы і зборнікі. Стаўшы ераманахам у 1198 г., ён штодня служыў літургію і прапаведаваў, прыцягваючы мноства людзей сваім добрым словам. Так прайшло 35 гадоў. Яго уплыў на людзей выклікаў зайздрасьць, і яго сталі гнаць. Тады ён сышоў у смаленскі манастыр Сьвятога Крыжа. Але народ працягваў прыходзіць да яго, і паклёпнікі не супакоіліся. Яго прадставілі на суд да япіскапа, абвінаваціўшы ў ерасі. Але здарылася ў то час быць князю Раману Расьціславічу. Ён не знайшоў у абвінавачваньнях ні аднаго словы праўды і загадаў абвінаваўцам разыйсьціся. На іншы жа дзень паклёпнікі вярнуліся, і ні спакойныя адказы звышгоднага Аўраамія, ні абарона яго, па наказе звыш, манахам Лукой не выратавалі вялебнага ад забароны зьдзейсьняць богаслужбы й гутарыць з народам. Тады пачаліся засуха і хваробы. Набажэнствы не дапамагалі. Сьвятар Лазар сказаў япіскаму, што, калі не дазваляць Аўраама, будуць яшчэ горшыя беды. Япіскап дазволіў, прасіў у Аўраамія прабачэньні, і, па малітвах Аўраамія, пайшоў багаты дождж. Так была даказаная яго праўда, а япіскап заснаваў манастыр у гонар Пакладаньня годных Усясьвятой Багародзіцы і плябанам яе прызначыў Аўраамія.

Monday, August 27, 2012

МЕНСКАЯ ІКОНА УСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Памяць 13/26 жніўня
Менская ікона Ўсясьвятой Багародзіцы была прывезена Кіеўскім князем Уладзімірам з Корсуня і пастаўлена ў Кіеўскае Дзесяціннае царкве. У 1500 годзе, у часе ўзяцьця Кіева ханам Менглі-Герэям, адзін татарын, садраўшы зь іконы рызы ды ўпрыгожаньні, кінуў яе ў Дняпро. Праз некаторы час яна апынулася плывучай па рацэ Сьвіслач. Трынаццатага жніўня 1500 года, прыстаўшы да берага абраз, атачоны незвычайным сьвятлом, урачыста перанесьлі ў Менскую царкву Нараджэньня Ўсясьвятой Багародзіцы.
Трапар іконе Боскае Маці Менская, тон 4
На дрэве крыжовым зьявілася ты, Усячыстая Юначка, з Канстантынопалю ды Кіеву, / Богам захаванаму гораду Менску міласьць паказаўшы. / Асьвяці нас, грэшных, зьзяньнем Сваім, / выяві, як заўсёды, сілу Сваю, / выратуй нас абаронай Сваёй / ды пазбаў нападаў варожых, / бо Цябе, Непарушную Сьцяну і адзіную Надзею, маем.

Thursday, August 23, 2012

Лідчына: Тэрор польскай "Арміі Краёвай" супраць беларускіх настаўнікаў


Настаўнікі Клецкай беларускай гімназіі: дырэктар Рыгор Якубёнак, Мікола Чарнецкі, выкладчык хіміі і біялогіі Вячаслаў Арэнь, матэматык Мікалай Рудакевіч. Клецк, ліпень 1931 г
У той час, калі Беларусь была пад акупацыяй гітлераўцаў, з зайздроснай энергіяй працавала настаўніцтва Лідчыны, якое, як вядома, глынула немалую долю паланізацыі за міжваенныя гады. Каб не даць ёй і зараз аднавіць свае пазіцыі, згуртаваныя вакол беларускай нацыянальнай ідэі сілы актыўна ўключыліся ў працу. Усіх радавала, што зараз яна вядзецца на роднай мове карэннага насельніцтва гэтага краю.



Thursday, August 16, 2012

Канон Велікамучаніку й лекару Панцеляймону

Трапар, тон 3

Пакутнік сьвяты і лекар Панцеляймон / умалі міласьцівага Бога, / каб грахоў прабачэньня / падаў Ён душам нашым.

Канон, твор Феафана, тон 2

Песьня 1

Ірмас: Калісьці згубіла ў глыбіні / усё войска фараона цудоўная сіла, / увасобіўшыся ж Слова зьнішчыла шкодны грэх, – / праслаўлены Гасподзь; / бо слаўна Ён праславіўся.
Сьвяты велікамучанік і лекар Панцеляймон, малі Бога аб нас, грэшных
Прыступіўшы старана да Хрыста / ты найперш мёртвага ажывіў, / раней тваёй сьмерці за Хрыста. / Цяпер жа, усядабрашчасны, / мяне, забітага ўражаньням граху, / тваімі малітвамі, о Панцеляймон, ажыві.
Сьвяты велікамучанік і лекар Панцеляймон, малі Бога аб нас, грэшных
Зазьзяў ты, як зорка, / у юнацтве носячы старэчы ды мудры ў Богу розум, / з прыгажосьцю ж цела і набожнасьць душы атрымаўшы, / праслаўленаму Слову зьявіўся ты найпрыгожым.
Сьвяты велікамучанік і лекар Панцеляймон, малі Бога аб нас, грэшных
Памёршы для сьвету / і апрануўшыся, дабрашчасны, у Хрыста, / у купелі хрышчэньня ты зрабіўся прыладай баганоснай, / і жыльлём Духа, / усім служачы ды вылечваючы хваробы
Слава: Здабыўшы Прамудрасьць у сябры сябе, / і яе ў саюзьнікі жыцьця ўзяўшы, / ты, дабрашчасны, быў ушанаваны Ёй ды ўпрыгожаны / вянцом дару мілаты, / зьзяючы сьветласьцю / боскага прасьвятленьня.
Цяпер: Хрыста нарадзіўшы, Усясьвятая ды усімі шанаваная, / Ты нашу прыроду праклятую, / што за беззаконьне аддалена была ад Стваральніка, / дабраслаўленьнем увянчала ды вызваліла ад тленьня. / Таму ўсе мы, верныя, / Цябе радасна праслаўляем.

Wednesday, July 18, 2012

Канон сьвятому прападобнаму Елісею Лаўрышэўскаму, тон 8

Песьня 1
Ірмас: Па вадзе прайшоў як па сухому, і эгіпэцкага зла пазьбегнуўшы, ізраільцяне засьпявалі: Збавіцелю, Богу нашаму, сьпяваем славу.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Чысьціню розуму атрымаў праз цяжкія подзьвігі, уяўнага фараона перамагаў і ад рабства граху вызваліўся ты, ойча прападобны, цяпер малітвамі тваімі выратоўвай нас, цябе ўзьвялічваючых.
Грэх перамогшы малітваю ды постам, душу ўпрыгожыў ты набожнасьцю роўнаю анёльскае, ім пераймаючы славіў Госпада, зь імі і нас удастой знаходзіцца праз малітвы твае.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Гасподзь, даўшы нам дзіўнага малітоўніка і пакутніка зямлі нашае, слава Табе. Ды даруй, Уладар, каб сьвет у міры жыў праз малітвы сьвятога Твайго.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Пачатак нашага выратаваньня, Усясьвятая Багародзіца, пакладзі пачатак нашага выпраўленьня, малітвамі Елісея, абранага Табою.

Tuesday, July 10, 2012

Прападобны Марцін Тураўскі

Памяць 27 чэрвеня / 10 ліпеня

Прападобны Марцін Тураўскі служыў поварам пры Тураўскіх япіскапах Сямёне, Ігнаціі, Якіме ды Георгіі. Сьвяціцель Георгій звольніў прападобнага Марціна ад ягоных абавязкаў праз старасьць. Але прападобны не пажадаў разьвітвацца зь архірэйскім манастыром сьв. Барыса і Глеба ды прыняў манаскі пострыг. Пасьля пострыгу прападобны Марцін працягваў жыць самотна ў скіту на выгане. Яшчэ працуючы ён надарваў свае здароўя і цяпер багата хварэў. У абвастрэньні сваёй хваробы ён ляжаў нерухомы, крычаў ад болі і не мог нават абслужыць сябе. Аднаго разу, калі прападобны Марцін пакутаваў ад хваробы і ляжаў нерухомы ў кельлі, няздольны задаволіць сваю спрагу, бо ніхто не наведваў яго ў той час. У сваёй пакуце прападобны Марцін старана маліўся да сьвятых князёў Барыса і Глеба. Праз кепскае надвор’я браты не мелі магчымасьці наведаць скіт на балоце некалькі дзён.

Sunday, July 1, 2012

Прападобны Лявонцій, кананарх Кіева – Пячорскі

Памяць 18 чэрвеня / 1 ліпеня
Прападобны Лявонцій, кананарх Кіева – Пячорскі зьдзейсьніў свой манаскі подзьвіг у далёкім XIV ст. Ён яшчэ ў юнацкія гады паступіў у Кіева – Пячорскі манастыр, дзе неўзабаве прыняў пострыг. Ад дзяцінства Лявонцій меў цудоўны голас і, пасьля таго як навучыўся чытаньню ды пісаньню, выконваў абавязкі кананарха. Прападобны Лявонцій адышоў да Госпада маладым і за самаадданы подзьвіг выратаваньня быў праслаўлены Госпадам дарам цудатворца. Мошчы сьвятога падзьвіжніка спачываюць у Далёкіх Пячорах.
 

Thursday, June 28, 2012

Сьвяты дабраверны князь Сэрбскі Лазар

Памяць 15/28 чэрвеня
Сьвяты дабраверны князь Сэрбскі Лазар жыў у XIV стагодзьдзі, у той час, калі туркі, заваяваўшы суседнія краіны, рыхтаваліся напасьці на Сэрбію.
Сьвяты Лазар выхоўваўся пры двары сьвятога караля Душана. Ён быў прызначаны кіраўніком адной з сэрбскіх правінцый. У 1371 году сьвяты Лазар быў абвешчаны каралём усёй Сэрбіі і багата папрацаваў для палягчэньня становішча краіны. Ён уціхамірыў суседніх князёў, якія крыўдзілі і рабавалі сэрбскае насельніцтва, клапаціўся аб хрысьціянскае асьвеце народа, будаваў храмы, падтрымліваў манастыры і дабрачынныя установы. У 1380 году сьвяты пабудаваў манастыр Рованіцу. Сьвяты Лазар выпрасіў у Канстантынопальскага Патрыярха згоду на прызнаньня Архіяпіскапа Сэрбскага Патрыярхам. На працягу 10 гадоў яго кіраваньня Сэрбія знаходзілася ў супакоі.