звышгодны Макар Эгіпэцкі
Аб царстве цемры, гэта значыцца граху, і аб тым, што толькі адзін бог можа адпусьціць нам грахі і збавіць нам ад рабства князя зла
1. Князь зла – царства цемры, найперш паланіўшы чалавека, так атачыў і апрануў душу ўладай цемры, як апранаюць чалавека, каб зрабіць яго царом і даць яму ўсе царскія рызы, і каб ад галавы да пазногцяў насіў ён на сябе ўсё царскае. Так князь зла апрануў душу грахом, усю сутнасьць яе, і ўсю апаганіў, усю паланіў у царстве сваім, не пакінуў у ёй вольным ад сваёй улады ніводнага яе члена, ні думак, ні розуму, ні цела, але апрануў яе ў парфіру цемры. Як у целе пакутывае не адна ягоная частка, альбо не адзіны ягоны член, але ўсё яно цалкам адданае пакуце: так і душа ўся пацярпела ад хваробы пароку і граху. Злы ўсю душу, гэтую неабходную частку чалавека, гэты неабходны член ягоны, апрануў у злосьць сваю, гэта значыцца ў грэх; і такім чынам, цела зрабілася хварэючым і тленным.










