Saturday, February 26, 2011

ПРАВАСЛАЎЕ І СУЧАСНАСЬЦЬ

Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава (Грыцуняк)
Мы жывём у эпоху, калі эўрапейскія краіны і народы аб'ядноўваюцца. Гэты працэс датычыцца таксама і нас – праваслаўных. Менавіта таму нам так неабходна усьвядоміць сваё месца ў эўрапейскіх структурах. Вось чаму тэма майго сёньняшняга дакладу – “Праваслаўе і сучаснасьць”.
Варта рашуча заявіць: Праваслаўе зьяўляецца хрысьціянствам у яго найчыстай форме. Яно захоўвае і разьвівае апостальскае хрысьціянства, нічога штучна не дадаючы і не прыбіраючы. З гісторыі Царквы, а таксама з гісторыі чалавецтва мы ведаем, што праўда заўсёды сутыкалася з процідзеяньнем. І Праваслаўе, якое захоўвала праўду, заўсёды сутыкалася зь цяжкасьцямі рознага характару. Ужо ў старажытнасьці перамога хрысьціянства над паганствам амаль супала ў часе з пачаткам падзеньня Рымскай імпэрыі. На Захадзе варварства перамагло старажытную культуру, былі зьнішчаны шматлікія храмы, Захад адлучыўся ад Усходу. Пачынаючы з VII стагодзьдзя і аж да стагодзьдзя XV Бізантыйская імпэрыя паступова руйнавалася пад ударамі крыжакоў і мусульман, тады ж саслабелі Грэцкая і балканскія Цэрквы. Ад турэцкай няволі яны вызваліліся толькі ў XIX стагодзьдзі. Кіеўская Царква перажыла пэрыяд татарскай няволі. Праваслаўе ў Польшчы змагалася з рымскім каталіцтвам і уніяй. ХХ стагодзьдзе прынесла амаль усім праваслаўным ганеньні з боку камуністаў.
У чым жа Праваслаўе мае патрэбу цяпер? Зьвернем увагу на самае асноўнае.
Свабода
Што варта мець на увазе пад гэтым паняцьцем? Адсутнасьць свабоды – гэта падначаленьне Царквы разнастайным нацыянальным, палітычным, эканамічным ці псыхалягічным трэндам. Царква служыць народам. Яна можа ініцыяваць і дабраславіць любую станоўчую дзейнасьць, у тым ліку палітычнага характару. Але хібным зьяўляецца меркаваньне, што Царква існуе выключна для гэтай мэты і па-за гэтымі задачамі яна не патрэбна.
Царква Хрыстова зьяўляецца Царствам Божым, пачаткам усёабдымнага жыцьця, якое не павінна ведаць ніякіх зямных абмежаваньняў. У адваротным выпадку дэфармуецца царкоўнае жыцьцё, прыстасоўваючы Царкву да нашых сьвецкіх клопатаў, замест таго каб узвысіць само зямное жыцьцё да хрысьціянскага ідэалу. Царква, вольная ад сьвету, служыць яму – але калі яна падпарадкоўваецца таму, што сьвецкае, яна робіцца ў сутнасьці непатрэбнай. Мы не язычнікі, каб задавальняцца адной рэлігійнай формай, надаючы яе ў мітусьню нашага жыцьця.
Адраджэньне праўдзівага хрысьціянскага жыцьця
Памылкова думаць, што чалавек, рэгулярна наведваючы храм, толькі таму можа лічыць сябе праваслаўным хрысьціянінам. Праваслаўны хрысьціянін – гэта чалавек, які зьвернуты да Бога праз Хрыста; чалавек, які жыве поўнасьцю праўды Хрыстовай, які жыве ва унутраным і вонкавым адзінстве зь усімі хрысьціянамі. Гэта чалавек пакоры і любові, які імкнецца да ператварэньня свайго асабістага і грамадзкага жыцьця, і дзеля гэтай мэты ён гатовы да любой працы. Гэта чалавек, верны Хрысту ў сваім рэлігійным і штодзённым жыцьці.
Неабходнасьць адзінства
У наш час праваслаўны сьвет падзелены з-за амбіцый адных і нацыянальнай абыякавасьці іншых, а часам нават і варожасьці. Праваслаўным Цэрквам бракуе адзінства, бракуе элемэнта саборнасьці. Вынікам гэтага зьяўляюцца расколы. Але самае небясьпечнае – гэта абыякавасьць. Чыньнік усіх гэтых зьяў – у скрыўленьні царкоўнай сьвядомасьці. Тым часам, ідэя Царквы вельмі зразумелая: у кожнай краіне павінна быць адна Царква, адзін першагерарх, які каардынуе нацыянальныя і моўныя пытаньні, што тычацца звычаяў і характэрных для дадзенага народу культуры і традыцый. Толькі такім спосабам можна забясьпечыць лад царкоўнага жыцьця.
Недахоп царкоўнае культуры
Усе тыя цяжкасьці і ганеньні, якія выпрабоўвала Праваслаўе на працягу сваёй гісторыі, не спрыялі інтэнсіўнаму і правільнаму разьвіцьцю царкоўнай культуры. У наш час трэба усюды пачынаць нанова будаваць царкоўную культуру. Гэта справа складаная, бо шматлікія зь нас не бачаць у гэтым неабходнасьці. Царква не можа быць моцнай, калі большасьць сьвецкіх і веруючых людзей нічога ці амаль нічога не ведаюць пра веру, акрамя таго, да чаго яны звыклі. Шматлікія не разумеюць набажэнства і сэнсу сьвятых таямніц; царкоўным арганізацыям бракуе шматлікіх сяброў і г.д.
Неабходна праваслаўная місія
Разьвіцьцё праваслаўнага грамадзтва немагчыма без арганізаванай місіі і працы ў гэтай вобласьці. Духавенства пасіўна, а сьвятар, нават вельмі актыўны, не шматлікае можа зрабіць у адзіночку. Таму аднолькава неабходны і унутраная, і вонкавая місія. Патрэбныя падрыхтаваныя місіянэры, таму што да Праваслаўя шматлікія адчуваюць цікавасьць, а сучаснаму сьвету, як ніколі раней, трэба чуць голас Царквы.
Праваслаўе павінна умацоўваць праўдзівыя уяўленьні пра чалавека, пра ягоныя адносіны з Богам і грамадзтвам. Праваслаўе заўсёды вызнавала існаваньне праўды і прыгажосьці, якія аднолькавыя для усяго чалавецтва. Гэта мае велізарнае значэньне сёньня, калі пануе альбо поўнае адмаўленьне гэтых каштоўнасьцяў, альбо іх лічаць адноснымі і залежнымі ад прыхільнасьцяў і свавольля. І менавіта гэтыя уяўленьні прывялі да крызы як чалавецтва ў цэлым, так і кожнага чалавека ў асобнасьці.
Чалавек – істота вольная і разумная, якая мае духоўны складнік. Таму дух павінен быць ва усім пераважным і самым каштоўным элемэнтам. Менавіта разуменьне гэтай простай для хрысьціяніна праўды так неабходна сучаснаму сьвету. Матэрыяльнае напаўняе душы, розум, навуку. Тэхніка, вытворчасьць і багацьце зрабіліся багамі. Капіталізм і камунізм патрабавалі і патрабуюць панаваньня эканомікі над усімі і усім. Зараз мы бачым, да чаго гэта вядзе. Сучаснае чалавецтва усё больш апускаецца ў псыхоз карысьці, раскошы і багацьця. Чалавек хварэе прагнасьцю да нажывы. Сучасны чалавек мае патрэбу ў выратаваньні ад сапсаванасьці, скрыўленьня і бруду. Яго жыцьцё можа быць прыгожым і сьвятым, але толькі ў здаровым злучэньні зь духам.
Духоўнае жыцьцё чалавека зьвернутая да Бога, бо душа па сваёй прыродзе хрысьціянка. Бог ёсьць Усядасканалы Дух, правобраз чалавечага духу. Ён ёсьць абсалютнае дабро, праўда, прыгажосьць і любоў. Толькі тое, што зьяўляецца абсалютным, можа быць пачаткам, мерай, і мэтай усяго. Без Бога усё робіцца пазбаўленым розуму, пазбаўленым мэты, загадкавым і адносным. Калі няма Бога, то людзі прыдумляюць свае індывідуальныя праўды, індывідуальную прыгажосьць і індывідуальныя ідэалы. Без Бога няма абсалютнага пачатку, якое змагло б злучыць людзей, а ёсьць, наадварот, распад і непазьбежная варожасьць.
Яднаньне праз Царкву
Адзінства людзей паміж сабой – найважная праўда. І гэту праўду неабходна зразумець і прыняць. Усе людзі узаемазлучаныя, нават апроч сваёй волі, агульнай прыродай, паходжаньнем, культурай, мовай, дзяржавай. Духоўная сувязь паміж людзьмі глыбейшая, чым яны самі думаюць. Адна зь важных ідэй хрысьціянства складаецца ў тым, што ніякія адрозьненьні паміж людзьмі не павінны іх падзяляць. Толькі ў Богу усе мы злучаемся. У Ім злучаюцца самыя важныя імкненьні людзей. Ён ёсьць звышдасканалы Ідэал, Крыніца і Мэта жыцьця усіх і уся.
Жыць у сувязі з Хрыстом, Сьвятым Духам і Богам Айцом азначае быць у Царкве. Гэта ў ёй злучаны усе тыя, якія злучыліся ў Хрысьце. І менавіта Царква ёсьць шлях у Царства Хрыстова. Дасягненьню гэтай мэты служаць герархія, Сьвятое Пісаньне, Паданьне, царкоўная навука, багаслоўе, набажэнства, таямніцы і іншае. Самая важная задача хрысьціян – прыводзіць усіх у Царкву, у якой адкрываецца для кожнага магчымасьць дасканалага асабістага жыцьця, богазносін і поўнага злучэньня з братамі ў Хрысьце.
Праваслаўе – шлях да выратаваньня
Зь Царквы павінна прыходзіць у сьвет усякае дабро. На шляху дабра сьвет набліжаецца да Царквы, а ў ёй – да Царства Божага. Гэта азначае, што па-за Царквой няма выратаваньня. У ёй – крыніца і найвышэйшае увасабленьне дабра. Па-за Царквой дабро лёгка раствараецца ў злым.
Усьведамленьне сапраўднага хрысьціянства і яго жыватворчай сілы – самая важная задача сучаснага праваслаўнага хрысьціяніна. З гэтага выцякае неабходнасьць пасьлядоўнага і усебаковага ажыцьцяўленьня хрысьціянскага ідэалу як усярэдзіне Царквы, так – па магчымасьці – і ва усім сьвеце. Царкоўнае жыцьцё ва усёй сваёй поўнасьці павінна будавацца ў адпаведнасьці зь ідэалам Хрыста і новазапаветным вучэньнем. Для Царквы мала і недастаткова асобна узятых нейкіх аскетычных, літургічных, культурных і побытавых хрысьціянскіх ідэалаў. Так і увесь атачаючы нас сучасны сьвет не можа жыць выключна свабодай ці выключна культурным альбо матэрыяльным багацьцем.
Паколькі сама прырода чалавека духоўная, злучана з Богам і натуральным чынам зьвернутая да адзінства усіх людзей, тое парушэньне гэтых асноў чалавечага быцьця, нават у імя уласнага дабра, абавязкова вядзе да згубы.

Даклад быў прачытаны кіраўніком Польскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы 25 кастрычніка 2004 года на адкрыцьці праходзячых у Беластоку Чытаньняў па праваслаўнай культуры.
Пераклад на беларускую мову – “Беларуская Аўтакефалія”

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.