Saturday, June 5, 2010

АКАФIСТ ЗВЫШГОДНАЙ МАЦI НАШАЕ ЕЎФРАСIНЬНI ПОЛАЦКАЕ

КАНДАК 1

Абраную Хрыстову нявесту сьпевамі сёньня ўзьнясем у славе, праваслаўныя, Еўфрасіньню Полацкую; княжна гэтая палац бацькоўскі пакінула і ў манастве жывучы шматлікіх скіравала да ўратаваньня; у сьветлым градзе Ерусаліме плоцьцю памершы, на нёябёса да Хрыста пайшла і побач з пасадам Госпада малітвы за нас, грэшных, узносіць. У Ерусаліме была ўслаўлена як дабраслаўлёная. Мошчы яе сьвятыя ў Кіеў пранесеныя і ад няверных язычнікаў уратаваныя, у Пячорах Кіеўскіх пахаваныя побач з айцамі сьвятымі Кіева—Пячорскімі.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

ІКАС 1

Анёльскі пажыўшы, звышгодная, манаскім жыцьцём пераймала Хрысту і нябёснай радасьці ўдастоілася прычасьціцца па сканачаньні жыцьця зямнога, і зараз з нябёсаў глядзіш як цябе славяць:

Радуйся, Беларускай зямлі Слава; радуйся, славы рода Рагвалодава спадкаемца.

Радуйся, сьвятой Рагнеды—Анастасіі спраў пераемніца; радуйся, княжых бацькоў дзіця богаабранае.

Радуйся, Кіеўскай Царквы слава нязгасна; радуйся, дзева чыстая.

Радуйся, манашкам супакаеньня; радуйся, да Ерусаліму нябеснага кіроўца.

Радуйся, абаронца ўсіх да цябе клічучых; радуйся, хвароб лекар нябачны.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 2

Знак быў радасны, калі пасьля нараджэньня прынесьлі табе, услаўленая, бацькі твае ў хорам Госпада: там у купелі хрысьцільнай ад першароднага грэху адмылася праз пагружэньне і мірам сьвятым памазаўшы цябе, сьвятар прывёў цябе да Хрыста, і бачыў абраньне Тваё да служэньня анёльскага: Алілуя.

ІКАС 2

Розумам, з нябёсаў асьвячоным і з чыстым сэрцам, ты ад юнацтва ахвяравала сябе Хрысту. У храм сьвяты прыйшоўшы і ў працах богахвальных увесь час перабывала. Славім цябе:

Радуйся, Хрыста нявеста ад хрысьцільнае купелі; радуйся, мірам дабрадзейным памазаная.

Радуйся, Духа Сьвятога каўчэг прачысты; радуйся, гэтым прымудрая ў выратаваньні.

Радуйся, да дабра з нябёсаў закліканая; радуйся, розум прасьвяціўшая малітвай.

Радуйся, у дабрыні сумленьне моцнае трымаючая; радуйся, ад юнацтва ішоўшая па шляху добрагодансьці.

Радуйся, сышоўшая з шляху згубнага; радуйся, працалюбчая юначка.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 3

Узьмоцьненая сілай Ўсявышняга, палюбіла ты, звышгодная, навуку кніжную і належна вучылася; мудрасьць кніжную даведаўшыся, перавагу прад іншымі — боскім кнігам аддала, што да мудрасьці выратаваньня прыводзяць усялякага чалавека, рупліва чытала кнігі боскія, сьпяваючы Госпаду: Алілуя!

ІКАС 3

У манастыр твой прыходзілі шматлікія, прыходзілі за праваслаўным вучэньнем кніжным і атрымлівалі. За гэта молімся табе, усяхвальная, пабач гэта і адукуй ў мудрасьці ўратаваньня цябе славячых:

Радуйся, ключ мудрасьці адшукаўшая; радуйся, бо мастацтва кніжнае пазнала ад юнацтва.

Радуйся, гэтым адчыніўшая браму богапазнаньня; радуйся, шануючая Сьвятое Пісаньня.

Радуйся, пабачыўшая ад гэтага сьвету ўтварэньне; радуйся, замілаваная Хрыстовай любоўю да грахоўнага роду чалавечага.

Радуйся, палюбіўшая, палюбіўшага нас Госпада; радуйся, Яму Адзінану сябе ахвяраваўшая.

Радуйся, у палац Славы Госпада ўзятая; радуйся, дзяўчына, маладым дзяўчатам нябачная ў навуцы дапаможніца.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 4

Ад сьвецкай славы ўцякла ты, звышгодная, і адмовіўшыся ад шлюбу з жаніхамі паважнымі, пажадала дзеля адзінага Жаніха Нябеснага Хрыста жыць і працаваць, сьпяваючы Яму: Алілуя.

ІКАС 4

Чула ты, звышгодная, як Апостал кажа: бясшлюбным і ўдовам – дабро ім ёсьць, калі будуць як і зараз, бо тым дагаджаюць Госпаду; і тым добра праславілася. Тым жа цябе ўзьвялічваем:

Радуйся, дзявоцтва чыстае; радуйся, шлях жыцьця манаскага абраўшая.

Радуйся, лёс дзявоцтва прыняўшая і прыняць здолеўшая Дабро Боскае; радуйся, сьвецкага тлуму пазьбегнуўшая.

Радуйся, Марыі Лазаравай спадкаемца; радуйся, ў хораме да ног Госпада прыпадаючая.

Радуйся, бо да ліку пакутніц і сьвятых жанчын далучылася; радуйся, адкінуўшая спакусы сусьвету тленнага.

Радуйся, незьлічонымі дабротамі ў нябесным хораме Госпада прычасьціўшаяся; радуйся, праведнага жыцьця ўзор.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 5

Бога праведнага пазнаўшы, ня спалохалася ты, Еўфрасіньня, цяжкасьцей жыцьця манаскага і дом бацькоўскі пакінуўшы да манастыра прыйшла ды сьлёзна прасіла ігуменьню аб пострыгу. Сусьвет грэшны адкінула і вобраз анёльскі прыняла, каб спадобіцца сьпяваць Хрысту: Алілуя.

ІКАС 5

Лекара Нябеснага маліла ты, усяхвальная, каб скарбуту бацькоў тваіх, што ўходам тваім утворана, на радасьць ператварыў, бо Хрысту служачы, за нарадзіўшых цябе малілася. За гэта хвалім цябе годна:

Радуйся, абраная Богам; радуйся, таемна з бацькоўскага дому сышоўшая.

Радуйся, у манастыр усё чуўшай княгіні Раманаўны; радуйся, усклаўшая руку на арала спраў духоўных.

Радуйся, шлюбны вянец адкінуўшая; радуйся, галаву пакрыўшая клабукам любові.

Радуйся, замест вопраткі шлюбнай, вопратку схімы абраўшая; радуйся, манаства прыняўшая і словам Боскім як мячом непераможным ўзброіўшыся.

Радуйся, крыж Хрыстовы як сьцяг веры прыняўшая; радуйся, не пакінуў цябе Гасподзь у веры.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 6

Апостала Паўла казаньне пазнаўшая: усялякі прыняўшы ад усіх утрымаецца, у послуху і посьце няспынна жыла ты, звышгодная, у манастыры Полацкім. Сьпевамі псальмаўскімі малілася ты ў добрым выбары ўмацаваная, няспынна славіла Госпада: Алілуя.

ІКАС 6

Узьмацьнілася ты, звышгодная Еўфрасіньня, і сышла дабрыня на табе. Перасялілася ты ў кельлю сабору сьвятой Сафіі Полацкай, у працы няспыннай знаходзячыся, кнігі сьвятыя перакладала і перапісвала. Княства слаўнае Полацкае вучэньнем карысным напаўняла і чула ад усіх:

Радуйся, Полацкая слава; радуйся, дзевам зьзяньня.

Радуйся, зорка добрагоднасьці; радуйся, пакорай напоўненая.

Радуйся, у послуху зацьверджаная; радуйся, з пакорай скарбуту цярпела.

Радуйся, пры храме жыўшая, як у старажытнасьці Богаюначка жыла; радуйся, княжна мудрая і манашка прачыстая.

Радуйся, кветка посту; радуйся, сьвет пакоры манаскай.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 7

Хоць шматлікія дзевы і жонкі былі выратаваныя табой у манастве, Уладыка Хрыстос даў табе вядзеньне: Пабачыла ты, звышгодная Еўфрасіньня, сябе перанесенаю да царквы Спаса ў Сяльцы ды Анёла, што мовіў: “Тут табе быць загадана!” Ты ж, ад сну паўстаўшы, узрадаваўшыся сьпявала: Алілуя.

ІКАС 7

Адбыўся новы цуд: той жа Анёл зьявіўся да сьвяціцеля Ільлі, загадаў яму аддаць Сяльцо на жыцьцё звышгоднай Еўфрасіньні і на царкву, і на малітву. І гэтак зрабіў сьвяціцель. Памятаем усё гэта і цябе славім:

Радуйся, анёльскі жыўшая; радуйся, Анёла Гасподняга пабачыўшая.

Радуйся, салодкай размовы яго прычасьніца; радуйся, бо Ён і прад сьвяціцелям аб табе хадатайнічаў.

Радуйся, Анёлам на ўсіх тваіх шляхах абароненая; радуйся, пакровам крылаў яго агароджаная.

Радуйся, бо спатыкнулася аб камень гонару; радуйся, бачаньня знака анёльскага удастоіўшыся.

Радуйся, да цябе зьявіўся той, хто бачыць твар Айца нашага Нябеснага; радуйся, не гнявіўшая ахоўніка нічым сьвецкім ды грэшным.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 8

Вандроўнік, прытулак пабачыўшы, радуецца і, прыйшоўшы, супакой там прымае. І ты, звышгодная, з радасьцю выканала ўсё, пры царкве ў Сяльцы жыць пачала з адною манахіняй. Заснавала манастыр і пачалі ўзносіцца з яе сьпевы вялікія Богу: Алілуя.

ІКАС 8

Усё бачыць Гасподзь, нічога таемным не застанецца. Абярае кожны шлях жыцьця і па жыцьцю кожнага судзіць Гасподзь. Памянуўшы гэта, цябе хвалім:

Радуйся, дабрадзейны цяжар Гасподні падняўшая; радуйся, па голасу анёльскаму ў пустыню сышоўшая.

Радуйся, толькі кнігі сьвятыя з сабою прынесшая; радуйся, у адзінай вопратцы перабываўшая.

Радуйся, з трыма малымі хлябамі пакінутая; радуйся, якая і манастыр слаўны тут пабудавала.

Радуйся, пустыні ўпрыгожаньне; радуйся, бо і родзічамі на подзьвіг гэты дабраслаўлёна была.

Радуйся, уладыкам Ільлёй супакоеная; радуйся, бо хутка да цябе шматлікія манахіні сышліся.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 9

Усяміласьцявага Спаса хорам у манастыры звышгодная збудавала, сьвятымі абразамі ўпрыгожыла яго. І так дагаджала ты дабрыні Боскай, што чутны былі ў тым храме галасы анёльскія і цуды шматлікія адбываліся. Бачыўшы ўсё гэта з замілаваньнем сьпявала ты: Алілуя.

ІКАС 9

Прамудрай была ты, звышгодная, памятала словы Хрыстова, што калі навучыць каго запаветам Яго і ўспрыме той навуку гэту – будзе прыняты ў Царства Нябеснае, і, навучаючы дабрагоднасьці сёстраў сваіх, паклікала іх да служэньня Госпаду. Таму цябе велічаем:

Радуйся, манашкам статут жыцьця манаскага; радуйся, каноны сьвятыя шанаваўшая.

Радуйся, скарбутным дапамога ў цярпеньні; радуйся, бо была ўсім вобразам пакоры і добрапрыгожага шляху.

Радуйся, выкрывальніца асуджэньня і шматслоўя; радуйся, сяброўка падарунку асьветніцтва сэрцаў.

Радуйся, мудрая дарадца пытаючых; радуйся, міратворца ваюючых.

Радуйся, дабрадзейным упрыгожаньне; радуйся, вялікая беларуская дзева.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 10

Дзеля народу свайго ўратаваньня і супакаеньня, Эфескую ікону Ўладаркі нашае Багародзіцы вымаліла ты з Царграда ў дабраслаўлённы град Полацак. манастры іншы ўтварыўшы, гэтай іконай упрыгожыла; ўласным прыкладам пакліканьне сястры і дзьвух дачок брата, Кірыяну і Вольгу разбудзіла. І заручыла з Хрыстом і ў манастырах сваіх кіруючымі паставіла. Дзеля ўратаваньня чалавечага працавалі яны і сьпявалі Госпаду: Алілуя.

ІКАС 10

Сьцяною моцнай ад спакусаў ёсьць пакора твая; усе загады зьдзейсьніўшы, лепш за золата і дыямэнтаў, пакораю і послухам упрыгожыла душу сваю. Тым жа цябе ўзьвялічваем:

Радуйся, слуга чыстая Дзевы Ўсячыстай; радуйся, упрыгожыўшая Полацак цудатворнай іконай Маці Боскай.

Радуйся, найкаштоўнішы скарб зямлі Беларускае; радуйся, пакліканьні манаскія абуджаючая.

Радуйся, людзей на шлях выратаваньня вядучая; радуйся, мудрая кіраўніца ў выратаваньні.

Радуйся, дзьва манастыра сьвятых, як зоркі запаліўшая; радуйся, асьветніца зямлі Полацкай.

Радуйся, садоўніца дрэва манаскага; радуйся, пакорай скрыўшая веліч сваіх подзьвігаў.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 11

Сьпевамі хвалім цябе, цярпеньню твайму дзівуемся, звышгодная, працы свае зрабіўшы і беды вытрымаўшы, скіравалася на сконе жыцьця свайго да Сьвятой Зямлі. Каб, калі пажадае Гасподзь, да яго там перасяліцца, подзьвіг манаства вытрымаўшы, з сьпевамі: Алілуя.

ІКАС 11

Сьветач зямлі Беларускае! Калі плоцьцю пакінула нас, звышгодная, духам з намі няспынна перабываеш. У хораме табой створаным, молімся да крыжа табой створанага, схіляемся, молімся табе: прымі ад нас шчырыя пахвалы:

Радуйся, Беларусі зьзяньня; радуйся, Царквы Кіеўскай слуп нерукатворны і непахісны.

Радуйся, слава Зямлі Сьвятой з поўначы прывандраваўшая; радуйся, труне Хрыстовай пакланіцца удастоіўшыся.

Радуйся, лямпаду ад зямлі Беларускае запаліўшая; радуйся, каля труны Хрыстовай да Хрыста адышоўшая.

Радуйся, у Крыжа Гасподняга жыцьцё зямное пакінуўшая; радуйся, сьвятыя таямніцы пры сконе прыняўшая.

Радуйся, сьвятымі на нябёсах радасна сустрэтая; радуйся, вянцом славы ад Нябеснага Жаніха ўвенчаная.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 12

Дабрыні прычасьніца, молімся да цябе, Еўфрасіньня ўсяхвальная, маліся да Ўсявышняга за зямлю Беларускую, за нашу праваслаўную Кіеўскую Царкву, за мудрасьць ды чысьціню жыцьця народнага. Як дачка абраная будзе зямля наша, і дзеці яе будуць заўсёды сьпяваць Богу: Алілуя.

ІКАС 12

Сьпяваем табе, абаронцы нашай перад Госпадам, манахіням манастыра твайго сьвятым пакровам і умацаваньнем, радуемся табе, звышгодная, малітвамі тваімі сагрэтыя, з любоўю узьвялічваем цябе:

Радуйся, мошчы твае сьвятыя ў айчыну прынесеныя, квітнеюць нятленнасьцю; радуйся, усехвальная, сьвятой Рагнеды—Анастасіі праўнучка.

Радуйся, роўнаапостальнай сьвятой Вольгі і ўсяго дабраслаўлёнага хору жанчын справядлівых суразмоўца; радуйся, у лік сьвятых прынятая.

Радуйся, нябачная наша заступніца; радуйся, хворых лекаваньне дзіўнае.

Радуйся, сумных суцяшэньне праведнае; радуйся, радасьць скарбутных.

Радуйся, апора да цябе заклікаючых; радуйся, абаронца наша няспынная прад Хрыстом.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 13

Маці наша, звышгодная Еўфрасіньня! Малі за нас Госпада і Маці Ягоную Ўсячыстую, няхай умацуе нас у веры, скіруе да выратаваньня, юнацтва ў чысьціні захавае, справядлівых умацуе ў подзьвігу, вылечыць захварэўшых, адшукае заблукаўшых, памёрлым прабачыць і ў палацы свае скіруе. Няхай адвечна Анёлы хвалебна сьпяваюць: Алілуя (тройчы)

ІКАС 1

Анёльскі пажыўшы, звышгодная, манаскім жыцьцём пераймала Хрысту і нябёснай радасьці ўдастоілася прычасьціцца па сканачаньні жыцьця зямнога, і зараз з нябёсаў глядзіш як цябе славяць:

Радуйся, Беларускай зямлі Слава; радуйся, славы рода Рагвалодава спадкаемца.

Радуйся, сьвятой Рагнеды—Анастасіі спраў пераемніца; радуйся, княжых бацькоў дзіця богаабранае.

Радуйся, Кіеўскай Царквы слава нязгасна; радуйся, дзева чыстая.

Радуйся, манашкам супакаеньня; радуйся, да Ерусаліму нябеснага кіроўца.

Радуйся, абаронца ўсіх да цябе клічучых; радуйся, хвароб лекар нябачны.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 1

Абраную Хрыстову нявесту сьпевамі сёньня ўзьнясем у славе, праваслаўныя, Еўфрасіньню Полацкую; княжна гэтая палац бацькоўскі пакінула і ў манастве жывучы шматлікіх скіравала да ўратаваньня; у сьветлым градзе Ерусаліме плоцьцю памершы, на нёябёса да Хрыста пайшла і побач з пасадам Госпада малітвы за нас, грэшных, узносіць. У Ерусаліме была ўслаўлена як дабраслаўлёная. Мошчы яе сьвятыя ў Кіеў пранесеныя і ад няверных язычнікаў уратаваныя, у Пячорах Кіеўскіх пахаваныя побач з айцамі сьвятымі Кіева—Пячорскімі.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

МАЛIТВА

О, сьвятая й слаўная апякунка й асьветніца Беларускага народу, маці наша Еўфрасіньня! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстраў тваіх, што з любоўю й надзеяй вочы душаў сваіх да цябе падымаюць. Ты ня асудзіла нас, што мы ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць у сьвятынях сваіх сьвятога імяні твайго. Бо мы ведаем, што гэта ты сьвятымі малітвамі сваймі выпрасіла нам ласку Збаўцы нашага, і мы цяпер у сьвятых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыядзінаму Богу й цябе, апякунцы нашай. Таму і ўдзячныя сэрцы нашы, поўныя любові й падзякі да цябе, у захапленьні сьпяваюць: Радуйся!

Прымі, заступніца нашая, гэтую малітву братоў і сёстраў тваіх, як нашу невымоўную падзяку, любоў і хвалу табе – надзея, слава й пацеха наша! Усе мы з радасьцю аддаём сябе пад сьвятую апеку тваю. Маліся й далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся вернымі і набожнымі, выбраным народам Ягоным! Каб ён Духам Сваім Сьвятым узьмацьняў і прасьвятляў душы і сэрцы нашых пастыраў і правадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сірот, а ўсім нам паслаў спакой і радасьць. Каб зрабілася вольнай зямелька наша і бот маскальскі прыпыніў таптаць яе. Каб усе разам там, на Беларусі, маглі славіць цябе і сьпяваць хвалу Яму, Збаўцу нашаму, ды цешыцца й радавацца ў валадарстве славы Ягонай на вякі вякоў. Амін.


СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦЬ СЬВЯТОЙ ЕЎФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ, АСЬВЕТНІЦЫ БЕЛАРУСІ

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу!

Дарагія браты і сёстры!

Сёньня мы ўшаноўваем памяць сьвятой Еўфрасіньні Полацкай, асьветніцы Беларусі. Але яна не толькі вялікая сьвятая беларускага народу. Ні да, ні пасьля яе ва ўсёй Кіеўскай Царкве не было сьвятой роўнай ёй. Невыпадкова нашая сьвятая маці была і застаецца адзінае сьвятой жанчынай, што спачывала ў пячорах Кіева – Пячорскае Лаўры. Як зорка на небе зьзяла сьв. Еўфрасіньня ў Праваслаўным сьвеце яшчэ пры жыцьці, бо нават у далёкім Ерусаліме, куды пілігрымкай вырушыла яна ў канцы свайго зямнога шляху, ведалі і шанавалі яе…

Які прыклад падае нам жыцьцё сьвятой Еўфрасіньні Полацкай? Яно добра вядома, але некаторыя моманты варта прыгадаць.

Дачка Полацкага князя, прыгожая і адукаваная… Яе чакала добрае і спакойнае жыцьцё князёўны і жонкі князя. Але пачуўшы Боскае пакліканьне, голас Выратавальніка нашага: “Адрачыся ад сябе і вазьмі крыж свой і ідзі за Мною” (Лк. 9:23) – пакінула багацьце бацькоўскага дому і сышла ў манастыр. Ні славу, ні багацьце, ні спакойнае жыцьцё абрала сьвята, а служэньне Госпаду нашаму Ісусу Хрысту. Бо нічога не было для яе вышэй гэтага служэньня…

Але варта ўзгадаць як сьвятая Еўфрасіньня служыла Госпаду. Для яе служэньне Госпаду было служэньнем свайму народу, сваёй зямлі. Самотніцай у кельлі пры Полацкім Сафійскім саборы яна перакладала і перапісвала богаслужбовыя кнігі, турбавалася аб асьвеце свайго народу… І калі Бог праз анёла Свайго паклікаў яе да яшчэ больш цяжкага служэньня – служэньня ігуменскага без ваганьняў пакінула Полацак і пайшла ў Сяльцо – засноўваць і будаваць манастыры і цэрквы. Менавіта засноўваць і будаваць… Бо і пакліканьня да манаства абуджала яна, і будаўнічай справай займалася. Паўсталі яе стараньнямі ў Полацкім княстве жаночы і мужчынскі манастыры, яшчэ гучней залунала над Сьвятой Беларусьсю малітва Госпаду; пачалася буйная асьветніцкая дзейнасьць…

Яе верная дачка зямлі Беларускай, сьв. Еўфрасіньня жадала бачыць Беларускую Царкву памеснай; каб Беларускае Праваслаўе заняло годнае месца сярод Цэркваў – Сёстраў. Менавіта на гэта былі скіраваны яе кантакты з Канстантынопалем і перамаўлялася яна не праз Маскву, якой тады яшчэ не існавала; не праз Кіеўскага мітрапаліта, а непасрэдна зносілася з Канстантынопальскім і Ерусалімскім патрыярхам. Такім чынам, сьв. Еўфрасіньня прагнула таго ж, чаго прагнем і мы – паўстаньня ў Беларусі памеснай Праваслаўнай Царквы. Значыцца – Царквы Аўтакефальнай. Як яшчэ адну духоўную адзнаку нашае незалежнасьці – свой крыж паклала яна на алтар Полацкай Сафіі. І ад таго часу зрабіўся гэты крыж найвялікай сьвятыняй беларускага народу.

А калі адчула сьв. Еўфрасіньня, што яе зямны шлях дабягае канца – найперш паклапацілася аб пераемніках сваёй сьвятой справы на зямлі Беларускай. І толькі пабачыўшы справу сваю ў надзейных руках, рашылася вырушыць у вялікую пілігрымку да Ерусаліма – пабачыць сьвятыя мясьціны зьвязаныя зь жыцьцём Выратавальніка. Па шляху наведала Кіеў, Канстантынопаль і паўсюды на сьвятых месцах малілася за свой народ, за Беларусь. Вясной 1173 г. сьв. Еўфрасіньня дасягнула Ерусаліму і асялілася ў манастыры пры царкве Ўсясьвятой Багародзіцы. Наведвала сьвятыя мясьціны, малілася… І калі анёл Госпада абвясьціў ёй аб надыходзе часу спачыну, паслала свайго брата на Ярдан за сьвятой вадой і акрапіла сябе. Сьвятая адышла да Госпада 23 траўня 1173 г. Павага праваслаўных да яе была настолькі вялікая, што яе пахавалі ў манастыры звышгоднага Фёдара, у царкоўным прытворы, – у гэтым манастыры хавалі жанчын, і там былі магілы: маці звыг. Савы і сьв. бяссрэбранікаў Касьмы і Дземьяна. Неўзабаве каля яе магілы пачалі адбывацца шматлікія цуды і яна была кананізаваная Ерусалімскай Царквой. Такім чынам, сьвятасьць Еўфрасіньні найперш выявілася ў месцы выратавальных пакут і сьмерці Госпада нашага Ісуса Хрыста…

У 1187 г., калі хрысьціяне пакідалі Ерусалім, як найвялікую каштоўнасьць, сьвятыя мошчы Еўфрасіньні былі вынесены зь акупаванага мусульманамі горада і пранесеныя ў пячоры Кіева–Пячорскага манастыра, а ў 1910 г., пасьля шматгадовых просьбаў беларускіх праваслаўных вернікаў – у Полацак. Дзе спачываюць і да сёньня асьвячаючы нашу зямлю. А на Нябёсах вялікая сьвятая беларускага народу ўзносіць свае малітвы да Госпада.

У нашай бацькаўшчыны – Беларусі цяжкая доля. Ад часоў сьв. Еўфрасіньні не аднойчы білі званы Полацкай Сафіі, уздымаючы нашых продкаў і кліча іх на барацьбу за волю і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны. І дабраслаўлёныя беларускім крыжам, сымбалем падараваным нам сьв. Еўфрасіньняй, крочылі беларускія праваслаўныя ваяры на Грунвальд і Воршу, ўздымаліся Слуцкія палкі, змагаліся беларускія партызаны супраць расейска-бальшавіцкае навалы… І сёньня, калі яшчэ хмары затуляюць неба над нашае Радзімай, калі яшчэ гінуць і працягваюць пакутаваць у вязьніцах лепшыя сыны і дачкі беларускага народу, малітвы нашых сьвятых дадуць нам сілы, мужнасьць, абароняць нас у сьвятой барацьбе за шчасьце нашага народу.

Дык давайце разам ўзьнясём малітвы сьвятой маці нашае Еўфрасіньні за беларускі народ, за яго шчасьце і вольную долю. Амін.


СЬВЯТАЯ ЕЎФРАСІНЬНЯ ПОЛАЦКАЯ, АСЬВЕТНІЦА БЕЛАРУСІ

23 траўня

Сьвятая Еўфрасіньня, у сьвеце – Прадслава, была дачкой полацкага князя Георгія Ўсялавіча. Ад дзяцінства яна палюбіла боскія кнігі і па іх навучылася скіроўваць свае думкі да Адзінага Бога, знаходзіцца ў страху Божым.

Калі ёй было 12 гадоў і яна даведалася, што бацькі жадаюць выдаць яе замуж, яна пайшла да сваёй родзічкі, ігуменьні Рамане, і пачала маліць яе, каб тая пастрыгла яе ў манахіні. Не адразу пагодзілася Рамана, бо баялася князя, але бачыўшы неадступнасьць Прадславы, пастрыгла яе і назвала Еўфрасіньня. Дазнаўшыся аб гэтым, яе бацькі прыйшлі ў манастыр і шмат плакалі над ёй. Але яна суцяшала іх, заклікаўшы радавацца разам зь ёй.

Застаўшыся ў манастыры, сьвятая пачала працаваць зь сёстрамі, прыслугоўваючы ім і ва ўсім ім скараючыся. Маючы пасьпяховасьць ў пакоры і іншых дабрадзеях, Еўфрасіньня, па дабраслаўленьню, Полацкага япіскапа Ільлі, асялілася ў каменнай кельлі царквы Сьвятой Сафіі ў перайманьне Самой Усясьвятой Багародзіце і пачала жыць ў малітве і пасьце. У вольны ад малітвы час яна перапісвала і перакладала богаслужбовыя кнігі, прадавала іх і раздавала грошы жабракам. Праз невялікі час да яе ў сьне зьявіўся анёл і прывёў Еўфрасіньню на месца, названае Сяльцом, што належала Полацкім япіскапам, і прамовіў ёй: “Належыць табе быць тут, таму што Бог праз цябе шматлікіх прывядзе да выратаваньня!”. Еўфрасіньня адказала: “Гатовае сэрца мае, Божа, гатовае сэрца мае!”. Тройчы зьяўляўся ёй анёл. Калі ж ён зьявіўся да япіскапа і апавясьціў яму волю Божу о том, каб на тым месьце быў дзявочы манастыр, япіскап ў прысутнасьці князёў і шматлікага народу перадаў гэтае месца ва ўладаньне Еўфрасіньні, і быў там пабудаваны дзявочы манастыр, і сышлося туды шмат дзеў. Сьвятая Еўфрасіньня была абрана ігуменьняй і пачала кіраваць імі, скіроўваючы да выратаваньня.

Кіравала яна і шматлікімі сьвецкімі, асабліва сям’ёй свайго брата Вячаслава. Яны ж пераймалі яе набожнаму жыцьцю. Яна ўзяла да сябе сваю малодшую сястру Градзіславу і пастрыгла яе зь імям Яўдакія. Потым да яе прыйшла стрэчная сястра Зьвяніслава, аддала ёй свае багацьця і пастрыглася зь імям Еўпраксія. Са сьлязамі малілася сьвятая, каб не загінула ніводная зь авечак яе статку, – аб гэтым сьведчыць захаваўшыся яе запавет сёстрам.

Калі звг. Еўфрасіньня будавала для свайго манастыра каменную царкву ў гонар Выратавальніка, не хапіла для яе цэглы. Сьвятая стала на малітву, і раніцай знайшлі печ поўную абпаленымі і ўжо гатовымі цэглінамі. Гэтай цэглай і скончылі пабудову царквы. Царква ў гонар Выратавальніка, што пабудавала звг. Еўфрасіньня, захавалася да нашых дзён; яна невялікая, зь вялікім слупам у сярэдзіне і зь адным купалам, а на харах былі кельлі самой звышгоднай і сястры яе Еўпраксіі. У часе пабудовы царквы, дойлід Ян неаднойчы, яшчэ да сьвітанку, чуў голас, прамаўляючы да яго: “Ян устань, ідзі і глядзі за пабудовай храму ў імя Выратавальніка!” Ян меркаваў, што Еўфрасіньня дасылае нейкага будзіць яго, але яна адказала яму: “Не я дасылаю будзіць цябе, але ты чуў голас, заклікаючы цябе да працы, і скарайся яму, бо гэта справа Боская!”

Грэцкі імпэратар Мануіл даслаў ёй для манастыра абраз Корсуньскай Боскай Маці – адзін з трох напісаных сьв. евангелістам Лукашам. Гэты абраз шмат год упрыгожваў храм у Полацку. Таксама, па загадзе сьвятой Еўфрасіньні, полацкі майстар Лазар зрабіў каштоўны крыж, што сёньня лічыцца хрысьціянскім сымбалям Беларусі.

Усё жыцьцё ў Еўфрасіньні было вялікае жаданьне скончыць сваё жыцьцё ў Сьвятой Зямлі. Дасягнуўшы пахілага веку, яна даручыла манастыр сваёй сястры Еўдакіі, а пляменьніц сваіх – дачок брата Вячэслава – Кірынію і Вольгу загадала пастрыгчы і надала ім імёны Агафія і Еўфімія, бо Гасподзь падаў ёй дабрыню бачыць схільных да духоўнага жыцьця. Сама ж узяла зь сабой свайго брата Давыда і стрэчную сястру – манахіню Еўпраксію і, разьвітаўшыся з родзічамі, сёстрамі манастыра свайго і народам Полацка, пайшла ў Сьвятую Зямлю. Прыбыўшы ў Канстанцінопаль, яна пакланілася ўсім ягоным сьвятыням, а імпэратар і патрыярх зь вялікім гонарам прынялі яе.

У Ерусаліме яна найперш пакланілася Труне Госпада і паставіла прад ёй залатое кадзіла, потым наведала Патрыярха і пакланілася іншым сьвятыням. Асялілася звг. Еўфрасіньня ў манастыры пры царкве Ўсясьвятой Багародзіцы. Наведаўшы Труну Госпада, яна малілася аб тым, каб ёй тут скончыць сваё зямное жыцьцё, і, павярнуўшыся ў манастыр, захварэла. Тады яна даслала свайго брата Давыда і Еўпракісію на Ярдан, дзе не пасьпела пабываць, за сьвятой вадой і акрапіла ёй сябе. І зьявіўся ёй анёл і абвясьціў ёй аб блізкай сьмерці і прыгатаваным ад Бога спакоі. Моцна ўзрадавалася яна, пазваўшы, што месца для яе пахаваньня ўжо прызначана ў манастыры звышгоднага Фёдара, у царкоўным прытворы, – у гэтым манастыры хавалі жанчын, і там былі магілы: маці звыг. Савы і сьв. бяссрэбранікаў Касьмы і Дземьяна. Праз два дні, пасьля прычасьця Сьвятых Таямніц, звг. Еўфрасіньня перадала сваю душу Богу. Гэта адбылося 23 траўня 1173 г.

У 1187 г., калі хрысьціяне пакідалі Ерусалім, сьвятыя мошчы звг. Еўфрасіньні былі пранесеныя ў пячоры Кіева-Пячорскага манастыра, а ў 1910 г. – у Полацак.

Трапары і кандакі звышгоднай Еўфрасіньні Полацкай.

Трапар. сьпеў 8: Прыкладам тваім, маці, Асьветніца Беларусі, можна ўратавацца, бо ты ўзяла крыж і пайшла за Хрыстом і прыкладна вучыла, як трэба грэбаваць целам, а ходацца за душу несьмяротную. Дзе-ля гэтага, дастойная Еўфрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая, твой дух будзе цешыцца разам зь анёламі.

Другі трапар, тон 4: Пераймаючы дванаццацігадоваму Хрысту, што прапаведаваў у Ерусалімскай сьвятыні, сьвятая Ефрасіньня, Ты пераймала прыкладу Ягонаму, пакінуўшы зямнога жаніха і славу чалавечую. Хрыста Бога палюбіла над усё, і Яму шлюб склала. Узяўшы крыж, і шляхам анёльскага жыцьця за Ім ішла, і многіх да Яго навяртала. У манастыры Хрыста Ратаўніка ў Сельцах, сабраўшы дзевы знатныя, прасьвятліла Дабравесьцем зямлю Полацкую, як сонцам раньняе вясны й тым жа сьвятлом веры ў Хрыста, асьвятліла Беларускі народ. Сьвятая й чэсная Ефрасіньня Вялікая, князёўна Полацкая слава табе.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Кандак, тон 2: Зь любасьцю да Госпада, дастойная, жаданьне супакою ты пагрэбавала, постам прасьвяціўшы душу сваю, моцных ворагаў пераадолела ты; але малітвамі тваімі ворагаў зухаватасьць зьнішч.

Другі кандак, тон 8: Выбраную Хрыстом дзеву чыстую, песьнямі ўславім верныя у сёньняшні дзень Ефрасіньню Вялікую, княжну Полацкую, бо яна прасьвятліла зямлю нашую і дабрадзейнасьцю, запаліўшы сьветач, лямпаду міра вечнага каля труны Хрыста Ратаўніка за наш народ. Узыйшоўшы ў горны Ерусалім духам, там жа не пакідаючы нас, моліш за нас Хрыста Богу, каб ўратавацца душам нашым.

Трэці кандак, тон 8: Выбраная Богам ад самага нараджэньня й паклікана да служэньня Яму ў стане анёльскім сьвята паслужыўшай Госпаду, і дастойна пражыўшы, і цяпер зь нябеснымі сіламі Госпада хваліць. I за нас грэшных прад Госпадам молішся; з радасьцю й любасьцю ўсклікаем: Радуйся, Ефрасіньня Полацкая, дзева Хрыстова ўсягодная


Thursday, June 3, 2010

ТЭРНОПАЛЬСКІ ЦУДАТВОРНЫ АБРАЗ БОЖАЙ МАЦІ

Гэты абраз знаходзіўся ў веруючай мяшчанскай сям’і Васіля Маркевіча, які жыў побач зь царквой Узьняцьця Годнага Крыжа, якая ўзвышаецца над тэрнопальскім возерам. Гэта ў ягоным доме у час Вялікага Посту 1730 года Боская Маці “Адзігітрыя”(у перакладзе з грэцкай мовы – “ахоўніца ў вандроўцы) пачала ліць сьлёзы. Уражаны дзівам Маркевіч апавясьціў аб гэтым сьвятару. Неўзабаве айцец са сьведкамі спраўдзілі праўдзівасьць цуду.

Да такога ж высноўку прыйшла і духоўная камісія, якую прыслаў Кіева–Галіцкі мітрапаліт Атанасій (Шептыцкі). У адмысловым дэкрэце адзначалася, што сьлёзы на іконе Божай Маці не ёсьць прыроднага паходжаньня. Мітрапаліт Атанасій агаласіў абраз цудатворным.

15 ліпеня 1730 года абраз велічнае крыжовай хадой перанесьлі зь дому Маркевіча ў царкву Ўзьняцьця Годнага Крыжа.

Шматлікія падарункі, зьмешчаныя поруч зь іконай, і цяпер сьведчаць аб цудоўных вылячэньнях, якія адбываліся пры пасрэдніцтве цудатворнага абраза. У храме над возерам абраз захоўваўся аж да Першай сусьветнай вайны, у гады вайсковага разбурэньня яе дзеля бясьпекі перанесьлі з тагачаснай аколіцы ў цэнтар – у парафіяльную царкву Нараджэньня Хрыстовага. Пасьля вайны сьвятар гэтае царквы, айцец Уладзімір Грамніцкі, павярнуўшыся з расейскага палону, у знак падзякі, упрыгожыў абраз срэбнае рызай.

У гады Другой сусьветнае вайны, лічаць летнія тэрнапаляне, менавіта яна, Тэрнопальская цудатворная ікона, выратавала ад руйнаваньня ўпрыгожаньне і сьвятыню горада – старажытную царкву, у якой захоўвалася. І сапраўды, цяжка зразумець, як ацалела царква Нараджэньня Хрыстовага, бо ў красавіку 1944 года, пасьля трывалых баёў за Тэрнопаль, усе будынкі навакольных вуліц уяўлялі сабой суцэльныя руіны.

І ў нашы часы цудатворны абраз Божай Маці зьвяртаецца да сэрцаў веруючых. Вясной 1987 года дзьве жанчыны, якія маліліся ў храме, былі ўражаны пабачаным: Маці Боская зь дзіцяткам Ісусам на руках на якісь момант сышла зь іконы і паглядзела ім у вочы…

У жніўні 2007 года невядомыя злачынцы абрабавалі ноччу Тэрнопальскую царкву Нараджэньня Хрыстовага Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, скралі залатую і срэбную абробку Цудатворнае іконы Боскай Маці Тэрнопальскай, а таксама грошы, ахвяры парафіян, зь скарбніцы храму. Тады злодзеі патрапілі ў царкву праз вакно на другім паверсе, што знаходзіцца прыблізна на вышыні 3,5 м. Злодзеі зрабілі ў шкле іконы дзьве невялікіх дзіркі, праз якія выкралі золата і срэбра.

Храм Нараджэньня Хрыстовага зьяўляецца сёньня катэдральным саборам УАПЦ, а таксама помнікам архітэктуры XVII стагодзьдзя.

Тэрнопальская Цудатворная ікона Боскай Маці – адна зь найбольш аўтэнтычных сьвятынь украінскага праваслаўя.

http://uaoc.net/2010/06/02/ternopilska-ikona/

Tuesday, June 1, 2010

ШЛЯХ ДАДОМУ



Да 20-х угодак усталяваньня патрыярхату Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.


Тарас Дмытрык, магістар багаслоўя


5 – 6 чэрвеня 1990 года ў г. Кіеве адбыўся першы арганізацыйны Памесны сабор Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, які меў вялікі ўплыў на далейшую гісторыю ўкраінскага праваслаўя. Сярод важных саборных рашэньняў было ўсталяваньне патрыярхальнага ладу. Зьдзейсьніліся векавая прага праваслаўных украінцаў мець сваю памесную аўтакефальную Царкву, што кіруецца ўласным Патрыярхам.


Першыя спробы атрымаць царкоўную незалежнасьць зьдзяйсьняліся у час уладарства кіеўскага князя Яраслава Мудрага ў 1051 годзе, калі на катэдру кіеўскіх мітрапалітаў быў абраны і высьвечаны мітрапаліт Іларыён. Хоць ягонае праўленьне было кароткім і Кіеўская мітраполія павярнулася ў юрысдыкцыю Сусьветнае Канстантынопальскае Патрыярхіі, гэты прэцэдэнт у царкоўнае гісторыі ніколі не быў забыты ўкраінцамі.


Паўторна да пытаньня царкоўнае незалежнасьці і патрыярхальнага ладу сваёй Царквы ўкраінцы павярнуліся пасьля Берасьцейскае ўніі, у час праўленьня Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы. Сьвяціцель Пятро Магіла меў на мэце зьяднаць разьяднаных паміж Рымам і Канстантынопалем русінаў (беларусаў і ўкраінцаў) у адзіным Кіеўскім Патрыярхаце, які, знаходзячыся ў еўхарыстычнае еднасьці з Рымам і Канстантынопалем, меў бы аўтакефальны статус. Аднак Рымская курыя не прымала ўсходняй эклезіялёгіі адносна Пэнтархіі, ні аўтакефаліі Памесных Цэркваў; праваслаўны бок з падазрэньнем ставіўся да любых кантактаў свайго мітрапаліта з Рымам і ўніяцкай герархіяй, таму ідэя яднаньня “Русі з Русьсю” не зьдзейсьнілася.


Першая кананічна прызнаная аўтакефальная Праваслаўная Царква на тэрыторыі сучаснае Ўкраіны ўтварылася на Букавіне. Букавінская япархія, якая ад 1783 года знаходзілася ў складзе Сэрбскай Карлавацкай Патрыярхіі, праз амаль сто гадоў у 1873 годзе атрымала незалежнасьць і статус мітраполіі. Аўтакефальная Букавінска–Далмацкая праваслаўная мітраполія складалася з трох япархій: Чарнавецка–Букавінскае, Далмацка–Устрыцкае і Бока–Каторскае. Першым Букавінскім мітрапалітам быў украінец Яўген Гакмак. Да ягонай юрысдыкцыі прыналежалі таксама праваслаўныя парафіі Галічыны, у прыватнасьці парафія сьв. Георгія Пераможца ў Львові (якая на вуліцы Караленка, дзе ў свой час настаяцелем быў а. Рыгор Варабкевіч, а намесьнікам тытару – Міхайла Грушэўскі, будучы прэзыдэнт Украінскае Народнае Рэспублікі). Пасьля распаду Аўстра–Угорскае імпэрыі і акупацыі Букавіны Румыніяй у сьнежні 1918 г., Букавінская мітраполія згубіла свой аўтакефальны статус і была далучана да Румынскае Царквы.


Пасьля першай сьветавой вайны і распаду Расейскае і Аўстра–Угорскае імпэрый у межах Польскае дзяржавы апынулася некалькі мільёнаў укараінцаў, зь іх больш з мільёны Праваслаўных, што складала каля 70% вернікаў Праваслаўнай Царквы ў Польшчы, якая ў 1924 годзе атрымала ад Канстантынопальскай Царквы–Маці аўтакефалію. Хоць катэдра Галавы знаходзілася па-за ўкраінскімі этнічнымі землямі ў сталіцы Польшчы – Варшаве, да афіцыйнага тытулу Варшаўскага мітрапаліта ўваходзіў таксама тытул сьвятаархімандрыта Сьвята–Усьпенскае Пачаеўскае Лаўры. Праваслаўныя ўкраінцы ў Польшчы атрымалі сатысфакцыю, бо ў патрыяршым Томасі аб наданьні аўтакефаліі сярод іншага ішлося аб некананічнасьці далучэньня Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага Патрыярхату. Праваслаўныя ж парафіі Галічыны былі адабраныя польскай уладай ад Чарнавецкага мітрапаліта і ў 1924 г. перададзены Варшаўскае мітраполіі. Ад гэтага часу Сьвята–Георгіеўская парафія ў Львове знаходзілася ва ўладаньні расійскіх белаэмігрантаў, якія ўцякалі ад бальшавіцкага рэжыму; праз гэта парафія набыла выразна расейскі выгляд. Такое становішча задавальняла грэка–каталіцкіх герархаў, якія мелі на мэце перацягваць праваслаўных украінцаў Валыні і Падляшша ў каталіцтва.


Агульнаўкраінскі Праваслаўны царкоўны сабор, што сабраўся ў Кіеве 14–30 кастрычніка 1921 г. абвясьціў аўтакефалію Ўкраінскае Праваслаўнае Царквы, кіруемую мітрапалітам Кіеўскім і ўсёй Украіны. Нягледзячы на кананічныя праблемы з рукапакладаньнем уласнага япіскапату, УАПЦ здабыла ва ўкраінскім грамадзтве аўтарытэт і вызнаньне. У ліку дэлегатаў першага Сабору ЎАПЦ было 64 сьвятара, 18 дыяканаў, а сярод сьвецкіх – акадэмік Сяргей Яфрэмаў, праф. Уладзімір Чехаўскі і іншыя. УАПЦ фармацыі 1921 г. дала Ўкраіне вядомых багасловаў, кампазытараў, пісьменьнікаў. Аднак яна была зьнішчана фізычна – мітрапаліта Васіля Ліпкіўскага растрэлялі, ягоны пераемнік мітрапаліт Мікола Барэцкі быў зьняволены ў Яраслаўлі, потым у Салавецкім лягеры, а ў 1935 г. яго зьняволілі ў псыхіятрычным шпіталі Ленінграда, дзе ён і памёр. Арышты і вязьніцы чакалі ўсіх япіскапаў і сьвятароў УАПЦ. У 1936 годзе ў СССР ужо не існавала ніводнай дзеючай парафіі УАПЦ.


Кароткі час адраджэньня ЎАПЦ ва ўмовах нямецкае акупацыі меў істотныя наступствы для далейшага разьвіцьця ўкраінскага праваслаўя. Япіскапы Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы Палікарп Сікорскі, Аляксандр Іназемцаў і Рыгор Кареністаў па дабраслаўленьню Варшаўскага мітрапаліта Дыяніса Валедзінскага ў 1942 годзе высьвецілі новых уладык дзеля адраджэньня Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Сярод новавысьвечаных архірэяў УАПЦ быў япіскап Пераслаўскі Мсьціслаў (Сцяпан Скрыпнік), пляменьнік Сымона Пятлюры, удзельнік украінскага вызваленчага руху 1918–1921 г.г., праваабаронца і дэпутат польскага сэйму ў міжваенны пэрыяд.


Уладыка Мсьціслаў сканцэнтраваў сваю дзейнасьць на аб’яднаньні ўсіх праваслаўных украінцаў у адзіную памесную Украінскую Аўтакефальную Праваслаўную Царквы: праводзіў перамовы зь лідэрам аўтанамістаў мітрапалітам Алексіям Грамадзьскім, зьяднаў зь УАПЦ Харкаўска–Палтаўскую япархію, якой кіраваў мітрапаліт Фіафіл Булдоўскі. Аднак ужо ў 1943 годзе ў Левабярэжную Ўкраіну павяртаецца савецкая ўлада, што азначала новае фізычнае зьнішчэньне сьвятарства ЎАПУ. Таму ўладыка Мсьціслаў, як і рэшта архірэяў УАПЦ, выехаў на Захад. Адзіны зь япіскапату ЎАПЦ, які праз значны век застаўся на Ўкраіне, – мітрапаліт Феафіл Булдоўскі – восеньню 1943 г. быў арыштаваны НКВД, а 20 студзеня 1944 г. памёр у вязьніцы.


Ужо на эміграцыі, на Эсьлігэнскам саборы ЎАПЦ, уладыка Мсьціслаў абвясьціў даклад: “Сучаснае становішча УАПЦ у эміграцыі і яго пэрспэктывы у будучым”. Зноў усю сваю царкоўную дзейнасьць уладыка Мсьціслаў скіраваў на яднаньне ўкраінскіх праваслаўных япархій дыяспары ў адно царкоўнае цела, на пэрспэктыву, што з падзеньнем савецкае імпэрыі ЎАПЦ павернецца на Ўкраіну, а дзеля гэтага будзе патрэбна і богаслужбовая літаратура, антымісы, царкоўныя рэчы. Ужо знаходзячыся ў Вініпэгу, у Канадзе, уладыка Мсьціслаў друкуе богаслужбовае Эвангельля, якім да сёньня карыстаецца шмат парафій УАПЦ на Ўкраіне.


Час паказаў, што ўладыка Мсьціслаў меў дар прадбачаньня: 19 жніўня 1989 г. да яго зьвярнулася львоўская парафія сьвв. апп. Пятра і Паўла, і аўтакефальны рух пашырыўся па ўсёй Украіне.


Першы арганізацыйны Памесны Сабор адроджанай УАПЦ праходзіў яшчэ у час існаваньня Савецкага Саюзу і пад кантролем КГБ, без удзелу ў ім мітрапаліта Мсьціслава. Пляменьнік Сымона Пятлюры быў у чорным сьпісе асобаў, якім уезд у СССР катэгарычна забараняўся. Гэтай забаронай савецкі ўрад намагаўся перашкодзіць абраньню мітрапаліта Мсьціслава Патрыярхам УАПЦ. На ўплывовых дэлегатаў Сабору КГБ чыніла ціск, дамагаючыся абраньня Галавой УАПЦ мітрапаліта Іаана Бандарчука. Але на Саборы, скарыстаўшыся кароткай адсутнасьцю ўладыкі Іаана Бандарчука, які кіраваў ходам Сабору, а.Уладзімір Ярэма падняўся на трыбуну і запрапанаваў абраць першым Патрыярхам Кіеўскім і ўсёй Украіны мітрапаліта Мсьціслава Скрыпніка. Так, упершыню ва ўкраінскае царкоўнае гісторыі главе Праваслаўнае Царквы надалі тытул Патрыярха.


Вернікі ЎАПЦ працягвалі дамагацца дазволу на ўезд у СССР Патрыярха Мсьціслава. Рашэньне прымалася на найвышэйшым узроўні асабіста Міхаілам Гарбачовым пад асабістую адказнасьць Юрыя Сарочыка, былога воіна–афганца, народнага дэпутата СССР. 20 жніўня 92-х гадовы Патрыярх Мсьціслаў Скрыпнік праз амаль 50 гадоў выгнаньня павярнуўся на Ўкраіну. У Кіеве ўладыку віталі тысячы вернікаў зь усёй Украіны, сьвятарства і япіскапат. Трыўмфальны ўезд Патрыярха Мсьціслава ў Сафію Кіеўскую не на жарт напужаў Маскоўскі Патрыярхат і ўжо праз тыдзень адбыўся заплянаваны прыезд у Кіеў Патрыярха Алексія ІІ дзеля дараваньня самастойнасьці Ўкраінскаму экзархату РПЦ, што суправаджалася масавымі пікетамі дэмакратычных сіл.


Уладыка Мсьціслаў не адразу згадзіўся зь сваім абраньнем на Патрыяршы пасад. Зьяўляючыся адказным царкоўным герархам, разумеў, што абвяшчэньне Патрыярхату ўскладніць усталяваньне адносін зь Сусьветнае Патрыярхіяй і іншымі памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі. Аб кананічным вызнаньні ўладыка Мсьціслаў любіў казаць: “Найперш вызнаем самі сябе”. Пазнаёміўшыся з тагачаснымі ўкраінскімі рэаліямі і ўзважыўшы ўсе за і супраць, Патрыярх Мсьціслаў вызнаў і падпісаў ўсе рашэньні І Памеснага Сабору ЎАПЦ. 18 лістапада 1990 года ў Сафійскім саборы Кіева адбылася гістарычная інтранізацыя першага Патрыярха Кіеўскага і ўсёй Украіны Мсьціслава. Так праваслаўныя ўкраінцы ўшанавалі тысячагадовую гісторыю сваёй Царквы, аднавіўшы справядлівасьць і намагаючыся аднавіць перарваныя зьвязкі зь Царквой–Маці – Канстантынопальскім Патрыярхатам. Далейшы ход падзеяў засьведчыў, што ніводная цяпер існуючая на Ўкраіне Царква альбо рэлігійная арганізацыя не зазнала столькі прасьледаваньняў і прыніжэньняў, якія выпалі на долю Ўкраінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ўжо ў часы незалежнае Ўкраіны. Патрыярха Мсьціслава не пускалі на Ўкраіну, не надавалі памяшканьня. УАПЦ пазбаўлялі дзяржаўнае рэгістрацыі, да япіскапату падсылалі таемных агентаў дзеля разбурэньня Царквы зь сярэдзіны. Сёньня УАПЦ зноў на шляху дадому, да свайго Патрыярхату. Туды вядзе адзіны шлях – праз Канстантынопаль, бо там, на берагах Басфору, а не ў Маскве, наша Маці, яка дала нам найбольш каштоўнае – Сьвяты Хрост і Праваслаўную Верую







СХІЗМА РЫМА-КАТАЛІЦКАЕ ЦАРКВЫ: НОВЫЯ ДОГМАТЫ

Тальберг М.

Рымская царква і ў найноўшыя часы не адмовілася ад свайго звычаю рабіць новаўвядзеньні ў хрысьціянскім веравучэньні, якія не апраўдваюцца ні сьв. Пісаньнем, ні сьв. Паданьнем Сусьветнай Царквы. Так, у апошнія дзесяцігодзьдзі ёю адвольна усталяваныя два новых догматы аб бязгрэшным зачацьці Усясьвятой Дзевы і аб бязгрэшнасьці папы.

Думка аб бязгрэшным зачацьці Усясьвятой Дзевы, г.з. без першароднага граху, зьявілася ў Рымскай царкве яшчэ ў 12 стагодзьдзі і пад яе уплывам тады ж ў некаторых месцах быў усталяваны сьвята бязгрэшнага зачацьця. Але супраць гэтай думкі і супраць сьвята паўставалі шматлікія знакамітыя лацінскія багасловы, напрыклад Бярнард Клярвоскі (1153 г.), Тамаш Аквінскі (1274 г). і іншыя. Што датычыцца папаў, то яны спачатку не толькі не дапускалі вучэньня аб бязгрэшным зачацьці, але і само сьвята для услаўленьня гэтага цуду усталявалі ў Рыме толькі ў другой палове 15-га стагодзьдзя. Трыдэнтыскі сабор, калі зайшла мова аб гэтым вучэньні, у сваіх азначэньнях не жадаў назваць яго набожным вераваньнем, і не зрабіў ніякай новай пастановы па гэтаму пытаньню.

Да сярэдзіны 14 ст. гэтае вучэньне існавала ў Рымскай царкве як асабістае меркаваньне. Толькі пры папе Піе IX (1846-78) яно было узьнятае ў ступень агульнацаркоўнага догмату. Пій IX, граф Джьовані-Марыя Мастаі-Фэреці, нарадзіўся ў Сінігалье ў 1792 г., быў сябрам ордэна мінарытаў, нядоўга быў місіянэрам у Чылі, быў прызначаны кардыналам папай Рыгорам XVI. Пасьля сьмерці гэтага папы, на Мастаі-Фэреці сышліся абедзьве партыі кардыналаў рэтраградаў і лібэралаў, лічачы яго мяккім і згодлівым. Новы папа, які прыняў імя Пія IX, быўшы рэтраградам у царкоўным пытаньні, у пачатку свайго кіраваньня праводзіў, як кіраўнік сьвецкай улады, палітычны лібэралізм. Ён цалкам ухваліў плян ультрамантанскае групы сваёй уладай абвясьціць догматам вучэньне аб бязгрэшным зачацьці. Папа першым чынам разаслаў акруговае пасланьне да усіх япіскапаў, у якім выказваў свой погляд на гэтае вучэньне, як на догмат, даручыў ім выведаць, як паставяцца да гэтага ў грамадзтве. Затым, атрымаўшы на гэты конт заспакойлівыя весткі, ён запрасіў япіскапаў у Рым, але не для саборных разважаньняў, а для прысутнасьці пры урачыстым абвяшчэньні догмату, якое і адбылося 8 сьнежня 1854 г. Усталяваньнем гэтага догмату адной воляй Пія IX ужо прызнавалася бязгрэшнасьць папы.

У Рымскай царкве папа здаўна карыстаўся вярхоўным аўтарытэтам. У сярэднія вякі паўстала думку аб яго бязпамылковасьці і нават бязгрэшнасьці. Пры гэтым гэтак жа, як і пры зьяўленьні вучэньня аб бязгрэшным зачацьці Усясьвятой Дзевы, адны лацінскія багасловы гэтую думку прымалі, іншыя адпрэчвалі. Паміж іншым, у ліку дапускаючых бязгрэшнасьць папаў быў Тамаш Аквінскі. Самі папы глядзелі на гэтае пытаньне таксама па рознаму, лепшыя зь іх, як напрыклад, Адрыян VI (1521-23), сьцьвярджалі, што папа можа памыляцца нават у прадметах веры, распаўсюджваючы сваімі дэкрэтамі ерась. Трыдэнтыскі сабор не выпрацаваў рашэньні адносна бязгрэшнасьці пап, але езуіты ужо на саборы рашуча заяўлялі, што бязгрэшнасьць ёсьць прыналежнасьць папаў. У такім нявызначаным становішчы знаходзілася гэтае вучэньне да 19-га стагодзьдзя, г. з. яно было асабістым меркаваньнем, неабавязковым для вернікаў каталікоў. Але ў 19 стагодзьдзі езуіты і ультрамантанская партыя паставіла сваёй мэтай зрабіць гэтае вучэньне абавязковым догматам і такім чынам завяршыць сваё вучэньне аб папскай тэакратыі.

Папа Пій IX, акрамя таго, абвяшчэньнем сваёй бязгрэшнасьці спадзяваўся спыніць замахі на яго сьвецкую уладу. 29 чэрвеня 1863 г. папа булой Aeterni Patris склікаў на 8 сьнежня ў Ватыканскі палац сусьветны сабор, запрасіўшы усё хрысьціянства. Аб мэце скліканьня ў буле гаварылася толькі ў агульных выразах. Усё ж зьвесткі аб меркаваным догмаце пачалі пранікаць у царкоўныя колы, выклікаўшы хваляваньне. Германскія япіскапы ажыўлена абмяркоўвалі гэтае пытаньне на зборы ў Фульдзе.

8 сьнежня 1869 г. адкрыліся паседжаньні Ватыканскага сабору, зь удзелам 746 асоб. Большасьць зь самога пачаткі апынулася схільная на карысьць новага догмату. Папярэдне былі прынятыя меры, каб пытаньне аб бязгрэшнасьці прайшло добра. Так, перад скліканьнем сабору папа паставіў шматлікіх япіскапаў без месцаў, якія на саборных нарадах былі ў яго поўным распараджэньні. Было выклікана шмат італьянскіх і іспанскіх япіскапаў, цалкам адданых папе, паміж тым як прадстаўнікоў ад Нямеччыны, Францыі і Партугаліі, адкуль можна было чакаць апазыцыі, было запрошана параўнальна невялікая колькасьць. Да 300 япіскапаў папа узяўся утрымліваць за свой рахунак, разьлічваючы дзейнічаць на іх перакананьня субсыдыямі. Далей, саборныя нарады было прызначана весьці на адной лацінскай мове, на якой не усе япіскапы маглі вольна размаўляць, і прытым было загадана захоўваць іх у строгай таямніцы; нарэшце, запраўляць усім ходам саборных дзеяў былі прызначаныя япіскапы, на якіх папа мог цалкам пакласьціся.

Пасьля некалькіх нарад, якія не мелі ў сутнасьці ніякага значэньня, некаторыя япіскапы, па загадзе папы, склалі пэтыцыю да сабору аб сьцьвярджэньні догмату аб бязгрэшнасьці і сталі зьбіраць подпісы. Шмат падпісалася, але знайшлося шмат і такіх япіскапаў, якія зьвярнуліся да папы з фармальнай просьбай не дапушчаць, каб вучэньне аб бязгрэшнасьці было прапанавана на саборнае абмеркаваньне, уяўляючы суцэльныя грунтоўныя пярэчаньні супраць гэтага. Так, 15 ліпеня 1870 г. да Пія IX зьявілася дэпутацыя ад меншасьці і умольвала яго абраць прынамсі мякчэйшую форму для абвяшчэньня догмату; пры гэтым япіскап Кетляр прыпаў нават да ног папы. Але усё было дарма. 17-га ліпеня усе айцы, складаўшыя меншасьці, зьехалі з Рыму, пакінуўшы пратэст, у якім заяўлялі, што толькі з поўных глыбокай пашаны пачуцьцяў да сьв. айца яны не жадаюць сказаць “не” на публічным паседжаньні. Пасьля гэтага на паседжаньні 18 ліпеня дэкрэт аб бязгрэшнасьці папы быў прыняты большасьцю (533) галасоў супраць двух.

Дэкрэт абвяшчаў: “З ухвалы сьвятога сабору вучым і пастанаўляем мы, як Богам адкрыты нам догмат, што Рымскі папа, калі кажа ex cathedra, г.з. пры адпраўленьні сваіх абавязкаў пастыра і настаўніка усіх хрысьціян, і, на падставе звыш падараванай яму апостальскай улады, вызначае вучэньне, датычнае веры або нораваў і абавязковае для усёй царквы, то валодае, у сілу абяцанай яму ў асобе сьв. Пятра Боскай дапамогі, бязгрэшнасьцю, якую Боскі Збавіцель дараваў сваёй царкве. З прычыны гэтай пастановы Рымскага папы, па уласнай уласьцівай ім сіле і незалежна ад ухвалы царквы, не падлягаюць ніякім зьменам. Хто жа адважыцца, чаго Божа захавай, пярэчыць супраць гэтай нашай пастановы, той ды будзе адданы праклёну і адлучаны ад царквы”.