Saturday, June 5, 2010

АКАФIСТ ЗВЫШГОДНАЙ МАЦI НАШАЕ ЕЎФРАСIНЬНI ПОЛАЦКАЕ

КАНДАК 1

Абраную Хрыстову нявесту сьпевамі сёньня ўзьнясем у славе, праваслаўныя, Еўфрасіньню Полацкую; княжна гэтая палац бацькоўскі пакінула і ў манастве жывучы шматлікіх скіравала да ўратаваньня; у сьветлым градзе Ерусаліме плоцьцю памершы, на нёябёса да Хрыста пайшла і побач з пасадам Госпада малітвы за нас, грэшных, узносіць. У Ерусаліме была ўслаўлена як дабраслаўлёная. Мошчы яе сьвятыя ў Кіеў пранесеныя і ад няверных язычнікаў уратаваныя, у Пячорах Кіеўскіх пахаваныя побач з айцамі сьвятымі Кіева—Пячорскімі.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

ІКАС 1

Анёльскі пажыўшы, звышгодная, манаскім жыцьцём пераймала Хрысту і нябёснай радасьці ўдастоілася прычасьціцца па сканачаньні жыцьця зямнога, і зараз з нябёсаў глядзіш як цябе славяць:

Радуйся, Беларускай зямлі Слава; радуйся, славы рода Рагвалодава спадкаемца.

Радуйся, сьвятой Рагнеды—Анастасіі спраў пераемніца; радуйся, княжых бацькоў дзіця богаабранае.

Радуйся, Кіеўскай Царквы слава нязгасна; радуйся, дзева чыстая.

Радуйся, манашкам супакаеньня; радуйся, да Ерусаліму нябеснага кіроўца.

Радуйся, абаронца ўсіх да цябе клічучых; радуйся, хвароб лекар нябачны.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 2

Знак быў радасны, калі пасьля нараджэньня прынесьлі табе, услаўленая, бацькі твае ў хорам Госпада: там у купелі хрысьцільнай ад першароднага грэху адмылася праз пагружэньне і мірам сьвятым памазаўшы цябе, сьвятар прывёў цябе да Хрыста, і бачыў абраньне Тваё да служэньня анёльскага: Алілуя.

ІКАС 2

Розумам, з нябёсаў асьвячоным і з чыстым сэрцам, ты ад юнацтва ахвяравала сябе Хрысту. У храм сьвяты прыйшоўшы і ў працах богахвальных увесь час перабывала. Славім цябе:

Радуйся, Хрыста нявеста ад хрысьцільнае купелі; радуйся, мірам дабрадзейным памазаная.

Радуйся, Духа Сьвятога каўчэг прачысты; радуйся, гэтым прымудрая ў выратаваньні.

Радуйся, да дабра з нябёсаў закліканая; радуйся, розум прасьвяціўшая малітвай.

Радуйся, у дабрыні сумленьне моцнае трымаючая; радуйся, ад юнацтва ішоўшая па шляху добрагодансьці.

Радуйся, сышоўшая з шляху згубнага; радуйся, працалюбчая юначка.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 3

Узьмоцьненая сілай Ўсявышняга, палюбіла ты, звышгодная, навуку кніжную і належна вучылася; мудрасьць кніжную даведаўшыся, перавагу прад іншымі — боскім кнігам аддала, што да мудрасьці выратаваньня прыводзяць усялякага чалавека, рупліва чытала кнігі боскія, сьпяваючы Госпаду: Алілуя!

ІКАС 3

У манастыр твой прыходзілі шматлікія, прыходзілі за праваслаўным вучэньнем кніжным і атрымлівалі. За гэта молімся табе, усяхвальная, пабач гэта і адукуй ў мудрасьці ўратаваньня цябе славячых:

Радуйся, ключ мудрасьці адшукаўшая; радуйся, бо мастацтва кніжнае пазнала ад юнацтва.

Радуйся, гэтым адчыніўшая браму богапазнаньня; радуйся, шануючая Сьвятое Пісаньня.

Радуйся, пабачыўшая ад гэтага сьвету ўтварэньне; радуйся, замілаваная Хрыстовай любоўю да грахоўнага роду чалавечага.

Радуйся, палюбіўшая, палюбіўшага нас Госпада; радуйся, Яму Адзінану сябе ахвяраваўшая.

Радуйся, у палац Славы Госпада ўзятая; радуйся, дзяўчына, маладым дзяўчатам нябачная ў навуцы дапаможніца.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 4

Ад сьвецкай славы ўцякла ты, звышгодная, і адмовіўшыся ад шлюбу з жаніхамі паважнымі, пажадала дзеля адзінага Жаніха Нябеснага Хрыста жыць і працаваць, сьпяваючы Яму: Алілуя.

ІКАС 4

Чула ты, звышгодная, як Апостал кажа: бясшлюбным і ўдовам – дабро ім ёсьць, калі будуць як і зараз, бо тым дагаджаюць Госпаду; і тым добра праславілася. Тым жа цябе ўзьвялічваем:

Радуйся, дзявоцтва чыстае; радуйся, шлях жыцьця манаскага абраўшая.

Радуйся, лёс дзявоцтва прыняўшая і прыняць здолеўшая Дабро Боскае; радуйся, сьвецкага тлуму пазьбегнуўшая.

Радуйся, Марыі Лазаравай спадкаемца; радуйся, ў хораме да ног Госпада прыпадаючая.

Радуйся, бо да ліку пакутніц і сьвятых жанчын далучылася; радуйся, адкінуўшая спакусы сусьвету тленнага.

Радуйся, незьлічонымі дабротамі ў нябесным хораме Госпада прычасьціўшаяся; радуйся, праведнага жыцьця ўзор.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 5

Бога праведнага пазнаўшы, ня спалохалася ты, Еўфрасіньня, цяжкасьцей жыцьця манаскага і дом бацькоўскі пакінуўшы да манастыра прыйшла ды сьлёзна прасіла ігуменьню аб пострыгу. Сусьвет грэшны адкінула і вобраз анёльскі прыняла, каб спадобіцца сьпяваць Хрысту: Алілуя.

ІКАС 5

Лекара Нябеснага маліла ты, усяхвальная, каб скарбуту бацькоў тваіх, што ўходам тваім утворана, на радасьць ператварыў, бо Хрысту служачы, за нарадзіўшых цябе малілася. За гэта хвалім цябе годна:

Радуйся, абраная Богам; радуйся, таемна з бацькоўскага дому сышоўшая.

Радуйся, у манастыр усё чуўшай княгіні Раманаўны; радуйся, усклаўшая руку на арала спраў духоўных.

Радуйся, шлюбны вянец адкінуўшая; радуйся, галаву пакрыўшая клабукам любові.

Радуйся, замест вопраткі шлюбнай, вопратку схімы абраўшая; радуйся, манаства прыняўшая і словам Боскім як мячом непераможным ўзброіўшыся.

Радуйся, крыж Хрыстовы як сьцяг веры прыняўшая; радуйся, не пакінуў цябе Гасподзь у веры.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 6

Апостала Паўла казаньне пазнаўшая: усялякі прыняўшы ад усіх утрымаецца, у послуху і посьце няспынна жыла ты, звышгодная, у манастыры Полацкім. Сьпевамі псальмаўскімі малілася ты ў добрым выбары ўмацаваная, няспынна славіла Госпада: Алілуя.

ІКАС 6

Узьмацьнілася ты, звышгодная Еўфрасіньня, і сышла дабрыня на табе. Перасялілася ты ў кельлю сабору сьвятой Сафіі Полацкай, у працы няспыннай знаходзячыся, кнігі сьвятыя перакладала і перапісвала. Княства слаўнае Полацкае вучэньнем карысным напаўняла і чула ад усіх:

Радуйся, Полацкая слава; радуйся, дзевам зьзяньня.

Радуйся, зорка добрагоднасьці; радуйся, пакорай напоўненая.

Радуйся, у послуху зацьверджаная; радуйся, з пакорай скарбуту цярпела.

Радуйся, пры храме жыўшая, як у старажытнасьці Богаюначка жыла; радуйся, княжна мудрая і манашка прачыстая.

Радуйся, кветка посту; радуйся, сьвет пакоры манаскай.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 7

Хоць шматлікія дзевы і жонкі былі выратаваныя табой у манастве, Уладыка Хрыстос даў табе вядзеньне: Пабачыла ты, звышгодная Еўфрасіньня, сябе перанесенаю да царквы Спаса ў Сяльцы ды Анёла, што мовіў: “Тут табе быць загадана!” Ты ж, ад сну паўстаўшы, узрадаваўшыся сьпявала: Алілуя.

ІКАС 7

Адбыўся новы цуд: той жа Анёл зьявіўся да сьвяціцеля Ільлі, загадаў яму аддаць Сяльцо на жыцьцё звышгоднай Еўфрасіньні і на царкву, і на малітву. І гэтак зрабіў сьвяціцель. Памятаем усё гэта і цябе славім:

Радуйся, анёльскі жыўшая; радуйся, Анёла Гасподняга пабачыўшая.

Радуйся, салодкай размовы яго прычасьніца; радуйся, бо Ён і прад сьвяціцелям аб табе хадатайнічаў.

Радуйся, Анёлам на ўсіх тваіх шляхах абароненая; радуйся, пакровам крылаў яго агароджаная.

Радуйся, бо спатыкнулася аб камень гонару; радуйся, бачаньня знака анёльскага удастоіўшыся.

Радуйся, да цябе зьявіўся той, хто бачыць твар Айца нашага Нябеснага; радуйся, не гнявіўшая ахоўніка нічым сьвецкім ды грэшным.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 8

Вандроўнік, прытулак пабачыўшы, радуецца і, прыйшоўшы, супакой там прымае. І ты, звышгодная, з радасьцю выканала ўсё, пры царкве ў Сяльцы жыць пачала з адною манахіняй. Заснавала манастыр і пачалі ўзносіцца з яе сьпевы вялікія Богу: Алілуя.

ІКАС 8

Усё бачыць Гасподзь, нічога таемным не застанецца. Абярае кожны шлях жыцьця і па жыцьцю кожнага судзіць Гасподзь. Памянуўшы гэта, цябе хвалім:

Радуйся, дабрадзейны цяжар Гасподні падняўшая; радуйся, па голасу анёльскаму ў пустыню сышоўшая.

Радуйся, толькі кнігі сьвятыя з сабою прынесшая; радуйся, у адзінай вопратцы перабываўшая.

Радуйся, з трыма малымі хлябамі пакінутая; радуйся, якая і манастыр слаўны тут пабудавала.

Радуйся, пустыні ўпрыгожаньне; радуйся, бо і родзічамі на подзьвіг гэты дабраслаўлёна была.

Радуйся, уладыкам Ільлёй супакоеная; радуйся, бо хутка да цябе шматлікія манахіні сышліся.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 9

Усяміласьцявага Спаса хорам у манастыры звышгодная збудавала, сьвятымі абразамі ўпрыгожыла яго. І так дагаджала ты дабрыні Боскай, што чутны былі ў тым храме галасы анёльскія і цуды шматлікія адбываліся. Бачыўшы ўсё гэта з замілаваньнем сьпявала ты: Алілуя.

ІКАС 9

Прамудрай была ты, звышгодная, памятала словы Хрыстова, што калі навучыць каго запаветам Яго і ўспрыме той навуку гэту – будзе прыняты ў Царства Нябеснае, і, навучаючы дабрагоднасьці сёстраў сваіх, паклікала іх да служэньня Госпаду. Таму цябе велічаем:

Радуйся, манашкам статут жыцьця манаскага; радуйся, каноны сьвятыя шанаваўшая.

Радуйся, скарбутным дапамога ў цярпеньні; радуйся, бо была ўсім вобразам пакоры і добрапрыгожага шляху.

Радуйся, выкрывальніца асуджэньня і шматслоўя; радуйся, сяброўка падарунку асьветніцтва сэрцаў.

Радуйся, мудрая дарадца пытаючых; радуйся, міратворца ваюючых.

Радуйся, дабрадзейным упрыгожаньне; радуйся, вялікая беларуская дзева.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 10

Дзеля народу свайго ўратаваньня і супакаеньня, Эфескую ікону Ўладаркі нашае Багародзіцы вымаліла ты з Царграда ў дабраслаўлённы град Полацак. манастры іншы ўтварыўшы, гэтай іконай упрыгожыла; ўласным прыкладам пакліканьне сястры і дзьвух дачок брата, Кірыяну і Вольгу разбудзіла. І заручыла з Хрыстом і ў манастырах сваіх кіруючымі паставіла. Дзеля ўратаваньня чалавечага працавалі яны і сьпявалі Госпаду: Алілуя.

ІКАС 10

Сьцяною моцнай ад спакусаў ёсьць пакора твая; усе загады зьдзейсьніўшы, лепш за золата і дыямэнтаў, пакораю і послухам упрыгожыла душу сваю. Тым жа цябе ўзьвялічваем:

Радуйся, слуга чыстая Дзевы Ўсячыстай; радуйся, упрыгожыўшая Полацак цудатворнай іконай Маці Боскай.

Радуйся, найкаштоўнішы скарб зямлі Беларускае; радуйся, пакліканьні манаскія абуджаючая.

Радуйся, людзей на шлях выратаваньня вядучая; радуйся, мудрая кіраўніца ў выратаваньні.

Радуйся, дзьва манастыра сьвятых, як зоркі запаліўшая; радуйся, асьветніца зямлі Полацкай.

Радуйся, садоўніца дрэва манаскага; радуйся, пакорай скрыўшая веліч сваіх подзьвігаў.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 11

Сьпевамі хвалім цябе, цярпеньню твайму дзівуемся, звышгодная, працы свае зрабіўшы і беды вытрымаўшы, скіравалася на сконе жыцьця свайго да Сьвятой Зямлі. Каб, калі пажадае Гасподзь, да яго там перасяліцца, подзьвіг манаства вытрымаўшы, з сьпевамі: Алілуя.

ІКАС 11

Сьветач зямлі Беларускае! Калі плоцьцю пакінула нас, звышгодная, духам з намі няспынна перабываеш. У хораме табой створаным, молімся да крыжа табой створанага, схіляемся, молімся табе: прымі ад нас шчырыя пахвалы:

Радуйся, Беларусі зьзяньня; радуйся, Царквы Кіеўскай слуп нерукатворны і непахісны.

Радуйся, слава Зямлі Сьвятой з поўначы прывандраваўшая; радуйся, труне Хрыстовай пакланіцца удастоіўшыся.

Радуйся, лямпаду ад зямлі Беларускае запаліўшая; радуйся, каля труны Хрыстовай да Хрыста адышоўшая.

Радуйся, у Крыжа Гасподняга жыцьцё зямное пакінуўшая; радуйся, сьвятыя таямніцы пры сконе прыняўшая.

Радуйся, сьвятымі на нябёсах радасна сустрэтая; радуйся, вянцом славы ад Нябеснага Жаніха ўвенчаная.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 12

Дабрыні прычасьніца, молімся да цябе, Еўфрасіньня ўсяхвальная, маліся да Ўсявышняга за зямлю Беларускую, за нашу праваслаўную Кіеўскую Царкву, за мудрасьць ды чысьціню жыцьця народнага. Як дачка абраная будзе зямля наша, і дзеці яе будуць заўсёды сьпяваць Богу: Алілуя.

ІКАС 12

Сьпяваем табе, абаронцы нашай перад Госпадам, манахіням манастыра твайго сьвятым пакровам і умацаваньнем, радуемся табе, звышгодная, малітвамі тваімі сагрэтыя, з любоўю узьвялічваем цябе:

Радуйся, мошчы твае сьвятыя ў айчыну прынесеныя, квітнеюць нятленнасьцю; радуйся, усехвальная, сьвятой Рагнеды—Анастасіі праўнучка.

Радуйся, роўнаапостальнай сьвятой Вольгі і ўсяго дабраслаўлёнага хору жанчын справядлівых суразмоўца; радуйся, у лік сьвятых прынятая.

Радуйся, нябачная наша заступніца; радуйся, хворых лекаваньне дзіўнае.

Радуйся, сумных суцяшэньне праведнае; радуйся, радасьць скарбутных.

Радуйся, апора да цябе заклікаючых; радуйся, абаронца наша няспынная прад Хрыстом.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 13

Маці наша, звышгодная Еўфрасіньня! Малі за нас Госпада і Маці Ягоную Ўсячыстую, няхай умацуе нас у веры, скіруе да выратаваньня, юнацтва ў чысьціні захавае, справядлівых умацуе ў подзьвігу, вылечыць захварэўшых, адшукае заблукаўшых, памёрлым прабачыць і ў палацы свае скіруе. Няхай адвечна Анёлы хвалебна сьпяваюць: Алілуя (тройчы)

ІКАС 1

Анёльскі пажыўшы, звышгодная, манаскім жыцьцём пераймала Хрысту і нябёснай радасьці ўдастоілася прычасьціцца па сканачаньні жыцьця зямнога, і зараз з нябёсаў глядзіш як цябе славяць:

Радуйся, Беларускай зямлі Слава; радуйся, славы рода Рагвалодава спадкаемца.

Радуйся, сьвятой Рагнеды—Анастасіі спраў пераемніца; радуйся, княжых бацькоў дзіця богаабранае.

Радуйся, Кіеўскай Царквы слава нязгасна; радуйся, дзева чыстая.

Радуйся, манашкам супакаеньня; радуйся, да Ерусаліму нябеснага кіроўца.

Радуйся, абаронца ўсіх да цябе клічучых; радуйся, хвароб лекар нябачны.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

КАНДАК 1

Абраную Хрыстову нявесту сьпевамі сёньня ўзьнясем у славе, праваслаўныя, Еўфрасіньню Полацкую; княжна гэтая палац бацькоўскі пакінула і ў манастве жывучы шматлікіх скіравала да ўратаваньня; у сьветлым градзе Ерусаліме плоцьцю памершы, на нёябёса да Хрыста пайшла і побач з пасадам Госпада малітвы за нас, грэшных, узносіць. У Ерусаліме была ўслаўлена як дабраслаўлёная. Мошчы яе сьвятыя ў Кіеў пранесеныя і ад няверных язычнікаў уратаваныя, у Пячорах Кіеўскіх пахаваныя побач з айцамі сьвятымі Кіева—Пячорскімі.

Радуйся, Еўфрасіньня, нявеста Хрыстова дабраслаўлённая і ўсягодная!

МАЛIТВА

О, сьвятая й слаўная апякунка й асьветніца Беларускага народу, маці наша Еўфрасіньня! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстраў тваіх, што з любоўю й надзеяй вочы душаў сваіх да цябе падымаюць. Ты ня асудзіла нас, што мы ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць у сьвятынях сваіх сьвятога імяні твайго. Бо мы ведаем, што гэта ты сьвятымі малітвамі сваймі выпрасіла нам ласку Збаўцы нашага, і мы цяпер у сьвятых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыядзінаму Богу й цябе, апякунцы нашай. Таму і ўдзячныя сэрцы нашы, поўныя любові й падзякі да цябе, у захапленьні сьпяваюць: Радуйся!

Прымі, заступніца нашая, гэтую малітву братоў і сёстраў тваіх, як нашу невымоўную падзяку, любоў і хвалу табе – надзея, слава й пацеха наша! Усе мы з радасьцю аддаём сябе пад сьвятую апеку тваю. Маліся й далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся вернымі і набожнымі, выбраным народам Ягоным! Каб ён Духам Сваім Сьвятым узьмацьняў і прасьвятляў душы і сэрцы нашых пастыраў і правадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сірот, а ўсім нам паслаў спакой і радасьць. Каб зрабілася вольнай зямелька наша і бот маскальскі прыпыніў таптаць яе. Каб усе разам там, на Беларусі, маглі славіць цябе і сьпяваць хвалу Яму, Збаўцу нашаму, ды цешыцца й радавацца ў валадарстве славы Ягонай на вякі вякоў. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.