Saturday, November 12, 2011

Сьвяты Стэфан Мілюцін кароль Сэрбскі, брат ягоны Драгуцін і маці іх Алена

Памяць 30 кастрычніка / 12 лістапада
Сьвяты Стэфан быў малодшым сынам караля Стэфана - Ураша I і унукам першавенчанага караля сьвятога Стэфана (памяць 24 верасьня). Ён кіраваў Сэрбіяй з 1275 па 1320 год. Пасад Стэфан Милюцін атрымаў ад старэйшага брата свайго Драгуціна, набожнага хрысьціяніна, які пасьля нядоўгага валадараньня перадаў уладу брату, а сам, умілаваўшы пустэльніцтва, зачыніўся ў Среме, дзе зьдзяйсьняў таемныя подзьвігі ў яме-магіле, выкапанай уласнаручна. У сваім праведным жыцьці сьвяты Драгуцін шмат працаваў над вяртаньнем да праўдзівай веры ерэтыкоў-багамілаў. Ён адышоў да Госпада 2 сакавіка 1316 года.
Сьвяты Стэфан Милюцін, зрабіўшыся каралём, мужна, словам і справай, часта са зброяй у руках, абараняў праваслаўных сэрбаў і іншыя аднаверныя народы ад шматлікіх ворагаў. Набожны Стэфан не забываў дзякаваць Богу за усе Ягоныя дабрадзействы. Ім пабудавана больш за 40 храмаў, мноства манастыроў і дамоў для жабракоў. Асабліва клапаціўся сьвяты аб афонскіх манастырах.
Калі сэрбскае каралеўства было зьнішчана, манастыры засталіся агменямі нацыянальнай культуры і Праваслаўя ў сэрбскім народзе. Сьвяты Стэфан памёр 29 кастрычніка 1320 гады і пахаваны ў Баньскім манастыры. Праз два гады былі адкрыты яго нятленныя мошчы.
Сьвятая Алена, набожная маці сваіх сьвятых сыноў, па сьмерці мужа усё жыцьцё прысьвяціла богадагодным справам: будавала хаты для згалелых вяскоўцаў, уладкоўвала манастыры для ахвотнікаў жыць у чысьціні і цноце. Каля горада Сьпіча яна узьвяла Реческі манастыр і надала яму угодзьдзі. Перад сваім сконам сьвятая Алена прыняла манаства і адышла да Бога 8 лютага 1306 года.
Трапар сьвятога праведнага Стэфана Мілюціна, тон 3
Ты на землі усёй душой Хрыста умілаваўшы / і Ягоныя запаведзі выконваючы,/ як рака, ты мілатой, высахлых галечаю, багата напаіў / і людзей сваіх узбагаціў,/ і рака мошчаў тваіх духмянасьці аздараўленьня усім падае, / праз гэта, сьвяты, для нас, / шчырыя малітвы табе прыносячых,/ вымалі душам нашым вялікую міласьць.
Кандак сьвятога праведнага Стэфана Мілюціна, тон 4
Зьявіўся ты ад кораня добрага / галіна хвалебная айчыне сваёй і прабацькам сваім,/ сьвятым спадчыньнікам быўшы/ і людзям сваім зьяўляесься  малітоўнікам выдатным перад пасадам Бога.

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.