11/24 траўня
прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня мы сьвяткуем памяць сьвятых раўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, настаўнікаў славянскіх. Аб іх апостальскім подзьвігу напісана незьлічоная колькасьць артыкулаў і кніг, творы ва ўсіх галінах мастацтва праслаўляюць іх служэньне Выратавальніку і Ягонай Царкве…
І сёньня жадаецца мне адчыніць прад вамі, упадабаныя браты і сёстры, усю глыбіню подзьвігу сьвятых братоў… Вялікі сэнс подзьвігу служэньня Хрыстовай, які да сёньня працягваецца іх пераймальнікамі і пасьлядоўнікамі.
Мы называем іх настаўнікамі славянскімі… Але ж, ці не было да іх прапаведнікаў хрысьціянства на нашых землях? Безумоўна былі і аб гэтым маем шмат сьведчаньняў у летапісах. Бясспрэчным ёсьць і той факт, што прапаведавалі яны на зразумелай мясцоваму насельніцтву мове. Ды інакш і быць не магло! Хто ж зразумее пропаведзь на чужой і незразумелай мове?! Нават некаторыя кнігі Старога і Новага запавету былі перакладзены на нейкую “славянскую” мову, аб чым гаворыць і жыцьцяпіс сьвятых Кірылы і Мяфодзія…
Больш таго, сучасныя навукоўцы прыйшлі да выніку: сьвятыя браты стварылі не кірыліцу, а глаголіцу. Кірыліцу яны толькі адаптавалі, кажучы сучаснай мовай – унармавалі.
Адчуваю – паўстае ў вас пытаньне: Калі пропаведзь хрысьціянства ўжо вялася на народнай мове, нават Біблейныя кнігі былі на яе перакладзены, у чым сэнс подзьвігу сьвятых раўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія? Чаму мы іх сёньня шануем як славянскіх настаўнікаў?
Давайце зноў уважна прачытаем жыцьцяпіс сьвятых братоў. Не за пропаведзь на народнай мове гналі і перасьледавалі іх, а за намаганьне служыць на ёй. Удумайцеся – яны першыя гучна сказалі: Мова кожнага народу – гэта стварэньне Боскае і няма моваў, якія не годны для служэньня Госпаду!
Сёньня, у дзень сьвяткаваньня памяці сьвятых Кірыла і Мяфодзія, варта задумацца над парадаксальным фактам: Уся гісторыя Кіеўскай Царквы, гісторыя беларускага і ўкраінскага народаў, ёсьць не толькі працяг справы сьвятых, але працяг іхняга змаганьня за Боскі дар – уласную мову. Бо як раней, у часе сьвятых Кірылы і Мяфодзія, шмат вышэйшых Царкоўных герархаў лічылі, што ёсьць толькі некалькі моваў, на якіх можна служыць Госпаду, так і сёньня шмат хто, зь суседзяў і ўласных здраднікаў, лічаць нашы мовы “нягоднымі” альбо “неадпаведнымі” для зьдзяйсьненьня богаслужэньня.
Вялікі подзьвіг сьвятых братоў і ў тым, што яны не проста ўнармавалі мову. Яны не стварылі славянскі варыянт “мёртвай лаціны”, не стварылі нерухомую ў сваім разьвіцьці канструкцыю. Тая мова, якую мы сёньня называем “царкоўнаславянскай мовай”, ад пачатку была здольнай да адаптацыі пад моўныя асаблівасьці славянскіх народаў. Мы ведаем сотні т.зв. “ізводаў”, варыянтаў царкоўнаславянскай мовы. Асабліва гэта бачна ў гісторыі нашай Кіеўскай Царквы, дзе назіраўся няўхільны гістарычны працэс набліжэньня ўзорнага варыянта царкоўнаславянскай мовы да народнай мовы. Наша Царква і народ ужо ў XV – XVII ст.ст. фактычна размаўлялі зь народам на ягонай роднай мове, істотна ўплываючы на яе разьвіцьцё. Менавіта гэтае еднасьці Праваслаўнае Царквы і народу жахліва баяліся нашы гістарычныя ворагі на Захадзе і на Ўсходзе, палякі і расейцы. Першыя ўсяляк спрабавалі насадзіць палянізацыю праз каталіцтва і для гэтага ўсяляк намагаліся зьнішчыць Кіеўскае Праваслаўе, а расейцы бачылі ў нашым праваслаўі перашкоду русыфікацыі ды таксама ўсяляк намагаліся яго зьнішчыць…
Сёньня барацьба за беларускую і ўкраінскую дзяржаўнасьць, духоўнае адраджэньне нашых народаў, непарыўна зьвязана з барацьбой за нашу Царкву і мову. Бо і Царква, і мова народа – гэта тварэньне Госпада. Менавіта народная, зразумела мова праслаўленьня Бога адкрыла сэрцы славянскіх народаў для прыняцьця Хрыста. І ў гэтым адкрыцьці сэрца народаў, вялікі, роўны апостальскаму, подзьвіг сьвятых Кірыла і Мяфодзія, у гэтым іх настаўніцтва…
Дык будзем, упадабаныя браты і сёстры, вернымі пасьлядоўнікамі і пераймальнікамі жыцьця сьвятых Кірыла і Мяфодзія. Будзем захоўваць і абараняць нашу мову, каб яна заўсёды няспынна гучала ў нашых праваслаўных храмах. А малітвы нашых сьвятых настаўнікаў і дапамога Госпада нашага Ісуса Хрыста ў гэтай сьвятой справе заўсёды зь намі. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.