Sunday, January 16, 2011

АБ ВЕРЫ (АДНОСНА РАДАВОДУ ХРЫСТА)

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
У гэту нядзелю і ў надыходзячыя дні усё кажа нам пра веру, як яе вызначае Апостал у 11 частцы Пасланьня да жыдоў: вера — гэта упэўненасьць у рэчах нябачных, унутраная упэўненасьць, цьвёрдая упэўненасьць, якая дазваляе жыць згодна з тым, на што спадзяесься і чаго чакаеш, і жыць для таго, што будзе.
Радавод Хрыста кажа менавіта аб гэтым. Незьлічоныя імёны, якія цяпер чыталіся, імёны тых, якія нават і не увайшлі ў летапіс, гэта імёны тых людзей, якія з тысячагодзьдзя ў тысячагодзьдзе, са стагодзьдзя ў стагодзьдзе чакалі прыходу Хрыста; чакалі ва упэўненасьці, што слова Боскае, абяцаньне Боскае праўдзіва, што яно спраўдзіцца і прыйдзе час, калі зь намі будзе Бог, калі Бог Нябесны, Таямнічы, Неспасьціжны, Нябачны раптам, цудам, зробіцца бачным, блізкім, родным, сваім, застаючыся адначасова тым, чым Ён першапачаткова быў: Богам, Якога нельга ніякім імем назваць, Якога нават пазнаць нельга інакш, як ушаноўваючы Яго і адкрываючыся Ягонаму Адкрыцьцю.
Вера — гэта упэўненасьць у рэчах нябачных. Мы гэта слова ужываем у адносінах да Бога, да рэчаў духоўным; але яно датычыцца таксама да шматлікага ў звычайным жыцьці. Мы кажам пра любоў, мы кажам пра прыгажосьць. Калі мы кажам, што любім чалавека, мы тым самым гаворым, што неспасьціжным, невымоўным чынам у ім пабачылі нешта, чаго іншыя ў ім не бачылі. І калі мы, абхопленыя захапленьнем, усклікаем: “Як гэта выдатна!” — мы кажам аб нейчым, што да нас дайшло, але чаго мы не можам проста вытлумачыць; мы толькі можам сказаць: “Прыйдзі і убачыш”, як апосталы казалі сваім сябрам: прыйдзі, паглядзі на Хрыста, і ты пазнаеш, што я ў Ім убачыў…
І вось, наша вера ў рэчы нябачныя, зь аднаго боку, зьяўляецца асабістай нашай верай, гэта значыць тым, што мы самі пазналі, тым, як мы калісьці, хоць адзін раз у жыцьці, дакрануліся краі рызы Хрыстовай — і пачулі Ягоную Боскую сілу; хоць аднойчы зірнулі ў Ягоныя вочы — і убачылі бясконцую Ягоную літасьць, спачуваньне, любоў. Гэта можа здарыцца непасрэдна, таямнічым шляхам сустрэчы жывой душы зь Жывым Богам; але гэта бывае таксама пасрэдніцтвам іншых людзей. Мой духоўны айцец мне аднойчы сказаў: ніхто не можа адхіліцца ад зямлі і зьвярнуць увесь свой позірк на неба, калі ў вачах хоць аднаго чалавека, на твары хоць аднаго чалавека не убачыць зьзяньне вечнага жыцьця…
У гэтым стаўленьні мы усё адказныя адзін за аднаго, усё адказныя за тую веру, якую маем ці па якой смуткуем і якая нам можа дацца не толькі цудам непасрэднай сустрэчы тварам да твару з Богам, але і праз пасрэдніцтва чалавека.
Менавіта таму вера складаецца са шматлікіх элемэнтаў. Зь аднаго боку, гэта наш асабісты досьвед: вось, я убачыў у гэтых вачах, на гэтым твары зьзяньне вечнасьці, Бог празьзяў праз гэта аблічча… Але бывае: я неяк чую, што ёсьць нешта — але не магу гэта улавіць! Я улоўліваю толькі крыху — і тады магу зьвярнуцца позіркам, слыхам, зносінамі душы да іншых людзей, якія таксама нешта спазналі, — і тое жаласнае, можа быць, але каштоўныя, сьвятыя веды веры, якія мне былі дадзены, пашыраюцца досьведам, верай, гэта значыць упэўненасьцю, ведамі іншых людзей. І тады мая вера робіцца шырэй і шырэй, глыбей і глыбей, і тады я магу абвяшчаць праўду, якой валодаю не асабіста, але супольна, разам зь іншымі людзьмі. Так мы абвяшчаем Сымбаль веры, які нам дадзены спрадвеку досьведам іншых людзей, але які мы паступова спазнаём, прылучаючыся гэтаму досьведу.
І нарэшце, ёсьць іншая вера, аб якой кажа Эвангельле ад Яна: што Бога ніхто не бачыў, акрамя Адзінароднага Ягонага Сына, прыйшоўшага ў сьвет — выратаваць сьвет. Ёсьць праўда веры, якую мы прымаем ад Хрыста, таму што Ён ведае усе глыбіні Боскія і усю глыбіню чалавека, і можа прылучыць нас і да чалавечай глыбіні, і да Боскай глыбіні.
Слухаючы сёньняшні пералік імёнаў, падумаем пра гэтых людзей. Некаторыя зь іх былі сьвятымі, людзьмі чыстага жыцьця, людзьмі, праз якіх зьзяла вечнасьць, у якіх зьзяў Бог. Але сярод гэтых мужчын і жанчын ёсьць і грэшнікі: як жа яны увайшлі ў гэты радавод? Яны увайшлі, таму што жылі чаканьнем Хрыста. Уся іх слабасьць, уся іх немач, уся іх грэшнасьць не перашкодзілі ім жыць толькі гэтай марай і гэтай упэўненасьцю.
Таму пазіраючы на сябе, калі будзем думаць пра нашу грэшнасьць, мы павінны паставіць пытаньне: ці замінае яна нам? Ці не перашкаджае яна нам жыць гэтым чаканьнем сустрэчы, сустрэчы зь Жывым Богам, зрабіўшымся жывым чалавекам? І калі наша грэшнасьць стаіць паміж Богам і намі, мы павінны зь жахам ад яе адвярнуцца, адарвацца, чаго б гэта нам ні каштавала. Але калі яна нам “не замінае”, мы павінны ад яе адарвацца, мы павінны зь ёй змагацца гэтак жа сурова, гэтак жа горача, як я толькі што сказаў, і ведаючы, што наш смутак па Богу нам адкрывае шлях веры.
Таму будзем ісьці гэтым шляхам, але памятаць, што вера не складаецца толькі ў тым, каб верыць у праўду, а ў тым, каб быць вернымі гэтай праўдзе, вернымі той праўдзе, таму слову, той чысьціні, той сьвятасьці, якія нам паказаў Гасподзь і да якіх Ён нас заклікае. Такім чынам — упэўненасьць у рэчах нябачных, вернасьць гэтаму Жывому Богу жыцьцём і, калі трэба, сьмерцю, як сьвятыя гэта паказалі, і ў Старым запавеце, і пасьля Нараджэньня Хрыстовага. Амін!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.