Friday, December 17, 2010

ВЫБАРЫ, МАЛІТВА І… БОСКІ ЗАДУМ

(слова на малебне за Беларусь)
прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Чым бліжэй дата выбараў – тым больш прыходзіць на пошту “Беларускай Аўтакефаліі” лістоў з просьбай памаліцца… Просьбы аб малітве самыя розныя: ад агульнай малітвы “За добры выбар” (але ж, пагадзіцеся, вельмі агульна і незразумела) – да просьбаў аб малітоўнае падтрымцы канкрэтных кандыдатаў… За звычай, пасьля просьбаў аб малітве зьмешчаны розныя бачаньні пасьля выбараў. Чытаючы гэтыя “прароцтвы”, бачым мора чорнай фарбы, якой “малююць” будучыню Беларусі і беларусаў у выпадку калі… і тут падстаўляе кожны свае “прароцкае бачаньне”.
Але яшчэ горш, калі людзі губляюць надзею на Бога… Калі ў сярод радкоў лістоў, слоў і просьбаў чуецца нямое пытаньне “Як Гасподзь дапускае няпраўду?”; “Як можам мы ўвесь час цярпець паражэньне, калі сапраўды адстойваем праўду?”
Ва ўсім гэтым бачны некалькі вельмі істотных пытаньняў, на аб якіх мне жадаецца паразмаўляць зь вамі сёньня.
Боскі задум, нашы жаданьні і праўдзівыя словы малітвы
Калі мы молімся, то, натуральна, просім у Госпада таго, што нам больш за ўсё жадаецца. Але хто зь нас задумваецца: Ці супадаюць нашы жаданьні зь Боскім задумам? Ці здольныя мы, малыя, грэшныя і бяздумныя, зразумець усю веліч Боскага задума аб Беларусі? Мы, грэшныя і нямоглыя тварэньні, якія нават простага задуму выратаваньня, выкладзенага Госпадам у запавеце любові, часам зразумець і выканаць няздольныя...
У пераважнай большасьці выпадках, па чыньніку нашага недасканалага духоўнага жыцьця, мы здольныя больш давяраць часоваму і відавочнаму, нават не спрабуючы асягнуць нешта больш глыбіннае. Таму, пераймаючы сэктантам, прагнем нейчага зямнога, нам зразумелага. Пры гэтым, як доказ сваёй праваты, паўтараем словы Выратавальніка: “Усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, і будзе вам” (Мк. 11:24). Але забываецеся на тлумачальныя словы Апостала: “Просіце і не атрымліваеце, бо просіце не на добрае, а каб ужыць на пажаданьні вашыя. Пералюбнікі і пералюбніцы! ці ж ня ведаеце, што дружба са сьветам ёсьць варожасьць супраць Бога! Дык вось, хто хоча быць сябрам сьвету, той робіцца ворагам Богу” (Як. 4:3–4). Што гэта значыцца? Гэта найперш тлумачыць нам, што нашы жаданьні не супадаюць з Боскім задумам аб нас; што яны будуць нам на шкоду, а не на карысьць. У сваім шчырым жаданьні лепшага мы, як заблукаўшыя авечкі, пачынаем крочыць па шляху зямному, спакушаемся сьветам і пачынам служыць сьвету. Спрабуем шукаць шляхі лёгкія, падманваемся спакушальнай прастатой шырокае брамы, а Хрыстос казаў: “Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі”(Мц. 7:13). Наўмысна не буду прыводзіць вам прыкладаў спакушальнай ды падманлівай “шырокай брамы” і забіраць ваш час, бо апошнія падзеі ў беларускім жыцьці паказалі іх нам багата і кожны быў здольны пераканацца сам.
Шмат вялікіх сьвятых, у той альбо іншае форме, казалі нам, што ў цяжкія і смутныя часы – часы выпрабаваньняў, а Беларусь перажывае менавіта такія часы, вельмі небясьпечна пакладацца на свае пачуцьці і жаданьні ў малітве. Тут як раз і выпрабоўваецца наша вера, гатоўнасьць аддацца на волю Боскую. Тую веру, у якой мы здольныя пачуць ад Госпада нашага: “Вера твая ўратавала цябе!” (Мк. 5:34)
Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне” (Пс. 50:12). Менавіта гэтымі словамі мусіць пачынацца наша малітва за Беларусь. Каб адчыніліся нашы душэўныя вочы; каб адышло ўсё зямное і спакусьлівае… Толькі тады, калі надзеі нашы будуць ускладзены толькі на Госпада, мы здолеем сэрцам, душой і розумам прамовіць галоўную словы, вялікія словы Госпада нашага Ісуса Хрыста: “Не Мая воля, а Твая хай будзе (Лк. 22:42). І гэта ёсьць нашая галоўная і адзіная малітва – просьба да Бога.
Міласэрнасьць Боская
Некаторыя з тых, хто ўпаў у грэх страты надзеі на Бога і Ягоную міласэрнасьць, аўтаматычна ўпадаюць і другі грэх – пакладаюць віну на “здрадзіўшы Бога беларускі народ” і “адсутнасьць праведнікаў”. Тлумачыўшы гэтым той факт, што, быццам, “Бог адвярнуўся ад беларусаў”.
Тут варта ўспомніць веліч міласэрнасьці Боскай, выкладзены ў Старым Запавеце: “Абрагам сказаў у адказ: вось, я адважыўся казаць Валадару, я, пыл і попел: можа быць, да пяцідзесяці праведнікаў ня хопіць пяці, няўжо за недахоп пяці Ты вынішчыш увесь горад? Ён сказаў: ня вынішчу, калі знайду там сорак пяць. Абрагам гаварыў далей зь Ім і сказаў: можа быць, знойдзецца там сорак. Ён сказаў: не зраблю таго і дзеля сарака. І сказаў Абрагам: хай ня ўгневаецца Валадар, што я буду гаварыць: можа быць, знойдзецца там трыццаць? Ён сказаў: не зраблю, калі знойдзецца там трыццаць. Абрагам сказаў: вось, я адважыўся казаць Валадару: можа быць, знойдзецца там дваццаць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дваццаці. Абрагам сказаў: хай ня ўгневаецца Валадар, што я скажу яшчэ адзін раз: можа быць, знойдзецца там дзесяць? Ён сказаў: ня вынішчу дзеля дзесяці”. (Быц. 18:27-32).
Ня вынішчу дзеля дзесяці”… Але ці ня ёсьць гэтай “дзесяткай” тыя, хто дзеля праўды ахвяраваў нават уласнай свабодай і спакоем сваёй сям’і, як наш праваслаўны беларускі мастак Алесь Пушкін; ці не з гэтай “дзесяткі” стоячыя пад сьнегам, дажджом і ветрам на прыступках касьцёлу сьв. Язэпа, баронячы ад зьнявагі не толькі гэты касьцёл, а наогул усе нашы сьвятыя храмы; ці ня ёсьць сябрамі “дзесяткі” тыя тысячы, што выходзяць на “Плошчу”, бацькоў і родных, а часам – нават уласных малых дзяцей… Ці ня ёсьць “дзесяткай” сотні і тысячы беларусаў па ўсяму сьвету, што ахвяравалі і ахвяруюць сабой дзеля Бога і Бацькаўшчыны.
Можа нехта мне запярэчыць, гаворачы: “Іх жа, праведнікаў, так мала…”. Але ж Гасподзь – “Айцец міласэрнасьці” (2 Кар. 1:3) і казаў нам “Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства” (Лк. 12:32). Значыцца не ў колькасьці справа…, а ў адвазе, мужнасьці і стойкасьці ў веры!
Таму, кажу я бязбожнікам і безнадзейным, не зьневажайце беларускі народ. У нас выстачае праведных змагароў годных у вачах Госпада. Мусім толькі сказаць Яму зь верай: Не Мая воля, а Твая хай будзе (Лк. 22:42). І пачуем ў адказ: “Вера твая ўратавала цябе!” (Мк. 5:34)
Паражэньне альбо Перамога?
Кажуць нам безнадзейныя: “Вось ужо колькі гадоў змагаецеся, выходзіце на вуліцы і ўвесь час церпіце паражэньне. Чаму ж, калі вы сапраўды абараняеце праўду, Бог не дапамагае вам?”
Тут, на самым пачатку, варта нам узгадаць выхад юдэяў зь рабства эгіпэцкага. Ці не паказвае нам гэтым Гасподзь Бог патрэбу адпакутваць свабоду, калі 40 гадоў вадзіў Майсей жыдоў на пустэльні? Але ж мы нават паловы шляху не прайшлі, а ўжо наракаем! Колькі пакут пацярпелі ізраільцяне ў пустэльні, а Бог іх усё вадзіў і вадзіў… Праз пакуты і цярпеньне атрымалі яны свабоду. Таму і кажа нам Хрыстос аб цярпеньні на цяжкім шляху і будучай перамозе: “І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе” (Мц. 10:22).
І ці не было ў нас на гэтым шляху перамог? Першая зь іх – насуперак волі ворагаў нашых існуе Беларуская дзяржава. Гэта сёньня самая галоўная наша перамога, бо калі б не было ахвярнасьці змаганьня – даўно б паглынулі нас “добразычлівыя суседзі”. Таксам, насуперак усім ворагам, узрасло за гэтыя гады новае пакаленьне сьвядомых беларусаў. Таму і да нас, ідучым па шляху выпрабаваньняў і пакуты да свабоды, зьвернуты словы сьвятога Апостала Паўла: “Браты, ня падайце духам” (2 Фес. 3:13)!
Узгадаем таксама пакуты і крыжовую сьмерць Ісуса Хрыста. Ці не здаецца, што ў той момант – момант арышту Ягонага, катаваньняў і раскрыжаваньня, – некаторыя таксама думалі: “Вось усё скончана... марнай была пропаведзь Слова”. Нават некаторыя апосталы часова адышлі ад Яго... Магіла, смутак, адчай ахінулі не аднаго вучня Ягонага. Напэўна ў гэты час не адзін вораг сьмяяўся над імі. Але ж прыйшло на трэці дзень Ўваскрашэньне, сьмерць была зваявана, брама пекла разбурана і ворагі пасаромлены!
Мы ідзём па цяжкаму, але пераможнаму шляху Хрыстовай праўды. Мы хрысьціяне і верым у міласьць і дабрыню Боскую; верым у вялікі задум выратаваньня – дык хай адна малітва будзе ў сэрцы нашым і на вуснах нашых: “Не Мая воля, а Твая хай будзе” (Лк. 22:42). І калі мы верым, калі зь адвагай выцерпім выпрабаваньні і пакуты, калі сэрцы нашы будуць поўныя любові да Бога і Бацькаўшчыны, тады прыйдзе дзень Уваскрэсеньня, дзень Перамогі і пачуе Беларусь словы Выратавальніка: “Дачка! вера твая ўратавала цябе!” (Мк. 5:34) Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.