Saturday, November 27, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ УГОДКАЎ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ – ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ

прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сабраліся мы сёньня малітвай ушанаваць нашых беларускіх герояў. Дзевяноста гадоў таму яны “пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына”. Але ці паміраць яны пайшлі? Ці было іх змаганьня, як кажуць малаверы і нашы ворагі, “бязглуздым”, бо было іх “жменя”? Чаму мы памінаем “пераможаных”? Чаму і сёньня, нягледзячы на ўсе выселкі бязбожнае камуністычнае ўлады ды “дабразычліўцаў” зь Усходу і Захаду, памяць аб іх жыве?
Ды таму, браты і сёстры, што пайшлі яны не паміраць, а перамагаць! Пайшлі зь малітвай, верай, ахвярнасьцю. Пайшлі па неўміручаму і сьвятому шляху Госпада нашага Ісуса Хрыста. Бо сказаў Гасподзь: “Няма большае за тую любоў, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх” (Ян. 15:13). І яны пайшлі ахвярна... Пайшлі за кожнага зь нас, сёньняшніх, тады яшчэ ненароджаных… Пайшлі… не думаючы аб сваім лёсе і нейкіх тленных узнагародах зямных, пайшлі не азіраючыся, бо “ніхто, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надзейны для Царства Божага.” (Лк. 9:62).
Чаму паўсталі яны? Вы кажаце: “Прагнулі волі і любілі Бацькаўшчыну – Сьвятую Беларусь!” Так, справядліва… Але давайце ўзгадаем: Любоў да айчыны зямной вынікае ад любові да Айчыны Нябеснай. І той, хто не любіць сваёй зямной айчыны, той няздольны любіць і Айчыны Нябеснай і зь запаветам любові крочыць па шляху Хрыстовай праўды. А гэта бывае так цяжка… зямное цягне ўніз, кліча да спакою, згодніцтва і нават здрады. І якую ж веру, якую ўзьнёсласьць духу патрэбна мець, каб перамагчы гэтае прыцяжэньне грэшнага супакою, прыцяжэньне бездані! Вялікія Айцы Царквы справядліва кажуць: Няздольны грэшны зямны чалавек перамагчы зямное без дапамогі Госпада, але ж дапамога гэтая падаецца толькі шчырай і сардэчнай верай у Яго. Кажа Гасподзь: “Вера твая ўратавала цябе” (Лк. 18:42). Дык якая ж велічная і магутная Хрыстова вера была ў удзельнікаў чыну! Каб узьняцца і пайсьці на ахвярнік… Гэта аб іх кажа Гасподзь: “І ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры” (Мц. 8:10).
Малаверы і ворагі сьмяюцца над імі тады і цяпер, бо была іх “мала”. Але ж казаў Хрыстос: “Ня бойся, малы статак! бо Айцец ваш меў добрую ласку даць вам Царства” (Лк. 12:32). Не ў колькасьці моц войска Гасподняга, а ў праўдзе Ягонай. А менавіта праўда Божа была на баку беларускіх змагароў, бо баранілі яны сваю, дадзеную Богам Бацькаўшчыну. Баранілі Царкву Хрыстову, мову, само жыцьцё нашага народу. Па слову Ягонаму жылі яны: “Хай будзе паясьніца вашая аперазаная, і сьвяцільні гараць” (Лк. 12:35) і “ведаў гаспадар дому, а каторай гадзіне прыйдзе злодзей” (Лк. 12:39). Таму заклік Хрыстовы не засьпеў іх нечакана і былі гатовыя яны да пераможнага змаганьня. Пераможнага – бо пераймалі Хрысту ахвярнасьцю і вораг памыляўся, калі думаў, што “перамог” іх. Памыляўся, як памыляліся “забойцы” Хрыста. Бо тое, што мы сёньня сьвяткуем іх памяць (і не толькі мы, а мільёны беларусаў па ўсяму сьвету); тое, што існуе Беларуская Дзяржава  – ёсьць сьведчаньне іх уваскрэсеньня і перамогі.
Праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо бацькоў, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо жонку, альбо дзяцей дзеля Царства Божага, не атрымаў бы намнога больш у гэты час, і ў век будучага жыцьця вечнага”(Лк. 18:29 – 30) – кажа Хрыстос. Слуцкія змагары ахвяравалі сабой і пайшлі на сьвяты ахвярнік любові: Яны ішлі не толькі на бой, іх крокі – гэта крокі па лесьвіцы, што вядзе ў Царства Нябеснае і да вечнай зямной славы. І не так важна, калі перайшлі яны да іншага жыцьця. Нехта загінуў у віры чыну, нейкаму Гасподзь даў яшчэ час паслужыць Бацькаўшчыне… Але ўсе яны атрымалі нятленную ўзнагароду ў Нябёсах і вечную памяць у беларускіх сэрцах. Менавіта таму яны ніколі не былі пераможанымі, а заўсёды былі, ёсьць і будуць пераможцамі. Дык будуць заўсёды яны для кожнага зь нас прыкладам вечнага беларускага ўваскрэсеньня, ахвярнасьці, вышэйшай перамогі і любові да Хрыста і Бацькаўшчыны. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.