Sunday, October 3, 2010

АБ ЗАКОНЕ ЭВАНГЕЛЬСКІМ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
На пытаньне кніжніка, што яму рабіць для таго, каб успадкаваць вечнае жыцьцё, Хрыстос адказвае: выконвай закон... Гэта слова зьвернутае не толькі да яго, яно зьвернутае таксама і да нас.
Мы часта адчуваем — і справядліва — што мы зараз жывём у Царкве: не ў вобласьці закону, а ў вобласьці мілаты, не ў вобласьці закону, а ў вобласьці волі. Але мы забываем увесь час, што вырастаюць у волю шляхам закону, і што мы не дасягнулі гэтай меры.
Жыць мілатой без пасярэдніцтва закону, без той апоры, без той абароны, якую ён нам дае супраць нашага свавольля, нам не пад сілу; а імкнучыся жыць той поўнасьцю, да якой мы закліканы, але шукаючы гэтага заўчасна, мы пакідаем убаку той шлях, які ёсьць шлях пакоры, паслухмянства Богу, шлях падрыхтоўкі да волі, якая сама вызвалена ад свавольля. У кожным зь нас гэта свавольле прысутнічае, кожны зь нас разумее волю як права паступіць па сваёй волі, па сваім розуму і натхненьню. І пакуль гэта так, мы не дайшлі яшчэ нават да той вобласьці, якая ёсьць вобласьць закону, і бясконца далёкія яшчэ ад царскай волі Боскае. А перад кожным зь нас ёсьць эвангельскі шлях, гэты шлях мы б жадалі прайсьці, гэтым шляхам мы жадалі б крочыць па натхненьні, па пакліканьню, і нам здаецца ці ледзь не блюзнэрскім сябе прымушаць да таго, да чаго Хрыстос нас заклікае ў духу і волі. І ў гэтым адзін зь самых небясьпечных падманаў у жыцьці кожнага чалавека, а ў наш час, можа быць, асабліва.
Раней чым дасягнуць волі ў Духу Сьвятым, мы павінны навучыцца паслухмянству з радасьцю. Не таму паслухмянству, якое нас сапраўды разьдзірае, калі ў нас уздымаецца пажадлівасьць, жаданьне, думкі і, як хваля разьбіваецца пра уцёс, ападаюць, сутыкаючыся зь воляй Боскае. Гэта яшчэ не паслухмянства, гэта яшчэ не жыцьцё па законе. Закон, па слову аднаго рускага багаслова, воля для выратаваных, абмежаваньне для людзей, якія яшчэ гэтага не дасягнулі, і праклён для нячысьцікаў. І вось мы павінны ахвотна шукаць сілу ў сабе, каб зламаць ліхую сваю волю, каб выправіць у сабе не уладкаванае, непрымальнае, тое, што ніколі не увойдзе ў Царства Боскае. Мы павінны любоўю, натхнёна падпарадкаваць сябе закону эвангельскаму, закону Госпада. І толькі калі мы навучымся праз закон адхіліцца ад нашага свавольля, толькі тады мы вырасьцем у меру, калі воля наша зьменіцца ў радасьць праўдзівай волі. Таму пачнём учытвацца ў эвангельскае слова, пачнём шукаць у ім правіла свайго жыцьця, і пачнём жыць па Эвангельлі. І што б ні казалі нам наша хітрая думка, наша хісткая воля, наша пацямнелае сэрца, станем жыць так, як загадае Бог, а потым і вырасьцем праўдзівымі хрысьціянамі, якія вольныя Духам Сьвятым. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.