архіяпіскап Апанас (Мартас)
Сьвятое Пісьмо кажа аб ілжы і аб грахах языку амаль столькі ж, колькі аб нейкім іншым прадмеце. Апостал Якаў навучае, што: “Язык — вагонь; як сьвет няпраўды; язык так пастаўлены сярод чэлесаў нашых, што апаганьвае ўсё цела і запальвае кола жыцьця, і сам запальваецца ад геены” (Як. 3:6). Адной зь вялікіх праблемаў у хрысьціянстве зьяўляецца грэх языка. Калі ты здольны стрымаць язык, то здольны стрымаць і сябе. Калі ты здольны атрымаць перамогу над сваім языком, тады будзеш мець сапраўды праўдзівую і моцную перамогу. Але Апостал Якаў папярэджвае: “бо ўсякая прырода зьвяроў і птушак, плазуноў і марскіх жывёлін таймуецца і ўтаймавана прыродаю чалавечай, а язык утаймаваць ніхто зь людзей ня можа: гэта — неўтаймавальнае ліха; ён поўны сьмяротнай атруты.” (Як. 3:7 – 8)
Ёсьць шмат праяўленьня грахоў языка. Гнеў – адзін зь іх. Гнеў альбо раздражненьне зьяўляюцца грахом духу ў яго першапачатковае форме, але часта ён сканчаецца згубай кантролю над языком, што лічыцца грахом языка. Гнеў мае шмат розных варыянтаў: абуранасьць, раздражненьне, нецярпеньне, прыкрасьць, засмучэньне, злосьць, разьлютаванасьць, крыўдлівасьць, лютасьць, апантанасьць, гарачнасьць — усе яны выяўляюцца ў чарадзе благіх слоў. Бог асуджае гэта. Усякі выраз у гневе досыць небясьпекі. Гнеўныя словы ніколі не паляпшаюць становішча. Прамудры цар Саламон кажа, што павольны на гнеў выказвае вялікую разважлівасьць, а раздражняльны — дурасьць (Высл. 14:29). У Сьвятым Пісаньні сказана: “Лагодны адказ злагоджвае гнеў, а слова абразьлівае будзіць лютасьць.” (Выс. 15:1) Хрыстос кажа: “Кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму “пусты чалавек”, падпадае сынедрыёну; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.” (Мц. 5:22) Апостал Павал навучае: “Гневаючыся, не грашэце: сонца хай ня зойдзе ў гневе вашым” (Эф. 4:26). Шмат хто апраўдвае свой гнеў альбо раздражняльнасьць рознымі падставамі. Звычайна прыпісваюць гэта нэрвам, не бачачы граху. Значна лепш пакаяцца ў ім, спавядацца і пакінуць яго, чым касьцянець у самаапраўданьні. Бог дапамагае прыносячым пакаяньне.
Звычайным грахом зьяўляюцца брудныя словы. Апостал Павал кажа: “Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць зь вуснаў вашых … Не зьневажайце Духа Божага, Якім мы запячатаны ў дзень адкупленьня” (Эф. 4:19 – 30). Сьвятое Пісьмо вучыць, што хто не грашыць языком, той чалавек дасканалы, які можа утаймаваць усё сваё цела. Калі ты не можаш мець кантроль над сваёй мовай, прамаўляючы брыдкаслоўе, тады Сьвятое Пісаньне абвяшчае, што ты вінаваты і што гэта ёсьць грэх, які Гасподзь не пакіне без пакараньня. Мова багатая выдатнымі словамі, аднак людзі ужываюць такія кепскія словы, якія заганяюць іх у пекла.
Пануючым грахом ва ўсім сьвеце ёсьць хлусьня. Гасподзь Бог наказваў Майсею і сынам Ізраіля не казаць хлусьні адзін аднаму. Дзесяць запаветаў Боскіх забараняюць ілжэсьведчаньне. Апостал Павал вучыць: “Адкінуўшы ману, гаварэце праўду кожны блізкаму свайму” (Эф. 4:25). Усё Сьвятое Пісьмо асуджае ілжу, як адзін зь найбольш кепскіх грахоў. Яно ставіць хлусьню ў адзін шэраг зь забойствам і блудам. Шмат хлусьні гаворыцца на палітычных зборах, за якую палітыканы будуць адказныя перад Богам у дзень суду. Даюць абяцаньні, якіх яны не маюць намер выконваць, але робяць гэта для таго, каб атрымаць большы давер да сябе. Але гэта хлусьня зьдзяйсьняецца не толькі ў палітыцы, але і ў камэрцыйных справах і ў сацыяльных адносінах. Колькі даводзіцца чуць людзей, гаворачых адзін іншаму хлусьню, не чырванеючы, дзеля сваёй выгады. Шматлікія хрысьціяне вінаватыя ў граху хлусьні. Некаторыя імкнуцца пазьбягаць хлусьні, але калі складаюцца акалічнасьці, не саромеюцца ашукваць, каб выйсьці зь цяжкасьці, лічачы гэта меншым злом. Хрысьціяніну загадваецца пазьбягаць хлусьні, ненавідзець яе, не давярацца тым, хто займаецца ёю. Біблія папярэджвае, што хлусьня не застанецца без пакараньня і размаўляючы хлусьліва будзе пакараны. Гасподзь наш Ісус Хрыстос казаў: “Зь сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі – гэта апаганьвае чалавека” (Мц. 15:19 – 20). Гасподзь ставіць хлусьню альбо ілжэсьведчаньне разам зь усімі іншымі жахлівымі грахамі.
Вельмі распаўсюджана сярод хрысьціян звычка крытыкаваць іншых. Гэтая звычка таксама датычыцца да граху языка. Гасподзь Ісус Хрыстос казаў: “Ня судзеце, каб і вас ня судзілі; бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць” (Мц. 7:1 – 2).
Нараканьне таксама датычыцца да грахоў языка. Апостал Павал вучыць: “Усё рабеце без нараканьня і сумненьня” (Плп. 2:14). Веруючы мусіць пазьбягаць брудных апавяданьняў. Брудныя апавяданьні – грэх языка. “Ніякае брыдкае слова хай ня выходзіць зь вуснаў вашых.”(Эф. 4:29) – кажа Апостал Павал. Ён таксама папярэджвае: “Брыдкаслоўе і пустаслоўе і пакепства не да гонару вам” (Эф. 5:4). Калі ты вінаваты ў гэтых грахах, неадкладна прынясі пакаяньне, пакінь іх, папрасі прабачэньне і Бог прабачыць табе. Апостал Ян Багаслоў кажа: “Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды” (1 Ян. 1:9).
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.