Андрэй Котлярчук
На нашу думку, дагэтуль, працуючы па асобным напрамкам, мовазнаўцы, кнігазнаўцы, філёзафы пазабываліся аб агульнае канцэпцыі вывучэньня гісторыі перакладаў Бібліі на старабеларускую мову. Па-першае, патрэба акрэсьленыя храналёгія, якая б улічвала не толькі друкаваныя творы, але і рукапісы, не толькі пераклады асобных кніг, але і фрагмэнты. Яна можа выглядаць наступнае:
1. Даскарынаўскі час – канец ХV – 1517 г.
2. Пераклады Францыска Скарыны 1517- 1525 г.г.
3. канец ХVІ – ХVІІ стагодзьдзі
4. ХVІІІ стагодзьдзе.
Францыск Скарына безумоўна першадрукар беларускі, які выдаў шмат кніг Бібліі на блізкае да тагачаснае беларускае мове, некаторыя – на царкоўнаславянскае мове. Але літаратурная старабеларуская мова існавала і да Скарыны, больш таго, панавала не толькі на этнічна беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага, але ў балцкіх, украінскіх абшарах, ёй карысталіся іншыя этнічныя мяншыні Княства. Гэтая мова мела самастойнае значэньне сярод славянскіх пісьменных моў, між іншым, “Віцебская Псалтыр” 1492 года, зь мовай наогул вольнай ад царкоўнаславянізмаў, біблейскія моманты ёсьць у сьпісе “Чецьі – Мінеі” 1489 года. Маем ад часу і некалькі каталіцкіх перакладаў: гэта апакрыфічныя “Эвангельля ад Нікадзіма”, “Апавяданьне аб трох каралях”, фрагмэнты беларускіх перакладаў ёсьць у тэксьце каталіцкае імшы “Як гэта імша шануе рымскім звычаем Маці Боскую” (усе канца ХV ст.). Захаваўся таксама старабеларускі пераклад шэрагу біблейскіх кніг, створаны ў самым пачатку ХVІ стагодзьдзя, якім карысталіся ў духоўным жыцьці беларускія юдэі (так званы “Віленскі кодэкс 262)1. Безумоўна, да нас дайшла “кропля ў моры”, але яна сьведчыць, што традыцыя была, і Скарына пачынаў не на пустым месцы.
Пасьляскарынаўскі час (другая палова ХVІ – першая палова ХVІІ стагодзьдзя) – гэта росквіт старабеларускіх перакладаў Сьвятога Пісьма. Зьяўляецца шмат перакладаў Эвангельля, Псалтыры, Песьні песьняў, розных твораў (Навучальнае Эвангельля, Катэхізіс) зь вялізнымі фрагмэнтамі біблейскіх тэкстаў. Да таго ж адзначым, што гэта не простыя копіі, але новыя і новыя пераклады, зробленыя найчасьцей у праваслаўным асяродку2.
Але чамусьці ўсё багацьце звычайна зводзіцца да вузкае схемы зь імёнамі пратэстантаў Васіля Цяпінскага ды Сімона Буднага.
Справа тут не ў ананімнасьці большасьці твораў, альбо невядомасьці фрагмэнтаў, але ў тым, што большасьць сучасных дасьледчыкаў знаходзяцца ў палоне так званага прынцыпу “геаграфічнае лякалізацыі”, згодна якому ўсе друкаваныя і рукапісныя пераклады, зробленыя па-за межамі сучаснае Беларусі, найчасьцей на Ўкраіне, належаць выключна ўкраінскае традыцыі. Гэты прынцып, на нашу думку, зусім непрыдатны, бо тады вынікае, што, напрыклад, цудоўна выдадзенае праваслаўнымі кніжнікамі ў перакладзе на старабеларускую мову Навучальнае Эвангельле 1616 года (Еўе, сёньня Вевіс, Літва) адносіцца да літоўскае традыцыі.
Між тым, яшчэ клясык украінскае гістарыяграфіі М. Грушэўскі выкарыстоўваў паняцьце “украінска–беларускі твор”, падкрэсьліваючы, што літаратурная мова ВКЛ з канца ХV стагодзьдзя мае яскрава беларускую “дыялектычную афарбоўку”. На ягоную думку, “наслідком того, що центральна адміністрація в кн. Литовського була тісніше й давніше зв’язана з білоруськими землями, великокняжа канцелярія уживала сю актову мову в “білоруськім одіню”, в сім же білоруськім одінню ширила и в провінціях вел князівства” (маюцца на ўвазе ўкраінскія землі)3.
Сапраўды, гэта была літаратурная мова (пісьменная і гутарковая) вышэйшага клясу (шляхты і магнатаў) ВКЛ, якая ўтварылася на базе беларускіх народных гаворак, але, як і кожная літаратурная мова, штучна дыстанцавалася ад іх, пазнала ўплывы замежных моў (польскае, нямецкае, латыні)4. Вядома, доўгі час яна была супольнае літаратурнае мовай дзеля беларусаў і ўкраінцаў. Гэта не адзіны прыклад у этнічнае гісторыі славян. Агульнаю літаратурнаю мову ў той самы час мелі чэхі і славакі. Але агульную спадчыну трэба вывучаць сумесна, не раскідаючы па сучасным нацыянальным пакоям.
У гэтым выпадку межы нашае тэмы істотна пашыраюцца. Трэба абавязкова вывучаць “Пересопніцкае Эвангельля” (рукапіснае Тэтраэвангельле без Апостала), створанае ў 1556 – 1561 гадох у ВКЛ (у вёсцы. Пересопніца, каля Луцка, сёньня Ўкраіна), “накладам княжны Настасы Юр’еўны Гальшанскае”. Першы сур’ёзны дасьледчык гэтага помніка ўкраінскі навуковец П. Жыцецкі адзначаў моцныя беларускі рысы мовы помніка5. Цікава, што згодна заўвагам у тэксьце, Эвангельле выкарыстоўвалася ў праваслаўным набажэнстве, гэта значыцца ў старой беларускай Царкве гучала наша мова. Адзначым, што з Пересопніцкага Эвангельля быў зроблены ў 1571 годзе сьпісак набліжаны ўжо да тагачаснае ўкраінскае гаворцы, так званае “Жытомірскае” альбо “Валынскае Эвангельле”6. Другі найвыдатны помнік беларуска–украінскае біблейнае традыцыі – гэта рукапісны пераклад чатырох Эвангельляў, створаны ў 1581 годзе шляхціцам Валянцінам Нагаеўскім у вёсцы Хорошыў, каля Астрогу (у межах былога ВКЛ). Пераклад на цудоўнае старабеларускае мове ХVІ стагодзьдзя зроблены з польскае мовы. Першым дасьледчыкам гэтага перакладу быў А.А. Назарэўскі, дысэртацыя якога пад кіраўніцтвам прафэсара В.М. Перэтца атрымала ў 1911 годзе залаты мэдаль Кіеўскага ўнівэсітэту. У сваёй працы дасьледчык адзначыў, што мова Эвангельля мае яскравыя беларускія рысы, блізкія да народных гаворак. “Помнік напісаны мовай, якая панавала ў ВКЛ, на якой ствараліся літоўскія летапісы, Статуты 1529, 1566, 1588 гадоў”7. Між іншым, зьвернем увагу, што фрагмэнтам зь невядомага беларускага перакладу Бібліі, пачынаецца тэкст Статуту 1588 года8. З канца ХVІ стагодзьдзя захаваўся пераклад з чэскае мовы”Песьні Песьняў”9.
Трэба больш ўважліва прыглядзецца да ХVІІІ стагодзьдзя. Апошнія знаходкі пецярбургскага навукоўца М.В. Нікалаева сьведчаць, што друк богаслужбовай літаратуры па-беларуску, хай сабе і лацінкай, не спыняўся. 1696 год – мяжа не афіцыйнае забароны беларускае літаратурнае мовы, але дазвол агульна карыстацца ў ВКЛ мовай польскае. Напрыклад, прыбыткова–расходная кніга магістрата Магілёва за 1709 год вязецца па-польску, а з 1710 зноў па-беларуску (кірыліцай)10. На пісьме пачынае адлюстроўвацца яскравая рыса беларускае мовы, як “дзеканьне” (“у Госпадзе”, “для чэлядзі”)11. У другой палове ХVІІ – 1782 гадох старабеларуская (стараўкраінская) мова зьяўляецца ўрадавай мовай Старадубскага казацкага палка Маларосіі, старшыня якога меў шмат беларускіх кніжак, між іншым Служэбнік 1722 года (Супрасль)12.
На нашу думку, старабеларускія пераклады Бібліі ёсьць больш пэрспэктыўным вывучаць выключна ў межах культуры той Царквы, у асяродку якой яны пабачылі сьвет.
Трэба адзначыць, што Ўніяцкая Царква (грэка-каталіцкі абрад), якая сёньня некаторымі дасьледчыкамі лічыцца як адзіная захавальніца беларускіх традыцый, за ўвесь час свайго панаваньня ў ХVІІ – ХVІІІ ст.ст. не здолела стварыць аніводнага перакладу Бібліі на беларускую мову. Між тым, менавіта ў гэты час новыя пераклады Бібліі зьяўляюцца ў суседзяў беларусаў (палякаў, латышоў, літоўцаў, рускіх).
Урэшце, трэба абавязкова зрабіць каталёг, альбо кампутарную базу аб усіх перакладах Бібліі на старабеларускую мову, як друкаваных, гэтак і рукапісных, як поўных, гэтак і фрагмэнтаў. Зрабіць гэта сёньня магчыма толькі скаардынаваў працу беларускіх, украінскіх і рускіх дасьледчыкаў. Праца ў гэтым кірунку вельмі патрэбная, бо без уліку папярэдняе перакладчыцкай традыцыі немагчыма сур’ёзная распрацоўка беларускае багаслоўскае – літургічнае лексіцы.
1. Гл. Ластоўскі В.Ю. Гісторыя беларускай (крыўскае) кнігі. Коўна, 1926. б. 166 – 182, 241 – 244.
2. Гл. Карский Е.Ф. Западнорусские переводы псалтыри ХV – ХVІІ вв. Варшава, 1896; Тихоновский Ю.И. Новые данные о западнорусский переводах Священного Писания в ХVІ веке. // Труды археологического съезда. М., 1911. Т. III; Крыжановский Г. Рукописные Евангелия киевских древнехранилищь. Киев, 1889; Житецкий П. О переводах Евангелия на малорусский язык. // Известия отделения русского языка и словесности императорской АН. 1905. Т. Х. Кн. 4. СПб., 1905. б. 1 – 65; Конан У. Біблія // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. Т. 2. Мн., 1994. б. 29
3. Грушевський М. Історія України–Руси. Київ, 1995. Т VІ. Б. 366; Гл. Ластоўскі В.Ю. Падручны расейка – крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. б. 11
4. Гл. Ластоўскі В.Ю. Падручны расейка – крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. б. 11
5. Жетецкий П. О Пересопницкой рукописи. // Труды третьего археологического съезда в России. Т. 2. Киев, 1878. б. 226
6. Житецкий П. Волынское рукописное Евангелие. // Волынский историко - археологический сборник. Житомир. В. 2, 1902.
7. Назаревский А.А. Язык Евангелия 1581 года в переводе В. Негелевского. // Университетские известия. Киев, 1911. б. 114
8. Кніга 2. Параліпоменон. Глава 19. Верш 6, 7, 9 // Статут ВКЛ 1588 года. Мн., 1989. б. 41.
9. Старинный южнорусский перевод Песни Песней с послесловием о Любови. // Основа. 1861 ноябрь – декабрь. б. 49 – 64.
10. Пар. Историко–юридические материалы извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской. В. 17 и В. 18. Витебск, 1888.
11. Тамсама. В. 18, б. 11 – 61.
12. Расторгуев П.А. К характеристике говора Стародубского полка в 18 веке. // Сборник отдела русского языка и словесности АН СССР. Т. СІ. №3. Л., 1928.
Па выданьню:
Запіскі Культурна-гістарычнай Калегіі імя Канстанціна Астрожскага. Выпуск другі (рэдактар Міхась Белямук). АТТ Брэсцкая друкарня" 2002 г. зам. 20, Тыраж 200., б. 43 - 47
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.