Thursday, September 30, 2010

УСПАМІН ПРА МІТРАПАЛІТА МЕЛЬХІСАДЭКА

Аляксандр Макаеў
У аўторак 28 верасня 2010 года у памяшканні сядзібы БНФ сябры секцыі “Мемарыял” ушанавалі памяць Мельхісадэка (1879-1931), праваслаўнага архірэя, мітрапаліта Менскага i Беларускага, герарха Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, рэлiгiйнага i грамадзкага дзеяча, удзельнiка беларускага хрысцiянскага руху ХХ ст., педагога, шырока- і глыбокаадукаванага чалавека (ведаўшага дванацаць моваў, у тым ліку старажытнажыдоўскую– адну з самых цяжкіх). У свецкiм жыццi ягонае імя— Мiхал Паеўскi.
Паседжанне ў форме круглага стала пачалося зь малітвы і ўступнага слова сьвятара Леаніда Акаловіча (БАПЦ). З паўгадзіннай інфармацыяй пра жыццё, дзейнасць і змаганне Мітрапаліта Мельхісадэка за Беларускую Праваслаўную Царкву супраць прамаскоўскай бальшавіцкай улады і царкоўных “рэвалюцыянераў-абнаўленцаў” выступіў Мікола Бамбіза. Добрыя словы пра чысты вобраз Мельхісадэка сказалі гісторык-даследчык, аўтар кнігі “Пакутнік за Веру і Бацькаўшчыну: Мітрапаліт Мельхіссэдэк” Таццяна Процька, Анатоль Белы – старшыня клуба “Спадчына”, пісьменнік Леанід Маракоў, мастак Алесь Марачкін. Больш чым за дваццаць чалавек, што прысутнічалі на паседжанні, падтрымалі ідэю адкрыцця мемарыяльнай шыльды ў гонар мітрапаліта Мельхісадэка ў Мінску.
Даведка “Беларускае Аўтакефаліі”:
Мітрапаліт Мелхіседэк (Паеўскскі) (1878 – 1931)
Беларускі праваслаўны архірэй, мітрапаліт Мескі і Беларускі, герарх Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы, рэлігійны і грамадзкі дзеяч, удзельнік беларускга нацыянальнага праваслаўнага руху ХХ стагодзьдзя. Нарадзіўся 30 (н. ст.) верасьня 1878 года ў вёсцы Вітуліна Бельскага павету Холмскае губэрніі. Паходзіў зь сям’і беларускага праваслаўнага сьвятара Льва Паеўскага. Першапачатковую адукацыю атрымаў дома і ў манастырскае школе. Пазьней працягваў адукацыю ў Віленскае праваслаўнае сэмінарыі, а потым паглыбляў свае веды ў Казанскае духоўнае праваслаўнае акадэміі і унівэрсытэце. Там жа, у Казані, прыняў манаскі пострыг зь імям Мелхіседэк. Пасьля заканчэньня вучобы ў акадэміі рукапаложаны ў сьвятара і як ераманах накіраваны ў Магілёўскую япархію. Зь восені 1904 г. працаваў выкладчыкам маральнага багаслоўя ў Магілёўскае сэмінарыі і гімназіях гораду. З 16 верасьня 1905 года абраны ігуменам Магілеўска – Брацкага манастыра, а ў кастрычніку таго ж году робіцца дэканам мужчынскіх манастыроў Магілёўска – Мсьціслаўскае япархіі: Аршанскім, Ахорскім, Бялыніцкім і Няклюдаўскім. 24 стдзеня 1907 пераведзены ў Бялыніцкі манастыр. У гэтым жа годзе ўзьведзены ў сан архімандрыта. Удзельнічаў у беларускі культурна – асьветніцкім жыцьці  і дабрачынных праваслаўных арганізацыях. З 1906 – сябра Магілёўскага царкоўна – праваслаўнага Богаяўленскага  брацтва і Магілёўскага камітэту Праваслаўна–місіянэрскага таварыства. За беларускую дзейнасьць і абарону нацыянальных патрабаваньняў беларускага народу 22 верасьня 1907 года пераведзены ў Таўрычаскаю япархію на пасаду ігумена Хэрсонскага манастыра сьвятога Ўладзіміра. Ва Ўкраіне ўсталёўвае кантакты з прадстаўнікамі ўкраінскага праваслаўнага руху і ўсяляк спрабуе дапамагчы ў прагненьні ўкраінцаў. У Крыму знаходзіцца да 1914 года, потым, зважаючы на падтрымку ўкраінскіх арганізацый і пачатак І сусьветнае вайны, пераводзіцца ў Тыфліс. З 1917 гада – япіскап Ладажскі, вікарый Пяцярбургскі, Браў удзел у Памесным саборы Расейскае Праваслаўнае Царквы (Масква, жнівень 1917 – верасень 1918), дзе спрабаваў адстойваць гістарычнае права беларускага народу мець Памесную Беларускую Праваслаўную Царкву. У 1919 годзе павяртаецца на Беларусь і служыць у Менскае япархіі. Зь 1919 года – япіскап Менскі і Тураўскі. Падтрымлівае незалежнасьць Беларусі і праводзіць шэраг набажэнстваў зь малітоўнае падтрымкай Беларускае Народнае Рэспублікі. Неаднойчы дабраслаўляе беларусаў на барацьбу за Незалежнасьць, прызначае праваслаўных капэлянаў у беларускі вайсковыя фармацыі ў складзе Польскага Войска. Высоўвае ідэю Памеснае Беларускае Праваслаўнае Царквы і ініцыюе сход  беларускага праваслаўнага сьвятарства, які адбыўся 22 ліпеня 1922 гола. Пасьля таго, як Сход беларускага сьвятарства абвясьціў аўтаномію Беларускае Праваслаўнае Царквы, быў узьведзены ў сан мітрапаліта Менскага і Беларускага. Адразу пачынае актыўнае будаваньне незалежных адміністрацыйных структур Беларускае праваслаўнае мітраполіі. Нягледзячы на ціск, дамаўляецца падтрымаць абнаўленцаў і пачынае захады дзеля падрыхтоўкі абвяшчэньня аўтакефаліі Беларускае Праваслаўнае Царквы. Арыштаваны 1 чэрвеня 1924 года і абвінавачаны ва ўтойваньні царкоўных каштоўнасьцяў разам з шасьцю беларускімі праваслаўнымі сьвятарамі і вернікамі. 14 жніўня 1925 года асуджаны ўмоўна да трох гадаў зьняволеньня, але не вызваляецца, а пераводзіцца ў Бутрыскую турму ў Маскве і неўзабаве высылаецца ў Сыбір і да 1927 года знаходзіцца на засланьні ў Марыінскіх пасяленьнях. Пасьля адбыцьця тэрміну зьняволеньня меў намер павярнуцца ў Беларусь, але 23 траўня 1927 года быў зноў арыштаваны. З 17 верасьня 1927 года знаходзіўся ў высылцы ў Краснаярску. Вясной 1930 г., без аніякага тлумачэньня, перавозіцца ў Маскву, дзе на летняе сэсіі сыноду РПЦ МП абіраецца сябрам сыноду, але і далей знаходзіцца пад фактычным арыштам. Паводле сьведчаньняў, быў атручаны супрацоўнікамі дзяржбясьпекі і раптоўна памёр 17 траўня 1931 году ў Дарагамілаўскім саборы Масквы пад хіратоніяй аднаго з прызначаных бальшавіцкае ўладай “архірэяў”.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.