(1460-1530)
Адзін зь сама славутых герояў беларускай гісторыі, вялікі абаронца Айчыны. Паходзіў з роду турава-пінскіх князёў, нашчадкі якіх з канца ХІV стагодзьдзя мелі галоўнай рэзідэнцыяй горад Астрог на Валыні. Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі ды ў першай вайне Маскоўскай дзяржавы супраць Вялікага Княства Літоўскага. Як найбольш таленавіты вайсковы кіраўнік ва узросьце 37 гадоў атрымаў чын гетмана найвышэйшага - галоўнага начальніка над войскам дзяржавы - і неўзабаве здабыў эўрапейскую славу.
У змаганьні з крымскімі татарамі і маскоўскімі заваёўнікамі Астроск не меў сабе роўных. Згодна зь надпісам на ягоным надмагільлі, гетман 63 разы дамагаўся перамогі над імі. Асабліва слаўнай была перамога над амаль утрая большым маскоўскім войскам на рэчцы Крапіўне пад Воршай 8 верасьня 1514 года.
Удалым манэўрам вывеўшы маскоўцаў пад зьнішчальны агонь артылерыі, К.Астроск вымусіў іх ратавацца уцёкамі. Старадаўная песьня так апісвае гэтую падзею:
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як зь Воршы уцякалі
Рэчку невялічку пракліналі:
“Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як наша слава тутака прапала;
Бадай ты высыхала да сканчэньня сьвету
Што нашай славанькі ужо нету”.
Слава Воршы ужо нягорша.
Слаўся, пан Астроскі!
Пра выдатную перамогу, якой Астроскі фактычна уратаваў краіну ад чужога панаваньня, даведалася уся Эўропа. Ёй быў прысьвечаны спэцыяльны лісток навінаў, выпушчаны ў Нюрнбэргу ў 1514 годзе. Аршанская бітва увайшла ў эўрапейскія хрэстаматыі зь ваеннай гісторыі як узор удалай тактыкі змаганьня зь намнога перасяжнымі сіламі ворага, як прыклад вырашальнага уплыву таленту і майстэрства вайсковага начальніка на вынік баталіі.
Нястомна рупячыся пра належную абарону Вялікага Княства, найвышэйшы гетман не шкадаваў ні свайго жыцьця, ні сродкаў ды на уласныя грошы ставіў харугвы вершнікаў. У Эўропе Канстанціна Астроскага называлі “Ромулам”, “Сцыпіёнам”, “другім Ганібалам”, “князем, найбольш вартым сьветлай памяці”. Гетманства гэтага “брата расейцаў па царкве, але іх страшнага ворага ў полі” стала узорам вайсковай чыннасьці ў Вялікім Княстве.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.