Wednesday, September 8, 2010

8 ВЕРАСНЯ 1514. БІТВА ПАД ВОРШАЙ

Ул. Арлоў

На зыходзе 1512 года Маскоўская дзяржава распачала новую вайну за “искони русские земли” - Беларусь і Украіну, што уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і пад уладаю Маскоўшчыны ніколі не знаходзіліся.

Фарпостам Княства на усходзе быў старажытны беларускі горад Смаленск. У ліпені 1514-га яго узяло ў аблогу велізарнае 80-тысячнае войска маскоўцаў, папоўненае наёмнікамі зь заходнеэўрапейскіх краінаў. Па гарадзкіх умацаваньнях амаль бесьперапынна білі трыста гарматаў. Ваявода Юры Салагуб капітуляваў.

Натхнёны посьпехам маскоўскі князь Васіль ІІІ кінуў свае войскі углыб Беларусі. Усьлед за Смаленскам здаліся ворагу Крычаў, Амсьціслаў і Дуброўна. Крамлёўскі валадар быў настолькі упэўнены ў сваёй перамозе, што пад час адной зь застоліц загадаў сваім ваяводам “войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы як быдла пугамі гнаць”. Над дзяржаваю сапраўды навісла сьмяротная небясьпека.

Вялікі князь Жыгімонт Стары здолеў сабраць пад свае сьцягі ў Менску толькі трохі болей за 30 тысяч ваяроў. Тут былі 16 тысяч коньнікаў паспалітага рушаньня Вялікага Княства пад камандаваньнем славутага гетмана Канстанціна Астроскага, 14 тысяч польскіх конных жаўнераў, тры тысячы найманай пяхоты і 2500 шляхцічаў-добраахвотнікаў з Польшчы. Жыгімонт з чатырохтысячным войскам застаўся ў Барысаве, а асноўныя сілы на чале зь Астроскім рушылі насустрач варожай ардзе. Пры канцы жніўня адбыліся першыя сутычкі зь ворагам на рэках Бярэзіне, Бабры і Друці.

Пасьля некалькіх паразаў расейскае войска спынілася паміж Воршай і Дуброўнай на рэчцы Крапіўне. Тут і адбылася вырашальная бітва. Частка коньніцы Астроскага уброд і наўплаў - без стратаў - пераправілася цераз Дняпро. Астатнія коньнікі, пяхота і артылерыя пераадолелі раку трохі вышэй, па таемна наведзеным наплыўным мосьце. Палкі Канстанціна Астроскага пачалі шыхтавацца насупроць стану маскоўцаў уначы з 7 на 8 верасьня. У цэнтры гетман паставіў 16 тысячаў ліцьвінскай коньніцы, па баках - палякаў. Наперадзе былі сабраныя сама трапныя стралкі.

На досьвітку пад гукі трубаў і бубнаў маскоўскія ваяводы Чаляднін і Булгакаў-Голіца павялі палкі ў першую атаку. Астроскі зьвярнуўся да сваіх ваяроў з кароткай гарачаю прамовай: “Мужныя рыцары! Няхай доблесьць і мужнасьць вашы будуць вартыя слаўных бацькоў!..”

Няўдача першай атакі не надта зьбянтэжыла Чалядніна і Голіцу: у іх была амаль трохразовая перавага - 80 тысяч супроць 30. Такая самаўпэўненасьць саслужыла ваяводам дрэнную службу. Яны кепска узаемадзейнічалі і нават не лічылі патрэбным дапамагаць адзін аднаму. Калі ваяры Астроскага ударылі па палках Булгакава-Голіцы, Чаляднін ад бою ухіліўся, а калі удар абрынуўся на ягоных ваяроў, Голіца адплаціў тым сама.

Спроба абысьці нашае войска і наляцець з тылу не удалася, і пасьля паўдня маскоўскія ваяводы кінулі на праціўніка галоўныя сілы. Сеча дасягнула найвышэйшага напалу. Гетман быў сярод сваіх жаўнераў. Ягоная узьнятая над галявою булава дадавала мужнасьці слабейшым.

І раптам здарылася нечаканае: коньніца Астроскага завагалася, спыніла націск, а потым і наагул пакацілася назад. Расьцягнутыя баявыя парадкі маскоўцаў з пераможнымі крыкамі перайшлі ў наступ. Колькі хвілінаў коньнікі і сапраўды уцякалі, а тады зьнячэўку крута павярнулі убок. Расейская дваранская коньніца апынулася перад пакінутымі ў засадзе гарматамі.

Сьмяротны град артылерыі спыніў атаку. Чужынцы, зьбіваючыся ў бязладныя натоўпы, замітусіліся і паказалі нядаўнім “уцекачам” сьпіны. Коньніца Астроскага расьсекла сьціжму заваёўнікаў на часткі і расьсеяла іх па шырокім прырэчным полі. Ворагаў гналі і секлі яшчэ пяць вёрстаў. Вада ў Крапіўне пачырванела ад крыві і, паводле паданьня, выйшла з берагоў, бо целы мноства забітых загацілі раку. Шмат хто знайшоў сваю сьмерць у Дняпры, у навакольных лясах і балотах.

Летапісы і кронікі паведамляюць, што маскоўская раць страціла забітымі блізу 40 тысячаў. Чаляднін, Булгакаў-Голіца і яшчэ восем ваяводаў трапілі ў палон. Разам зь імі ў руках у пераможцаў апынуліся дзьве тысячы «дзяцей баярскіх» і тры тысячы шэраговых воінаў. Прыгаломшаны весткаю пра поўны разгром свайго войска Васіль ІІІ абвясьціў, што усе палонныя для яго - мёртвыя, і кінуў іх на вырак лёсу. Булгакаў-Голіца вярнуўся ў Масковію толькі ў 1552 годзе.

Аршанская бітва стала адной зь найбуйнейшых у Эўропе ХVІ стагодзьдзя. Бліскучая перамога нашай зброі аддала ініцыятыву вайны ў рукі Вялікага Княства. Усе захопленыя маскоўцамі гарады, апроч Смаленска, былі вызваленыя. Пачаў развальвацца накіраваны супроць Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага таемны альянс Маскоўшчыны і эўрапейскіх дзяржаваў. Крымскія татары, уражаныя перамогаю пад Воршай, на два гады спынілі набегі на Княства і павярнулі сваіх коней у бок Маскоўшчыны.

У сьнежні 1514 года вялікі гетман Канстанцін Астроскі трыюмфальна уступіў у сталіцу дзяржавы Вільню. У гонар перамогі на ягоныя сродкі там былі збудаваныя праваслаўныя храмы Сьвятой Тройцы і Сьвятога Мікалая, якія захаваліся дагэтуль.

Апісаньне бітвы пад Воршай зьмешчанае ў “Кроніцы” Мацея Стрыйкоўскага. Праз некалькі гадоў пасьля перамогі невядомым мастаком было створанае жывапіснае батальнае палатно, на якім адлюстраваны адзін зь эпізодаў сечы. На карціне, што захоўваецца цяпер у Нацыянальным музэ ў Варшаве, можна убачыць баявыя бел-чырвона-белыя сьцяжкі беларускіх ваяроў. Гэта першая па часе выява нашага нацыянальнага сьцяга. Памяць пра слаўную перамогу увасобілася і ў беларускай народнай песьні:

Ой, у нядзельку параненька
Узышло сонца хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.
А ў таборы трубы йграюць,
Да ваяцкае парады зазываюць,
Сталі рады адбываці,
Адкуль Воршы здабываці:
А ці з поля, а ці зь лесу,
А ці з рэчкі невялічкі?
А ні з поля, а ні зь лесу,
Толькі з рэчкі невялічкі.
А ў нядзельку параненьку
Сталі хлопцы-пяцігорцы,
Каля рэчцы на прыгорцы:
Гучаць разам зь самапалаў,
З сяміпалых ад запалаў.
Б'юць паўсоткаю з гарматаў.
Масква стала наракаці,
Места Воршу пакідаці;
А як зь Воршы уцякалі,
Рэчку невялічку пракліналі:
“Бадай ты, рэчка, сто лет высыхала,
Як нашая слава тутака прапала;
Бадай высыхала да сканчэньня сьвету
Што нашай славанькі ужо нету”.
Слава Воршы ужо ня горша
Слаўся, пан Астроск!

У 1992 годзе ў дзень гадавіны бітвы пад Воршай на пляцы Незалежнасьці ў Менску адбылася прысяга беларускіх вайскоўцаў на вернасьць свайму народу.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.