14 – 27 жніўня
Усьпенскі пост усталяваны перад вялікімі сьвятамі Ператварэньня Гасподняга і Усьпеньні Боскай Маці і працягваецца два тыдні — ад 14 да 27 жніўня.
Усьпенскі пост мае старажытнае паходжаньне.
У гутарцы Льва Вялікага, вымаўленай ім каля 450 года, мы знаходзім яснае указаньне на Усьпенскі пост: “Царкоўныя пасты разьмешчаны ў годзе так, што для кожнага часу прадпісаны свой адмысловы закон устрыманьня. Так для вясны вясновы пост — у Чатырохдзесятніцу, для лета летні — у Пяцідзесятніцу (Пятроў пост), для восені восеньскі — у сёмым месяцы (Усьпенскі), для зімы — зімовы (Калядны)”.
Сьвяты Сімеон Салунскі піша, што “Пост у жніўні (Усьпенскі) заснаваны ў гонар Маці Боскага Слова, Якая, пазнаўшы Сваю сьмерць, як заўсёды працавала і пасьцілася за нас, хоць, будучы сьвятой і бязгрэшнай, і не мела патрэбы ў посьце; так асабліва Яна малілася пра нас, калі намервалася перайсьці ад тутэйшага жыцьця да будучага і калі Яе дабрашчасная душа мела праз Боскага Духа злучыцца зь Яе Сынам. А таму і мы павінны пасьціцца і апяваць Яе, пераймаючы жыцьцю Яе і абуджаючы Яе тым да малітвы за нас. Некаторыя, зрэшты, кажуць, што гэты пост заснаваны па выпадку двух сьвят, гэта значыць Ператварэньня і Усьпеньня. І я таксама лічу неабходным успамін гэтых двух сьвят, аднаго — як падаючых нам асьвячэньне, а іншага — маленьня міласэрнасьці і хадайніцтва за нас”.
Усьпенскі пост не такі строгі, як Вялікі, але стражэйшы, чым Пятроў і Калядны пасты.
У панядзелак, сераду і пятніцу Усьпенскага посту статут Царквы прадпісвае сілкавацца сухаядзеньнем, гэта значыць выконваць самы строгі пост, без варэньня пішчы; у аўторак і чацьвер — “з варэньнем ежы, але без ялею”, гэта значыць без масла; па суботніх і нядзельных днях дазваляецца віно і ялей.
Да сьвята Ператварэньня Гасподняга, калі ў храмах асьвячаюцца вінаград і яблыкі, Царква абавязвае нас устрымлівацца ад гэтых пладоў. Па паданьню сьвятых. айцоў, “калі ж хто ад браціі ужыве гронку перш сьвята, тады пакараньне за непаслушэнства ды прыме і не спазнае гронку ва увесь месяц жнівень”.
У сьвята Ператварэньня Гасподняга па царкоўным Статуце дазваляецца на трапэзе рыба. З гэтага дня па панядзелках, серадах і пятніцам у сілкаваньне абавязкова уваходзілі плады новага ураджаю.
Пост духоўны шчыльна злучаецца з пастом цела, накшталт таго, як душа наша злучаецца зь целам, ажыўляе і складае зь ім адно цэлае, як душа і цела складаюць аднаго жывога чалавека. І таму, посьцячы целам, у той жа час неабходна нам пасьціцца і духоўна: “Посьцячы, браты, целам, посьцім і духоўна, вызваляючыся ад усялякай няпраўды і грахоўных думак”, — наказвае Сьвятая Царква.
У пасьце цела на першым пляне — устрыманьне ад багатай, смачнай і салодкай ежы; у пасьце духоўным — устрыманьне ад гарачых грахоўных рухаў, якія цешаць нашы пачуцьцёвыя схільнасьці і заганы. Там — пакіданьне ежы простай — больш пажыўнай і ужываньне ежы посту — меней пажыўнай; тут — пакіданьне любімых грахоў і правінаў і практыкаваньне ў процілеглых ім дабрадзейнасьцях.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.