19 жніўня
Ісус Хрыстос у размовах са Сваімі вучнямі часта казаў ім, што Яму патрэбна крочыць у Ерусалім. На шляху ў Ерусалім Ён ім абвясьціў: “Вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць; і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.” (Мц. 20:18–19)
Ісус удастоіў некаторых Сваіх вучняў бачыць Ягоную боскую веліч і славу. Сярод вучняў Хрыста было трое, якіх Ён найбольш любіў. Гэта былі Пятро, Якаў і Ян. Знаходзячыся ў Галілеі, Хрыстос, узяўшы іх зь Сабой, пайшоў на высокую гару Фавор і пачаў маліцца У час малітвы Ісус перамяніўся на вачах апосталаў. Ягоны твар раптоўна перамянілася і зазьзяў, як сонца, а вопратка Ягоная зьбялела, як сьнег. “І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі. Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю. Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце. І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся. І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся. А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса. І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.” (Мц. 17:3 – 9) Апосталы прамаўчалі і нікому нічога ў тыя дні не казалі аб тым, што бачылі.
У словах Пятра “Госпадзе! добра нам тут быць…” апосталы на хвіліну адчулі асалоду Царства Нябеснага, якое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго. Прыйдзе час, калі Гасподзь Ісус Хрыстос зноў зьявіцца ў славе, у якой Ён тады зьявіўся Сваім вучням, а зь Ім прыйдуць усе збаўленыя Ім.
Чаму Ісус Хрыстос толькі тром вучням паказаў славу Сваёй Боскасьці? На думку сьвятога Яна Дамаскіна, Хрыстос узяў зь сабой Пятра, каб ён, які адкрыта вызнаў Боскасьць Хрыста, пачуў пацьверджаньне свайго вызнаньня і ад Нябеснага Айца. Гасподзь узяў на Фавор Якава, бо ён меўся зрабіцца першым япіскапам Ерусаліму і першы зь апосталаў меўся аддаць сваё жыцьцё за Хрыста. Выратавальнік зрабіў сьведкам Свайго зьмяненьня і апостала Яна, бо ён быў Ягоным улюблёным вучням.
Усе тры апостала, сьведкі Хрыстовай славы на Фаворы, будуць пасьля і сьведкамі Ягонай агоніі ў Аліўным Горадзе. Як глыбока Хрыстова зьмена ўразіла іх сэрцы, гаворыць тое, што яны аб ёй пісалі праз шматлікія гады. Апостал Пятро ў сваім другім пасланьні веру ў Хрыста замацоўвае згадкай аб Ягоным слаўным перамяненьні, гаворачы, што яны былі “навочнымі” сьведкамі Ягонай велічы. Бо Ён прыняў ад Бога Айца веліч і славу, калі да Яго прыйшоў такі голас ад велічнае славы: “Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў”. І гэты голас мы чулі, які сыходзіў зь нябёсаў, калі мы былі зь Ім на сьвятой гары. А сьвяты Эвангеліст Ян зь захапленьнем піша ў сваім Эвангельлі: “Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды; і мы бачылі славу Ягоную, славу, як Адзінароднага ад Айца.” (Ян. 1:14)
Сьвята Перамяненьня Госпада належыць да вялікіх дванадзесятых сьвятаў нашае Праваслаўнае Царквы. Яно мае адзін дзень прад і сем дзён пасьлясьвята. Гэтае сьвята прыпадае на той час, калі высьпяваюць плады зямлі. І ад найбольш старажытных часоў у Праваслаўнае Царкве ў гэты дзень у падзяку Богу адбываецца дабраслаўленьне першых пладоў зямлі. Гэты звычай пераняты Праваслаўнае Царквой ад Старога Запавету, які прадпісваў прыносіць першыя плады ў Храм Госпада. У канцы кнігі Выхаду чытаем: “Самыя першыя плады зямлі тваёй прынось у дом Госпада, Бога твайго. Не гатуй казьляня ў малацэ маці ягонай.” (Вых. 34:26); “Прыйдзеце ў зямлю, якую Я даю вам, і будзеце жаць на ёй жніво, дык прынясеце першы сноп жніва вашага да сьвятара” (Ляв. 23:10).
Звычай дабраслаўляць ў царкве першыя плады ўжо прадпісваюць Апостальскае правіла з канца ІІІ стагодзьдзя. Апостальскія пастановы (IV стагодзьдзе) маюць малітвы на асьвячэньне пладоў. Шосты Сусьветны Сабор (691 г.) гаворыць аб дабраслаўленьні першых пладоў вінаграду і пшаніцы.
У Грэцыі ў жніўні высьпявае вінаград і пшаніца. У Беларусі вінаград замяняюць яблыкамі і іншай садавіной.
Трапар сьвята
Зьмяніўся Ты на гары, Хрысьце Божа, / паказаўшы вучням Тваім славу Тваю, / наколькі гэта было для іх магчыма. / Ды зазьзяе і нам, грэшным, / сьвятло вечны Тваёй, / па малітвах Багародзіцы; / Падавец сьвятла, слава Табе!
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.