Sunday, April 25, 2010

ЧАЛАВЕК – ГЭТА ВОБРАЗ БОЖЫ

архіяпіскап Афанасій (Мартас)

Гэтым казаньнем уладыкі. Афанасія мы працягваем публікацыю ягоных казаньняў, што былі прамоўлены прад вэтэранамі беларускага супраціву ў Аргентыне. Гэтыя казаньня былі запісаны і прысланы ў рэдакцыю спадаром Янам Процькам, які ад 1939 і да 1946 г. змагаўся за незалежнасьць Беларусі ў шэрагах беларускай незалежнай партызанкі.

Куды сёньня ні зірні, усюды бачны вялікі неспакой на зямлі. Усюды чалавек не шануецца, не паважаецца, усюды яго зьневажаюць і абражаюць, усюды чалавек зьменшаны ў нішто. Абдурыць чалавека або забіць яго зрабілася звычайнай справайТаму і такі неспакой на зямлі. Бог стварыў чалавека цалкам іншым — Ён стварыў яго па Выяве Сваёй і Падабенству. І як мы любім і ушанаваны Бога, так мы павінны пачытаць і любіць кожнага чалавека (Мц. 22:39). Ужо ў старажытнасьці было вядома людзям, што чалавек ёсьць Выява і Падабенства Боскае, але людзі не зразумелі гэтай найбольшай Запаведзі Боскай і не выконваюць яе. Вельмі рана людзі сталі ненавідзець адзін аднаго, стварылі спадароў і рабоў, прыдумалі жорсткі прыгон, завялі міжусобіцы і войны паміж народамі. Замест міру і шчасьці па зямлі усюды пайшлі гвалт і рабаваньні. Адбылося гэта ад таго, што людзі зусім забыліся аб тым, што Бог стварыў чалавека па Выяве і Падабенству Свайму. Гэта значыць, што Бог даў людзям Сваю найпершую Запаведзь, каб яны сваёй выявай і падабенствам, г.з. жыцьцём нагадвалі Бога. Але пайшлі войны, рабаваньні, пахабнае рабства і гвалт адных над іншымі. Так жыць нельга было і Гасподзь Бог наш паслаў у мір Сына Свайго, каб Ён зьмяніў, зьмяніў людзей, каб навучыў іх Праўдзе Божай, каб увёў на зямлі Свой Новы Запавет, каб людзі сталі жыць па—новаму. І Сын Божы, Ісус Хрыстос, прыйшоў на зямлю нашу як Чалавек, не перастаўшы быць Богам, прыйшоў як Богачалавек, каб у чалавечай выяве цесна аб'яднацца зь людзьмі і навучыць іх жыць так, каб на зямлі заўсёды быў мір і праўдзівае шчасьце. І Гасподзь наш Ісус Хрыстос 33 гады прабыў сярод людзей, увесь час дбайна павучаючы іх асновам нашага шчасьлівага жыцьця, паказваючы нам мэты і задачы нашага зямнога жыцьця.

Хрыстос даў нам Сваё праўдзівае вучэньне, як трэба жыць на зямлі, каб мы былі усё Выявай і Падабенствам Божым, г.з., каб мы былі такімі, якімі стварыў нас Гасподзь спачатку. Калі Хрыста спыталі, якая першая запаведзь у законе, г.з. якая мэта нашага чалавечага жыцьця, альбо — як мы павінны жыць, то Ён рашуча адказаў: “Палюбі Госпада Бога твайго усім сэрцам тваім, усёю душою тваёю і усім разуменьнем тваім”, — гэтая ёсьць першая і найбольшая запаведзь. Другая жа падобная ёй: палюбі блізкага твайго, як самога сябе. На гэтых двух запаведзях сьцьвярджаецца увесь закон і прарокі (Мц. 22:37—40). Гэтай сваёю запаведзьдзю Хрыстос стварыў Новы Запавет. Гэтая запаведзь ёсьць падмурак для новага жыцьця. Гэта значыць, што гэта Божы загад нам, як трэба жыць на зямлі, каб былі на ёй мір і шчасьце. Ніхто ніколі не паставіў чалавека так высока, як паставіў яго Хрыстос: чалавек — гэта Выява і Падабенства Боскае! Чалавека усё павінны любіць, як любяць Бога. А любіць — гэта значыць служыць, дапамагаць, паважаць, шанаваць.

Сёньня няма ў нас, у Беларусі, міру і шчасьця, як і на ўсёй зямлі, таму што людзі не выконваюць найпершай запаведзі, дадзенай Хрыстом, таму што шмат людзей сёньня ілжыва вучыць, быццам няма Бога. Камуністы не прызнаюць Бога і ідуць гвалтам і зманам, агнём і мячом супраць тых, хто Бога любіць. А хто не любіць Бога, той чалавека не паважае. Менавіта таму зараз пайшлі войны, гвалт і д'ябальская хлусьня. Хто не прызнае Бога, той ніколі не будзе мець міру, той чалавека не будзе паважаць. Камуністы выступілі супраць Бога і без канца узброенае сеюць нянавісьць да людзей, гвалт і зманУ 1933 г. яны голадам забілі сем мільёнаў людзей на Украіне, у 1937 і ў далейшыя гады – лепшых дзяцей беларускай зямлі. Камуністы сеюць нянавісьць да людзей, нянавісьць да кожнага, хто думае інакш, чым яны. У сваім вучэньні яны прапаведуюць вайну усім не камуністам і пагражаюць зьняволіць увесь сьвет. Увесь сьвет знаходзіцца пад пагрозай. Толькі Бог можа выратаваць сьвет ад згубы, але дзеля гэтага людзі павінны вярнуцца да Бога.

1959 г.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.