Wednesday, April 7, 2010

ВЕЛІКОДНАЕ ПАСЛАНЬНЕ АРХІЯПІСКАПА АФАНАСІЯ (МАРТOСА)

У беларускае царкоўнае гісторыі было агульна прынята лічыць, што пасьля пераходу япіскапату Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы ваеннага часу ў РПЦЗ, усе ягоныя кантакты зь дзеячамі беларускага нацыянальнага руху былі спынены. Але сёньня высьвятляецца – гэта далёка не так. Некаторыя ўладыкі, найперш архіяпіскап Філафей (Нарко) і архіяпіскап Афанасій (Мартос) працягвалі шчыльныя кантакты і супрацоўніцтва зь найбольш радыкальнымі прадстаўнікамі беларускага вызваленчага руху: Дз. Касмовічам і Р. Астроўскім. Уладыкі бралі чынны ўдзел у шэрагу канфэрэнцый і нарад беларускіх змагарных арганізацый і нават клапаціліся аб духоўных патрэбах беларускай палітычнае эміграцыі. Так, па сьведчаньню былых беларускіх партызан у Аргентыне, архіяпіскап Афанасій, нягледзячы на супраціў расейскай эміграцыі і кіраўніцтва РПЦЗ, стала клапаціўся і дапамагаў беларускім эмігрантам – удзельнікам узброяннага змаганьня. Штогод, апрача афіцыйнага Велікоднага пасланьня, уладыка Афанасій зьбіраў беларускіх вэтэранаў і зьвяртаўся да іх зь адмысловым пасланьнем на беларускае мове. Адно з падобных пасланьняў, дасланых нашым вэтэранам зь Аргентыны, мы сёньня публікуем на старонцы “Беларускай Аўтакефаліі”.

“Беларуская Аўтакефалія”

P.S. На здымку, зробленым у часе нарады вайсковых адзінак Беларускай Цэнтральнае Рады 08 – 14 чэрвеня 1967 (ЗША, Норт Кантон, Агаё), (ад левага боку да правага) арх. Філафей, Прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскі і арх. Афанасій.

Хрыстос Уваскрэс

Усё расьліны ў прыродзе зь надыходам вясны штогод ажываюць і абнаўляюцца. Таксама бывае і з чалавекам. Але ён вышэйшае тварэньне Боскае, у якое Творца яго удыхнуў Дух Свой. Чалавек ажывае не раз у год, як усе бязмоўныя стварэньні, але гэтулькі разоў, колькі ён спавядаецца і прычашчаецца Сьвятога Прычасьця. Ён ажывае і перараджаецца для новага набожнага жыцьця ў Хрысьце і з Хрыстом. Сьвятое Прычасьце гэтае найбольшая Таямніца Боская, гэта Таямніца з Таямніц. Сьвятое Прычасьце Цела і Крыві Хрыстовых цалкам перараджае чалавека і набліжае яго да Госпада. Праз Прычасьце Бог робіцца нашым Айцом Нябесным, а мы Яго дзецьмі. Прычасьце асьвячае чалавека. У Вялікім пасту праваслаўныя вернікі чысьцяцца ад грахоў сваіх у таямніцы споведзі, абнаўляюцца ў таямніцы Сьвятога Прычасьця. І пасьля гэтага, адроджаныя духоўна яны радасна сустракаюць Уваскрэсеньне Хрыстова. Уваскрэсеньне зь мёртвых Госпада нашага Ісуса Хрыста гэтая падмурак нашай веры, гэта той непарушны падмурак, на якім стаіць Хрысьціянства. “Калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная, марная і вера ваша.” (1 Кар 15:14) Але вера наша не марная, работа наша хрысьціянская не марная. “Хрыстос уваскрэс зь мёртвых, першынец з памерлых.” – Кажа той жа Апостал (1 Кар. 15:20). У гэтым асноўны догмат нашай праваслаўнае веры. Мы глыбока веруем і ведаем, што “Хрыстос уваскрэс зь мёртвых славаю Айца” (Рым. 6:4), што Ісуса “Бог уваскрэсіў зь мёртвых” (Дзеі. 3:15; 4:10). А ў гэтым падмурак нашай веры і мы ў Велікодную ноч радасна і весела сьпяшаемся паведаць адзін аднаму аб найбольшым у нашым жыцьці і найбольш важным у нашае веры.

Хрыстос Уваскрэс!

І хто верыць у Уваскрэсеньне Хрыстова, той паўнавартасны чалавек. Хто усім сэрцам верыць ва Уваскрэсеньне Хрыста, той праўдзівы хрысьціянін праваслаўны, а праз сваю веру становіцца дзіцем Божым. Хто усёй душой успрымае Таямніцу Прычасьця і Таямніцу Уваскрэсеньня Хрыста, для таго Бог ёсьць праўдзівы Айцец. А хто не верыць, той як сухое дрэва пры дарозе яго сьсякаюць і спальваюць на агні. Хто не верыць, той як пусты арэх, якога усё выкідваюць, як шалупіну. Хто не верыць і не бярэ прычасьце, той не паўнавартасны чалавек і радасьці Уваскрэсеньня Хрыста ён не адчувае. Хрыстос Уваскрэс уваскрэсьнем і мы разам зь Ім! Уваскрэсьнем для новага жыцьця, для жыцьця набожнага і дабрадзейнага, для жыцьця хрысьціянскага і радаснага, для жыцьця, напоўненага любові і радасьці аб Хрысьце Ісусе. А падстава усяму гэтаму радаснае і велічнае: Хрыстос Уваскрэс! Радасным “Хрыстос Уваскрэс” прывітае усё духавенства і усіх багалюбівых праваслаўных дзяцей зямлі беларускай у замежжы.

+ архіяпіскап Афанасій.

Травень 1958 л.Б

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.