Трэцяга (па новаму стылю) сакавіка 1067 году паміж войскамі Яраславічаў – Ізяслава Кіеўскага, Сьвятаслава Чарнігаўскага і Усевалада Пераяслаўскага, і войскам Усяслава Полацкага адбылася знакамітая бітва на Нямізе.
Усяслаў ад пачатку свайго уладарства быў у саюзе з Кіевам. У 1060-м годзе удзельнічаў у пераможным агульнарускім паходзе супраць торкаў. Але зімой 1065-1066 гадоў, зьмагаючыся за незалежнасьць Полацкага княства, напаў і трымаў у аблозе Пскоў, разьбіў наўгародзкага князя Мсьціслава Ізяславіча, які ішоў на дапамогу Пскову і разрабаваў Ноўгарад. Такія крокі полацкага князя не маглі задаволіць князёў Яраславічаў. Ізяслаў Кіеўскі, Сьвятаслаў Чарнігаўскі і Усевалад Пераяслаўскі ў адказ зімой 1067 га году пайшлі супраць Усяслава. Вынікам паходу быў спалены і разрабаваны Менск. Менавіта з гэтай нагоды будучая сталіца Беларусі упершыню згадваецца ў летапісах.
Усяслаў выйшаў на дапамогу Менску, але не пасьпеў. Войскі сышліся на берагах ракі Нямігі. Полацкі князь першым пайшоў супраць Яраславічаў. Паводле кіеўскага летапісца, Усяслаў быў разьбіты Яраславічамі і зьбег да Полацка. Аднак войскі пераможцаў таксама адступілі, што дае падставу сумняваца ў аб’ектыўнасьці кіеўскай крыніцы.
Бітва на Нямізе яскрава апісаная ў Слове пра паход Ігаравы і зьяўляецца адной з буйнейшых і найбольш крывавых міжусобных бітваў эпохі Кіеўскай Русі.
Паводле летапісных крыніц, Усяслаў Полацкі нанёс такі ўрон кіеўскаму войску, што яно ня здолела прасьледаваць беларусаў, а толькі спынілася на поўдні Полацкай зямлі. Праз 4 месяцы пасьля бітвы паклікалі яго на перамовы і цалавалі крыж, каб засьведчыць яго бясьпеку, але парушылі сваё абяцаньне – схапілі разам з двума сынамі, адвезьлі ў Кіеў і пасадзілі ў вязьніцу. Праз некаторы час жыхары Кіева паднялі паўстаньне, вызвалілі Усяслава і зрабілі яго Кіеўскім князем.
У гэты дзень Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква служыць Парастас “Усім ваярам беларускім, што ў бітве на Нямізе загінулі”, а таксама памянае ўсіх загінуўшых за незалежнасьць Беларусі.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.