Sunday, February 14, 2010

Грамніцы

2 лютага

Па закону Майсея, у юдэяў кожнае першае дзіцё мужчынскага полу на саракавы дзень ад нараджэньня мусіў быць пасьвячоны Богу. Вось як аб гэтым апавядае сьвяты апостал Лукаш: “А калі споўніліся дні ачышчэньня іхняга паводле закона Майсеевага, прынесьлі Яго ў Ерусалім, каб явіць Госпаду, і каб прынесьлі ў ахвяру, паводле сказанага ў законе Гасподнім, дзьве галубкі альбо два птушаняты галубіныя.” (Лк. 2:22 – 24)

Немаўля Госпада прынесьлі у Храм Ерусаліму Багародзіцай і Іосіфам у цяперашні дзень, які ёсьць саракавым ад нараджэньня Выратавальніка. Бо па закону Майсея: “калі жанчына зачне і народзіць немаўля мужчынскага полу, дык яна нячыстая будзе сем дзён; як у дні пакутніцтва яе ачышчэньнем, яна будзе нячыстая; .. і трыццаць тры дні павінна яна сядзець, ачышчаючыся ад крывей сваіх; ні да чаго сьвяшчэннага не павінна дакранацца і да сьвяцілішча не павінна падыходзіць, пакуль ня мінуцца дні ачышчэньня яе.” (Ляв. 12:2, 4 )

Хоць Марыя, зрабіўшыся маці Госпада, асьвяцілася нараджэньнем Яго і, застаўшыся Дзевай, не мела патрэбы ў ачышчэньні, усё ж яна, па глыбокай павазе да закону Майсея, выканала яго.

А быў у Ерусаліме адзін чалавек па імю Сымон, чалавек праведны і набожны, які суцяшэньня чакаў Ізраілю. І Сьвяты Дух быў на ім. І ад Духа Сьвятога яму была абвешчана: не бачыць сьмерці, раней чым пабачыць Хрыста Госпада. І Дух у храме скіраваў яго. І як уносілі бацькі Дзіцё – Ісуса , каб зрабілі над ім па звычаю закону, узяў ён на рукі Яго, аддаў хвалу Богу і прамовіў: “Сёньня адпускаеш раба Твайго, Уладыка, паводле слова Твайго, зь мірам, бо бачылі вочы мае збавеньне Тваё, якое Ты ўгатаваў перад абліччам усіх народаў, сьвятло на асьвятленьне язычнікаў, і славу народу Твайго Ізраіля. А Язэп і Маці Ягоная дзівавалі ад сказанага пра Яго. І дабраславіў іх Сымон, і сказаў Марыі, Маці Ягонай: вось, ляжыць Гэты на ўпадак і на ўзвышэньне многіх у Ізраілі і на азнаку нязгодаў, – і Табе Самой зброя пратне душу, - каб адкрыліся помыслы многіх сэрцаў. І была таксама Ганна прарочыца, дачка Фануілава, з роду Асіравага, якая дажыла да глыбокай старасьці, пражыўшы з мужам ад дзявоцтва свайго сем гадоў, удава гадоў васьмідзесяці чатырох, якая не адыходзіла ад храма, постам і малітваю служачы Богу дзень і ноч. яна, у тую самую гадзіну падышоўшы, славіла Госпада і казала пра Яго ўсім, хто чакаў ратунку ў Ерусаліме. . (Лк. 2:29 – 38)

Словы Сымона, які прыняў Госпада, збыліся. Ісус Хрыстос даў людзям новы закон мілаты і любові. Але Ягонае вучэньне, як і сам Выратавальнік сусьвету, зрабілася дзеля шматлікіх прадметам нянавісьці і супярэчнасьці. А Маці Боская, бачыўшы пакуты і крыжовую сьмерць Свайго Боскага Сына, перажыла столькі гора і мук сэрца – быццам той меч душу яе працяў.

Грамніцы належаць да ліку старажытных сьвятаў. Яго апісалі ў сваіх творах Айцы Царквы ІІІ, IV, V стагодзьдзя.

Асабліва ўрачыста яго пачалі сьвяткаваць пры імпэратары Юсьцініяне, калі зь ім павязаны ўспаміны аб выратаваньні Канстантынопалю ад страшнага мору.

Прадсьвята Грамніц адбываецца 1 лютага, а адданьне – 9 лютага. У VІІ ст. Андрэй Крыцкі, у VІІІ Кузьма Маіўмскі, сьв. Ян Дамаскін і Герман патрыярх Канстантынопалю, у ІХ ст. Іосіф Студыт ды іншыя упрыгожылі сьвята Грамніцы шматлікімі сьвятымі сьпевамі, якія і да сёньня выконваюцца ў Праваслаўнае Царкве.

Трапар сьвята, тон 1

Радуйся, дабрадатная Багародзіца Дзева, / бо з Цябе зазьзяла Сонца праўды, Хрыстос Бог наш, / асьвячаючы ў цемры знаходзячыхся. / Весяліся і ты, старац справядлівы, / які прыняў у абдымкі Вызваліцеля душаў нашых, / даруючага нам уваскрэсеньне. Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вяукоў. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.