Sunday, January 24, 2010

НЯДЗЕЛЯ ПАСЬЛЯ ВАДОХРЫШЧА

Мітрапаліт Антоній (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Першыя словы Выратавальніка, калі Ён выйшаў на пропаведзь, былі: Пакайцеся, наблізілася Царства Божа... Пакайцеся гэта значыць — азірніцеся, зьвярніце твар у бок прыйшоўшага зараз Царства Божага. І гэты заклік зьвернуты да кожнага зь нас; Царства Божа наблізілася, Царства Боскае ў сэрцах нашых, але ў тых глыбінях, куды мы рэдка зазіраем; Царства Божа сярод нас, калі мы злучаныя адзін зь адным шчырай, некрывадушнай і ахвярнай любоўю.

І Царства Боскае ужо увайшло ў жыцьцё гэтага сьвету увасабленьнем Хрыста, таму што Ён увайшоў у гісторыю сьвету, як Госпад, як Цар. І таму нам трэба зьвярнуць усю нашу увагу ў тыя глыбіні нашага сэрца, нашай сьвядомасьці, нашага быцьця, дзе мы можам сустрэць Бога, пакінуўшы убаку то павярхоўнае, тую рабізну, якая не дае нам бачыць глыбіні. Нам трэба зьвярнуць увагу на тыя адносіны, якія нас зьвязваюць, каб не было ў іх нічога, што не было б годна гэтага Царства ахвярнай, шчодрай, цалкам самаахвярнай любові. І мы павінны памятаць, што мы пасланыя ў гэты сьвет, каб быць абвяшчальнікамі прыходу Госпада, што Госпад прыйшоў на зямлю прынесьці мір — мір паміж Богам і чалавекам, мір паміж раздвоенымі сіламі чалавечай сьвядомасьці і мір паміж людзьмі. Калі мы так зразумеем гэты прыход, гэтае набліжэньне Царства Божага, і калі мы так адказна да яго паставімся, то мы сапраўды будзем Хрыстовымі, хрысьціянамі, і тады мы будзем, як соль зямлі, якая не дае гніць таму, што падаецца тленьню, а наадварот можа даць жыцьцё, і дух, і сьвятло. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.