мітрапаліт Антоній (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы знаходзімся цяпер у падрыхтоўчых тыднях да Вялікага Посту. Хутка надыдзе Пост, і мы павінны б да яго імкнуцца, да яго крочыць, як да адной зь вялікіх радасьцяў жыцьця. Пост у царкоўных кнігах — ды і ў ангельскай мове — пазначае вясну. Гэта — вясна духоўная, гэты час, калі павінны адрадзіцца усе сілы жыцьця, якія сьпяць у нас, калі павінны прачнуцца гэтыя сілы, і тое, што пачало вянуць, павінна зноў вярнуцца да жыцьця і заквітнець поўным колерам. Вось што такое Пост.
І калі кожны год да нас крочыць вясна, усякі чалавек, у якога ёсьць сад, клапоціцца, каб вырваць зь яго, выключыць зь яго усё пустазельнае, усё, што можа забіць жыцьцё таго, што будзе так выдатна расквітаць трохі пазьней. Для гэтага і прызначаныя гэтыя тыдні, якія падрыхтоўваюць нас да Вялікага Посту: гэты час, калі мы павінны азірнуцца і агледзець той духоўны сад, які уяўляе сабой наша душа. Гэты сад закліканы быць райскім садам, але ў ім расьце шмат таго, чаго тамака не павінна быць, чаму няма месца ў садзе нябесным. І вось на працягу нейкіх нешматлікіх тыдняў мы можам паглядзець на тое, што ў нашай душы, і выдаліць зь яе усё, што прыналежыць царству і краіне сьмерці, а не жыцьця. У такім разе, калі надыдзе Пост, калі з тыдня ў тыдзень нам будзе гаварыцца, якая выдатная чалавечая душа, як яна можа заквітнець, адчыніцца, асьвяціцца, стаць сьветлай сьвятлом Боскім, мы зможам ісьці гэтым шляхам Посту з радасьцю: сапраўды, ад сілы да сілы, ад славы да славы, ад радасьці да радасьці.
І калі надыдзе нарэшце Уваскрошаньне Хрыстова, поўная, цэласнае сьвята жыцьця, то і мы зможам уліцца ў гэтае сьвята, зможам радасна, цешачыся зрабіцца адзінымі з гэтым струменем вечнага жыцьця.
Прыступім жа зараз да падрыхтоўкі да Посту бадзёра, радасна, зь надзеяй, зь натхненьнем, і пройдзем жа шлях Посту, як ідуць на працягу усёй вясны і расьліны, і жывёлы, і усё — да жыцьця, і увойдзем у вечнасьць. Амін!
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.