Tuesday, December 8, 2009

СЬВЯТАЯ ВЕЛІКАМУЧАНІЦА КАЦЯРЫНА

Памяць 24 лістапада

Сьвятая Велікамучаніца Кацярына зь Александрыі меле 17 гадоў ад нараджэньня. Была вельмі прыгожая, высокаадукаванай і багата. У 304 годзе яна прыняла хрысьціянства і ад гэтага часу прапаведавала Ісуса Хрыста. Па загаду імпэратара Максіміліяна, які прасьледаваў хрысьціян, была закатавана за веру Хрыстову. Пасьля трывалых угавораў адмовіцца ад Хрыста і перайсьці да паганцаў, каты распранулі яе і секлі валовымі жыламі дзьве гадзіны па плячох і жывату. Яе дзявочае цела зрабілася суцэльнай ранай. Кроў мучаніцы баграніцай, нібы з крыніцы, сьцякала на зямлю. Яе кінулі ў вязьніцу, дзе Кацярыну трымалі без ежы і вады, але каты на гэтым не супакоіліся. Яны прыдумалі новыя катаваньні – паклалі дзяўчыну паміж чатырох колаў зь вострымі зубцамі і, паварочваючы колы два ў правы бок, а два – ў левы, пачалі шматаваць яе цела. Але Анёл Госпада сышоў зь неба і зрабіў так, што велікамучаніца засталася цэлай і непашкоджанай, а колы разваліліся на шматкі. Тады каты адсеклі ёй галаву мячом.

Вялікія пакуты сьвятой Кацярыны навярнулі шматлікіх паганцаў да веры Хрыстовай. Сярод іх – царыцу Аўгусьціну, жонку Максіміліяна, Парфірыя Страцілата і 200 ваяроў, якія бачылі яе жахлівыя пакуты.

Месца страты Велікамучаніцы Кацярыны і сёньня паказваюць у Александрыі паломнікам. Жыхары Александрыі, якія верылі ва ўкрыжаванага Госпада, усталяваоі мармуровую калёну, на якой высеклі галаву сьвятой Велікамучаніцы Кацярыны. Гэтая калёна і сёньня стаіць у храме сьв.Савы.

Як сьведчаць пераказы, сьв. мошчы Велікамучаніцы былі далёка на Сінайскае гары. У песьнях сьпяваецца: Радуйся, усяслаўная Велікамучаніца Кацярына, бо на гары Сінай, дзе бачыў Майсей цярновы куст неспалімы. Сам Хрыстос захоўвае годнае цела твае аж да другога прыходу Свайго.

На высокую гару Сінай мошчы маглі перакласьці толькі Анёлы. У храме на гары знаходзяцца мошчы галавы і левай рукі сьв. Кацярыны. Невялікая мармуровая рака стаіць у храме з правага боку пасаду. Сьвятую галаву нявесты Хрыста пакрывае цяпер залаты вянец, а яе рука ўпрыгожана каштоўнымі пярсьцёнкамі.

У ІХ ст. Феафан Нікейскі і невядомы манах Вавіль напісалі шмат песьняў у гонар Велікамучаніцы Кацярыны, якія і сёньня сьпяваюцца Праваслаўнай Царквой у дзень яе памяці.

Трапар сьвята

Цябе, жаніх мой, люблю і, / Цябе жадаючы, пакуты цярплю і крыжую сябе з Табой / і пахавана з Табой у хросьце Тваім. / Пакуту цярплю за Цябе, каб цараваць з Табой, / і паміраю за Цябе, каб жыць з Табой. /Але, як ахвяру чыстую, / што зь любоўю прынесла Табе, прымі мяне. / Па малітвам Велікамучаніцы, міласэрны Госпад, / выратуй душы нашы.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.