21 лістапада
Бацькі Дзевы Марыі, праведныя Якім і Ганна, што нямелі дзяцей, сумавалі і не аднойчы, горка плача, малілі Бога, каб Ён даў ім дзіця, і пры гэтым склалі абяцанку, што аддадуць гэтае дзіця ў храм Ерусалімскі на службу Богу. Таму паглядзеў Госпад на гора праведнікаў, даў ім дачку, і назвалі Яе Марыяй. Не пасьпелі бацькі нарадавацца сваім дзіцём, як мінула дзяўчынцы тры гады і трэба было выконваць дадзеную Богу абяцанку – адвесьці Яе ў храм Ерусалімскі.
Урачыстым і прыгожым быў той паход. Якім і Ганна склікалі ў Назарэт сваіх родзічаў, запрасілі шмат дзяўчатак. Апранутыя ў найлепшыя сукенкі, зь сьвечкамі ў руках, дарослыя дзяўчаты павольна крочылі наперадзе і сьпявалі набожныя песьні. Зь імі крочыла трохгадовая дзяўчынка Марыя, а за Ёй ужо крочылі бацькі, родзічы і шмат іншых людзей. Першасьвятару Захарыю было дадзена ведаць ад Духа Сьвятога, што ў храм мусіць прыйсьці будучая Маці Боская, і ён разам зь сьвятарамі ў пышным убраньні ўжо чакаў Дзеву на ганку, да якога вялі пятнаццаць прыступак. На кожнае з гэтых прыступак сьпявалі адну псальму. На першы прыступак бацькі паставілі маленькую Марыю, а далей Яна пайшла прама да першасьвятара Захарыя. Архірэй узяў Юначку за руку і, натхнёны Духам Сьвятым, правёў Яе да галоўнай часткі храму, у так званае Сьвятое Сьвятых, куды ў старажытныя часы ўносілі зь духоўнай радасьцю Ківот Боскі. Туды па закону было дазволена ўваходзіць толькі аднаму архірэю адзін раз на год, пры гэтым зь ахвярнай крывёй, якую ён прыносіў за сябе і за чалавечыя правіны (Жыд. 9:7).
Дзіваваліся ўсе, хто быў там прысутны, а ў царкоўных сьпевах сказана, што нават анёлы дзіваваліся, як Дзева ўвайшла ў Сьвятое Сьвятых.
Усясьвятая Дзева не толькі адзін раз увайшла ў Сьвятое Сьвятых на ўвядзеньні, але і ў часе знаходжаньня Свайго ў храме Яна заўсёды ўваходзіла туды, што было забаронена, і нават пад страхам сьмерці, першасьвятару.
Дзева Марыя заставалася пры храме, дзе неўзабаве пад апекай першасьвятара і сьвятароў здабыла досыць высокую адукацыю і добрае набожнае выхаваньне і навучалася розным ручным працам.
Усясьвятая Дзева Марыя пражыла ў храме Ерусалімскім амаль дванаццаць гадоў.
Надышоў час, калі Марыя мусіла пакінуць храм і, як іншыя дзяўчаты, узяць шлюб. Яна патлумачыла першасьвятару і сьвятарам, што Яна ад зачацьця Свайго прысьвечаная бацькамі адзінаму Богу і Сама дала абяцанку захоўваць вечна сваё дзявоцтва, і таму не можа ўзяць шлюб.
Таму для нятленнага захаваньня дзявоцтва пад чынам шлюбу Сьвятая Дзева ў 15 гадоў Свайго жыцьця, па парадзе і згодзе Сьвяцейшага Сабору, была заручана зь сваім родзічам праведным старцам Іосіфам, які даў абяцанку захоўваць дзявочую годнасьць Марыі, лічачы сябе ўяўным Яе мужам і ўяўным бацькам Ісуса Хрыста. Такім чынам Яна перасялілася з храму ў Назарэт, у дом праведнага Іосіфа.
На ўспамін аб Увядзеньні Ўсясьвятой Багародзіцы ў храм Ерусалімскі, 21 лістапада Царквой уведзена сьвята. Згадку аб гэтым сьвяце магчыма адшукаць ў апавяданьнях Палестынскіх хрысьціян IV ст., дзе гаворыцца, што царыцай Аленай быў пабудаваны храм Увядзеньня Багародзіцы.
На прыкладзе Богабацькоў Якіма і Ганны, якія прысьвяцілі сваю дачку зь малых гадоў Богу, мы бачым, што хрысьціянскім бацькам патрэбна зь малых гадоў выхоўваць дзяцей набожнымі.
Увядзеньня ў храм Багародзіцы ёсьць вялікае, сусьветнае дванадзесятае ствята.
Трапар сьвята
У гэты дзень – прадвесьце Боскага дабраваленьня / і выратаваньня людзей прадвесьце: / у храме Боскім Дзева вольна зьяўляецца / і Хрыста усім прадвесьціць. / Ёй і мы голасна засьпяваем: / “Радуйся, наканаванага Стваральнікам выкананьне!”
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.