Sunday, December 26, 2010

ГІСТОРЫЯ, АЛЬБО ПРАЎДЗІВАЕ АПІСАНЬНЕ ЖЫЦЬЦЯ СЬВЯТЫХ ВАРЛААМА І ІАСАФА

РАМАН ЗАБЫТЫ НА СТАГОДЗЬДЗІ.

ЗЬМІЦЕР ДЗЯДЗЕНКА
Магутная хваля вяртаньня нашай спадчыны абмінула перакладныя творы старабеларускай літаратуры. Шырокая публіка троху ведае пра існаваньне беларускага тэксту “Трыстана і Ізольды” (Трышчана і Іжоты); тыя, хто атрымаў філалагічную адукацыю, маюць уяўленьне пра сьвецкія перакладныя кнігі “Александрыя”, “Аповесьць аб Троі”… Мала хто назаве болей…
А між тым, Максім Гарэцкі ў сваёй кнізе “Гісторыя беларускае літаратуры” зазначаў: “/.../ у XVII стагодзьдзі былі асабліва пашыраны перакладныя повесьці, а нават рабіліся й новыя пераклады”. Сама сабой напрошваецца выснова пра значны ўплыў перакладной літаратуры на сьветагляд тагачаснага чалавека, пра яе вялікую ролю ў ягоным жыцці.
Сярод прыкладаў перакладной літаратуры XVII стагодзьдзя М. Гарэцкі першай называе Гісторыю, альбо Праўдзівае апісаньне жыцця сьвятых Варлаама і Іасафа, выдадзеную ў 1637 годзе ў друкарні праваслаўнага Куцеінскага Багаяўленскага манастыра (паблізу Воршы, зараз — у межах гораду).
На гэтым рамане варта спыніцца асобна. Ён заслугоўвае гэтага хаця б таму, што вядомы больш чым на 30 мовах народаў Азіі, Еўропы ды Афрыкі: пэрсыдзкая, уйгурская, 5 арабскіх вэрсіяў, 2 грузінскія і грэцкая, якая паходзіць ад адной зь іх; зробленыя з грэцкай 2 лацінскія, старажытнаславянскія, армянскі ды эфіёпскі пераклады; паходжаньнем ад аднаго зь лацінскіх перакладаў — 9 італьянскіх, 8 старафранцускіх, 5 гішпанскіх, правансальская, партугальская, нямецкая, чэская, польская, ангельская, ірляндзкая, галяндзкая вэрсіі й г.д.

АБ ПАКЛІКАНЫХ НА БАЛЬ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Я жадаю зьвярнуць вашу увагу на два бакі вельмі багатага зьместу сёньняшняга Эвангельля. Па-першае, Гасподзь заклікала на шлюб, г.зн. на самую найглыбокую, дасканалую радасьць — самых блізкіх Яму людзей, тых, якія заўсёды, у хвіліны радасьці, каля Яго былі, тых, якія умелі дзяліць усё сьветлае, што праходзіла ў Ягонае жыцьці... Але вось, калі дайшло да апошняй радасьці, да радасьці Гасподняй, да шлюбу Ягонага Сына, калі радасьць апынулася Яго уласнай і непадзельнай, калі радасьць апынулася такая, што трэба было прылучыцца Ягонай радасьці, а не толькі падзяліць зь Ім радасьць, тады усё пачалі ад гэтага шлюбнага балю адмаўляцца. Хто купіў зямлю і трэба было яе агледзіць, хто купіў валоў, і трэба было іх выпрабаваць, хто сам жаніўся, і не да радасьці іншага шлюбу яму было...

НАЦЫЯНАЛЬНАСЬЦЬ І РОДАПАХОДЖАНЬНЕ ІВАНА ФЁДАРАВА, ПЕРШАДРУКАРА Ў МАСКВЕ

В. Лукомскі

Нягледзячы на значную, больш як стогадовую літаратуру, якая нарасла вакол тэмы аб першадрукарскіх прадпрыемствах Івана Фёдарава ў Маскве, Літве ды Ўкраіне, нягледзячы на шэраг манаграфіяў, якія прысьвечаны вядомаму друкарю і часта закранаюць нават самыя нязначныя дробязі апошніх гадоў ягонага вандроўнага жыцьця, а таксама нягледзячы на шэраг паважных бібліяграфічных прац, дзе ўсебакова вывучаліся надрукаваныя ім кнігі ва ўсіх іхных дэталях, ‑ усё ж некаторыя асноўныя пытаньні біяграфіі Івана Фёдарава дагэтуль застаюцца нявысьветленымі ці наагул неразгаданымі.
Да такіх загадкавых бакоў ягонага жыцьця адносіцца пытаньне аб яго паходжаньні.
Зазвычай біёграфы Івана Фёдарава, спасылаючыся на тое, што ён сам называў сябе “Москвитином”, па аналёгіі зь Пётрам Цімафеевічам “Мсьціслаўцам” зь Амсьціслава (у Літве) ды іншымі падобнымі выпадкамі [1], схільныя прыпісаць месца яго нараджэньня Маскве і гэтым абмежаваць усе далейшыя пошукі, выпускаючы з‑пад увагі, што сваё маскоўскае найменьне Іван Фёдараў ставіць толькі ў спалучэньні з паказаньнем на сваю маскоўскую друкарскую дзейнасьць (“друкарь москвитин”, “печатник зь Москвы”), што, адпавядаючы рэчаіснасьці, не дае права на выснову пра ягоную радзіму. Праўда, у літаратуры ёсьць глухія паказаньні на ягонае магчымае паходжаньне з Калугі [2], якія, зрэшты, можна вытлумачыць непаразуменьнем пры супастаўленьні зьвестак пра службу Івана Фёдарава дыяканам Нікола‑Гастунскай царквы ў Крамлі зь цудадзейным абразом гэтай царквы зь сяла Нікола‑Гастуні ў Ліхвінскім павеце (ля Калугі).

Friday, December 24, 2010

ПАСЛАНЬНЕ АРХІЕПІСКАПА КАНСТАНТЫНОПАЛЯ НОВАГА РЫМУ І СУСЬВЕТНАГА ПАТРЫЯРХА ВАРФАЛАМЕЯ НА НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА

ЛАСКАЙ БОскай
АРХІЕПІСКАП КАНСТАНТЫНОПАЛЬСКІ ‑  НОВАГА РЫМУ
І сусьветны ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСьЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА, МІР І МІЛАСЦЬ АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў ВІФЛЕЕМЕ
Любыя браты і дабраслаўлёныя дзеці ў Госпадзе,
Сярод цьмянай атмасфэры панаваньня апошнім часам па усім сьвеце шматстайнага крызысу ‑ эканамічнага, сацыяльнага, маральнага і, у першую чаргу, духоўнага, які спарадзіў у людзях памнажэньне гневу, горычы, разгубленасьці, заклапочанасьці, трывогі, расчараваньня і страху за заўтрашні дзень, салодка гучыць голас Царквы:
“Прыйдзіце, верныя, і духам уздымемся да Боскага, і пабачым Божае сыходжаньне зь нябёс, у Віфлееме нам аб’яўленае...”
Вершыра 6‑й гадзіны на Нараджэньня Хрыстовага).

Thursday, December 23, 2010

ПАДАВАЙЦЕ ПРОСЬБЫ АБ МАЛІТВЕ

Ад 19 сьнежня сьвятары Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы моляцца за ўсіх пацярпеўшых і церпячых пакуту ад бязбожнага дыктатарскага рэжыму. Да гэтай малітвы ўжо далучылася шмат праваслаўных сьвятароў розных юрысдыкцый, манахі манастыроў Сьвятой гары Афон, каталіцкія і ўніяцкія сьвятары.
Паколькі афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі Царквы маўчаць, а некаторыя сьвятары Маскоўскага Патрыярхату нават адмаўляюцца маліцца за пацярпеўшых і церпячых беларусаў, мы падаем адрас, на які можна дасылаць просьбы аб малітве за сваіх сяброў, родных і проста добрых людзей.

Мы перададзім вашы лісты сьвятарам для малітвы.
Захавай усіх Гасподзь і падай волю, спакой і праўду нашай пакутнай Маці – Сьвятой Беларусі.

Wednesday, December 22, 2010

ЗАЧАЦЬЦЕ СЬВЯТОЙ ГАННЫ, КАЛІ ЗАЧАЛА СЬВЯТУЮ БАГАРОДЗІЦУ

Памяць 9 сьнежня
Гасподзь наш і Бог, жадаючы стварыць для Сябе жывую Царкву і сьвяты Дом для знаходжаньня Свайго, паслаў Анёла Свайго да праведных Якіма і Ганны. Ад іх Ён пажадаў падрыхтаваць Маці Сваю па плоці і абвясьціў аб зачацьці бязьдзетнай і бясплоднай Ганны і аб нараджэньні Дзевы. Так была зачатая Дзева Марыя і народжана, па абяцаньню ад Бога, хоць і праз яднаньне плоці. Бо толькі адзін Гасподзь і Бог Ісус Хрыстос нарадзіўся ад Усясьвятой Дзевы Марыі без мужа і без насеньня, невымоўна і дзівосна, ад Духа Сьвятога, нарадзіўшыя дасканалым Богам і дасканалым Чалавекам. Гасподзь для Свайго ўвасабленьня ў дасканаласьці ўспрыняў усё неабходнае для чалавечай прыроды, падобна таму, як першапачаткова Ён стварыў і ўладкаваў і саму чалавечую прыроду. Казалі ж некаторыя, быццам Усясьвятая Дзева нарадзілася праз 7 месяцаў – і нарадзілася без мужа, але гэта несправядліва. Яна нарадзілася сапраўды праз 9 месяцаў і шляхам чалавечага яднаньня. Зьдзяйсьняецца ж сьвята ў гонар Зачацьця ў сьвятым храме Ўсясьвятой Уладаркі нашай Багародзіцы, які ў Еўораніях, каля сьвятой Вялікай Царквы.
Трапар, тон 4
Сёньня бясплодзьдзя ланцугі спадаюць, бо Якіма і Ганну пачуў Бог, больш надзеі, нарадзіць гэтым абяцае богаюначку, зь яе сам нарадзіцца неапісальны, як чалавек, анёлам загадаўшы Ёй сьпяваць: Радуйся, дабрадатная, Гасподзь з Табой.
Кандак, тон 4
Сьвяткуе сёньня сусьвет Ганны зачацьце, быўшае па абяцаньню Бога, бо яна нарадзіць Тую, якая вышэй словаў – Слова нарадзіўшую.


Пераклад “Беларускай Аўтакефаліі” паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага.

ЯК ДАЛЕЙ ЖЫЦЬ?

Георгій Дзьмітрук
Сёньня гэта пытаньне задаюць сабе 50 000 герояў, якія не пабаяліся выйсьці на плошчу 19 сьнежня 2010. Гэта пытаньне задаюць сабе сотні тысяч тых, якія правялі гэту ноч у экранаў кампутараў і тэлевізараў, па макулінках вышукваючы праўду зь інфармацыйнай масы хлусьні і паклёпу. Гэта пытаньне задае сабе кожны беларус, якому не абыякавая лёс уласнай краіны.
Сёньня мы пайменна ведаем імёны нашых нацыянальных лідэраў. Гэта – Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Андрэй Саньнікаў. Але разам з гэтым, нарэшце, зрабіліся відавочнымі імёны здраднікаў беларускага народа. Не жадаю зваць іх імёны. Вы іх ведаеце. Спарынг–партнэры рэжыму і іншыя палітычныя “швондзеры” былі усюды дзе заўгодна: на цёплых канапах, у крэслах–пампавалках, нават “забягалі на гадзінку” – толькі не побач зь нашымі Героямі.
Якія вынікі 19 га сьнежня 2010 году? Іх пяць.

Tuesday, December 21, 2010

СЛОВА НА МАЛЕБНЕ ЗА ПАЦЯРПЕЎШЫХ І ЦЕРПЯЧЫХ ЗА ПРАЎДУ Ў БЕЛАРУСІ

прат. Сяргей Горбік
Мучанікі Госпада! / Дабрашчасная зямля, арашоная крывёй вашай, / і сьвятыя манастыры, прыняўшыя целы вашы: / бо вы падчас подзьвігу перамаглі ворагаў / і аб Хрысьце зь адвагай абвясьцілі.
З Трапара мучанікам, тон 2.
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня мы зьядналіся ў малітве смуткуючы і радуючыся адначасна. Смуткуючы, бо шмат сумленных, годных, сьмелых беларусаў пацярпелі ад гвалту бязбожнае і багаборчае  улады: паранены, бязьвінна асуджаны, кінуты ў вязьніцы, церпяць зьдзек і пакуты. За ніх мы ўздымае свае малітвы. Радасны, бо Гасподзь паказаў у тых беларускіх героях, якія выйшлі на вуліцы Менска саму чыстую душу беларускага народу, ягоную нязломную волю змаганьня за Хрыстову Праўду.
Менавіта таму, я невыпадкова пачаў сёньняшняе слова цытатай зь трапара мучанікам Хрыстовым. І тут няма памылкі альбо нейкага непаразуменьня, як быццам здаецца некаторым зь вас.

Monday, December 20, 2010

БАПЦ МОЛІЦЦА ЗА БЕЛАРУСКІХ ЗМАГАРОЎ

Указ № 78 ад 20 сьнежня 2010 г.
Аб малітоўна–пастырскае падтрымцы змагароў за волю Беларусі
Учора, 19 сьнежня 2010 г., бязбожны дыктатарскі рэжым зьдзейсьніў чарговае крывавае злачынства. Была жорстка разагнана мірная маніфэстацыя беларускага народу, які вымагаў праўдзівых і дэмакратычных выбараў. Сотні людзей арыштаваны, паранены, зьніклі. Улады, фальсыфікуючыя выбары і ўздымаючыя меч супраць свайго народу выступаюць супраць Праўды Хрыстовай, супраць Ягонай Царквы. Таму ўсе, хто выйшаў абараняць Свабоду і Волю Беларусі – выйшлі абараняць Праўду Хрыстову.
Рашэньнем Сьвятога Сыноду Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ўсталёўваецца малітоўная падтрымка ўсіх пацярпеўшых за Праўду Хрыстову і Волю Беларусі ў выніку падзей 19 сьнежня 2010 г.
У выкананьне гэтага ўказа:
1. Усім пастырам Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы на праскамідыі успамінаць за здароўя “Усіх змагароў беларускіх, ад бязбожнай ўлады пацярпеўшых у Менску і іншых месцах Беларусі”.
2. У якасьці дадатковага прашэньня на екценьні: “За беларускіх змагароў у Мінску і іншых месцах Беларусі ад бязбожнай і нялюдскай улады пацярпеўшых. Каб Гасподзь падаў ім здароўе, сілы, вытрываласьць; няправедным судом асуджаных вызваліў, хворых вылечыў, сем’і і родных іх падтрымаў, Госпаду памолімся”.
3. Вернікам на штодзённым малітоўным правіле абавязкова дадаваць маленьне за ўсіх пацярпеўшых і церпячых нашых братах і сёстрах у Беларусі ў адвольнай форме.
Старшыня Сьвятога Сыноду БАПЦ
+ архіяпіскап Ёван (Пурыц).

Sunday, December 19, 2010

ЗВАРОТ ПАДПОЛЬНЫХ ГРАМД БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ Ў БЕЛАРУСІ

Сёньня наш народ адстойвае права на вольны выбар. Права маліцца на роднай мове і жыць у вольнай краіне! Малітоўна падтрымайце нас, бо выходзім на плошчу, як на ахвярнік Хрыстовы
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква заўсёды была са сваім народам, таму мы, сьвятары і вернікі, сёньня выходзім на вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак, каб быць са сваім народам у час пакуты і ахвярнасьці!
Кожная ваша малітва за нас – гэта слуп непераможнае веры Хрыстовай і калі праўда зь намі – хто супраць нас!