Friday, July 4, 2014

КРЫХУ АБ ІЗВОДАХ ЦАРКОЎНАСЛАВЯНСКАЙ МОВЫ. ДА ПЫТАНЬНЯ ІДЭНТЫФІКАЦЫІ БЕЛАРУСКІХ ПЕРАКЛАДАЎ БІБЛІІ І БОГАСЛУЖБОВЫХ ТЭКСТАЎ

Праблема гісторыі перакладу Бібліі на беларускую мову даўно зрабілася актуальнай. На сёньня нават прайшло некалькі канфэрэнцый і круглых сталоў па дадзенаму пытаньню, дзе былі выказаны розныя меркаваньні аб гэтае праблеме.
Разам з тым, на сёньня адзінае навуковай крыніцай аб колькасьці і кароткай гісторыі беларускіх перакладаў ёсьць табліца, якую некалькі гадоў таму склаў сп. Аляксандр Аўдзяюк [1]. Мы не будзем аналізаваць усю табліцу, але зьвернемся да пэўнай праблемы, якая крыецца ў гісторыі перакладаў XIVXVII ст.ст.
Як бачым, колькасьць прыведзеных рукапісаў і друкаваных выданьняў тут вельмі сьціплая і ніякім чынам не параўнальна з колькасьцю рукапісаў і выданьняў беларускага паходжаньня, апісаньня якіх месьціцца ў розных навуковых выданьнях другой паловы ХІХ – ХХ ст. Узьнікае натуральнае пытаньня: Чаму мы тут бачым такое адрозьненьня ў колькасьці тэкстаў?

Па меркаваньню самога складальніка, у сьпісак патрапілі толькі тыя рукапісы і друкаваныя выданьні, якія, на думку шэрага дасьледчыкаў, зьяўляюцца менавіта перакладамі. Усё іншае, у лепшым выпадку, – прыклады беларускага ізводу царкоўнаславянскай мовы і не болей.
Між тым, беларускі навуковец Андрэй Катлярчук, у сваім артыкул “З гісторыі перакладу Бібліі на старабеларускую мову”, указвае як беларускія пераклады некалькі выданьняў: “Віцебскі Псалтыр 1492”, “Чіцьі – Мінеі 1489” (у якіх ёсьць перакладзеныя біблійныя тэксты) [2, б. 43], “Вучыцельнае Эвангельля 1616” [2, б. 44], “Перасопніцкае Эвангельля 1556-1561” [2, б. 44] ды яшчэ некаторых іншых, якіх няма ў сьпіску сп. Аляксандра Аўдзяюка. Да гэтага сьпіску адсутных тэкстаў, па нашаму меркаваньню, можна сьмела дадаць і шэраг рукапісаў, якія яшчэ ў ХІХ ст. былі апісаны Ф. Дабрянскім [3], а магчыма і іншыя рукапісы ды друкаваныя выданьня. І падставай гэтага, па нашаму меркаваньню, найперш ёсьць нераспрацаванасьць навуковага падыходу да праблемы вызначэньня старабеларуская мова – беларускі ізвод.
Таму, першай праблемай, зь якой сутыкаюцца дасьледчыкі беларускай рэлігійнай спадчыны пры клясыфікацыі тэкстаў XIVXVII стагодзьдзяў, ёсьць адсутнасьць навуковага альгарытму ў вызначэньні: як уласна самога тэрміну “беларускага ізводу”, так і ў вызначэньні мяжы паміж уласна старабеларускай мовай і беларускім ізводам царкоўнаславянскае мовы. Пры гэтым некаторыя дасьледчыкі проста ігнаруюць той факт, што навучаньня грамаце ў пераважнай большасьці адбывалася пры цэрквах ды манастырах і менавіта па тэкстам Бібліі (пераважна па Псалтыры і Новаму Запавету).
Другой праблемай, якая напрамкі зьвязана з першай, гэта ўласна пытаньня вызначэньня тэкстаў на беларускім ізводзе царкоўнаславянскае мовы нашай моўнае спадчынай, іх уключэньня ў агульны сьпісак нацыянальнай перакладной літаратуры XIVXVII ст.ст.. Прыклад ягонага станоўчага вырашэньня мы бачым не толькі ў Баўгарыі або Сэрбіі, а нават і ва Украіне.
Такім чынам, у кантэксьце вывучэньня гісторыі перакладаў Бібліі ды богаслужбовых тэкстаў, мы маем вялікую праблему – адсутнасьць альгарытму вызначэньня беларускага ізводу царкоўнаславянскае мовы, ягонага ўплыву і зьвязку з мовай старабеларускай. Без падобнага дакладнага вызначэньня навуковая і зразумелая ідэнтыфікацыя старажытных тэкстаў, па прынцыпу ізвод - старабеларуская мова (нацыянальны пераклад – капіроўка “чужога” перакладу), застаецца вельмі і вельмі праблематычнай.
прат. Сяргей Горбік


1. http://salavejka.blogspot.com/2011/12/blog-post.html
2. Запіскі культурна-гістарычнай Калегіі імя Канстанціна Астрожскага. Брэст, 2002. // Андрэй Катлярчук. З гісторыі перакладу Бібліі на старабеларускую мову.

3. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки_церковенославянских и русских. Вильна, 1882.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.