На ўсходнеславянскіх абшарах у розныя часы былі заснаваны тры метраполіі
грэцкага абрадку: Кіеўская, Новагародская і Галіцкая.
Першая, Кіеўская мітраполія, заснавана ў канцы X ст. і абымала ўсе землі,
якія ў той час былі пад панаваннем варажскай дынастыі русаў. Кіеўская
мітраполія ўстанавіла на важнейшых тагачасных палітычных цэнтрах біскупствы. Да
1200 года былі ўжо біскупствы: у Вялікім Ноўгарадзе, Чарнігаве, Пераяслаўлі,
Белгарадзе, Юр'еве (Запольскім), Полацку, Галі чу, Валадзімеры-Валынскім,
Перамышлю, Тураве, Холме, Смаленску і, мабыць, Новагародку.
Заснаванне біскупстваў Тураўскага і Полацкага многія гісторыкі згодна
адносяць да X сталецця; біскупства ў Навагрудку магло паўстаць не пазней
сярэдзіны XII ст.
Першапачатковая цэнтралізацыя ўлады каля Кіева сыходзілася з варажскімі
падбоямі на ўсходнеславянскіх абшарах, але гэты цэнтралізм не мог доўга
ўтрымацца. Ужо пры Валадзімеры, у тым жа X ст., мы бачым імкненне аддзельных
зямель да незалежнага існавання. Адны з першых выламваюцца з-пад кіеўскай
залежнасці землі крыўскія, якія ў гады афіцыяльнага прыняцця хрысціянства
выдзяляюцца, з невядомых нам прычын, у асобную палітычную адзінку. Валадзімер,
паводле летапісі, аддае іх Рагнедзе і сыну яе Ізяславу як іх дзедзіну каля 980
года. Як часць крыўскіх зямель [1] у гэтым часе выходзіць з-пад залежнасці
русаў і Новагародак.
Хрысціянства ўсходнага абрадку ў Новагародскай зямлі арганізуецца і крэпне
пры невядомых нам варунках. У другой палавіне XIII стагоддзя яно нагэтулькі тут
змоцнілася, што візантыцкі імператар Андронік Старшы ў 1291 годзе зацвярджае
ўжо аўтакефальную Новагародскую мітраполію, а канстанцінопальскі патрыярх Ян XII
Салодкі (Glykys) назначае новагародскаму аўтакефальнаму мітрапаліту 82 пасад: «Litborum»
[2] “eadem et Litbada dicuntur, guae sunt vicina magnae Russiae, factae sunt
metropolis obtinueruntgue thronum 82 per imperatorem domnum Andronicum sub
sanctissimo patriarcha domno Joanne Glykys (Dulcis) anno 6800 (1291/2)”. (Тэкст
з Андронікавага каталога рускіх біскупстваў, які знаходзіцца ў Парыжскай
Акадэмічнай бібліятэцы, № 1352.)
Дагэтуль невядома, чым можна тлумачыць адносна высокае становішча,
прызначанае маладой Новагародскай мітраполіі ў іерархіі грэцкай царквы, бо на
110 біскупскіх крэсел, якія існавалі ў тыя часы ў радзе патрыярха, ёй
прызначаецца 82-е месца [3].
Новагародская мітраполія на адзінаццаць гадоў старэйшая за Галіцкую, якая
з'яўляецца трэцяй з чароду. Галіцкая мітраполія ўстаноўлена тым жа імператарам
Андронікам пры патрыярху Апанасе ў 6811 годзе, паводле храналогіі грэцкай, або
ў 1303 годзе па нарадж[энні] Хрыста.
Усе дакументы, датыкаючыя Новагародскай мітраполіі, загінулі, і толькі
кароценькія зменкі — ледзь след таго, што існавала яна, — знаходзяцца ў грэцкіх
крыніцах. Адно пэўна, што Новагародская аўтакефальная мітраполія існавала ўжо
да Гедыміна. Імя аднаго з першых новагародскіх мітрапалітаў было Тэафіль. 3
дыпламатара візантыйскіх патрыярхаў відаць, што ў красавіку 1329 года, пры
Гедыміне (1316-1341), мітрапаліт Тоўтвіль (Tovtvilus) прымаў удзел у
канстанцінопальскім сінодзе (Acta patriarch. Constantin. I. С. 147). Акром
гэтага, новагародскія мітрапаліты ўпамінаюцца як учаснікі Канстанцінопальскіх
сінодаў у 1317 г. (жнівень) і 1327 г. (студзень), але — безыменна. (Latopisiec
Litwy. Выд. Даніловіча. С. 72 і 143).
Устанаўленне ў Новагародку аўтакефальнай мітраполіі было вынікам змагання
яго з цэнтралізмам Кіеўскай мітраполіі, якая ўвесь час і пазней напірала на
канстанцінопальскі патрыярхат, дамагаючыся скасавання гэтай мітраполіі. Але
Новагародак упорна вёў змаганне за сваю незалежнасць і, як аказуецца,— даволі
памысна. Пацвярджае гэта той факт, што ў ліпні 1361 года патрыяршым лістом
акрэсляюцца граніцы Новагародскай мітраполіі, у склад яе ўходзяць: архібіскупія
Новагародская, біскупіі Тураўская і Полацкая. Урэшце ў гэтым часе Новагародак
выяўляе імкненне ўзалежніць ад сябе не толькі Галіцкую, але і Кіеўскую
мітраполію.
Палітыка Альгерда (1355-1377) была скіравана на ўсход і імкнулася да
ўтварэння з крыўскіх, украінскіх і літоўскіх зямель вялікай дзяржавы ад
Балтыцкага да Чорнага мора. Дзяржаўнага аб'яднання ён сваёй мудрай палітыкай
дасцігнуў: яго ўлада пашыралася на Віцебск, Смаленск, Вільню, Новагародак і
Кіеў. Але ён разумеў, што гэта вялікая дзяржава можа ўтрымацца толькі тады,
калі жыхары яе будуць зліты ў адно цэлае рэлігіяй. Да гэтага акту спасобіўся
Альгерд і, як здаецца, спасобіў да таго ўсе свае землі. Але перш ён хацеў мець
у межах сваёй дзяржавы кіравецтва праваслаўнай царквой. 3 гэтай мэтай пачаў
дабівацца ў канстанцінопальскага патрыярхату, каб брат яго жонкі (Марыі
Яраслаўны, кн. віцебскай), князь Раман, мітрапаліт новагародскі, быў высвячаны
на мітрапаліта «ўсей русі», з аддачай пад яго зверхнасць мітраполіі
Новагародскай, Галіцкай і Кіеўскай.
Гэтага апошняга баялася Масква і са сваёй стараны рабіла захады перад
патрыярхам, каб яе кандыдат, Аляксей, быў высвячаны на мітрапаліта Кіеўскага і
«ўсей русі», а месцам прабывання ў Валадзімеры-Суздальскім.
У 1354 годзе канстанцінопальскі патрыярхат, атрымаўшы ад абодвух кандыдатаў
багатыя дары, абодвух жа, і маскоўскага — Аляксея, і новагародскага—Рамана,
немаль адначасова высвяціў на кіеўскіх мітрапалітаў і «ўсей русі».
3 гэтага моманту пачынаецца доўгае і ўпорнае змаганне за ўплывы над
праваслаўнай царквой паміж Літвой і Масковіяй. Як вынік гэтага змагання
ўтвараецца яшчэ адна новая мітраполія — Валадзімера-Маскоўская. I Масква і
Новагародак імкнуцца заваладзець тытулам кіеўскага мітрапаліта. Масква з гэтай
мэтай пачародна ўсіх першых сваіх мітрапалітаў кананізуе і ставіць на алтары,
акружае іх аўрэолем святасці. Адна і другая старана добра разумее, што каля
пытання аб цэнтры царкоўнага кіравецтва важацца лёсы, пад кім аб'яднаецца
ўсходняя славяншчына — пад нашчадкамі Гедыміна ці Івана Каліты. Масковія была
паярэмлена татарамі, Літва была вольнай. Усе шансы былі на старане
Гедымінавічаў.
Ход гісторыі быў павернуты саўсім у іншы бок сынам Альгерда, в. кн.
літоўскім Ягайлам, які перайшоў у каталіцтва і злучыў Літву з Полыпчай.
Ягайлавічы сталіся прапагатарамі рымскіх уплываў, а Масква атрымала нечаканы
сукцэс: у яе рукі перайшло кіравецтва «рускай верай» і — што з гэтага вынікае —
народнасцю. Вял[ікі] кн[язь] маскоўскі становіцца адзіным праваслаўным манархам
на славянскім усходзе.
Гэтае становішча стараўся ратаваць Вітаўт, яркі прадстаўнік
дзяржаўна-незалежніцкай думкі. Убачыўшы, што грэцкі патрыярхат спрыяе Маскве,
што імкнецца крыўска-літоўскую царкву паддаць пад зверхнасць маскоўскага
мітрапаліта, а дзеля гэтага адмаўляецца высвячаць у Новагародак аўтакефальнага
мітрапаліта, Вітаўт склікаў у 1416 годзе праваслаўны духоўны сабор. На гэты
сабор прыехалі ў Новагародак біскупы полацкі, чарнігаўскі, луцкі, валадзімерскі
(з Валадзімера-Валынскага), холмскі, тураўскі і смаленскі. Сабор, паклікаючыся
на сваю гісторыю (на прыклад кананічнага высвячэння Кліма Смаляціча ў 1147
годзе саборам мясцовых біскупаў), на гісторыю іншых нацыянальных цэркваў (балгарскай,
сербскай), на каноны і традыцыі, выбірае сабе ў мітрапаліты Грыгора Цамблака3,
які катэдру сваю пераносіць у Вільню.
Гэта быў рэвалюцыйны крок, які вёў да поўнага аддзялення крыўска-літоўскай
царквы ўсходняга абраду ад канстанцінопальскага патрыярхату і да ўстаноўлення
самаістай нацыянальнай царквы. Наша мітраполія яшчэ не парывае з
Канстанцінопалем, прызнае яго зверхнасць над сабою, але цвёрда выказуе волю
быць незалежнай. Гэтак вызваляліся ўсе нацыянальныя цэрквы. На жаль, становішча
праваслаўя пры Ягелонах не дало магчымасці маладой царквы акрыяць і ўзмоцніцца.
Апынуўшыся на палажэнні «сызматыцкай», яна з'яўлялася аб'ектам лацінізацыі;
царква гэта прымушана была ўрэшце здацца і шукаць сабе апоры ў Канстанцінопалі
і Маскве. Наступнікі Цамблака, новагародска-віленскія мітрапаліты пад напорам
уніі, баронячы свайго абрадку, усе свае надзеі пакладаюць на ўзрастаючую ў сілу
Масковію.
Гэтак былі змарнаваны аграмадныя высілкі раду пакаленняў, якія імкнуліся да
ўтварэння нацыянальнай крыўскай царквы. Ягелоны цягнулі праваслаўную царкву
праз унію ў каталіцтва, а дзяржаву — праз унутраныя закалоты — у пропасць.
Канчаючы гэты нарыс, трэба сцвердзіць, што Новагародак і Новагародская
зямля займае адно з першых месц між тымі землямі, якія адыгралі ў гісторыі
нашага палітычнага і культурнага жыцця выдатную ролю. Дзякуючы таму, што тут
заснавалася мітраполія ў XIII ст., а біскупія існавала шмат раней, Новагародак
быў цэнтрам, як даўней казалі, «кннжного почнтання», г. зн. — сабірання,
перапіскі і начытанасці ў кнігах. 3 новагародскай зямлі дайшоў да нас значны
лік помнікаў нашай мовы— пергаміновыя рукапісы, пачаўшы ад XIII ст.
Лаўрышаўскае евангелле4, якое знаходзілася ў Лаўрышаўскім манастыры, заснаваным
Лаўрынам, сынам Гедыміна5, займае адно з першых месц як у гісторыі
пісьменніцтва, так і ў гісторыі нашага мастацтва. Каля мітрапалічай сталіцы тут
збіраліся лепшыя сілы краю, якія будавалі культуру і шырылі асвету. Мусілі
існаваць тут і школы і бібліятэкі. Усё гэта цяпер распарушылася: Лаўрышаўскага
слаўнага манастыра і следу няма, Новагародак стаўся малым правінцыяльным
мястэчкам, бо заняпала сіла гаспадара зямлі ў чужацкай няволі.
[1924]
Вацлаў Ластоўскі
1. Што землі гэтыя слылі пад назовам крыўскіх, відаць з летапісных зменак
краёвых і загранічных; між іншымі крыжацкі кронікар Дусбург (Dusburg, c. 315)
пад 1314 годам піша: Frater Henricus Marschalcus... venit ad terram Crivitae,
et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit». (Брат Генрык Маршалак...
прыйшоў у зямлю Крывіція і места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў.)
2. У грэцкіх дакументах сустрачаюцца гэткія напісанні: Litboram, Luthovia,
Luthavia, Lethovia, Letoini, Letvani, Lutvani, Lutheni, Letvoini. Новагародак
пісалі: Новогродополіс.
3. Гэта тлумачыцца, можа, тым фактам, што новагародская княжая дынастыя
членаў сваёй сям'і пасвячала на вышэйшыя духоўныя ўрады. 3 летапісаў мы
даведваемся, што ў Лаўрышаўскім манастыры ў 1262 годзе быў мніхам Войшалк
(Лаўрын), у 1278 г.—сын Тройдэна Рымант. Брат жонкі Альгерда (Марыі Яраслаўны,
княжны віцебскай), віцебскі князь Раман, у першай палавіне XIV ст. быў
новагародскім мітрапалітам. Гэтая цесная сувязь дзяржаўнага кіравецтва з
царкоўным хіба і была прычынай той высокай ступені, якой патрыярхат надзяліў
Новагародскую мітраполію.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.