На сайце “Нашай
Нівы”, якая навязала дыскусію ў недыскутабельным пытанні, я прачытаў вельмі
дзіўнае пытанне кваліфікаванага гісторыка Алеся Пашкевіча: чаму грамадзянка і
жыхарка Беларусі Вераніка Себасцяновіч не можа ўсталяваць крыж па сваім былым
камандзіру з польскай Арміі Краёвай? Можа. На могілках. На індывідуальнай
магіле. І ніхто ёй гэтага не забароніць. Вераніка ж Себасцяновіч паставіла не
надмагільны крыж на могілках, а помнік у выглядзе крыжа, маштабы якога аніяк не
надаюцца на ўшанаванне памяці аднаго чалавека. І гэта помнік не камандзіру, а
баевікам Арміі Краёвай.
А вось на такую
акцыю патрэбен (у любой краіне) дазвол уладаў. Выраб такога вялікага
крыжа-помніка, надпісу на ім, яго транспарціроўка, устаноўка – усё гэта каштуе
не адзін мільён. Вы, спадар Пашкевіч, верыце, што В. Себасцяновіч сама
ажыццявіла ўсю гэтую акцыю ад задумы да здзяйснення? Знайшла матэрыял,
майстроў, знайшла перавозчыкаў, заліўшчыкаў бетону і г. д? Гэта, спадар
Пашкевіч, палітычная акцыя цэлай групы аднадумцаў. А што наперад выставілі
пажылую жанчыну? Дык гэта прыём такі. Даўно вядомы, апрабаваны.
Другое пытанне
якое Вы задалі: “Той камандзір – злачынца? Гэта даведзена фактамі?”. Уявіце
сабе, спадар Пашкевіч, такога эсэсаўца, які аніразу не стрэліў, аніразу не
выцяў іншага чалавека. І ўсё ж прыналежнасць гэтага чалавека да СС, арганізацыі
злачыннай, няславіць яго. Нават такога выдатнага чалавека, як нобелеўскі
лаўрэат Гюнтэр Грас. Усе крытыкі і біёграфы лічаць цяпер патрэбным напісаць у
тэксце пра пісьменніка прыблізна такі сказ: “Служыў у СС”.
Вы ж, мусіць,
ведаеце, спадар Алесь, якія зверствы ўчынялі акаўцы. Чыталі. Чулі. Тое, што
арганізацыя не абвешчана злачыннай, нічога не мяняе. Ёсць такое паняцце – злачынствы
супраць чалавечнасці. Яны не прабачаюцца. І не маюць тэрміну даўнасці. АК, без
сумнення, такія злачынствы ўчыняла.
Наступнае пытанне:
“Ці... мы будзем мясцовым палякам усё забараняць...?” Усё забараняць, як
забаранялі палякі беларусам у 1921—1939 гг., мы не будзем. А вось ставіць
помнікі беларусазабойцам і ворагам беларускай дзяржаўнасці на плошчах, у парках
і скверах, у палях і ў гаях мы не дазволім. Як палякі не дазволяць ставіць
помнікі паляказабойцам і ворагам польскай дзяржаўнасці. Палякі ў нас –
меншасць. Меншасць павінна быць лаяльнаю ў дачыненні да тае дзяржавы, у якой
жыве. І не правакаваць той народ, сярод якога жыве. Акцыя, пра якую мы вядзем
гаворку, была правакацыяй. У Вас ёсць на гэты конт сумненні?
Наконт “хто
падвучыў?”. Вы спрабуеце звесці маё выказванне да абсурду. Я ж упэўнены, што
словы пра тое, што кожны, хто жыў і памёр, мае права на крыж, Вераніцы
Себасцяновіч падказаныя. Але ў дадзеным выпадку сэнтэнцыя “не пляшет”. Бо
гаворка, паўтараю, не аб сціплым крыжы на індывідуальнай магіле на могілках.
Наконт беларускага
рахунку да Польшчы. Польшча цягам двух дзесяцігоддзяў вяла ў нашай краіне
рабаўнічую палітыку. Апроч таго, можна падлічыць, колькі гімназій і школ
зачынілі польскія ўлады, колькі дэкларацыяў аб адчыненні беларускіх школ кінулі
ў сметнік, колькі нашых пісьменнікаў і культурнікаў кінулі за краты...
Яшчэ страшнейшае
злачынства Польшчы перад Беларуссю – тое, што сваёй палітыкай польскія ўлады
пашыралі ў нашай краіне пракамуністычныя настроі, камунізавалі народ. Усё можна
падлічыць, спадар Алесь. Але не сённяшняй уладзе ў Менску займацца падлікамі,
бо яна ў дачыненні да беларускай культуры, адукацыі, навукі дзейнічае не менш
разбуральна, чым эндэцкі і санацыйны рэжымы.
Наконт таго, як
Польшча магла б сплаціць свой доўг. Усведамляю, што патрабаваць рэпарацыі з
Польшчы позна. Але нагадваць Польшчы і палякам пра іх віну перад Беларуссю
трэба, бадай, штодня. І самім ні на міг не забываць. Як і пра віну Расіі.
І апошняе. Я,
мусіць, не выдам Вам таямніцу, спадар Пашкевіч, калі скажу: Беларусь зноў
з’яўляецца прадметам імперыялістычных памкненняў нашых усходняга і заходняга
суседзяў. З адной толькі папраўкай: неаімперыялістычных. Цяпер не эпоха
каланіяльных заваёў. Цяпер замест Lebensraum дзяржавы дбаюць аб
Wirtschaftsraum. Навошта захопліваць тэрыторыю, калі краіну можна паставіць у
эканамічную, культурную і г. д. залежнасць? У беларускіх газетах апошняга часу
я чытаю, што Беларусь трапіла ў поўную залежнасць ад Расіі.
Аднак рукі сюды
цягнуць і Варшава, і польскі капітал. Ведама, яны не могуць не разлічваць на
тутэйшых палякаў. У дадатак, паводле маіх назіранняў, апошнім часам
культурніцкае паланафільства некаторых нашых суродзічаў няўзнак перарасло ў
палітычнае. Навязаная “Нашай Нівай” дыскусія вакол недыскутабельнага пытання –
ці трэба ставіць помнікі ворагам Беларусі і злачынцам супраць чалавечнасці? – з
усёй відавочнасцю паказвае гэта. Прычына ж гэтай з’явы на паверхні:
прамаскоўская палітыка ўладаў. Дыскусія і наша ява, на жаль, паказваюць: як і
сто гадоў таму, беларусы, так і не стаўшы нацыяй, так і не навучыўшыся жыць
самастойна, жыць сваім розумам, кідаюцца паміж двума арламі – двухгаловым і
аднагаловым.
Анатоль Сідарэвіч
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.