ЛАСКАЙ БОЖАЙ
АРХІЕПІСКАП КАНСТАНТЫНОПАЛЬСКІ - НОВАГА РЫМУ
І ЎСЯСЬВЕТНЫ ПАТРЫЯРХ
УСЁЙ СУПОЛЬНАСЬЦІ ЦАРКВЫ
ЛАСКА, МІР І МІЛАСЬЦЬ АД ЗБАЎЦЫ ХРЫСТА, НАРОДЖАНАГА Ў БЭТЛЕМІ
Хрыстос ізноў нараджаецца, і Ангелы зноў сьпяваюць:
“Слава на вышынях Богу, і на зямлі мір, у людзях - добрая воля!”
(Лк. 2:14-15).
Упадабаныя браты і сёстры, дзеці ў Госпадзе,
Ангелы сьпяваюць гэтыя тры велічныя абвяшчэньні, ды, на жаль, большасьць людзей, хаця і сьвяткуюць Нараджэньне Хрыстова, не могуць зразумець значэньня гэтага ангельскага сьпеву. Яны пытаюць самі сябе: хіба сапраўды сёньня Бог праслаўляецца людзьмі і чаму належыць Яго услаўляць; дзе можна знайсьці абвешчаны мір на зямлі і чаму сучасным людзям належыць жыць у добрай волі?
Сапраўды, - мноства людзей не услаўляе Бога - ані сваімі справамі, ані сваімі вуснамі. Многія ж наогул сумняваюцца ў самім існаваньні Бога і Яго прысутнасьці ў іх жыцьці. Багата хто нават ускладае на Бога адказнасьць за тыя нягоды, што адбываюцца ў іх жыцьці. Але тыя, хто такім чынам паўстае супраць Бога, глыбока памыляюцца, бо ад Яго не паходзіць ніякага зла. Наадварот, праз Увасабленьне Сына і Слова Божага з Ягонай любові да чалавека, і праз усе наступныя дзеі - Яго Укрыжаваньне і Уваскрэсеньне - вернікі навяртаюцца да вобразу свайго першапачатковага хараства і атрымліваюць вечнае жыцьцё і мір, які пераўзыходзіць усякае разуменьне, яны становяцца спадкаемцам вечнага Царства Божага. Гэтая дзея Божага Зьмяншэньня, хаця і зьвязана з надзвычайным прыніжэньнем, насамрэч ужо сама па сабе вартая узьнясеньня Яму хвалы. Нават калі сэрцы многіх людзей не услаўляюць Бога, але ж Яму, Які жыве на вышынях, хвала аддаецца - і ад усяго стварэньня, і ад тых людзей, якія зразумелі тое, што адбылося. Таму і мы з удзячнасьцю усклікнем з Анёламі: “Слава на вышынях Богу” - за велічныя справы Яго і невымерную любоў Яго да нас.
Выклікае зьбянтэжанасьць і другое абвяшчэньня Ангелаў: “і на зямлі мір”. Як жа можна адшукаць на зямлі мір, калі амаль палова плянэт ці рыхтуецца, ці ужо удзельнічае ў вайне? Мілагучнае ангельскае абвяшчэньне “на зямлі мір” - гэта, безумоўна, у першую чаргу, Божае абяцаньне: калі б людзі пайшлі тым шляхам, які адкрывае ім народжанае Немаўля, яны б дасягнулі і унутранага міру, і мірнага чалавечага супольнага жыцьця. Але, на жаль, большую частку людзей заахвочвае і вабіць бой вайсковых барабанаў, і чуць абяцаньні мірнага жыцьця для іх - гэта цяжар. Гаворка ідзе, вядома, не толькі пра тых, хто распальвае узброеныя ваенныя канфлікты, але галоўным чынам пра усіх тых, хто пераўтварае высакароднае спаборніцтва ў канфлікт супраць іншых людзей, хто ставіць на мэту зьнішчэньне праціўніка. У гэтым сэнсе, вайна ў рэчаіснасьці можа успрымацца як вайна паміж сябрамі спаборных грамадзкіх групаў і рознага кшталту фракцыяў: этнічных, партыйна-палітычных, прафэсійных, эканамічных, ідэалягічных, рэлігійных, спартовых і інш. А ў псыхалёгіі сяброў гэтых групаў фармуецца схільнасьць да вайны, а не да міру, як павінна было б быць. Гэта, аднак, не адмяняе праўдзівасьці ангельскага абвяшчэньня: праз Нараджэньня Хрыстова, праз прыняцьцё Яго вучэньня мір усё роўна запануе на зямлі. Хрыстос прыйшоў у гэты сьвет і прынёс мір, і калі гэты мір не запануе ў сьвеце, то за гэта адказнасьць нясе не Бог, які прынёс яго, а людзі, якія гэты мір не прынялі і якія не жадаюць жыць у адпаведнасьці з ім.
З-за такой пазыцыі сучасных людзей у дачыненьні да Бога і да прынесенага Ім міру, не выклікае зьдзіўленьня той факт, што добрая воля таксама рэдкая ў людзях. Добрая Боская прыхільнасьць да людзей - гэта дар, і добрыя наступствы гэтай любові ажыцьцяўляюцца не толькі праз усіх людзей агулам, але і асабліва успрымаюцца тымі, хто на справе прымае згаданыя ангельскія абвяшчэньні. Наадварот жа, для тых, хто іх адпрэчвае, але прыгнятае і зьнішчае іншых людзей, наступствы перажываюцца як крызыс уціску і неспакою, крызыс эканомікі і самога сэнсу жыцьця і, нарэшце, як экзыстыйная няпэўнасьць.
Упадабаныя браты і сёстры, дзеці ў Госпадзе,
Такім чынам, усё тое добрае, абвешчанае Анёламі пра Нараджэньне Госпада, існуе і сёньня, і ў паўнаце адчуваецца тымі, хто верыць у Ісуса Хрыста як Богачалавека і Збаўцу сьвету. Гэтак, пачынаючы з гэтага года, будзем жа і мы перажываць Нараджэньне Хрыста так, як даспадобы Дабрадзею Богу, каб і нам перажыць на зямлі і ў нашых сэрцах найвышэйшы мір і поўную любові Божую добрую волю да нас. Дык станем жа і мы сапраўднымі асобамі, што лучацца ў любові і з Богам, і з людзьмі, пераўтварыўшыся з індывіда ў асобу. Сарвем жа з сябе аблічча эгаістычнага індывіда, разлучанага і адпэчанага ад Бога і Яго вобраза, нашага брата, бліжняга, і ажыцьцявім сваё прадвызначэньне, гэта значыць, падабенства да Бога праз дзейсную нашу ў Яго веру. Дык станем жа і мы вестунамі ангельскіх воклічаў да чалавецтва, якое цяжка пакутуе і не ў стане набыць мір і добрую волю звычайнымі чалавечымі сродкамі. Адзіны шлях выхаду з крызысу - і ваеннага, і эканамічнага, і крызысу усяго стварэньня - гэта Гасподзь наш Ісус Хрыстос, якія нас запэўніў, што Ён ёсьць Шлях, Ісьціна і Жыцьцё. Дык вось, славім жа усім сэрцам Ісуса Хрыста, Які жыве на вышынях і дзеля нас спусьціўся з іх, каб жыць сярод нас; і разам з Анёламі абвяшчаем, што мір дасяжны і сапраўды знаходзіцца на зямлі, а найбольш - у сэрцах нашых, бо мы прымірыліся з Богам, як ён пажадаў, калі увасобіўся у Нараджэньні Сваім у Ясьлях.
І вось, любыя браты і сётры, дзеці ў Госпадзе, будзем жа і мы жыць у радасьці Нараджэньня Ісуса Хрыста, і ў прадчуваньні тых прыгатаваных чалавеку дабротаў, якія прапаведуе траістае ангельскае абвяшчэньне.
Няхай будзе так!
Фанар
Раство Хрыстова 2011
+Варфаламей Канстантынопальскі
Ваш гарачы хадайнік перад Богам
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.