Sunday, November 27, 2011

ПРАВАСЛАЎНЫЯ БЕЛАРУСЫ ЛЬВОВА ПАМЯНУЛІ АХВЯР ГАЛАДАМОРУ

26 лістапада, па дабраслаўленьню кіруючага архірэя Львоўска-Самбірскае япархіі, Правялебнага уладыкі Іяана (Швеца), старшыня япархіяльнага прэс-цэнтру прат. Сяргей Горбік адслужыў у Львове 26 лістапада паніхіду па ахвярах Галядамору на беларускай мове для праваслаўных беларусаў горада і вобласьці.
У час служэньня протаіерэй Сяргей зьвярнуўся да вернікаў зь наступнымі словамі:

Слова ў дзень памяці ахвяр Галядамору на Украіне

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!

І калі Ён зьняў пятую пячатку, я ўбачыў пад ахвярнікам душы забітых за слова Божае і за сьведчаньне, якое мелі яны. І залямантавалі яны моцным голасам, кажучы: дакуль, Уладыка сьвяты і праведны, ня судзіш і ня помсьціш жыхарам зямным за кроў нашу?  … і сказана ім, каб яны супакоіліся яшчэ на нядоўгі час, пакуль і саслужнікі іхнія і браты іхнія, якія будуць забітыя, як і яны, дапоўняць лік.
(Адкр. 6:9 - 11).

Мы сёньня сабраліся, каб памоліцца за украінскіх мучанікаў: мужчын, жанчын, дзяцей - усіх тых, хто зрабіўся ахвярай Галядамору. Ён не быў стыхійным бедзтвам ці сьледзтвам няўмелага гаспадараньня на зямлі. Гэта было добра сплянаванае і ажыцьцёўленае злачынства камуністычнага кіраўніцтва СССР. У Крамлі, у цяпле і сытасьці, кіраўнікі дзяржавы старанна прадумвалі плян зьнішчэньня мільёнаў украінцаў.
Чаму іх вырашылі зьнішчыць? Для чаго і супраць каго быў скіраваны ўдар зь далёкае Масквы?
Адказ відавочны: Украінскія праваслаўныя сяляне былі апорай здаровай духоўнасьці украінскае нацыі. Яны любілі Бога, любілі сваю зямлю, любілі Украіну… і ў гэтым камуністы бачылі іх галоўнае злачынства. Бо з чалавека любячы Бога і сваю Радзіму, з чалавека, які намагаецца жыць па Запаведзях Хрыстовым, немагчыма зрабіць раба князя гэтага сьвету - д'ябла. А менавіта д'ябальскім, сатанінскім быў той рэжым, які бальшавіцкія орды прынесьлі на Украіну.
Таму мы з поўным правам можам назваць іх, памершых у страшных пакутах голаду, мучанікамі Хрыстовымі, што аддалі сваё жыцьцё за Хрыста. Сёньня мы шануем іх памяць і молімся за іх душы… але магчыма нам трэба прасіць іх моліцца за нас, каб навечна ў нашых сэрцах, сэрцах нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў быў боль і памяць. Бо толькі боль і памяць зьяўляюцца гарантыяй таго, што кашмар Галядамору ніколі не паўтарыцца на нашай зямлі.
Мы заўсёды павінны памятаць, што бой Царквы Хрыстовай са злом ідзе ўвесь час. Для нас, праваслаўных, няма сакрэту ў тым, што ўвесь час паўсюды ідзе барацьба за душы людзей. Украінскае Праваслаўе, наша Святая Ўкраінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква, робіць упор на праўдзівую гісторыю ўласнага народу. Праўду, якую багаборцы спрабавалі і спрабуюць сказіць да непазнавальнасці і схаваць яе, каб ніхто пра яе не пазнаў ніколі. Але ўсё таемнае робіцца відавочным і пад ціскам народнага супраціву пачалі ўсплываць факты ўкраінскае гісторыі, якія ўладкоўваюць не ўсіх, бо шмат хто сам браў удзел у гэтых злачынствах перад украінскім народам. І вось тут пачынаюцца адчайныя крокі з боку багаборцаў, гэта дружнае замоўчванне, ігнараванне фактаў і бягучых падзей, выкрываючых злачынствы багаборніцкай улады. Яны спадзяюцца, што мы з вамі, усе людзі на Украіне, забудуцца пра іх злачынствы… Бо, калі мы забудземся, яны зноў змогуць прыйсці да ўлады, атрымаць магчымасць ізноў забіваць, знішчаць справу рук Божых у імя міфічнага "ўсеагульнага рая", а дакладней - царствы антыхрыста.
Сёньня мы стаім і молімся пра супакой, радасьці і сьвятло для кожнае загінуўшае ў страшных пакутах Галядамору душы. Мы прыйшлі засьведчыць: яны не дарма жылі; што яны пасеялі ў нашых душах любоў. Любоў вечную, любоў, якая усё паглыбляецца, усё расьце, усё чысьціць, усё асьвятляе і ахінае не толькі іх памяць, але усіх нас, іх братоў і сясьцёр на Украіне. Мы прыйшлі сьведчыць пра тое, што яны не дарма мучыліся і паміралі… сьведчыць пра сваю памяць, веру і любоў да Хрыста і нашае Радзімы.
Памолімся зараз ад усяго удзячнай любові, ад усёй глыбокай павагі, але сыдзем адгэтуль для таго, каб прынесьці такі плён, які апраўдаў бы словы малітвы нашай і зрабіў нас сапраўды той пячаткай праўды Хрыстовай і вечнай памяці, якой мы закліканы быць. Амін.
прат. Сяргей Горбік
 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.